https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гісторыі жыцця праз выстаўку партрэтаў мастачкі Аксаны Аракчэевай


Выстаўка размясцілася ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Праект «У храме мастацтва» Аксана Аракчэева прысвяціла блізкім сябрам — дзеячам музычнага, тэатральнага мастацтва, супрацоўнікам радыё і тэлебачання, якія кожны дзень асвятляюць культурнае жыццё ў сродках масавай інфармацыі. У іх ліку — музы́ка Валерый Дайнека, пісьменнік Генадзь Бураўкін, намеснік дырэктара Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Святлана Казюліна, пісьменніца-казачніца Алена Масла і многія іншыя.

Партрэты мастачка пісала з дзяцінства. Спачатку малявала бацькоў і сясцёр, потым пачала вучыцца рысаваць сяброў з двара. Напэўна, творчая атмасфера ў сям'і і асабістае імкненне зрабілі сваю справу — Аксана Аракчэева стала знакамітай мастачкай і кніжнай ілюстратаркай. Сама спадарыня Аксана лічыць, што змагла адтачыць індывідуальны падыход да творчага працэсу і не стала копіяй свайго бацькі:

— Я ганаруся, што я і тата — два абсалютна розныя па стылі, тэхніцы жывапісу творцы. Вядома, у дзяцінстве, паколькі я малодшая ў сям'і, калі толькі пачынала маляваць, спрабавала пераймаць пэўныя элементы майстэрства ад сясцёр і ад таты. Аднак, дзякуй богу, у выніку пайшла сваім шляхам. Заўсёды мне былі цікавыя твары людзей, асабліва блізкіх, бо твары — неразгаданая таямніца. У 2009 годзе я наважылася ўпершыню паказаць работы публіцы і, што самае важнае, людзям, якія на іх адлюстраваныя. Было крыху страшна: хвалявалася, што партрэт, магчыма, не будзе адпавядаць унутранаму стану героя альбо што не змагла дакладна перадаць яго знешні вобраз. У выніку ўсё атрымалася. З таго моманту не стаю на месцы: творчасць пашыраю, спрабую ставіць новыя задачы і ў выніку іх выконваю.

Партрэты, створаныя Аксанай Аракчэевай, нясуць толькі пазітыўную энергетыку. Тут не сустрэнеш сумных вачэй альбо халодных твараў. Мастачка пераносіць сваіх герояў з працоўных будняў у казачны свет. Яна спрабуе абстрагаваць іх ад шматлікіх дробязных праблем і незразумелых сітуацый. Для яе галоўнае — не раскрыць чалавека вонкава, а паказаць яго знутры, каб была заўважная глыбіня. І калі герой адчуе, што Аксана змагла ўбачыць яго душэўны свет, — гэта і будзе галоўным падарункам.

Наведвальнік выстаўкі Аксаны Аракчэевай не мае шанцаў застацца абыякавым. Тут у паветры лунаюць казкі, легенды, таемныя гісторыі жыцця. Атмасфера дабрыні, што жыве ў душы Аксаны Аракчэевай, па маленькіх кавалачках трапляе да кожнага, хто дакранаецца да яе творчасці.

Дарэчы, акрамя ўласных праектаў, на працягу года творца ладзіць шэраг выстаў, прысвечаных 90-гадоваму юбілею яе бацькі, мастака Барыса Аракчэева.

З пачатку года на розных пляцоўках Беларусі прайшло сем выставак, на якіх Аксана прадстаўляла работы мастака, прысвечаныя асобным перыядам яго жыцця, або карціны, якія не экспанаваліся раней. Да канца года плануецца правесці яшчэ пяць.

Вікторыя Аскера
Звязда, 17 верасня 2016



 

Кoличество переходов на страницу: 526


Комментарии