https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кіно — для жыцця, тэатр — для душы


Зорка тэлесерыялаў Марына Дзянісава — пра перавагі творчай прафесіі,жаночае шчасце і выдаткі папулярнасці.

Можна казаць, што Марына шчаслівая жанчына, якая змагла рэалізаваць свой акцёрскі талент на ўсе 100%. Яна працуе на тэатральных пляцоўках, здымаецца ў кіно, выкладае ва ўніверсітэце культуры. Фільмы з яе ўдзелам не сыходзяць з тэлеэкранаў. Апошнія два серыялы, дзе яна знялася, — «Дом для лялькі» і «Скрадзенае шчасце» — «круцілі» па тэлебачанні ў мінулым месяцы. На гэтым тыдні ў тэлепраграму трапілі «Сіла Веры» і «Мянтоўскія войны». За апошнія некалькі гадоў яна сыграла амаль з паўсотні розных роляў у кіно. Не пакідаючы пры гэтым тэатральныя падмосткі. Наша з ёй сустрэча адбылася якраз падчас маладзёжнага тэатральнага форуму «Март-кантакт» у Магілёве. У спектаклі Таццяны Траяновіч «Ілюзіі» яна выконвае адну з галоўных роляў.

— Вы так часта здымаецеся ў расійскіх серыялах, што некаторыя, напэўна, думаюць, вы — расійская актрыса.

— Сапраўды, у мяне часта пытаюцца: вы што, прыехалі да нас адпачываць? Я адыграла ў Мінску шмат сур'ёзных тэатральных роляў, удзельнічала ў цікавых тэатральных праектах, але чамусьці вядомасць мне надалі менавіта расійскія тэлесерыялы. Хоць лічу свае тэатральныя работы больш важкімі і плённымі, чым кінематаграфічныя. Год таму яшчэ працавала ў тэатры Беларускай арміі, а цяпер я — вольны мастак.

— А з чаго пачыналася ваша творчая кар'ера?

— Пасля мінскай Акадэміі мастацтваў увесь наш курс узялі ў Драматычны тэатр імя М.Горкага як эксперыментальны. Аркадзь Кац з маскоўскага тэатра «Ля Нікіцкіх варот», які прыязджаў тады да нас, нешта разглядзеў ва мне і адзінай з усяго нашага курса даверыў галоўную ролю ў сваёй пастаноўцы «Сунічная паляна» паводле Інгмара Бергмана. Уяўляеце, я, выпускніца акадэміі, працавала ў пары з самім Расціславам Янкоўскім. Гэта было для мяне вялікім гонарам.

Пасля драматычнага тэатра, з якога мне прыйшлося сысці, некалькі гадоў прысвяціла тэатру Беларускай арміі. Тады я выйшла замуж, а жыць не было дзе. І я наўпрост звярнулася да міністра абароны (на той момант гэта быў Леанід Мальцаў, з яго ініцыятывы, дарэчы, і быў створаны тэатр) з просьбай дапамагчы.

Нам далі блок у інтэрнаце, дзе мы пражылі 6 гадоў: 2 пакоі з санвузлом, але без кухні. Замест яе — маленькая плітка. Але мы былі ўдзячны і за гэта.

На той час здымаць кватэру нам было проста не па кішэні. А ў кіно я пачала працаваць ўжо пасля таго, як нарадзіўся сын Раман.

— Ваш муж таксама акцёр?

— Дзякуй Богу, не (смяецца). Аляксандр Бондараў — дызайнер інтэр'еру і мэблі. Ён мастак у трэцім пакаленні. Вельмі таленавіты. Мы пазнаёміліся ў Акадэміі мастацтваў, калі былі студэнтамі. Дарэчы, менавіта ён даў мне магчымасць здымацца ў кіно. Мяне запрасілі на галоўную ролю ў серыял «Помста», які здымаў сын Расціслава Янкоўскага — Уладзімір, вельмі таленавіты рэжысёр. А паралельна я працавала ў фільме «Другое жыццё Фёдара Строгава». Абедзве стужкі здымаліся ў Мінску. Потым пачаліся паездкі, пералёты — цяжка было.

— А як жа сям'я?

— Падчас здымак сына амаль не бачыла. Едзеш на працу каля 7 раніцы, вяртаешся каля 23. Муж 4 гады свайго жыцця паклаў на маю кар'еру. Дзякуй яму вялікі за падтрымку. Не кожны на гэта здольны. Жонка — актрыса, прыходзілася здымацца і ў «цікавых» сцэнах. Трэба разумець, што ты цалуешся ў кадры не таму, што вельмі хочацца, а таму, што так у сцэнарыі напісана. Не дзеля задавальнення, а каб карцінка атрымалася. Муж ставіўся да гэтага з разуменнем.

Мы ніколі не сварыліся. Але год таму зразумелі, што пачуцці паміж намі перагарэлі, і развяліся пасля 10 гадоў сумеснага жыцця. Цяпер проста пра гэта казаць, а тады было вельмі балюча.

Калі разышліся, нават не ўсе мае сябры разумелі гэты разрыў. Мы рассталіся сябрамі. Сыну патлумачылі, што ў гэтым няма ніякай трагедыі, і цяпер у яго 2 дамы замест аднаго.


— Эканамічны крызіс неяк паўплываў на вашу запатрабаванасць у кінематаграфічным працэсе?

— Раней галоўных роляў было больш. Зараз ёсць праца, але расіяне сталі менш да нас прыязджаць, і аплата ўпала разоў у 5. Былі праекты, калі я зарабляла за месяц гадавы заробак. Напрыклад, серыял «Ікраны барон». У мяне там была галоўная роля — жонкі алігарха. Здымкі ішлі ў Піцеры. А паралельна здымалася ў «Снайперы» ў Мінску. Часам ехала ў Піцер наўпрост з акопаў, з абадранымі пазногцямі — не было часу прывесці сябе ў парадак. У мяне быў такі дзяжурны чамадан, які мне прывозіў муж, і я ляцела з ім у расійскую паўночную сталіцу. Па дарозе ў аэрапорт пераапраналася ў чыстае адзенне, а бруднае муж вёз дамоў. Трэба было бачыць, якімі вачыма глядзелі на мяне тыя жанчыны, якія ляцелі са мной у самалёце. У Піцеры мяне адмывалі, манікюрылі, марафецілі, а пасля здымак я ўся напамаджаная зноў ляцела ў свае акопы. І такі рэжым захоўваўся паўтара месяца. Было цяжка, пастаянныя пералёты, стомленасць дзікая, немагчымасць сустрэцца з блізкімі і сынам. Часу хапала толькі на тое, каб пачысціць зубы, памыцца і легчы спаць. І вывучыць кучу тэкстаў. Не паверыце, але ў гэтыя моманты дзікай стомленасці я раптам лавіла сябе на думцы: якая я ўсё ж такі шчаслівая.

— А было жаданне кінуць тэатр дзеля кіно?

— Я люблю кіно, але жыць не магу без тэатра, без гэтых жывых зносінаў. Такая практыка вельмі важная. Адсутнасць дубля, калі ўсё можна паўтарыць. Тут і зараз — у цябе няма права на памылку.

Тэатр, які мне падаравала Таня Траяновіч, дае рэалізавацца ўсім акцёрскім амбіцыям. Мы разам вучыліся ў акадэміі, я ведаю яе не першы год. Усе яе спектаклі, пачынаючы ад студэнцкіх, былі яркімі, на злобу дня, праўдзівымі, дакладнымі. Калі яна паклікала мяне, я сказала, што згодна, і нават чытаць тэкст не буду. Не пашкадавала ні аднаго разу.

— Вы гатовы ісці на любыя эксперыменты ў мастацтве?

— На любыя. Зараз з Таццянай Траяновіч рэпеціруем новы спектакль «Румыны». Там шмат ненарматыўнай лексікі, і для мяне спачатку гэта было шокам. Але, калі разумееш, для чаго гэта, усё ў парадку. Галоўнае, не скаціцца ў пошласць. Чалавек павінен бачыць, што ён не адзінокі ў сваёй бядзе, што ёсць святло ў канцы тунэля. Як пасля нашых «Ілюзій». У некаторых людзей пасля спектакля жыццё мянялася. Яны падыходзілі і казалі пра гэта.

Мастацтва павінна натхняць. Памятаю, як пасля фільма «Сіла Веры» мне прыйшоў ліст з Расіі на 7 старонках. Мужчына напісаў пра суседку, у якой з мужам не было дзяцей — спачатку не хацелі, потым не атрымалася. А вось паглядзелі кіно, пайшлі ў дзіцячы дом і ўсынавілі дзіця. Я рыдала над гэтым лістом. Вось сэнс маёй працы.

— Шмат хто з творчых людзей, каб рэалізавацца, з'язджаў у Расію. Не збіраецеся браць з іх прыклад?

— Мне так і кажуць: трэба ехаць з краіны, цяпер крызіс. А я не хачу. Тут я атрымала адукацыю, сустрэла свайго мужа, нарадзіла сына. Я хачу ганарыцца сваёй краінай, прыносіць ёй карысць. Хачу, каб мяне называлі менавіта беларускай актрысай. Я патрыёт.

— Даводзілася чуць, што артысты настолькі ўваходзяць у вобраз сваіх герояў, што гэта потым адбіваецца на іх жыцці.

— Калі ты іграеш на поўным сур'ёзе, прапускаеш цераз сябе, такое непазбежна. У мяне так было некалькі разоў, калі я здымалася паралельна ў серыялах «Сіла Веры» і «Ой, мамачкі». Нейкія падобныя сімпатыі, тыпажы пераносіліся ў рэальнасць. Я пачынала лавіць сябе на думцы, што я гэта ўжо перажывала. А потым зразумела: з цябе адразу ўсё не выходзіць, ты працягваеш іграць тую ж ролю у жыцці — паводзіны, успрыманне, сітуацыі застаюцца на тваёй падкорцы. Нават тэксты са сцэнарыяў. Калі матэрыял добры, чаму б не скарыстацца ім у жыцці. Тыя ж «Ілюзіі» для мяне сталі адкрыццём.


— На здымачнай пляцоўцы вашымі партнёрамі былі вядомыя артысты. Якія ўражанні засталіся ад зносінаў з імі?

— Раіса Разанава — першая расійская зорка, з якой я здымалася. Яна дзіўная. Увесь час падтрымлівала мяне, тлумачыла. У нашых інстытутах рыхтуюць акцёраў тэатра, а ў кіно свая спецыфіка. Гэтаму прыходзіцца вучыцца ў працэсе здымак. Цікавая заканамернасць: чым больш таленавіты твой партнёр па пляцоўцы, тым ён прасцейшы. А вось маладыя часцей за ўсё з «пантамі».

Крыху расчаравалася ў Аляксею Серабракове. Па кіно я ўяўляла яго сабе мужным, моцным мужчынам, а ў жыцці ён здаўся мне крыху ныцікам. Магчыма, у яго быў дрэнны настрой, але тых цудоўных уражанняў ужо няма.

Аляксандр Дамагараў падаўся мне мужчынам з сіндромам стомленай зоркі. А вось Дзіма Іосіфаў (той самы Бураціна) акрамя таго, што вельмі ўдумлівы і таленавіты рэжысёр, яшчэ і чалавек вялікай душы. Здымацца ў яго — адно задавальненне.

— Ці прыходзіцца адчуваць адмоўныя бакі папулярнасці?

— Чым больш вядомым становішся, тым часцей да цябе стукаюцца людзі, якіх не ведаеш. Былі выпадкі, калі нейкім чынам даведваліся адрас маёй пошты і дасылалі вельмі агідныя рэчы. Я прынцыпова не агаляюся ў кадры. Хачу, каб усё было эстэтычна і прыгожа. Прашу на замену дублёра. Але бывае, калі я знаходжуся на адпачынку, нейкія незнаёмыя людзі пачынаюць мяне фатаграфаваць. Гэта вельмі нервуе. Я не разумею: навошта? Кампрамат збіраецеся сабраць? А яшчэ не люблю, калі незнаёмыя людзі мне «тыкаюць». Гэта, лічу, элементарная непавага.

— А крытыку як успрымаеце?

— Хваравіта (усміхаецца). Хоць заўсёды прыслухоўваюся. Але, як казаў Пушкін: «Хулу и похвалу приемли равнодушно...» Я навучылася не цешыць сябе, калі хваляць. І не адчайвацца, калі лаюць. Хапае людзей, якія пішуць: куды ты лезеш, паглядзі на сябе. Гэта сапраўды балюча. А вось канструктыўная крытыка толькі дапамагае.



 

Кoличество переходов на страницу: 509


Комментарии