https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лепшы цыганскі дзень


Лепшым днём на міжнародным фестывалі нацыянальных культур у Гродне стане той, калі на сцэне будуць запальваць «Ягоры» — удзельнікі цыганскага калектыву з Жыткавіч «Лачшо дывес». Менавіта таму, што мудрагелістая назва ансамбля з цыганскай мовы перакладаецца як «лепшы дзень». А «ягоры», дарэчы, азначае «агеньчык».

Кіруе цыганскімі музыкамі беларус Вячаслаў Еўлаш. Цяпер ён праводзіць апошнія рэпетыцыі і настройвае жыткаўчан на перамогу. Між тым, у Гродне калектыў цыган ужо быў і прывозіў адтуль ганаровыя ўзнагароды.

Аднак справа ў тым, кажа дырэктар Жыткавіцкага гарадскога цэнтра культуры Таццяна Еўлаш, што за дзевяць гадоў ансамбль некалькі разоў мяняў склад. Прыгожых жыткавіцкіх цыганачак, якія пачынаюць гастраляваць па суседніх гарадах і вёсках, хутка заўважаюць гарачыя чарнявыя хлопцы. І робяць ім прапанову, ад якой тыя адмовіцца ніяк не могуць. Каханне кіруе светам, але ж на змену тым, хто стварыў сям'ю, падрастаюць маладзейшыя і не менш таленавітыя. Часцяком у ансамбль новыя кадры пастаўляе той жа род, у якім ужо былі артысты.

Вось і цяпер чацвёра ўдзельнікаў маюць прозвішча Базылевіч: Аляксандр, Надзея, Зарына і Фаціма. Яшчэ двое — Янкевічы: брат з сястрой Таццяна і Пётр. Ну і для разнастайнасці разам з усімі танцуюць і спяваюць Ілона Езяпчук і Генадзь Стаяновіч.

Артысты прымуць удзел у складзе дэлегацыі ад Гомельшчыны. Яны выйшлі ў фінал абласнога тура фестывалю і цяпер будуць скараць сэрцы шматлікіх гледачоў у Гродне. Дарэчы, у Жыткавічах ёсць з каго выбіраць «у артысты», бо ў райцэнтры і вакол яго сёння жыве вялікая колькасць цыганоў. Яны даўно не ў табары: маюць уласныя кватэры і ўжо імкнуцца даваць адукацыю сваім дзецям. Ва ўсякім разе Таццяна Аляксандраўна адзначае, што калі раней дзяўчаты заканчвалі не больш за шэсць класаў да замужжа, сёння — усе дзевяць. Многія, у тым ліку дзяўчаты, працягваюць адукацыю ў ліцэі:

— Сённяшнія нашы салісткі вучацца ў школе. Толькі што закончылі дзявяты клас. Іх пакуль замуж не схапілі. Нам ніколі не было сорамна за нашых цыганоў. Касцюмы мы ім прыгожыя пашылі. Канцэрты нашага ансамбля праходзяць на ўра. Яго ўсе ведаюць і з задавальненнем слухаюць. Нашы артысты, канешне, выконваюць традыцыйныя цыганскія танцы і песні. Але ж з задавальненнем спяваюць і вядомыя творы сучасных кампазітараў. На конкурсе ёсць магчымасць праспяваць толькі адну песню, а вось на падворках нашы музыкі будуць выконваць бадай што ўвесь свой разнастайны рэпертуар!

іost@zvіazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 629