https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Літаратурны музей Максіма Гарэцкага можа пераехаць у Мсціслаў


Гэта тэма ўжо трэці месяц абмяркоўваецца ў інтэрнэце. Нагодай стаў электронны ліст мінчанкі ў Мсціслаўскі райвыканкам, якая прапанавала перанесці драўляную хату музея з Малой Багацькаўкі ў горад. Гэта, на яе погляд, дапаможа як мага большай колькасці людзей далучыцца да творчасці вядомага беларускага пісьменніка. Прапанова была вынесена на грамадскае абмеркаванне і выклікала буру эмоцый. Адны за тое, каб гістарычны Мсціслаў, дзе і так ёсць паглядзець шмат чаго каштоўнага і ўражлівага, прыдбаў сабе яшчэ і літаратурны музей. Іншыя — катэгарычна супраць. Маўляў, страціцца тая невымоўная аўра, якая захоўваецца ў вёсцы. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на месцы, каб разабрацца ў гэтай складанай сітуацыі.


Не хапае прадпрымальніка

Літаратурны музей ужо 6 гадоў як з'яўляецца філіялам раённага гісторыка-археалагічнага. Ад горада да вёскі Малая Багацькаўка, дзе ён знаходзіцца, — 26 кіламетраў, і мы разам з дырэктарам музея Людмілай Кірыенкай едзем на месца. Траса Мсціслаў-Горкі мясцовага значэння. Зварочваем убок ад асноўнай дарогі, яшчэ амаль кіламетр шляху — і вось яна, малая радзіма братоў Гарэцкіх. Пры ўездзе ў вёску ў вочы адразу ж кідаецца вялікая драўляная хата з памятнай дошкай на сцяне. Вакол — ні душы, нават аўтакрама насупраць будынка стаіць у адзіноце. Кіроўца сумуе ў кабіне, кажа, што прыходзілі некалькі жыхароў, але яны ўжо купілі ўсё, што ім трэба, і пайшлі.

Музей абслугоўваецца па заяўцы, загадчыца трэці месяц як хварэе. За шклом на акне вісіць аб'яўка з нумарам тэлефона мсціслаўскага музея. Па ім можна дамаўляцца наконт экскурсій. Калі знаходзяцца жадаючыя, экскурсавод едзе з горада. Але, як сведчыць Людміла Сяргееўна, за апошнія тры месяцы  журналіст «Звязды» — другая наведвальніца пасля той мінчанкі, якая ў верасні тут пабывала, а потым напісала зварот.

У доме холадна, пахне сырасцю і адзінотай. Калідор дзеліць хату на 2 пакоі. У адным — драўляныя стэнды з фотаздымкамі сям'і Гарэцкіх, копіі дакументаў, кнігі Максіма Гарэцкага. У цэнтры хаты — вялікі партрэт пісьменніка. Пад ім мяшочак з зямлёй з месца расстрэлу. На фота — памятны знак у горадзе Вязьма Смаленскай вобласці, месцы мяркуемага расстрэлу Максіма Гарэцкага.


Другая палова дома дэманструе быт звычайнай сялянскай сям'і канца XІX — пачатку XX стагоддзя — ручнікі, калыска, падвешаная пад столлю, руская печка, палаці. Ёсць нават некалькі балалаек і патэфон. Гэта рэчы эпохі і да Гарэцкіх маюць апасродкаваныя адносіны. «З арыгінальных рэчаў, якія належалі б сям'і Гарэцкіх, нічога няма. Гэта ўсё, што перадаў нам музей гісторыі беларускай літаратуры», — кажа Людміла Кірыенка.

Акрамя музея, іншых сацыяльных аб'ектаў у Малой Багацькаўцы няма. У вёсцы наогул засталося ўсяго некалькі хат. «А калісьці ў нас быў клуб і нават школа», — успамінае лепшыя часы тутэйшая жыхарка Галіна Яненка. У маладосці ў яе была магчымасць застацца ў Маскве, нават на прыём да Брэжнева па асабістым пытанні прыязджала. Ён тады яшчэ міністрам па сельскай гаспадарцы працаваў. Але сталічная экзотыка ніколі яе не прываблівала. Іншая справа — Багацькаўка. «Тады ў нас весела было, — усміхаецца яна. — У вёсцы 40 хат стаяла, не меней. І ў кожнай па чацвёра-пяцёра дзяцей. Бывала, выйдзеш на вуліцу — вёска гудзіць. Людзі тады жылі зладжана, дружна. Гэта зараз нейкімі ваўкамі сталі».

Дом пенсіянеркі знаходзіцца па суседстве з музеем, але пра Гарэцкіх яна ведае толькі па расказах.

— Мы ж пасля вайны толькі сюды прыехалі. У тым доме, дзе цяпер музей, апошнім часам жылі старыя Федасенкі. А потым хату знеслі. Замест яе музей пабудавалі. У 90-я гады да нас госці з Мінска завіталі, дарогу вось зрабілі. Раней было не дабрацца. Наведвальнікаў музея бывае не шмат, але ж школьнікі з бліжэйшых вёсак не забываюць. Зараз, праўда, радзей сталі прыязджаць. Вёска таксама вымірае, моладзь не застаецца, адны старыя, — расказвае жыхарка Багацькаўкі.

Вось і дзеці Галіны Яненкі падаліся ў горад, унукі таксама не думаюць вяртацца. Наконт пераносу музея жанчына не супраць, але ж не хавае, што будзе яшчэ больш сумна. Так хоць нейкае жыццё адчуваецца.

Калі ехалі назад у Мсціслаў, сэрца таксама шчаміла. Вёска пустая, але не сказаць, што закінутая. Ды і хаты на выгляд яшчэ добрыя. Стаяць, нібы хутаркі, на адлегласці адна ад адной. Вакол лес, прастора — прыгожа так, што дух захоплівае. Вось толькі сапраўднага бізнесмена на ўсё гэта не хапае. Ён бы і музей узяў пад сваё крыло. Вёска знаходзіцца паміж Мсціславам і Горкамі, дык няўжо няма ніводнага прадпрымальнага чалавека, які б захацеў тут сваю справу пачаць? Сёння ўладальнікі аграсядзіб толькі і чапляюцца за нейкія адметнасці і славутасці, каб прывабіць турыстаў. А тут такое прыгожае месца застаецца незапатрабаваным.


Захаваць памяць

Выпрабаванні ў лёсе музея пачаліся не ўчора. Спачатку ён змяніў гаспадара. Да 2009 года гэты дом быў рэспубліканскай маёмасцю. Як патлумачыла намеснік дырэктара музея гісторыі беларускай літаратуры Анастасія Кальцова, цяжка абслугоўваць будынак на такой адлегласці. Пачуць пра яго магчымы пераезд з Багацькаўкі ў Мсціслаў для яе было нечаканасцю.

— Пытанне неадназначнае, — разгубілася яна. — Калі парушаецца аўтэнтыка — гэта дрэнна, бо парушаецца сама канцэпцыя музея. Максім Гарэцкі нарадзіўся менавіта ў Багацькаўцы, а не ў Мсціславе. На жаль, праблема з утрыманнем такіх музеяў існуе. Той жа Дом-музей Петруся Броўкі, які з'яўляецца нашым філіялам, знаходзіцца за 250 кіламетраў ад Мінска, на хутары. Народу туды дабрацца цяжка, бо дарога дрэнная. Улічваючы, што цяпер з грашыма напружанне, трэба правільна арганізаваць лагістыку. Каб акупіць праезд, трэба рабіць дарагія білеты. Гэта таксама непапулярная мера. Наогул, калі музеі паміраюць, баліць душа.

Музей у Багацькаўцы быў пабудаваны да 100-годдзя Максіма Гарэцкага. Радзім Гарэцкі, сын брата Максіма Гарэцкага — Гаўрылы, узгадвае, як усё было:

— Гэтаму спрыяў Аляксандр Кузьмін, сакратар ЦК Кампартыі Беларусі па ідэалогіі, які казаў, што трэба аднавіць хату, дзе нарадзіўся Максім Гарэцкі. Мой бацька тады яшчэ быў жывы і падказваў, дзе што знаходзілася. Потым было ўрачыстае адкрыццё. У ім прымаў удзел і Ніл Гілевіч. Прыйшло шмат жыхароў. Яшчэ былі жывыя людзі, якія ведалі братоў Гарэцкіх. Бацька перадаў свае асабістыя рэчы ў гэты музей. А я знайшоў у архівах інфармацыю, як на самай справе загінуў Максім. Існавала версія, што ён памёр ад кровазліцця ў мозг у 1939 годзе. На самай справе — яго расстралялі ў 1938-м.

Прапанову перавезці музей у Мсціслаў нашчадак успрыняў балюча. «Мне хацелася б даведацца, як усё ж такі гэта будзе, — хвалюецца ён. — На душы дагэтуль непрыемны асадак ад таго, што знеслі дом у Горках, дзе жыў Максім Гарэцкі. Там бывалі такія знакамітыя людзі XX стагоддзя, як Юрка Гаўрук, Якуб Колас, Паўліна Мядзёлка. На будынку мелася памятная дошка, што там жыў Максім Гарэцкі. Але дом знеслі, і нічога не засталося. Абяцалі паставіць памятны знак, аднак яго дагэтуль няма. Тут таксама не ведаю, што атрымаецца. Ды і як гэта наогул успрымаць? Які ж гэта будзе музей Гарэцкага, калі ён нарадзіўся ў вёсцы? Там яго асяроддзе. Уяўляеце, што было б, калі б музей з Міхайлаўскага перанеслі ў Пскоў?


Будзе больш наведвальнікаў

Нельга сказаць, што музей у Малой Багацькаўцы не наведваюць. У кнізе водгукаў, якая там знаходзіцца, шмат захопленых запісаў. І даты зусім свежыя — 2013, 2014, 2015 і нават 2016 год. «Дзякуй добрым людзям за захаванне памяці пра славуты род Гарэцкіх», — напісаў беларускі пісьменнік Анатоль Бутэвіч. «Очень довольны посещением. Всегда интересно узнать историю о знаменитых белорусских писателях», — пакінулі водгук у 2013 годзе наведвальнікі з расійскага горада Іванава. «Посмотрели, ознакомились — все классно», — зрабілі летась запіс некалькі сем'яў з Масквы. Сваімі ўражаннямі дзеляцца госці з Санкт-Пецярбурга, Мінска, Гомельскай вобласці...

Дырэктар музея Людміла Кірыенка лічыць, што калі б музей прапісаўся ў Мсціславе, такіх запісаў было б куды больш.

— Можна было б праводзіць болей адкрытых урокаў для школьнікаў, ды і колькасць наведвальнікаў павялічылася б, — кажа яна. — Тым больш, што ў біяграфіі Максіма Гарэцкага ёсць перыяд, звязаны з Мсціславам, калі ён у будынку мужчынскай гімназіі разам з Якубам Коласам вёў курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў.

Зразумець яе можна. Зараз, калі загадчыца філіяла на бальнічным, цяжка адсочваць лёс музея на адлегласці. Калі з грашыма было б лягчэй, такога б пытання і не ўзнікла. А тут сродкаў нават на экспанаты не хапае. Будынку патрэбны рамонт. Як запэўніваюць у раёне, папярэднімі гаспадарамі ён не праводзіўся.

Дарэчы, нават назва Малая Багацькаўка ўжо даўно трансфармавалася ў проста Багацькаўку. У Падсолтаўскім сельсавеце паведамілі, што яе аб'ядналі з суседняй Вялікай Багацькаўкай і зараз на 2 гэтыя вёскі налічваецца 15 дамоў, дзе жыве 25 чалавек, у асноўным — пенсіянеры. Цэнтр жыцця знаходзіцца ў пасёлку Курманава, ад якога да Багацькаўкі 2 кіламетры. Загадчыца філіяла, дарэчы, там і жыве. Апошнім часам колькасць жыхароў толькі змяншаецца, моладзь едзе ў Мсціслаў і далей. Сёлета закрылі Несцераўскую школу, дзяцей зусім не засталося...

Нэлі Зігуля 
zіgulya@zvіazda.by
20 снежня 2016, zviazda.by

Каментарый у тэму

Старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Васіль Віцюноў:

— Калі музей перавезці ў Мсціслаў, будзе больш карысці і рацыянальней будуць выкарыстоўвацца бюджэтныя сродкі на яго ўтрыманне і захаванне. Багацькаўка — бесперспектыўная вёска, хутка там зусім не застанецца жыхароў. Не кожны яшчэ пагодзіцца ехаць за 25 кіламетраў, каб наведаць гэты музей. Ды і ахова, і само напаўненне музея былі б больш грунтоўнымі, калі б ён знаходзіўся ў горадзе. Раённаму музею, на балансе якога знаходзіцца філіял, таксама было б прасцей. Штат у яго невялікі, рук на ўсё не хапае. Ну а месца, дзе зараз знаходзіцца музей і якое з'яўляецца радзімай Максіма Гарэцкага, павінна быць адзначана памятным знакам. Яго выгляд і форму таксама трэба абмяркоўваць. Але ўсё будзе залежыць, як вырашыць насельніцтва раёна і краіны, у тым ліку Міністэрства культуры. На падставе гэтых меркаванняў і будзе прымацца рашэнне.



 

Кoличество переходов на страницу: 590


Комментарии