Карэспандэнты «Звязды» наведалі старадаўнюю вёску Лужкі, з якой звязаны імёны многіх вядомых гістарычных асоб.
Лужкі, што ў Шаркаўшчынскім раёне — адно з тых старых, багатых на гісторыю беларускіх паселішчаў, якое знаходзіцца на водшыбе ад буйных дарог, гарадоў, і для многіх існуе ў паралельнай рэальнасці. Але калі ты пабываў тут хоць аднойчы, наўрад ці пасля забудзешся пра яго. І сапраўды, ёсць такая асаблівасць у нашых вёсак. Здаецца часам, што трапіў у зусім глухі куток, як раптам з-за павароткі з’яўляецца вежа прыгажуна касцёла, званіцы старой царквы альбо багаты старадаўні парк, які і сёння не страціў свайго хараства. Так, многае, на жаль, у нашых вёсках не захавалася, яго ўжо не адновіш, але і тым, што засталося, ганарыцца варта, клапаціцца трэба. А ў Лужках такіх месцаў для гонару сапраўды хапае.
Сёння тут, безумоўна, цывілізацыя. Аднак далёка не кожны ведае: яна па ранейшых мерках і больш 200 гадоў таму тут была. Лужкі ведалі па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім! Але аб усім, паважанае спадарства, па парадку.
У Лужках вучылі паэзіі
Упершыню Лужкі ўзгадалі ў 1519 годзе. Тады яны належалі славутым Сапегам, пасля пераходзілі ад аднаго ўласніка да другога. Чапскія, Жабы, Плятэры… Але менавіта Жабы стварылі з гэтага паселішча над рачулкай Мнюта сапраўднае мястэчка. Асаблівым чынам вызначыўся полацкі кашталян Валяр’ян Жаба. Гэта ён запрасіў у Лужкі рамеснікаў, дамогся таго, каб там двойчы на год праходзіў кірмаш, гэта ён дбаў пра навуку: паклікаў славутых сваёй школьнай адукацыйнай працай каталіцкіх манахаў піяраў, што стварылі тут калегіум.
Навуковы курс у іх разлічваўся на 7 класаў. Дысцыпліны ў піярскім калегіуме былі чымсьці падобныя да таго, што вучаць дзеткі ў розныя гады навучання ў сучаснай школе: арыфметыка, мовы, геаграфія, алгебра. Карысталіся вучні нават… мікраскопамі. Вучылі ў калегіуме асновам складання вершаў. Выкладалі прафесары Віленскага ўніверсітэта! Навучанне — бясплатнае. Плату бралі толькі за пражыванне ў інтэрнатах. Пасля паўстання 1830-1831 гг. калегіум закрылі, а піяраў — разагналі.
Запомніўся Валяр’ян Жаба і пабудовай, якую можна лічыць архітэктурнай перлінай Лужкоў. Выкшталцоны барочны касцёл Міхала Арханёла лёгка б упрыгожыў вуліцы любога горада. Калі падыходзіш да гэтай белай святыні, адчуваеш, што фасад выгінаецца перад табой дугой. Такая вось яго асаблівасць. Раней у ім хапала старадаўніх абразоў, але ў час атэізму ўсё вывезлі, тут быў склад мінеральных угнаенняў. Цяпер іконы знаходзяцца ў полацкім музеі, а дапамагаць лужкоўскаму касцёлу з абразамі прыйшлося суседнім парафіям. А вось старая царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Лужках ніколі не закрывалася. Кажуць, у храме ў свой час знаходзіліся абразы пэндзля самога Андрэя Рублёва.
Але звязаны Лужкі не толькі з хрысціянамі. Як адзначае старшыня Лужкоўскага сельсавета Таццяна КРАСНАДУБСКАЯ, у свой час тут жыло шмат яўрэяў.
— Аб гэтым сведчаць і вялікія могілкі, і руіны сінагогі, у якой таксама працаваў хедэр, пачатковая школа для яўрэяй, — апавядае спадарыня Таццяна і вядзе нас ад цэнтра мястэчка да сінагогі. Шлях займае некалькі хвілін. — Менавіта ў Лужках, у беднай сям’і, нарадзіўся Эліэзэр Бен-Егуда (сапраўднае імя Элізэр-Іцхак Перэльман), адраджальнік іўрыту. Пражыў тут 12 гадоў. Хадзіў у хедэр. Пасля з’ехаў. Прысвяціў жыццё іўрыту. І дамогся таго, каб у Палесціне гэтая мова стала адной з дзяржаўных.
Будынак былой сінагогі (пасля тут была газавая крама) выглядае даволі сумна. Чакаючы рэканструкцыі. Дарэчы, сінагога — гэта не адзінае сведчанне пра яўрэяў у гэтым мястэчку. Да сённяшніх часоў захаваліся дамы, у якіх калісьці жылі яўрэі, а ў цэнтры летась устанавілі дошку ў гонар Бен-Егуды.
— Мы шануем гэтага чалавека, памяць пра яго, — кажа Таццяна Краснадубская. — Ёсць мясціны, звязаныя з яго сям’ёй. На мясцовых могільніках пахаваны яго сваякі, бацькі. Застаўся падмурак ад іх хаты. Дарэчы, спонсарскую падтрымку нам аказала аб’яднанне яўрэйскіх абшчын. На адкрыццё з Ізраіля прыязджаў праўнук Бен-Егуды.
Палац, які стаў сельскагаспадарчай канторай
Лужкі і суседні Гарадзец раней былі рознымі населенымі пунктамі, але межаў паміж імі не было. Гэта асабліва адчуваецца цяпер, калі ты нават не разумееш, што з Лужкоў трапіў у Гарадзец, які калісьці належаў знакамітаму роду Зібергаў-Плятэраў. Гэта наогул фантастычнае месца. Тут не толькі захаваўся палац, у якім жылі графы, але і астатнія гаспадарчыя пабудовы. Да 1939 года Гарадзец быў уласнасцю Яна Зіберга-Плятэра. Падчас вайны пад свае патрэбы палац узялі нямецкія акупанты, пасля — мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства. Двухпавярховы палац хоць і знаходзіцца пад аховай закона, добра захаваўся, але такасама патрабуе рэканструкцыі.
Напэўна, адзіны мінус Лужкоў і Гарадца, у чым з намі пагадзіўся Алесь Варыкіш, кіраўнік фонду «Краіна замкаў», нязручнае геаграфічнае становішча. Калі б уся гэтая прыгажосць знаходзілася ў непасрэднай блізкасці ад сталіцы, людзей бы тут было багата. Грошы ад турызму, зразумела, таксама былі б іншыя. Гісторыяй тут пахне літаральна кожны будынак, кожны метр зямлі насычаны ёй. Знаходкі здараюцца і цяпер. Колькі гадоў таму мясцовы краязнавец Эдмунд Гірын вызначыў, што ў Лужках да сённяшніх часоў захаваўся дом, дзе жыў славуты ваенны дзеяч Станіслаў Булак-Булаховіч, які кіраваў гаспадаркай у Плятэраў. Вось такая мясціна, якая патрабуе вялікай увагі турыстаў да сябе. Абяцаем, тэму Лужкоў і падобных мястэчак не губляць і падтрымліваць на старонках нашай газеты надалей.
taras@zviazda.by
Шаркаўшчынскі раён.
Кoличество переходов на страницу: 798