https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Насця Жабко: «Без музыкі ўжо нікуды»


Юная спявачка прадставіць Беларусь на XІV Міжнародным дзіцячым конкурсе «Віцебск-2016».

Гэты год для 10-гадовай мінчанкі Насці Жабко выдаўся вельмі складаным. Яна на адны дзясяткі скончыла пачатковую школу ў сталічнай гімназіі №16, таксама на дзясяткі здала ўступныя дзяржаўныя экзамены ў гімназію, паспяхова вучыцца ў музычнай школе №10 імя Глебава. Ды і зараз, калі ўсе дзеці бавяцца падчас летніх канікулаў, Насці не да адпачынку. Яна рыхтуецца прадставіць нашу краіну на дзіцячым конкурсе «Віцебск-2016», што пройдзе ў рамках «Славянскага базару».

Штодзённыя заняткі па вакале і харэаграфіі, курсы акцёрскага майстэрства і гадзіны трэніровак на трэнажорах. Разам з дзяўчынкай да конкурсу рыхтуецца і ўся сям'я. Яны — вялікая і дружная каманда, і можна сцвярджаць, што менавіта з сям'і бярэ выток зацікаўленасць спявачкі музыкай. Бабуля Насці — вядомы дзіцячы кампазітар, аўтарка многіх песень і зборнікаў для дзяцей Яніна Жабко, а старэйшы брат Глеб — прафесійны педагог па вакале. Менавіта ён рыхтуе сястру да выступлення на конкурсе.


— Як так атрымалася, што Насця яшчэ ў досыць юным узросце пачала прафесійна займацца музыкай?

Глеб: — У нас сям'я музыкантаў. І тое, што Насця — «музычнае дзіця» стала зразумела, як толькі яна сказала першыя словы. Спачатку пачыналі спяваць просценькія песенькі, часта гэта была бабуліна творчасць. А потым мы ўсе заўважылі, што яна мае досыць вялікі талент да спеваў.

— Першым настаўнікам Насці быў Пётр Ялфімаў?

Глеб: — Так, я вучыўся ў Пятра яшчэ, калі быў студэнтам Інстытута сучасных ведаў імя Шырокава. Насцю таксама прывёў да свайго настаўніка, тады ёй было 6 ці 7 гадоў. З Пятром яны працавалі прыкладна год. Потым эстафету Насцінага настаўніка пераняў я. Выкарыстоўваю і веды, што атрымаў ад Пятра, і іншы вопыт, бо навучаўся класічнаму акадэмічнаму вакалу. Вопыт працы з Насцяй — бясцэнны, ён уключае і стасункі ў сям'і, разуменне яе характару. Таксама добрай настаўніцай для сястры была Анастасія Малашкевіч, яе школа і метады выкладання дапамаглі і мне.

— Рашэнне падаваць заяўку для ўдзелу ў дзіцячым конкурсе «Віцебск-2016» было сямейным?

Глеб: — Так, рашэнне не было спантанным. Мы разумеем, што спевы — гэта Насціна прафесія ў будучыні. Мы маем пэўны план развіцця на год і стараемся яго выконваць. Свет эстрады развіваецца вельмі хутка, таму ўжо сёння нельга губляць ні хвіліны. Цяпер сястра ў такім узросце, калі варта ездзіць на конкурсы, таму стараемся максімальна выкарыстоўваць усе магчымасці. І прадстаўленне Беларусі на дзіцячым конкурсе «Віцебск-2016» было рашэннем, да якога мы мэтанакіравана ішлі і доўга рыхтаваліся.

— Значыць, удзел у падобных конкурсах — не першы вопыт маленькай спявачкі?

Глеб: — Насця ўдзельнічала ў тэлевізійным фестывалі армейскай песні «Зорка», дзе стала лаўрэатам другой прэміі. Выступала на многіх конкурсах у Санкт-Пецярбургу і Маскве. Гэта, напрыклад, адкрыты конкурс выканаўцаў новай дзіцячай песні «Дзень нараджэння», дзе Насця заваявала Гран-пры — за новую песню «Сонейка дабрыні» і першую прэмію — за выкананне твора «Mamma Knows Best» з рэпертуара амерыканскай спявачкі Джэсі Джэй. Двойчы атрымлівала першыя прэміі на маскоўскім фестывалі «Залатая нота».

Насця: — Адным з самых складаных і запамінальным для мяне быў удзел у конкурсе «Залаты голас Расіі». Я прыехала ў Маскву, і ў дзень выступлення захварэла. «Селі» звязкі. Я вельмі хвалявалася і нават плакала. Але дыхальная гімнастыка і распеўкі мяне ўратавалі. Сканцэнтравалася, добра выступіла і... заняла першае месца.


— Перад выступленнем у Віцебску хвалюецеся?

Насця: — Так, вельмі. Таму што для мяне гэта вялікае выпрабаванне. Кожны дзень рэпетыцыі, абавязкова нешта не атрымліваецца, даводзіцца пераадольваць цяжкасці.

Глеб: — Удзел у гэтым конкурсе — вялікі гонар. Ён вельмі складаны. Мы ведаем, што будзе моцная ўдзельніца з Расіі, мы ўжо сустракаліся з ёй на «Залатым голасе Расіі»...

Насця: — Таксама моцныя ўдзельнікі з Мальты, Ізраіля...

Глеб: — Канешне, Насця хоча выступіць належным чынам. Таму зараз не проста хвалюемся, але адчуваем вельмі вялікую адказнасць. Мы не зацыкліваемся на думках пра прызавое месца...

Насця: — Але заняць яго вельмі хацелася б.

— З якімі песнямі Насця выступіць?

Глеб: — Мы прадставім дзве кампазіцыі. У дзень беларускай песні сястра выканае «Я малюю» — пра тое, як дзеці малююць свет без вайны і бедаў. Мы не хочам палітызаваць выступленне, але пытанне вайны і міру вельмі актуальнае ў сучасным свеце. А другая кампазіцыя — «І Don't Mean a Thіng» з рэпертуару вядомай джазавай спявачкі Элы Фіцджэральд. Гэта старая джазавая песня, яе многа хто выконваў цягам дзесяцігоддзяў. І, на наш погляд, яна самая моцная, яе Насця досыць доўга спявае.

— А адкуль у маленькай дзяўчынкі такое захапленне сур'ёзнай музыкай, джазам?

Насця: — Я люблю слухаць Адэль, Джэсі Джэй, гурт ІOWA, люблю цікавую, эфектную музыку. Гэта як класіка, джаз, так і сучасныя творы. Без музыкі ўжо нікуды.

Глеб: — Насця першапачаткова выхоўвалася ў сям'і на музыцы, якая нетыповая для расійскай ці беларускай эстрады. Мы яе называем «спартыўнай»: ухіл ідзе не на славянскую душэўнасць, а на тэхнічна складаныя моманты, характэрныя для Захаду. Сёння Насці больш даспадобы менавіта такія песні. Пры гэтым выдатна разумеем, што быць аднабаковым выканаўцам — не вельмі правільны шлях. Таму ў рэпертуары ёсць і беларускія кампазіцыі, напрыклад «Я люблю цябе, Белая Русь», а таксама твор пра Беларусь і Расію «Дзве суседкі, дзве сястрыцы». Каб Насця іх навучылася добра выконваць, спатрэбілася мая класічная вакальная адукацыя, бо песні таксама вельмі складаныя. Сястра развіваецца ў розных кірунках як у плане вакалу, так і музычнага мыслення. Гэта вельмі важна.


— Не крыўдна, што цяпер усе дзеці адпачываюць, а табе даводзіцца працаваць?

Насця: — Мае канікулы распачнуцца ў жніўні (усміхаецца).

Глеб: — Мы абавязкова адпачнём, але крыху пазней. Сёння конкурс — галоўнае, раз нам выпаў такі гонар прадстаўляць краіну. Трэба апраўдваць спадзяванні і выступіць годна. Самае важнае, што Насця гэта разумее і ў свае 10 гадоў сур'ёзна ставіцца да працы.

— Ведаю, што Насця піша вершы і пастаянна публікуецца на старонках «Зорьки»...

Насця: — Спачатку бабуля дапамагала, а потым я і сама пачала пісаць, мне гэта вельмі падабаецца.

— А песні сама пісаць яшчэ не спрабавала?

Глеб: — Гэта досыць складаны працэс. Я думаю, што Насця гэта зможа зрабіць гады праз два, калі лепш авалодае фартэпіяна.

— Якія планы на будучыню?

Глеб: — Усё ў многім будзе залежаць ад выступлення на конкурсе. Ёсць задума прыняць удзел у фестывалі «Новая хваля», а ў жніўні плануем пачаць рыхтавацца да Нацыянальнага адбору на дзіцячае Еўрабачанне.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 622


Комментарии