https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Падведзены вынікі конкурсу "Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў"


Часопіс "Роднае слова" сумесна з Выдавецкім домам "Звязда" падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых і творчых работ "Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў".


Сёлета ў конкурсе ўдзельнічалі вучні ІХ—ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, педагогі, журналісты, супрацоўнікі музеяў з усіх рэгіёнаў краіны.

Конкурс праводзіўся па трох тэматычных кірунках: "Гісторыя ўласнага роду, сям'і", "Мае гераічныя продкі", "З гісторыі родных мясцін". Усяго было даслана 167 індывідуальных і калектыўных работ. Па выніках конкурсу 72 пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступеняў; 63 кіраўнікі работ, настаўнікі і выкладчыкі ВНУ атрымалі граматы; 105 удзельнікаў конкурсу адзначаны дыпломамі.

— Конкурс закончыўся, але не пакідае хвалюючая ўзрушанасць ад шчырай споведзі пра лёсы герояў іх нашчадкаў — моладзі, якая ніколі не бачыла вайны, але якая сваімі аповедамі, дасланымі на конкурс, яшчэ раз пацвердзіла, што памяць пра продкаў жыве ў сэрцах удзячных унукаў і праўнукаў. І, як мы пераканаліся, чытаючы конкурсныя матэрыялы, будзе жыць,— дзеліцца ўражаннямі галоўны рэдактар часопіса "Роднае слова" Зоя Падліпская.

Мерапрыемства ладзілася ў канферэнц-зале Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і ад гэтага было яшчэ больш урачыста, што і адзначыла начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная.

 "Вельмі прыемна, што такая вялікая колькасць навучэнцаў, студэнтаў прыняла ўдзел у конкурсе "Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў". Гэта значыць, што названая тэма хвалюе нашу моладзь, што яна шануе памяць пра сваіх продкаў", — сказала яна.

На думку акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Гніламёдава, такія мерапрыемствы вельмі патрэбныя, бо паказваюць, якая таленавітая наша моладзь, вучні, студэнты. Паказваюць, наколькі прыгожыя думкі ў людзей, наколькі яны шануюць сваё мінулае.

Не можа не радаваць, што сярод конкурсных работ ёсць і сямейныя, над якімі працавалі дзеці, а іх бацькі-настаўнікі былі кіраўнікамі — гэта сем'і Пархамчук, Гірнік, Марчанка, Антановічаў, Белаусавых, Сілавых, Палачаніных, Шпакоўскіх, Голахавых, Анацка, Бурвін, Данільчык, Строк, Шахаб.

Як адзначыў доктар філалагічных навук, прафесар, галоўны рэдактар часопіса "Беларуская мова і літаратура" Алесь Бельскі, "каштоўнасць конкурсу ў тым, што ён скіраваў нашых школьнікаў, моладзь краіны да самага галоўнага — да гісторыі сям'і, свайго роду. Такія работы, прысвечаныя вывучэнню радаводу, гісторыі Радзімы, абуджаюць, актывізуюць індывідуальную памяць. А на памяці асобнага чалавека трымаецца наша агульная гістарычная памяць, без якой няма ні народа, ні краіны".

Падобнай думкі прытрымліваецца і дацэнт кафедры педагогікі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Роднае слова" Марыя Кныш, якая адзначыла, што кожны з удзельнікаў конкурсу выканаў вялікую работу па аднаўленні ўласнага роду і вяртанні з нябыту многіх імёнаў знаёмых і незнаёмых людзей, душы якіх даўно чакалі вяртання ў людскую памяць.

Матэрыялы навукова-даследчых работ конкурсу павінны стаць вядомымі шырокай грамадскасці. Думаецца, гэтаму паспрыяе Музей звычайнага чалавека, які стварае пісьменнік, даследчык, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, ідэйны натхняльнік і фундатар конкурсу Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Ён лічыць: "менавіта звычайныя людзі — носьбіты культуры і гістарычнай памяці. І калі мы разам напішам успаміны пра родзічаў, родны край, то гэта застанецца назаўсёды. Жыццёвыя гісторыі і гераічныя лёсы продкаў — вельмі важныя для іх нашчадкаў і ўвогуле для выхавання маладога пакалення. Гэта і будзе гісторыя Айчыны вачыма звычайнага чалавека".

16 снежня 2016, zviazda.by

РS. У хуткім часе на нашым сайце, а таксама на партале часопіса "Роднае слова" з'явяцца тэксты работ-пераможцаў.



 

Кoличество переходов на страницу: 642


Комментарии