https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Паэтка Наста Кудасава: Быць паэтам — гэта хранічная хвароба


Не трэба быць моцным экстрасэнсам, каб ужо сёння прадбачыць, што ў рэйтынгу найлепшых паэтычных кніг гэтага года на адным з топавых месцаў абавязкова з'явіцца «Маё невымаўля» Насты Кудасавай з Рагачова. 

Паэтка нас сапраўды здзівіла сваім новым выданнем — шчырым, адкрытым, напісаным без аніякага крывадушша і масак. А яшчэ ўразіла здольнасцю ствараць новыя словы, якія гарманічна ўваходзяць у канву верша і мовы ў цэлым.

Пра гэтае неймавернае ўменне, зайздрасць да ўдач калег і паэзію як пэўны стан існавання чалавека мы і гутарым сёння з Настай Кудасавай.

— Раней вы часта падкрэслівалі, што аддаяце перавагу камерным выступленням і не надта любіце вялікія аўдыторыі. Зараз жа часта чытаеце вершы ў клубах. Не страшна?

— Заўсёды страшна выступаць, перад любой аўдыторыяй. Я ў пэўны момант адзела на сябе «браню» і вырашыла, што мушу спрабаваць выходзіць са стану сацыяпатыі, які для мяне характэрны па жыцці. Трэба прыстасоўвацца. Таму, калі мяне некуды запрашаюць, я пагаджаюся, загартоўваю сябе. Насамрэч, калі чытаю вершы, то не бачу людзей. Проста ўваходжу ў нейкі стан, забываюся пра аўдыторыю. Калі не забудзешся, то добра чытаць не атрымаецца. І я чытаю вершы толькі на памяць, кожнае выступленне — пэўнага кшталту плынь. Калі гэта атрымліваецца, становіцца ўсё адно, сустрэча камерная ці масавая.

— Складана свае вершы вучыць на памяць?

— Яны самі запамінаюцца. Адзіная цяжкасць у тым, што іх зараз стала вельмі многа, і я часам забываюся, якія тэксты ў мяне ёсць. Таму, каб успомніць, што ёсць такі верш, мне трэба пагартаць кнігу. Але ў прынцыпе, я ўсе ведаю на памяць. Калі пішу, можа тысячу разоў кожны тэкст прагаворваю пра сябе, падбіраючы кожны гук. Я яго не магу не запомніць. Не разумею паэтаў, якія не ведаюць сваіх вершаў на памяць. Магчыма, мне прасцей іх запамінаць, бо пішу рыфмаваныя творы, яны — як песня. А тым, хто піша верлібры, сапраўды складаней іх запомніць.

— А як з усёй колькасці вершаў выбіраеце сэт-ліст на кожнае выступленне?

— Па настроі. Які ў мяне сёння настрой, так і складаю тэксты адзін за адным. У прынцыпе, кожнае выступленне — гэта імправізацыя, але прыкладны парадак вершаў ведаю. На самоце мне трэба крыху падумаць, якія вершы я сёння магу прачытаць. Быў выпадак, калі выбрала вельмі асабісты, цяжкі для мяне верш і не змагла яго прачытаць — камяк у горле перашкодзіў. Таму разумею, што больш так рабіць не буду.

— Кажаце, што досыць доўга пішаце кожны верш. У які момант разумееце, што ён гатовы, больш нічога дапрацоўваць не трэба?

— Па-рознаму бывае. Некаторыя вершы ты ўжо напісаў, табе ўсё падабаецца, а пазней пачынаеш глыбей разглядаць і перапрацоўваць. Так можна яшчэ варыянтаў 200 прыдумаць, а потым зноў вярнуцца да самага першага. Я ўвесь час сабе начытваю твор, калі мяне нешта чапляе. Гэта як у сталяра, які габлюе дрэва. Таму і чытаю-дапрацоўваю, пакуль не разумею, што верш стаў гладзенькі, як снежны камяк.

— Вас таксама называюць паэтам, які стварае новыя словы. Як яны прыходзяць?

— Наўмысна іх не прыдумваю, штучнай мовы не прымаю. Словы не мусяць выглядаць ненатуральна. Напрыклад, ёсць у мяне такі радок — «зарастае ўспаміннікам шчасце». А як па-іншаму такі стан можна назваць? Гэтае слова выглядае арганічна. Таксама як і вобраз «свет невыгаўкны» — калі ў чалавека ён невымоўны, то як можна сказаць пра сабаку? Толькі так. Ніякага эпатажу, наўмыснасці няма. Штуршком і натхненнем на стварэнне новых слоў стала знаёмства з паэтам і перакладчыкам Ігарам Куліковым. Ён мяне ўразіў сваёй свабодай у абыходжанні са словамі. Раней, калі да мяне прыходзіла новае слова, я правярала па слоўніку: калі яго там не знаходзіла, то вырашала не выкарыстоўваць, увесь час заганяла сябе ў нейкія межы. А вось Ігар разам з Міхасём Баярыным дапамаглі зразумець: абсалютна нармальна, калі мова жыве сваім жыццём, мае свае рэсурсы, словатворчы патэнцыял. Асабліва калі мы кажам пра паэзію.


— Кніга «Маё невымаўля» была досыць прыхільна сустрэтая публікай і крытыкамі. Чакалі такой рэакцыі?

— Водгукі мне не настолькі важныя. Істотна тое, як я сама ацэньваю сваю работу. Да гэтай кнігі я ставілася вельмі сур'ёзна, бо першыя дзве былі спантанныя, мне выпадкова прапаноўвалі іх скласці і выдаць. «Маё невымаўля» я выношвала гадамі і сапраўды хацела зрабіць кнігу такой, каб было не сорамна, каб з першага да апошняга радка я была ўпэўненая. Хоць цяпер усё адно нешта пачынае не падабацца. Калі б нават кнігу не сустрэлі прыхільна, я б ведала, што зрабіла яе такой, якой хацела. Што да папярэдніх дзвюх, то падчас выступленняў я цяпер фактычна не чытаю вершаў з іх. Яны не адгукаюцца ўва мне. У прынцыпе, тэксты неблагія, але цяпер я так не пісала б. Пакінула б літаральна некалькі радкоў.

— Верш «Горадзе наш» стаў песняй у выкананні гурта «Сон-трава». Як вы паставіліся да такой інтэрпрэтацыі і да самой ідэі пакласці гэты тэкст на музыку?

— Калі мне толькі прапанавалі і спыталіся дазволу на тое, каб напісаць кампазіцыю на мой верш, я была настроеная крыху скептычна. Лічыла, што песня ніколі не атрымаецца такой, як я задумала. Кожны аўтар бачыць па-свойму. Але ў выніку атрымалася ўсё нават лепш, чым магло быць. Калі я пачула песню, то зразумела: яна мусіць выглядаць акурат так, усё атрымалася вельмі маё. Наша знаёмства з «Сон-травой» — новы этап у творчасці, нейкае акрыленне. Я заўсёды хацела спяваць, займацца музыкай, але я гэтага не ўмею. З'явіўся чалавек, які можа мае вершы зрабіць песнямі, я вельмі рада гэтаму. Мы працягваем сумесную працу і маем ужо многа кампазіцый. Іх хопіць нават на альбом, рыхтуем і асобную канцэртную праграму.

— Ужо згадвалі паэта Ігара Кулікова. Каго яшчэ з сучасных паэтаў, празаікаў вы чытаеце, сочыце за іх творчасцю?

— Я прозы амаль не чытаю. Калі і чытаю, то вельмі рэдка на мяне нешта вельмі моцна ўздзейнічае. Што да паэзіі, шаную творчасць Віктара Жыбуля, ён для мяне вельмі глабальны паэт, геній. Такое ж адчуванне і ад вершаў Андрэя Адамовіча. Чытаю творы Таццяны Нядбай, Віталя Рыжкова, Марыі Мартысевіч. Многа добрых паэтаў, якія пішуць па-руску, напрыклад Георгій Барташ, Яўген Бясчасны, Сабіна Брыло, Ліна Казакова, Дзмітрый Строцаў. Вельмі радуюся, калі чытаю добрыя вершы. Удалы твор іншага паэта ўспрымаю як сваю перамогу.

— Няўжо няма зайздрасці, што гэты ўдалы верш напісалі не вы?

— Не. Святлана Бень неяк казала ў інтэрв'ю, што можа працаваць, толькі калі ўсё дрэнна, нічога цікавага не адбываецца. Калі ўсё добра, то проста атрымліваеш задавальненне, і самой не так і важна нешта рабіць — яно проста робіцца. Я не вельмі веру ў аўтара, яго «я». Думаю, што мы — толькі праваднікі-рэдактары, бяром ідэі з агульнага космасу і па-свойму іх перадаём. Наша асабістае — толькі тэмперамент, жыццёвы досвед, якія і складаюць аўтарскі стыль.

— Якія парады вы далі б маладому чалавеку, які хоча пісаць вершы?

— Трэба жыць. Калі ты паэт, ты мусіш пражыць напоўніцу сваё жыццё, да дробязяў. Тады і вершы пойдуць самі, ад іх нікуды не дзенешся. Стварэнне вершаў — амаль фізіялагічны працэс. Вершы проста выходзяць з цябе, немагчыма сябе прымусіць не пісаць. Трэба быць чалавекам пільным, уважлівым да людзей, да пачуццяў, ветру, кветачкі, матылька. Жыццё такое разнастайнае, што калі проста супакоіцца і яго назіраць — дзіву даешся. Каб быць паэтам — больш нічога не трэба. Гэта як хранічная хвароба, якая з табой заўсёды. Важна таксама любіць іншых і чытаць іншых аўтараў. І калі казаць пра паэзію, варта памятаць пра работу са словам. Іншыя паэты робяць нас чуллівымі да слова, амаль ювелірамі.

Марына Весялуха
vеsіаluhа@zvіаzdа.bу
22 снежня 2016, 
zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 657


Комментарии