З прычыны асаблівасці свайго характару народная артыстка СССР Эліна Быстрыцкая ніколі не афішавала адносіны з мужчынамі. Вядома, што ў яе была маса прыхільнікаў у самім акцёрскім асяроддзі, але ніводнаму з мужчын-акцёраў так і не ўдалося растапіць сэрца гэтай моцнай і незвычайна прыгожай жанчыны. Таму і замуж яна пайшла за чалавека іншай прафесіі, старэйшага за яе гадоў на 20. Мужам славутай актрысы стаў Мікалай Сямёнавіч Патолічаў, партыйны функцыянер. Ён на працягу 47 гадоў з’яўляўся членам ЦК КПСС, быў намеснікам міністра замежных спраў, міністрам знешняга гандлю СССР. Шэсць гадоў стаяў на чале БССР — працаваў першым сакратаром ЦК КПБ.
Эліна Быстрыцкая ўспамінае: «У маладосці мне вельмі падабаўся чыста знешне французскі акцёр Жан Марэ. Рамантычны герой. Але я разумела: улюбляцца ў артыста — тое ж, што чытаць раманы Дзюма. А ў жыцці… Мой муж быў цікавы чалавек. З ім мне было цікава размаўляць, хадзіць па тэатрах і галерэях, потым абмяркоўваць убачанае, спрачацца, маўчаць… Сваім фарміраваннем я шмат у чым абавязана яму. Колькі ён памятаў, колькі ведаў! Ён любіў гісторыю… Але жанчын ён любіў найбольш за ўсё. Занадта. Добра, калі б я была ў яго адна. Іншае ж немагчыма было перанесці. Некаторыя пераносяць — я не змагла…»
Сярод дзяржаўных дзеячаў савецкай эпохі ёсць імёны, якія не будуць забыты незалежна ад перамен у сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці на прасторах былой вялікай дзяржавы. Гэта — абавязковая ўмова захавання звязкі часоў, пераемнасці пакаленняў, выхавання высокамаральных адносін да мінулага краіны, яе гісторыі, у тым ліку найноўшай. Мікалай Сямёнавіч Патолічаў займае годнае месца сярод выдатных прадстаўнікоў Савецкага Саюза 30-80-х гадоў. Ён нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Золін Ніжагародскай губерні (па іншых звестках — у сяле з такой жа назвай, але Уладзімірскай губерні) у сям’і ўдзельніка грамадзянскай вайны Сямёна Патолічава — камандзіра 2-й кавалерыйскай брыгады 11-й кавалерыйскай дывізіі 1-й Коннай арміі. У 12 гадоў асірацеў — бацька загінуў у баі з бандамі атамана Шкуро. Рос у сям’і дзядзькі. З дзяцінства зарабляў на жыццё. Вучыўся ў школе ФЗВ завода імя Я.М. Свярдлова. У 1928 годзе ўступіў ва Усесаюзную камуністычную партыю (бальшавікоў). У тым жа годзе быў абраны сакратаром Дзяржынскага райкама камсамола. З 1931 па 1937 гады — студэнт Хіміка-тэхналагічнага інстытута імя Д. Мендзялеева, слухач Ваенна-хімічнай акадэміі РСЧА. У 1940-м — абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. У 1941-1946 гадах — першы сакратар Чалябінскага абкама партыі, у 1947-1950-м — першы сакратар Растоўскага абкама. З 1950-га па 1956-ы — першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі. З 1958 па 1985 год — міністр знешняга гандлю СССР.
Двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер дванаццаці ордэнаў Леніна (абсалютны рэкорд, нават Леанід Ільіч Брэжнеў столькі не меў).
Такія асноўныя выніковыя даныя, якія характарызуюць працоўны і жыццёвы шлях гэтага чалавека. Аднак знешнія паказчыкі дзейнасці чалавека, нягледзячы на ўсю іх важкасць, не раскрываюць сутнасці, значэння і яго ролі ў жыцці грамадства ў канкрэтных гістарычных умовах.
У гады рэпрэсій Мікалай Сямёнавіч стаў пераканаўчым прыкладам прынцыповага, мужнага і сумленнага кіраўніка, які на справе даказаў, што і тады можна было абараняць людзей, арыштаваных нявінна або па паклёпе, што і ў той суровы час заставалася месца подзвігу, калі ёсць смеласць, адказнасць за лёсы людзей, дачыненне да ўсяго, што тычыцца іх жыцця, гатоўнасць дзеля гэтага рызыкаваць сабой.
Гэта маглі б пацвердзіць многія вызваленыя з турмаў або іх сваякі, якія засталіся ў жывых, тыя, каго яму ўдалося абараніць, з якіх яму ўдалося своечасова змыць ярлык ворага народа. І гэта было ўсюды, дзе працаваў Патолічаў у канцы 30-х гадоў, у час Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенныя гады.
Лёс Мікалая Сямёнавіча Патолічава як сюжэт з рамана, з нейкай эпапеі. Здавалася б, жыццё з першых гадоў так яго затаптала: не тое каб падняцца да вяршыняў улады, але і не выжыць. А падняўся так высока — да самага Крамля. Чым патлумачыць гэтае ўзыходжанне? Генамі? Знешнімі абставінамі? Тым і другім?
«…Памятаю, было гэта як быццам бы ўчора, а не паўстагоддзя таму. Паехаў я ў Ніжні Ноўгарад. У кошыку дзве вялікія бутлі з малаком. На Канавінскім рынку малако нарасхват. Дзве жанчыны ўзялі мае бутлі, вылілі малако ў свой посуд. Адна з іх дала мне 500 рублёў, другая зрабіла выгляд, што дае мне тысячу, узяла з маіх рук «на рэшту» 500 рублёў, і яны імгненна зніклі. Няцяжка ўявіць, як маленькі заплаканы хлопчык бегаў між гандлёвых радоў, кідаўся пад ногі жанчынам, пытаючыся: «Цётачка, не вы ў мяне малако купілі?»
Такой цётачкі, вядома, не аказалася. Так, без хлеба, без капейкі ў кішэні вярнуўся дадому». Дзве цёткі ніжагародскага Канавінскага рынку на ўсё жыццё далі ўрок будучаму міністру знешняга гандлю СССР: на рынку не марудзь, гандлюй так, каб цябе, тваю краіну ніколі і ніхто не мог падмануць, нават акулы капіталізму.
…Сакавік 1940-га. Пленум ЦК. Сярод выступаючых — Патолічаў. У перапынку да яго падбег узрушаны генерал А.В. Хрулёў: «Дык ты Патолічаў?» — «Так, я Патолічаў». — «У цябе бацька ваенным быў?» — «Так, вайскоўцам». — «Камандзір кавалерыйскай брыгады?» — «Так». — «Ён загінуў? Калі? Дзе?» — «У 1920 годзе на Ровеншчыне». — «Слухай, я ж служыў камісарам у гэтай дывізіі». Тут жа Хрулёў — да Варашылава, нешта яму зашаптаў на вуха. Варашылаў — да Сталіна, таксама нешта шапнуў. І абодва паглядзелі ў бок Патолічава. Што за пярэпалах? Аказалася, усе трое ведалі камбрыга Сямёна Патолічава. «Але тое, што адзін з яго сыноў — першы сакратар Яраслаўскага абкама партыі, член ЦК, удзельнічае ў рабоце пленума, яны даведаліся ўпершыню, і гэта было для іх нечаканым».
…1942-і. Як гром сярод яснага неба — распараджэнне: «… Начальніка Паўднёва-Уральскай чыгункі Малькевіча з работы зняць і аддаць пад суд». Подпіс — Сталін. А суд — трыбунал, ваенны. Літасці не чакай. Малькевіч, чорны ад перажыванняў, прыйшоў развітвацца. А справа была ў тым, што Сталіну кожны дзень дакладвалі аб выпуску танкаў, а тут… На перагоне паміж Міясам і Залатавустам эшалон танкаў, які накіроўваўся на фронт, паляцеў пад адхон. Не скажаш, што Малькевіч не вінаваты (ён, як начальнік, адказвае за ўсё ў сваёй гаспадарцы), але ваенны трыбунал — занадта ўжо строга.
Патолічаў патэлефанаваў наркаму шляхоў зносін Хрулёву, сакратару ЦК Андрэеву. Абодва мяліся, дапамагчы не абяцалі. Тады… Пахадзіў-пахадзіў Мікалай Сямёнавіч па кабінеце — і падняў трубку. Паскробышаву: «Таварыш Сталін у сябе?» Праз сорак хвілін адбылася размова. Патолічаў казаў, што дарога зношаная, разбітая, празмерна загружаная. І так далей. Пасля нядоўгага роздуму Сталін сказаў: «Ну, добра. Падумаем». Думалі нядоўга. Званок ВЧ — Сталін: «Начальнік дарогі, напэўна, у вас? Перадайце яму, што ён прызначаны на Паўночную дарогу. Хай папрацуе там пад нямецкімі бомбамі і апраўдае сябе». Гэта было выратаваннем.
«Памятаю, — піша Наталля Мікалаеўна Патолічава, — наш дзень пачынаўся з таго, што тата падыходзіў да акна і казаў: «Зноў дождж, ураджай не збяром — мяне расстраляюць». Потым я сама па раніцах глядзела ў акно: дажджу няма, значыць, тату не расстраляюць…»
Ён усю вайну ўзначальваў партыйную арганізацыю Чалябінскай вобласці. У гэты час тут, нароўні з запланаваным развіццём уласных прадукцыйных сіл, ажыццяўлялася ў гіганцкіх маштабах у неверагодна кароткія тэрміны размяшчэнне эвакуіраваных з захаду прадпрыемстваў — ва ўсёй сваёй разнастайнасці, складанасці і трагічнасці.
700 прамысловых прадпрыемстваў — гэта больш за палову з ліку эвакуіраваных ва ўсходнія раёны краіны — прыняў Урал. Дастаткова згадаць, што кожны трэці снарад і браня кожнага другога танка былі зроблены з магнітагорскай сталі.
Рост вытворчасці ў Чалябінскай вобласці ў 1943 годзе ў параўнанні з 1940-м склаў 350%. І ўсё гэта ва ўмовах, калі замест мужчын, якія пайшлі на фронт, працавалі жанчыны і падлеткі! За гады вайны ўведзены ў строй 6 доменных печаў, 5 коксавых батарэй, 28 мартэнаўскіх і электрасталеплавільных печаў, 8 пракатных і трубапракатных станаў, Чабаркульскі завод, Чалябінская ЦЭЦ, Чалябінскі металургічны камбінат і яго рудная база — Байкальскае радовішча, Уральскі аўтазавод у Міясе, заводы па вытворчасці боепрыпасаў, у тым ліку ракетных снарадаў для «Кацюш».
Арганізаваны выпуск сучасных танкаў Т-34 і ІС, самаходных артылерыйскіх установак і многіх іншых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі. У час вайны працавалі так, што, здавалася, няма межаў чалавечым магчымасцям. Вялікая заслуга кіраўніка, які здолеў арганізаваць гэтую самаадданую працу, вытрымаць усе выпрабаванні ваеннага часу, унёсшы важкі ўклад у перамогу над ворагам. «Гаспадар Урала» — так называлі Мікалая Сямёнавіча. Гэтая мянушка пераклікалася з іншай — «Гаспадар». Так называлі толькі Сталіна. І гэта шмат аб чым гаворыць.
Патолічаў, безумоўна, правадыр, але «сталь» у ім не адчувалася. І «шашкай нагала» ён не махаў. Там, дзе ад яго чакалі «сілы ўлады», ён бянтэжыў і скараў увагай, павагай і дабрынёй. «Сталь» у ім, вядома, была, але не для таго, каб ламаць іншых, а каб не зламацца самому. Цяжка ўявіць, як ён, яшчэ зусім малады хлопец і вельмі «зялёны» кіраўнік, на выгляд лагоднасць і просты, у тыя ваенныя гады — суровыя, бязлітасныя, жорсткія — мог трымаць у руках такую «заводскую» вобласць, як Чалябінская.
Гэта — што датычыцца агульнай сітуацыі, фактаў, лічбаў. За ўсімі імі стаяў Патолічаў. Узгадвае дачка Наталля Трубіцына-Патолічава:
— Спачатку ў Чалябінск прыехала маміна сястра — Соф’я Іванаўна з двума дзецьмі. Яна бегла праз усю краіну з Чарнігава, дзе і былі першыя бамбёжкі. Дабіраліся да Урала амаль год. Гэта былі першыя нашы сваякі. Пасля іх прыехала цётка Клава (другая маміна сястра) з трыма дзецьмі. Самай маленькай, Волі, было некалькі месяцаў. Для нас усё гэта было нечакана, палохала гэтае страшнае слова — эвакуацыя…
Нас было шмат: восем дзяцей, шэсць дарослых. Размяшчаліся мы ў двух пакоях і кухні. Памятаю, быў яшчэ татаў кабінет, але нас туды не пускалі. Мама ўмудралася ўсіх кудысьці парассоўваць: «Ты тут будзеш спаць, ты — тут…»
Я не бачыла, каб да кагосьці яшчэ ў нашым доме за гады вайны прыехала столькі эвакуіраваных сваякоў.
Жылі мы на адну татаву зарплату, ды яшчэ на тое, што атрымлівалі сёстры таты і мамы па воінскіх атэстатах мужоў.
Мы ўсе раслі дружна. Выхоўвалі нас вельмі строга, таму што лічылі, што менавіта гэта нас неяк засцеражэ. Ежы не хапала. Памятаю, як стараліся мама і цётка Соф’я, калі гатавалі суп, каб хоць нешта пажыўнае пакласці туды для нас — адну бульбіну, адну моркаўку, лыжачку нейкай крупы. Суп — гэта было самае таннае для вялікай сям’і.
Памятаю, як усе мае цёткі на зіму рэзалі капусту, закладвалі яе ў бочку. Паколькі халадзільнікаў не было, то гэтую бочку ставілі на балкон. І вось зімой у 40 градусаў марозу цётка Соф’я выходзіла на балкон з сякеркай, адсякала кавалак квашанай капусты і заносіла гэтую здабычу ў дом. І мы тады варылі велізарную каструлю капусты, каб хапіла на ўсю нашу вялікую сям’ю.
Была ў нас яшчэ і свая бульбяная градка. Вось і ўся наша кухня. Так што вайна засталася ў памяці пачуццём вялікага і бясконцага голаду…
У першыя пасляваенныя гады Мікалай Сямёнавіч працаваў над аднаўленнем разбуранай вайной народнай гаспадаркі краіны.
У Растоўскай вобласці (куды ён быў накіраваны ў 1947-м) пасля выгнання акупантаў былі разбураны і затоплены ўсе вугальныя шахты басейна, у руінах ляжалі заводы і жылыя кварталы Растова-на-Доне і іншых гарадоў.
Аднаўленне вугальнай прамысловасці вялося найбольш інтэнсіўна, значна апярэджваючы іншыя галіны. І вось вынік: ужо ў 1948 годзе здабыча вугалю ў вобласці ў 1,5 раза перавысіла даваенны ўзровень.
У тым жа годзе завершана аднаўленне гіганта сельскагаспадарчага машынабудавання — завода «Растсельмаш» і распачата масавая вытворчасць камбайнаў і іншых сельгасмашын.
У Растове-на-Доне, у самым цэнтры горада, многія гады грувасціліся склады вугалю, пяску, лесу і солі. Непраходная гразь. Метадам народнай будоўлі за некалькі месяцаў на гэтым месцы пабудавалі выдатную набярэжную, якая стала ўпрыгажэннем горада. Доўгія гады жыхары яе так і называлі — «набярэжная Патолічава», хоць фармальна яна называлася, вядома, інакш.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны найбольш цяжкія выпрабаванні выпалі на долю беларускага народа. У шматпакутнай Беларусі кожны чацвёрты загінуў. І гэта, не лічачы 810 тысяч беларусаў, якія палі на фронце. З 270 гарадоў і раённых цэнтраў разбурана і спалена 209.
Да пачатку 1946-га прамысловасць Беларусі апынулася на ўзроўні 1928 года, а ў 1950-м даваенны ўзровень вытворчасці ўжо быў пераўзыдзены на 15%. Разам з аднаўленнем разбуранай гаспадаркі ў Мінску вялося адначасовае будаўніцтва аўтамабільнага і трактарнага заводаў.
У 1950 годзе распрацоўваўся трактар ??»Беларусь», а 25-тонныя МАЗы — зубры — праходзілі выпрабаванні. У другой пасляваеннай пяцігодцы (1951-1955) Беларусь ператварылася ў адзін з найбольш індустрыяльна развітых рэгіёнаў СССР.
Быў арганізаваны выраб радыё- і тэлевізійнай апаратуры, вытворчасць станкоў, паточных ліній, падшыпнікаў, веласіпедаў і матацыклаў, створаны прадпрыемствы дакладнай механікі, оптыкі, ЭВМ. Атрымалі развіццё хімічная і нафтахімічная прамысловасць.
У гэты час (1950 -1956 гады) Мікалай Патолічаў быў першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі. Характэрны для яго грунтоўны і карэктны стыль працы, беражлівыя і чулыя адносіны да людзей, гатоўнасць зрабіць усё магчымае для вырашэння шматлікіх і цяжкавыканальных праблем рэспублікі прынеслі яму вялікі аўтарытэт і шчырую павагу сярод партыйных і гаспадарчых работнікаў, творчай інтэлігенцыі і вучоных.
Напрыклад, пры Патолічаве вырашылі ўзводзіць будынак мінскага цырка менавіта на тым месцы, дзе ён стаіць цяпер. Міхаіл Валодзін ў кнізе «Мінскія гісторыйкі» згадвае пра славутую нашу спявачку Александроўскую, якая папрасіла пабудаваць будынак цырка побач з яе домам. Да таго месца для цырка меркавалася выдзеліць на ўскраіне горада, у раёне сённяшняй станцыі метро «Магілёўская». Але як жа можна было адмовіць Ларысе Пампееўне?
Патолічава ў Мінску шчыра паважалі. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць рэдкі, калі не адзіны, эпізод у пасляваеннай савецкай гісторыі. Праз тры гады над яго галавой «сабраліся хмары». Па патрабаванні Лаўрэнція Берыі 6 сакавіка 1953-га (яшчэ не быў пахаваны Сталін) Патолічаў быў выведзены са складу Прэзідыума ЦК КПСС. Неўзабаве ЦК прыняў рашэнне аб яго вызваленні з пасады і абранні першым сакратаром ЦК КПБ Міхаіла Зімяніна, які быў у той час другім сакратаром.
Пачалася барацьба за пасаду кіраўніка Кампартыі Беларусі. У мемуарах М.С. Патолічава «Ад сумлення свайго не адмовіўся» (М., 1995) ёсць такія радкі:
«І вось неяк познім вечарам Баскакаў (міністр дзяржбяспекі БССР) прыйшоў да мяне ў ЦК. Па твары бачу, чымсьці вельмі ўсхваляваны.
Сеў і маўчыць. Я з трывогай чакаю. Нарэшце ён расказаў мне наступнае.
Яму толькі што патэлефанаваў з Масквы міністр дзяржбяспекі Літвы Пётр Паўлавіч Кандакоў і прасіў тэрмінова перадаць мне, што Берыя распрацаваў план разгрому кіруючых кадраў у рэспубліках. Ён толькі што з кабінета Берыі і ўсё гэта бачыў і чуў. Мяркуючы, што ўсё гэта робіць Берыя без ведама Цэнтральнага камітэта і ў яго нейкія ўласныя мэты, Кандакоў вырашыў праз Баскакава інфармаваць мяне. Кандакоў папярэдзіў, што па ўказанні Берыі ва ўмовах самай строгай сакрэтнасці на асоб, якія падлягаюць па яго рэкамендацыі зняццю з працы, падбіраюцца матэрыялы, каб можна было прад’явіць абвінавачанні ў парушэнні ленінскай нацыянальнай палітыкі партыі на месцах і ў дрэнным кіраўніцтве сельскай гаспадаркай.
Па гэтым злавесным плане спачатку павінен быць зняты першы сакратар ЦК Кампартыі Украіны Г.М. Мельнікаў, другім Патолічаў — першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі.
Раімся з Баскакавым — як быць? Трэба падрыхтавацца і ехаць у Маскву, у ЦК партыі».
У Маскве Мікалай Патолічаў сустрэў ужо вызваленага ад працы Г.М. Мельнікава, меў гутаркі з сакратаром ЦК КПСС М.М. Шаталіным, старшынёй Савета Міністраў СССР Г.М. Малянковым, сакратаром ЦК КПСС М.С. Хрушчовым. Усе яны сцвярджалі, што няма ніякага рашэння аб зняцці Патолічава, і запэўнівалі: усё застанецца па-ранейшаму.
Вось што ўспамінае сам Мікалай Сямёнавіч аб далейшых падзеях: «Усё праяснілася, калі праз некалькі дзён патэлефанаваў мне ў Мінск Хрушчоў і паведаміў, што… Далей ужо ішлі знаёмыя фармулёўкі: «За парушэнне ленінскай нацыянальнай палітыкі, за …» План Берыі пачаў увасабляцца ў жыццё .
На другой фразе я перапыніў Хрушчова:
— Усё гэта мне даўно вядома. Даўно, таварыш Хрушчоў.
На гэтым размова скончылася.
Баскакаў сядзеў спахмурнелы.
— Што засмуткаваў, дружа? — пытаюся ў яго.
— Берыя прымусіць мяне пісаць.
— Што?
— Пісаць на цябе. Ты ведаеш яго прыёмы.
Тут надышла чарга задумацца і мне.
— Прымусіць, — пагадзіўся і я».
Здавалася б, лёс чалавека быў прадвызначаны. Аднак у ходзе абмеркавання пытання падзеі на Пленуме ЦК Кампартыі Беларусі сталі развівацца насуперак сцэнарыю зверху. Партыйныя работнікі розных узроўняў, кіраўнікі з месцаў, інтэлігенцыя (Якуб Колас, у прыватнасці) не пагадзіліся з прапановай з Масквы, падтрымалі і ўхвалілі дзейнасць М.С. Патолічава.
Зноў абралі яго партыйным кіраўніком Беларусі. Ён прабыў у рэспубліцы яшчэ тры гады. Як і раней, працуючы ў Беларусі, Патолічаў абараняў людзей ад неабгрунтаваных абвінавачванняў у слабасці кіраўніцтва, спроб скампраметаваць іх, узвесці паклёп.
Ён не дапусціў расправы над С.В. Прытыцкім, былым падпольшчыкам і партызанам, шырока вядомым у рэспубліцы дзеячам, якія стаў пасля старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі. У 1950 годзе абараніў ад суб’ектывізму П.М. Машэрава, які працаваў тады сакратаром ЦК камсамола рэспублікі, і вывеў яго з пад удару, які быў падрыхтаваны да пленума ЦК камсамола.
У 1951 годзе Мікалай Сямёнавіч збярог ад паклёпу вядомага вучонага, прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Васіля Феафілавіча Купрэвіча. Гэта толькі асобныя прыклады.
Дарваўшыся да ўлады пасля смерці І.В. Сталіна, Мікіта Хрушчоў, натхнёны паспяховай перадачай Крыма Украіне ў 1954 годзе, працягваў спробы зноў перадзяліць тэрыторыю Беларусі: Палессе ён меркаваў аддаць Украіне, Гродзенскую вобласць (тады БССР складалася не з шасці, а з дванаццаці абласцей, і Гродзенская вобласць была прыкладна ў два разы меншай за сённяшнюю) — Літве, а каб беларусы не абураліся, даць ім Калінінградскую вобласць. Але тагачаснае кіраўніцтва БССР на чале з М.С. Патолічавым адхіліла гэтыя прапановы. Хрушчоў пакрыўдзіўся.
В. Андрыянаў, аўтар кнігі пра Патолічава: «Яго бачылі на заводах і будоўлях, ён заходзіў у магазіны, не прапускаў ні адной прэм’еры ў мінскіх тэатрах, яго часта можна было сустрэць на вуліцах. На працу ў ЦК, як правіла, хадзіў пешшу. Мінчане віталіся са сваім першым сакратаром, як старыя знаёмыя. Распавядалі, што Патолічаў прыйшоў да аднаго дырэктара завода ў час прыёму і каля дзвюх гадзін сядзеў у чарзе сярод працоўных, выслухваючы іх просьбы…»
З 1958 года на працягу 27 гадоў Мікалай Сямёнавіч Патолічаў нязменна кіраваў знешнім гандлем савецкай дзяржавы. Маючы развітое пачуццё гумару, Мікалай Сямёнавіч любіў паўтараць фрагмент гутаркі Хрушчова з ім, звязаны з прызначэннем на новы пост.
У адказ на прапанову Хрушчова Патолічаў заўважыў, што ён ніколі не займаўся знешнім гандлем і не лічыць сябе кампетэнтным у гэтым. Тады Хрушчоў запярэчыў, што Патолічаву прапануюць стаць не кім-небудзь, а міністрам.
Мікалай Сямёнавіч адказаў: Ну, калі міністрам, то гэта іншая справа!» У якасці міністра знешняга гандлю Мікалай Сямёнавіч не толькі прайшоў свае ўніверсітэты, але і выхаваў шматтысячны калектыў высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія ўнеслі неацэнны ўклад у развіццё краіны, у вырашэнне галоўных задач эканомікі СССР. Галоўныя задачы і праблемы краіны выразна відаць скрозь прызму знешняга гандлю. Калі ў 1958-м знешнегандлёвы абарот склаў 8 млрд рублёў, то ў 1985 годзе ён перавысіў 140 мільярдаў. Імпарт СССР заўсёды служыў прыярытэтнай мэце — паскоранаму развіццю прадукцыйных сіл дзяржавы.
Дома ў гэтыя гады Мікалай Сямёнавіч бываў вельмі і вельмі рэдка. Зноў успамінае Наталля Трубіцына-Патолічава:
— Бачыла яго толькі адна я, таму што мяне, як самую маленькую, тата і мама бралі спаць з сабой у свой пакой. Памятаю, як пад самую раніцу ён прыходзіў дадому. Такі стомлены… Пагладзіць мяне па галаве, ляжа і тут жа засынае. Успамінаю самыя апошнія гады яго жыцця, калі ён працаваў у Знешгандлі. І тады ён таксама прыходзіў дадому неверагодна стомленым — здавалася, усе сокі з яго там павыціскалі. І ён мне ўвесь час казаў: «Дачушка, ну як жа я стаміўся…» І гэтую нечалавечую стомленасць відаць нават на яго апошніх фотаздымках.
Часам па нядзелях мы выязджалі за горад. Пад’едзем, бывала, да будынка міністэрства і падоўгу чакаем (ён жа працаваў і па выхадных). І вось нарэшце ён выходзіць, з тоўстым партфелем, як заўсёды… Упадзе ўсім сваім цяжарам побач з кіроўцам і зусім змардаваным голасам скажа:
— Іван Сцяпанавіч, не хадзі ты ў міністры! Вельмі ўжо цяжка.
— Добра, не пайду, — адказваў звычайна яго верны шафёр.
Іншыя думаюць: што ўжо тут, здавалася б, складанага — ну, вядуць перамовы. З боку паглядзіш: не цяжка. А гэта ж такое напружанне! Яно доўжыцца гадзінамі. На адной фатаграфіі Патолічаў сядзіць насупраць міністра гандлю ЗША за круглым сталом. На іх накіраваны дзясяткі вачэй, фота- і тэлекамеры. Гэта не проста сцэна — гэта дуэль! І вочы на здымках усё кажуць без слоў.
Ён адносіўся да такой пароды людзей, якія імкнуліся удасканаліць светапарадак. Наладзіў адносіны з многімі краінамі, з нашымі суседзямі — Фінляндыяй, Польшчай, Германіяй, Швецыяй. І яны гэта вельмі высока цанілі. Невыпадкова Мікалай Сямёнавіч узнагароджаны мноствам замежных ордэнаў. І калі ён прыязджаў са сваімі візітамі па знешнім гандлі па запрашэнні свайго калегі-міністра, яго заўсёды прымала і першая асоба краіны: яны паважалі яго як дзяржаўнага дзеяча. Дарэчы, у той жа Фінляндыі, па існуючым там звычаю скарачаць прозвішчы, сталі называць Мікалая Сямёнавіча — Пато. І калі ў Хельсінкі праходзілі гадавыя сходы фінляндска-савецкай гандлёвай палаты, усіх удзельнікаў сустрэчы цікавіла толькі адно: «Ці будзе Пато?» Калі ён прыязджаў, у зале і яблыку не было дзе ўпасці.
Вядома, не толькі дзяржаўнымі справамі жыў Мікалай Патолічаў. У сваёй кнізе «Сустрэча пад зоркай надзеі» Эліна Быстрыцкая піша: «Актрыса, якая не спазнала любоў і горыч адзінота, ніколі не будзе шчырай на сцэне».
Ёсць у гэтай кнізе пранізлівы аповед пра тое, як яна «аднойчы праседзела 10 гадзін пад дажджом у лодцы, «вырашаючы як жыць далей». Падобнае бывае пасля крушэння, і яно, крушэнне, як здаецца, было ў сямейным жыцці актрысы.
Быстрыцкая сустрэла яго, калі ёй было каля 30. Адразу закахалася. Праз чатыры дні ён прапанаваў руку і сэрца. Пагадзілася. Яе Анегін больш быў падобны на «старога генерала», мужа Таццяны. Быў на 20 гадоў старэйшы за яе, надзелены высокімі паўнамоцтвамі — намесніка міністра, міністра…
У кнізе ён названы Мікалаем Іванавічам. Імя па бацьку зменена, не хацела актрыса падстаўляць высокага партыйна-гаспадарчага кіраўніка, які стаў для яе каханым чалавекам. Бывае. Бывае і так, што чалавек ажэніцца з прыгажуняй, але прыцягваюць яго іншыя жанчыны. Дома ён практычна не бывае…
Дзе праводзіў час муж Быстрыцкай, чыё імя раскрываецца на сайце актрысы (гэта — Мікалай Сямёнавіч Патолічаў), калі знаходзіўся не на працы, — мы не ведаем. Пражылі яны разам 27 гадоў. Агульных дзяцей не мелі
У апошнія гады жыцця Мікалай Сямёнавіч моцна хварэў.
— Памятаю, піша яго дачка, як я сядзела каля яго ложка. Чытала яму кнігі нашых савецкіх аўтараў, у тым ліку Аляксея Талстога «Пётр Першы». Часта ён прасіў мяне: «Наташа! А давай нашу кнігу пачытаем!»
Гэта ён гаварыў пра тую кнігу ўспамінаў, якую ён так і не змог пры жыцці выдаць: яна была яшчэ ў чарнавіку. І калі, чытаючы, мы даходзілі да нейкіх асабліва цяжкіх момантаў яго жыцця, ён пачынаў у вялікім хваляванні задыхацца, усхліпваў, па-мужчынску стрымліваючы рыданні, а я адчувала, як у тыя хвіліны ён усё нанова вельмі хваравіта перажываў…
Гэта быў наш вялікі і такі моцны тата…
Два інфаркты і два інсульты. Кожную ноч яму дрэнна. Дачка кінула працу і перасялілася да яго. Тры гады даглядала. Летам вывозіла бацьку на дачу. Там ён і памёр у яе на руках. «Мы з ім усю ноч размаўлялі. Потым я яму: «Татачка, ужо раніца, людзі ўстаюць, а мы з табой яшчэ і не клаліся. Заплюшчвай вочы і спі». Ён закрыў вочы і памёр».
Пасля смерці дачка вырашыла выдаць кнігу. Але грошай не было: ёй прапанавалі закласці кватэру. Потым параілі прадаць што-небудзь каштоўнае. Яна ўзяла свой заручальны пярсцёнак і мамін. Але і з гэтага, як ёй сказалі ў ламбардзе, шмат не выручылі… Давялося прадаць яшчэ некалькі фамільных каштоўнасцей. Наскрэбла патрэбную суму і ўсё ж такі выдала за свае грошы поўную кнігу ўспамінаў Мікалая Сямёнавіча Патолічава. Дачка, дастойная свайго бацькі…
Ён прадбачыў надыходзячы крах СССР з прычыны страты дзяржаўнага кіравання.
Адзіным шляхам пераходу да рынкавых адносін лічыў кітайскі: правядзенне рэформаў пры поўным дзяржаўным кантролі.
Кoличество переходов на страницу: 806
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |