https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пайшоў з жыцця пісьменнік Іван Пташнікаў


У гісторыі беларускай літаратуры ёсць імёны творцаў, якія ў чытача адразу ж выклікаюць дакладныя асацыяцыі. Калі гаворка ідзе пра Івана Пташнікава, прыгадваецца вёска. І гэта не тая вясковая проза, што даўно састарэла і здаецца неактуальнай сёння, але глыбокая, густая, поўная дакладна намаляваных партрэтаў і трапных выразаў. А яшчэ — слоў і вобразаў, звязаных з роднымі мясцінамі пісьменніка — Лагойшчынай.


Дэбютаваўшы ў літаратуры як паэт, Іван Пташнікаў хутка намацаў іншую дарогу ў творчасці — прозу. Грунтоўную, сур'ёзную, класічную. Таму і не дзіўна, што хутка заваяваў любоў чытача і павагу крытыкаў. Першую аповесць пад назвай «Чачык» апублікаваў у 1957 годзе ў часопісе «Полымя», і ўжо праз два гады выйшла яго першая кніга апавяданняў «Зерне падае не на камень». Потым былі знакамітыя раманы: «Тартак», што праз некаторы час стаў тэлефільмам; «Алімпіяда», пераствораны ў выглядзе тэлеспектакля; «Найдорф», які прынёс аўтару Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа.

У прозе Івана Пташнікава гучаць антываенныя матывы, бачацца трагедыі спаленых вёсак, скалечаныя лёсы простых людзей. Гаворка ідзе не толькі пра вайну, але і пра чарнобыльскую трагедыю. Гэтая катастрофа таксама не пакінула празаіка абыякавым, ён адгукнуўся страшным апавяданнем «Львы».

Яркі прадстаўнік філалагічнага пакалення айчынных пісьменнікаў. Паплечнік Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова, Вячаслава Адамчыка, Іван Пташнікаў быў і выдатным рэдактарам, доўгі час загадваў аддзелам прозы часопіса «Полымя».

Так, Іван Пташнікаў — адзін з нашых класікаў. Яго творы вывучаюццца ў школе і ва ўніверсітэтах, ды і пазней не застаюцца на паліцах, чытаюцца і перачытваюцца. А гэта значыць, што словы творцы, прамоўленыя дзесяцігоддзі таму, упалі не на камень, што і пасля адыходу аўтара ў лепшы свет яны будуць вечна жыць у нашай літаратуры, у памяці беларускіх чытачоў.

Светлая вам памяць, шаноўны Іван Мікалаевіч.



 

Кoличество переходов на страницу: 681


Комментарии