— У Полацк штогод прыязджае шмат турыстаў. А ці шмат горад зарабляе на турызме?
— У Полацку летась пабывалі 250 тысяч турыстаў і 55 тысяч паломнікаў. Кожны пакінуў тут у сярэднім усяго па сем тысяч рублёў. У выніку горад атрымаў 2,1 мільярда ад усіх арганізаваных турысцкіх груп. А ўсё таму, што пакуль не развіта турыстычная інфраструктура: не хапае аб'ектаў харчавання, гатэляў. У асноўным людзі прыехалі, паглядзелі храмы і паехалі...
Але ўсё неабходнае для турыстаў будзе створана. У першую чаргу гэта датычыцца Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, вядомага месца паломніцтва і аб'екта масавага наведвання турыстаў. Першачарговая задача — стварыць у ім турыстычную інфраструктуру. Да варот манастыра вядзе паўкіламетровая пешаходная дарожка, таму спецтранспарт будзе рухацца па нанова пабудаваных дарогах-дублёрах з аўтастаянкамі. Турыстам, якія наведаюць Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, адкрыецца захапляльная панарама: узноўленая капліца Мікалая Цудатворца і помнік яму. Турысты, паводле нашых задумак, змогуць размясціцца ў трохзоркавым гасцінічным комплексе, у VІР-апартаментах, а ў вольны час — наведаць гандлёвыя рады з сувенірнымі, іконнымі, антыкварнымі, ювелірнымі, рамесніцкімі, кніжнымі і іншымі крамамі ці адпачыць каля дэкаратыўнага музычнага фантана.
У гістарычным будынку, які цяпер належыць лясному каледжу, размесціцца духоўна-асветніцкі цэнтр з канферэнц-залай, музеем праваслаўнага мастацтва і епархіяльным вучылішчам.
— Але, напэўна ж, самы прывабны аб'ект для турыстаў — Сафійскі сабор, які знаходзіцца на тэрыторыі Верхняга Замка.
— Па сутнасці, гэта археалагічны, адміністрацыйна-духоўны і свецкі цэнтр горада, які займае каля дзевяці гектараў. Ён будзе "звязаны" са Спаса-Еўфрасі-
неўскім манастыром з дапамогай воднага турыстычнага маршруту па рацэ Палата. Прадугледжана таксама будаўніцтва і абсталяванне аб'ектаў грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, месцаў пражывання, зоны археалогіі, адпачынку і гандлю ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі.
Пры ўсім гэтым духоўная, старажытная частка Полацка і сучасная, свецкая не будуць перашкаджаць адна другой. Ужо ў 2015 годзе ўсё запланаванае намечана зрабіць.
— Безумоўна, гараджан цікавіць, як сёння выконваецца Комплексная праграма развіцця Полацка на 2008—2012 гады, зацверджаная Указам Прэзідэнта.
— Прадугледжаны рэстаўрацыя кінавідэацэнтра "Радзіма" і Доміка Пятра І, рамонт гарадскіх вуліц, глядзельнай залы Гарадскога палаца культуры, спарткомплексаў "Спартак" і "Хімік", стадыёна "Лакаматыў" і шмат іншага. Павінны быць праведзены капітальны рамонт жылля, пабудаваны дзіцячы садок у мікрараёне "Аэрапорт", завершаны праект водазабеспячэння ў раёнах індывідуальнай забудовы "Спас-Слабада", "Лазоўка", "Грамы" і вадаводаў інжынерных сетак у мікрараёне "Аэрапорт", выведзены з зоны запаведніка на Верхнім замку ўстановы аховы здароўя.
Сёння многія мерапрыемствы Праграмы выкананы, але застаюцца і праблемныя пазіцыі — напрыклад, будаўніцтва пешаходнага моста цераз Заходнюю Дзвіну, Палаца гульнявых відаў спорту.
Губернатар падтрымаў ідэю гарадскіх улад рэканструяваць былы Дом афіцэраў пад канцэртную залу, але запатрабаваў дакладна вызначыць, якія перспектывы ў гэтага аб'екта культуры...
— Сёлета свята ў Полацку стане неардынарнай, знакавай падзеяй для ўсёй краіны. Якім будзе свята, якія сюрпрызы рыхтуе горад яго жыхарам і шматлікім гасцям?
— 1150-годдзе Полацка — свята нацыянальнае, рэспубліканскага ўзроўню. Безумоўна, урачыстасці будуць праведзены на самым высокім узроўні. Кіраўніцтва горада, вобласці прыкладае ўсе намаганні, каб Полацк заззяў усімі фарбамі.
Юбілейныя ўрачыстасці пройдуць з 25 мая па 5 чэрвеня. "Полацк гістарычны" запросіць на прэм'еру спектакля "Рагнеда" ў пастаноўцы заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра "Пілігрым" Полацкага гарадскога Палаца культуры. Запланавана правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі". На вуліцах горада можна будзе пазнаёміцца з гандлёвымі і рамеснымі падворкамі старажытных гарадоў рэспублікі і Віцебскай вобласці.
"Полацк культурны" прапануе мерапрыемствы на розных канцэртных пляцоўках: дзіцяча-моладзевай, літаратурнай, фальклорнай. Пройдзе традыцыйны міжнародны фестываль "Шэдэўры сусветнага мастацтва каля сцен старажытнай Сафіі". Беларускія выканаўцы прадэманструюць сваё майстэрства падчас канцэрта "Залатая калекцыя беларускай песні". Адбудзецца гала-канцэрт "Красуй жа, Полацк наш слаўны, родны...". У Полацку, як і калісьці, адбудзецца фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон".
— Не магу не запытаць: з часам наспела ідэя аб'яднаць Полацк і Наваполацк у адзін горад?
— Полацк і Наваполацк — два гарады абласнога падпарадкавання. У Полацку пражываюць 85 тысяч чалавек, у Наваполацку — каля 105 тысяч. Паміж гарадамі ўсяго сем кіламетраў. У бліжэйшых планах — звязаць два гарады мостам праз Заходнюю Дзвіну, па якім запланавана пусціць трамвай. Генеральным планам Полацка да 2020 года прадугледжана рэзерваванне тэрыторый гарадскіх вуліц для стварэння інфраструктуры новых відаў пасажырскага транспарту для сувязі з Наваполацкам. У прыватнасці, прадугледжана будаўніцтва трамвайнага кальца ў раёне чыгуначнага вакзала.
Думаю, прыйдзе час, калі гэтыя два гарады стануць адной магутнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай. І будуць адзін аднаго гарманічна дапаўняць.
Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 25 мая 2012
Кoличество переходов на страницу: 1204
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |