https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Полацк налета прыме міжнародны форум інтэлектуалаў


Наступны год абяцае быць насычаным знакавымі культурнымі падзеямі. Гэта святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, юбілеі класікаў і маштабныя міжнародныя форумы. Думаецца, Полацк, самы старажытны горад Беларусі, калыска нашай дзяржаўнасці, які будзе сталіцай Дня беларускага пісьменства, не застанецца ўбаку ад шырокіх праектаў. Так, адным з іх можа стаць міжнародны форум інтэлектуалаў, прысвечаны тэме духоўнасці. Ініцыятарам яго правядзення і арганізацыі сёння выступае Навум Гальпяровіч, пісьменнік, галоўны дырэктар міжнароднага вяшчання радыё «Беларусь». Цікава, што ўчора ў Полацкім краязнаўчым музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё залы, прысвечанай ганаровым грамадзянам горада. У ліку звестак пра іншых славутых землякоў тут можна знайсці інфармацыю пра Навума Якаўлевіча, ураджэнца гэтага горада. Выдавецкі дом «Звязда» ўжо падтрымаў ідэю правядзення форуму інтэлектуалаў. Падрабязней пра задумку гэтага шырокага праекта мы сёння гутарым з Навумам Гальпяровічам.


— Навум Якаўлевіч, чаму, на вашу думку, менавіта Полацк можа стаць месцам правядзення форуму, прысвечанага духоўнасці?

— Гэты горад — не толькі калыска беларускай дзяржаўнасці. Ён — калыска нашай духоўнасці. Беларускія традыцыі, інтэлектуальнае багацце свае карані маюць у спадчыне Еўфрасінні Полацкай, якая перапісвала кнігі, будавала храмы, стварала на Полаччыне свет адукацыі, духоўнасці. Яны звязаныя з постаццю Сімяона Полацкага, які ў брацкай школе стварыў тэатр, пачаў пісаць духоўныя вершы, нават з'ехаўшы ў Маскву, заставаўся чалавекам з Полацка, і назва гэтага горада ў духоўных сферах Масквы гучала не толькі суадносна з радзімай Сімяона, але і як месца, дзе культура высока развітая.

Безумоўна, нельга забывацца і на постаць першадрукара Францыска Скарыны, які, увабраўшы еўрапейскую культуру, навуку, з роднай зямлёй повязяў ніколі не парываў. А яго славутыя словы, што людзі «да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць» — наўпрост стасуюцца з Полацкам. Таму магу сказаць, што і я, нарадзіўшыся ў гэтым горадзе і прайшоўшы шлях да прыцягнення яго гісторыі ў сваю душу, застаюся адданым Полацку і верным яго традыцыям.

— Вы — ураджэнец гэтага старажытнага горада. Калі самі зразумелі, што жывяце ў знакавым для беларускай культуры і гісторыі месцы?

— У маёй маладосці не так шмат было матэрыялаў пра Полацк. Так складвалася ў пасляваенны час, што ролю, якую гэты горад адыгрываў у гісторыі нашай зямлі, не так ярка адлюстроўвалі ў кнігах, музейных экспазіцыях. Самай памятнай згадкай пра маё першае наведванне краязнаўчага музея было чучала сома, якога вылавілі ў Дзвіне. А тое, што Полацк ведаў і бачыў столькі цікавага ў гістарычным плане, што князь Усяслаў-чарадзей па паданнях «за ноч з Кіева ў родны Полацк вяртаўся», і што менавіта ён пабудаваў у родным горадзе Сафійскі сабор, які не ўступаў кіеўскаму і наўгародскаму, пра найбагацейшы страчаны Полацкі летапіс, пра тое, што тут была першая на тэрыторыі Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова, пра іншыя слаўныя старонкі полацкай гісторыі, пра славутых палачан, што былі вядомыя далёка за межамі роднага краю, не так шмат пісалася. Гэтыя звесткі ўваходзілі ў юначую душу і былі для мяне вельмі важнымі адкрыццямі. Памятаю, як чытаў кнігу «Слаўны горад Полацк», адзіную ў той час, якую давялося знайсці, як, працуючы ў газеце, рабіў рэпартаж з адкрыцця помніка Францыску Скарыну... Гэта і стала падзеяй, якая цалкам укладвалася ў разуменне майго горада, прыналежнасці да яго. Нават калі пераехаў у Мінск, ніколі не пакідаў думак пра родны горад і жадання нешта для яго зрабіць. Напісаць, прыцягнуць увагу. Мы ладзілі ў Полацку мноства сустрэч з пісьменнікамі — і дзеля таго, каб іх пазнаёміць з гэтым знакавым месцам, і гораду зрабіць падарунак.

— Але ж у наш час так шмат напісана пра Полацк і яго мінуўшчыну, праводзяцца археалагічныя раскопкі, гістарычныя даследаванні...

— Лічу, што і сёння мы не да канца ўсвядомілі, што Полацк — гэта не проста горад, раённы цэнтр. Ён павінен стаць паўнавартасным гістарычным і культурным цэнтрам, які сам будзе развівацца, даваць натхненне.

Трапна напісаў Рыгор Барадулін: «Ад Полацка пачаўся свет». І для беларусаў гэта горад святы. Таму мець прыналежнасць да яго не проста месцам нараджэння, але ўдзелам у яго жыцці — гэта для мяне вялікі гонар.

— Полацк чарговы раз стане сталіцай Свята беларускага пісьменства, безумоўна, не абмінуць яго і падзеі, прымеркаваныя да 500-годдзя кнігадрукавання. Вы ж ініцыюеце яшчэ больш насычаную праграму?

— Канешне, я з вялікай цікавасцю чакаю ўсіх гэтых падзей. Думаецца, менавіта ў сувязі з імі і нарадзілася ідэя правесці ў Полацку міжнародны форум літаратараў, навукоўцаў, бібліятэкараў, інтэлектуалаў. Ён бы дазволіў знайсці агульную мову ў адстойванні духоўнасці. Удзельнікі форуму маглі б пазнаёміцца з даўніной і сучаснасцю горада, а потым падзяліцца сваімі ўражаннямі з прадстаўнікамі іншых народаў, у іншых краінах. Варта распаўсюджваць супольную думку пра тое, што духоўнасць беларусаў, з'явы і здабыткі нашай культуры вартыя пераймання.

Ідэя такой шырокай імпрэзы з'явілася даўно, і два гады таму мы зрабілі спробу арганізацыі Полацкіх сустрэч. Тады пісьменнікаў, сярод якіх быў і ганаровы грамадзянін горада, былы воін і партызан Алесь Савіцкі, цёпла сустракалі палачане і госці горада. Таму ёсць надзея, што дзякуючы падтрымцы Міністэрства інфармацыі, Выдавецкага дома «Звязда», прадстаўнікоў літаратурна-мастацкіх часопісаў, і, я спадзяюся, пры ўдзеле Саюза пісьменнікаў Беларусі, мы дасягнем поспеху ў гэтай справе.

— Духоўнасць — паняцце досыць шырокае. На якія яе аспекты будзе скіраваны форум?

— Тлумачэнне гэтага паняцця можам «пазычыць» з рэзалюцыі Ісык-Кульскага форуму: духоўнасць перш за ўсё праяўляецца ў людскасці, цярпімасці і адкрытасці людзей адзін да аднаго, у яе аснове ляжаць агульнае развіццё асобы, шырыня поглядаў, эрудыцыя і культура. Таму страта духоўнасці стала б раўназначнай страце ўсёй чалавечнасці. Яшчэ адзін вельмі важны пасыл: трэба памятаць аб інтэграцыйнай функцыі духоўнасці. Гэта вельмі важна цяпер, калі самі прынцыпы духоўнасці падвяргаюцца сумненню і ўзнікаюць іншыя яе разуменні, паняцці. Хацелася б, каб на форуме ў Полацку інтэлектуалы, пісьменнікі паразважалі на гэту тэму, пазнаёміліся з беларускімі, полацкімі традыцыямі людскасці і вынеслі свае ўражанні.

Я думаю, што не бескарысна было б, каб жыхары Полацка, навучэнцы, студэнты сустрэліся з гасцямі форуму. Не проста паслухалі іх выступленні, а падзяліліся сваімі думкамі пра наш час, пра сваё стаўленне да вытокаў сваёй зямлі, гістарычнай памяці народа. Гэта паспрыяла б і таму, каб самі палачане ўсвядомілі, дзе яны жывуць, чым павінны ганарыцца, зразумелі велічнасць і важнасць роднага горада.

— Якія яшчэ вынікі можа мець форум інтэлектуалаў у Полацку?

— Гэта можа быць і кніга, напісаная пра Полацк людзьмі з самых розных краін, артыкулы, выступленні не толькі на полацкую, але і на агульначалавечыя тэмы, якія будуць выкліканыя размовамі. Таксама важна, што форум паспрыяе даданню некаторых штрыхоў да іміджу нашай краіны ў міжнароднай супольнасці. Працуючы на міжнародным радыё, я ведаю, наколькі важна людзям усяго свету зразумець вобраз нашай краіны. І па сёння за мяжой не так многа ведаюць і пра нашу гісторыю, і пра наш дзень сённяшні. Мы часта атрымліваем лісты ад замежных слухачоў з просьбамі расказаць, чым адметная Беларусь. Мы гэта робім. Для мяне форум стане і працягам той працы, якую мы робім на міжнародным радыё «Беларусь». Наш народ заслугоўвае, каб яго паважалі і любілі ў свеце. Думаю, Полацкі форум, прысвечаны духоўнасці, можа стаць маленечкай кропляй укладу ў тое, каб нашу зямлю любілі, шанавалі. Ведалі, што беларусы — частка сусветнай супольнасці. І мы далёка не горшыя за астатніх.

Марына Весялуха
vesіaluha@zvіazda.by
29 снежня 2016, 
zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 848


Комментарии