https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пра ўласную сістэму пісьма бортнікаў


Хочаце — верце, хочаце — не, але бортнікі мелі ўласную сістэму пісьма. Калі яна з'явілася і хто яе прыдумаў — невядома. Але праіснавала яна да нашага часу. Замест літар у бортным пісьме выкарыстоўваліся трохвугольнікі, рыскі, кружкі ды іншыя фігуры, якія здалёк нагадвалі прадметы, дрэвы і жывёл.


Са старажытнасці бортнікі выкарыстоўвалі сваё ўласнае пісьмо для абазначэння ўласніцкага знака на борці (кляйма), які высякаўся на дрэве на ўзроўні вачэй альбо вышэй. Кляймо ўяўляла сабой засечкі, зробленыя сякерай або долатам у выглядзе кампазіцыі рысак (вертыкальных, гарызантальных), трохвугольнікаў ды іншых геаметрычных формаў.

Кляймо выкарыстоўвалі не толькі для пазначэння ўласнасці на борць (калоду) і прылады. Уласніцкі знак на борці служыў адмысловым подпісам на важных дакументах. Захаваліся такія подпісы ў судовых кнігах, прычым знакі ніколі не паўтараліся, хаця часам былі вельмі падобнымі. Уласнае кляймо бортнікі ведалі добра і маглі яго прачытаць.

Знак не дазваляў выкарыстоўваць борць або прыладу без дазволу ўласніка гэтага кляйма. Бывалі такія выпадкі, калі гаспадар бортнага дрэва паміраў, не перадаўшы ўласніцкі знак іншаму бортніку або сыну, у выніку ніхто не меў права здабываць мёд з той борці або калоды. Знак перадаваўся ў спадчыну ад бацькі да старэйшага сына. Астатнія сыны атрымлівалі кляймо з дадаткамі: да бацькоўскага далучаліся пэўныя элементы (адна ці некалькі рысак або іншыя фігуры).

Уласніцкі знак на борцях накладаў пэўныя абавязкі на бортніка: ён мусіў даглядаць пазначанае бортнае дрэва і тэрыторыю вакол яго (прыбіраць смецце, падграбаць траву, высякаць хмызняк і сачыць, каб дрэва расло добра і ніхто яго не папсаваў).


Таемныя знакі захаваліся — іх і сёння можна знайсці. Самае цікавае ўласніцкае кляймо на борці высечана на 500-гадовым дубе Мінтусе, які расце каля вёскі Рашотнікі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У 80-х гадах мінулага стагоддзя спадчынны бортнік Восіп Гіль паказаў гэты знак навукоўцам. Другое кляймо высечана на старой сасне, якая расце на Вілейскіх могілках. Трэцяе захоўваецца ў музеі старажытнабеларускай культуры. Але найбольшая частка ўласніцкіх знакаў на борці захавалася ў старых лясах Белавежскай пушчы.

Калі вы ўбачыце невядомыя і дзіўныя знакі на дрэве, не пужайцеся — магчыма, гэта таемнае пісьмо бортнікаў мінулага, а можа, і цяперашняга часу.

Іван ОСІПАЎ


Чытайце ў ліпеньскім нумары часопіса «Родная прырода»

* Ці можна давяраць інтэрнэт-прагнозу надвор'я?

* Возера Гінькава адкрывае свае тайны.

* Еш чарніцы, калі хочаш амаладзіцца!

* Чаму сіямскую кошку тайцам завуць?





 

Кoличество переходов на страницу: 618


Комментарии