Вырашаем з мамай забраць ручнік з сабой, каб бабуля не скарыстала яго па нейкіх патрэбах і не зрабіла непрыдатным канчаткова. Гэта для нас ручнік мае такую важнасць, а для бабулі — проста звычайная побытавая рэч. "Добра, забірайце, — гаворыць бабуля, — на багоў я тады купляныя ручнікі павешу". І дастае з шуфляды ільняныя ручнікі аршанскай вытворчасці... Маўляў, яны будуць на змену тым самаробным, якія зараз упрыгожваюць покуць у бабулінай хаце.
А яшчэ мая бабуля ўмее прасці. І прасніца ў яе была, захоўвалася ў кладоўцы. Памятаю, як мяне малую прываблівала гэтая запыленая, брудная прасніца, якая, відаць, ужо тады мела патрэбу ў рамонце, каб ізноў стаць прыдатнай для працы. Але прасніцы цяпер няма, некалькі гадоў таму тата ахвяраваў яе свайму сябру ў нейкі лепельскі музей народнага побыту. А мне шкада цяпер, што прасніца не засталася ў нас, і што бабуля не навучыла мяне прасці, ды і мама мая прасці не ўмее таксама...
Калі я патрапіла на адкрыццё фотавыставы "Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі: кансервацыя ці развіццё?", што адбываецца зараз у Нацыянальнай бібліятэцы, то адчула, быццам патрапіла ў іншае вымярэнне, у мінулае, у паралельную рэальнасць — нават не ведаю, як і акрэсліць. Фотаздымкі, якія там экспануюцца, належаць розным фатографам і фотакарэспандэнтам і паказваюць вясковае жыццё ў самых нечаканых для сучаснага ўрбанізаванага чалавека праявах — народных абрадах. Не, на нашую з вамі радасць, яны яшчэ не зніклі зусім. Там-сям у беларускіх вёсках народныя абрады жывуць і перадаюцца маладому пакаленню, там-сям кабеты яшчэ ткуць ручнікі, а старэнькія паважаныя майстры займаюцца ганчарствам, перадаючы свае веды. На жаль, такіх вёсак і такіх майстроў засталося надзвычай мала. Яны, бадай, наша апошняя магчымасць не згубіцца ў глабалізаваным свеце, захаваць сваю адметную нематэрыяльную культурную спадчыну.
Фотаздымкі, здаецца, не ўяўляюць з сябе нічога надзвычайнага: гэта проста моманты з жыцця людзей, але людзей адрозных, людзей свядомых і высокадухоўных. Няхай нават яны самі не ўсведамляюць гэтых характарыстык за сабой. Яны проста так жывуць: вось на фота ганчарны промысел в. Гарадная Столінскага раёна; а вось абрад "Намскі Вялікдзень" в. Аброва Івацэвіцкага раёна; а гэта — абрад "Юр'я" в. Ахонава Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці; абрад "Ваджэнне і пахаванне стралы", якога прытрымліваюцца жыхары в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна, таму што, калі стралу своечасова не пахаваць, то вёску напаткае бяда; а вось каляднае ігрышча "Жаніцьба Цярэшкі" ў Лепельскім раёне і г.д. Яны выконваюць гэтыя абрады не для публікі, а шчыра, ад усяго сэрца, дзеля сябе саміх, каб задаволіць сваю генетычную патрэбу ў непарушнай сувязі з дарагім мінулым, без памяці пра якое будучыня і немагчымая, і не мае сэнсу. Гэта ўсё — наша жывая спадчына, якая жыве, пакуль жывуць яе носьбіты і існуе несупынная пераемнасць з пакалення ў пакаленне.
На сёння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі ўключана 18 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія ўвасабляюць традыцыйную беларускую культуру і існуюць у рэальных жыццёвых абставінах. Адзін з гэтых 18 элементаў у 2009 годзе быў занесены ЮНЕСКА ў Сусветны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова. Гэта абрад "Калядныя цары" в. Семежава Капыльскага раёна. Дарэчы, на адкрыцці фотавыставы прысутнічалі вяскоўцы, якія здзяйсняюць гэты абрад у сябе ў вёсцы штогод 13 студзеня. Абрад вельмі відовішчны, у ім задзейнічана шмат людзей. У тым ліку — моладзі. А гэта неверагодна важна, бо менавіта пераемнасць пакаленняў забяспечвае нематэрыяльнай культуры далейшае жыццё.
— Гэтаму абраду некалькі стагоддзяў. Мы, жыхары Семежава, даведаліся пра яго ад нашых продкаў, — распавядае Георгій Ціманаў, жыхар в. Семежава, які ў абрадзе "Калядныя цары" выконвае ролю Цара Мамая. — Вось вы бачыце на мне адзенне, якое нагадвае тое, што насілі ў часы мангола-татарскага іга. Не выключана, што абрад прыйшоў з тых далёкіх часоў. "Калядных цароў" мы адрадзілі ў 1995 годзе — першы раз пайшлі па вёсцы паказваць гэты абрад. Тады, пасля распаду СССР, якраз стала свабадней, спакайней з такімі рэчамі. Мы знайшлі ў старых людзей фотаздымкі, па якіх аднавілі адзенне. Дзякуючы дырэктару нашага вясковага клуба, Таццяне Шаура, мы здолелі гэта ўсё зрабіць. Тады яна нас сабрала — маладых, энергічных мужчын — і сказала: "Хлопцы, вось у нас ёсць абрады, але яны прападаюць. Давайце адродзім!" Мы ўсе пагадзіліся! Сталі касцюмы самі рабіць, на рэпетыцыі хадзіць. А потым, у 1996 годзе, гэта ўсё выбухнула! Пра нас тэлебачанне даведалася, сталі здымаць... А мы ж толькі самі для сябе гэта ўсё робім у першую чаргу! Памятаю, як першыя разы мы па вёсках хадзілі — гэта проста цуд! Людзі старога пакалення, якія гэта ўсё памятаюць, як толькі пабачылі, што ідуць "цары" з музыкай, з песнямі, так узрадаваліся! Гэта ж традыцыі! Гэта ж так эфектна, у абрадзе столькі ўдзельнічае мужчын і хлопцаў! Гледачы дадому нас запрашаюць заўжды, цэлы мех розных падарункаў атрымліваецца пасля! А маладым зараз як цікава, гэта не тое слова! Вось у нас ёсць хлопцы, якія ў Мінск пайшлі вучыцца, а ўсё адно ў нашым абрадзе працягваюць удзельнічаць! А калі іх няма, то мы школьнікаў нашых семежаўскіх бяром, яны таксама з ахвотай уключаюцца! Моладзь ідзе сама, што вы, адбою няма!
Сапраўды, радуе тое, што Беларусь мае сур'ёзныя намеры па захаванні і адраджэнні нашай культурнай спадчыны. Пра гэта сведчаць словы Віктара Кураша, намесніка міністра культуры, які прысутнічаў на адкрыцці фотавыставы: "Цяжка ў культуры вызначаць нейкія прыярытэты, бо ўсё важна. Але ахова гісторыка-культурнай спадчыны з'яўляецца прыярытэтам у культурнай палітыцы нашай дзяржавы і нашага міністэрства. Сёння дзяржава аказвае вялікую дапамогу ў рэстаўрацыі, кансервацыі, аднаўленні нашай матэрыяльнай і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. І будзе рабіць гэта і надалей". Акрамя таго, вызначаны ўжо так званы план дзеяння, па якім гэтае захаванне і аднаўленне будзе адбывацца. Яго акрэсліў міністр культуры Павел Латушка: "У перспектыве мяркуецца мадэрнізаваць працу па захаванні нацыянальных культурных здабыткаў за кошт інтэнсіўнай інфарматызацыі галіны, стварэння дасканалых баз звестак пра гісторыка-культурныя каштоўнасці, правядзення інвентарызацыі археалагічных помнікаў і элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны". Гучыць па-сучаснаму нездарма: ідуць "Еўрапейскія дні спадчыны ў Беларусі"!
Уладзімір Шчасны, старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, перакананы, што традыцыі, абрады і рамёствы трэба не кансерваваць, а захоўваць. Ён прапаноўвае наступнае:
— Трэба ўзняць статус людзей, якія захоўваюць нематэрыяльную спадчыну. Растлумачыць ім і ўсім астатнім, што яны выконваюць важную нацыянальную справу — ахоўваюць нашу традыцыйную культуру. Я прапаноўваю выдаваць такім людзям пасведчанні "Захавальнік нацыянальнай культуры", даваць нейкія знакі, гранты, каб унукі гэтых сталых паважаных людзей ведалі, што ганчарства, ткацтва, спевы і танцы — гэта не проста так, а сапраўды важная справа. З гэтага пачаць. Далей я прапаноўваю пусціць у інтэрнэт усе сапраўдныя элементы культурнай спадчыны. Калі я хачу, напрыклад, набыць аўтэнтычны гаршчок, то заходжу ў інтэрнэт і магу знайсці кантакты чалавека, які займаецца вырабам такіх гаршкоў, і замовіць у яго, і г.д. Інтэрнэт мусіць стаць гэткім навігатарам па нашай культурнай спадчыне. І калі ўжо нейкі элемент зафіксаваны ў інтэрнэце, то пра яго не забудуцца. Акрамя таго, мы спадзяемся, што ЮНЕСКА нам выдаткуе грошы, і мы здолеем выдаць вялікі каталог, у які будуць уключаныя ўсе элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія зараз працягваюць жыць у народзе.
Думаю, у многіх беларускіх сем'ях ёсць такая свая страта пераемнасці традыцый і абрадаў, уменняў і тэхналогій. Вось яно — тое, што перадаецца з рук у рукі, з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца — і ёсць нематэрыяльная культурная спадчына, якая сёння знікае і якой патрабуецца тэрміновая ахова. Вяскоўцы пераязджаюць у гарады, асімілююцца там і забываюць, страчваюць тыя ўнікальныя традыцыі і веды, якія перадалі ім іх бацькі і дзяды, што жылі яшчэ стагоддзе, а то і два таму. Найноўшыя тэхналогіі робяць сваю чорную справу: сёння рукамі можна не рабіць нічога, а ўсё толькі пры дапамозе прасунутай тэхнікі. Але тым больш нетрывалым становіцца ўсё, што прыйшло з сівой даўніны, тым больш рэдкім і каштоўным. І мы, беларусы, пакуль не позна, павінны гэта зразумець. Тут і цяпер. Інакш неўзабаве мы рызыкуем сутыкацца з народнай культурай толькі ў музеях і энцыклапедыях па этнаграфіі.
Вольга Чайкоўская
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 2325
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |