Шчасце — гэта, здавалася б тое, дзеля чаго мы ўсе жывём. А чым яно з'яўляецца з пункту гледжання нейрафізіялогіі? Навошта прырода падарыла нам гэты механізм і ці можа шчасце быць бясконцым? Як атрымліваць гармоны задавальнення ад простых рэчаў у штодзённым жыцці? Адкуль бяруцца хранічна няшчасныя людзі? Як не трапіць у пастку хуткіх спосабаў атрымання станоўчых эмоцый? І чаму стрэс — нярэдка расплата за задавальненне? Разбіраліся ў гэтым разам з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гурбаніджадам.
_______________________________________________
— Мы заўсёды яго згадваем — кожная жанчына кажа, што мусіць быць шчаслівай, маці — што дачка заслугоўвае шчасця. Калі мы спытаем у людзей, што такое шчасце, усе адкажуць па-рознаму. Псіхолаг скажа, што калі няма стрэсу, ты шчаслівы, бізнесмен распавядзе, што калі будзе добры кантракт, ён будзе шчаслівым, менеджар — калі ёсць добрыя продажы. Насамрэч ніхто дасканала не можа расшыфраваць, што такое шчасце.
З пункту погляду нейрафізіялогіі, гэта пэўны механізм у галаўным мозгу. Такая яго частка сустракаецца нават у стужачных чарвякоў. Мы называем гэта лімбічнай сістэмай. Адна з яе функцый наступная. Паводле біялогіі і эвалюцыі ўсе мы мусім выконваць пэўныя рэчы, і калі мы робім іх правільна, выпрацоўваюцца пэўныя гармоны, якія і выклікаюць пачуццё задавальнення, эйфарыі ды шчасця. Сэнс дадзенай сістэмы ў тым, каб у жыцці мы дасягнулі мэты, да якой нас накіроўваюць наша прырода і эвалюцыя. Калі мы ідзём па правільным шляху, тады адчуваем сябе задаволенымі і шчаслівымі.
Гармонаў, якія адказваюць за наш эмацыянальны стан, шмат, але тры з іх асноўныя: эндарфін, сератанін і дафамін. Эндарфін выклікае яркае, але кароткачасовае пачуццё шчасця. Сератанін — больш глабальнае і працяглае адчуванне задаволенасці: калі мы па жыцці нечага дасягнулі. А дафамін — гармон-узнагарода, выпрацоўваецца, калі мы даглядаем сябе — напрыклад, мыемся, робім масаж, таксама падчас сексу ці калі з'ядаем шакаладку.
Калі згаданых гармонаў мы не атрымліваем, гэта сігнал, што нешта робім не так. І ў нас можа ўзнікнуць адчуванне прыгнечанасці, дэпрэсіўнасць і нават уражанне непаўнацэннасці. Нам зноў патрэбныя гэтыя гармоны. І каб іх атрымаць, мы мусім выконваць пэўныя задачы.
Трэба сказаць, што гэтыя ж гармоны выпрацоўваюцца і ў той момант, калі мы пачынаем адчуваць нейкую небяспеку ці трапляем у надзвычайную сітуацыю. Яны адказваюць за выжыванне — эндарфін, напрыклад, добрае абязбольвальнае. Гэтыя гармоны дазваляюць захоўваць баланс нервовай сістэмы. Калі нашы продкі ўцякалі ад драпежнай жывёліны, у такі момант было важна хутка прымаць рашэнні і актыўна рухацца. Калі чалавек, катаючыся на лыжах, атрымлівае траўму, ён не заўсёды адразу адчувае боль: устае і працягвае, быццам бы нічога не здарылася. І толькі праз нейкі час прыходзіць боль. Гэтая гармоны дазваляюць нам не адчуваць надзвычайныя стрэс, боль і даюць нам час дабегчы ці дайсці да больш бяспечнанага месца, каб мы выжылі. Калі ўздзеянне іх зніжаецца, мы пачынаем адчуваць боль. Гэты механізм ад продкаў, якія не заўсёды жылі ў бяспечных месцах, і небяспека магла чакаць іх дзе заўгодна.
— Ці можна зрабіць так, каб гармоны задавальнення пастаянна выпрацоўваліся? Ці можам мы быць увесь час шчаслівымі?
— Гэта дастаткова строгая сістэма, яе «ўзламаць» цяжка. Гармоны мы атрымліваем, толькі калі выконваем пэўную важную біялагічную функцыю. Было праведзена такое даследаванне. Пацукам укаранялі ў цэнтр задавальнення ў галаўным мозгу электроды. Да іх была падключана адна педаль, і калі пацук на яе націскаў, атрымліваў задавальненне, другая ж адказвала за падачу ежы. Калі арганізм лёгка атрымлівае незаслужанае задавальненне, стымуляцыя для дасягнення мэты анулюецца. Пацукі загінулі ад голаду, бо ўвесь час націскалі толькі на педаль, які прыносіў задавальненне.
Калі чалавек будзе ўвесь час атрымліваць незаслужанае задавальненне, тыя мэты, якія прырода паставіла перад намі, анулююцца, такім чынам ён ператвараецца ў бескарысную істоту. Калі чалавек штучна стымулюе цэнтры задавальнення з дапамогай алкаголю ці наркотыкаў, ён аўтаматычна становяцца бескарысным для грамадства. Яны атрымалі «кнопку шчасця», якая кароткачасова прыносіць ім дафамін, і такія людзі страчваюць мэтанакіраванасць. Наўрад ці алкаголік скажа, што хоча пабудаваць дом ці дасягнуць нечага на рабоце.
— А ці ёсць нейкія «легальныя» спосабы атрымання гармонаў шчасця?
— Так, не абавязкова ісці ў бок алкаголю ці наркотыкаў. Гармон выпрацоўваецца і падчас небяспекі. Яна не абавязкова мусіць быць некантраляванай. Гэта могуць быць экстрэмальныя заняткі і віды спорту накшталт скачкоў з парашутам, катання на горным ровары ці проста прагляд фільма жахаў. Здавалася б, незразумела, які кайф атрымлівае чалавек, калі падвяргае сябе небяспецы. Насамрэч, у такія моманты арганізм таксама выпрацоўвае гармоны задавальнення, і чалавек адчувае сябе добра. Калі ён нейкі час не катаецца на горных лыжах ці не скача з парашутам, то адчувае сябе нешчаслівым, і зноў ідзе па гэтае задавальненне. Гэта штучныя методыкі атрымання задавальнення.
— Што перашкаджае выпрацоўцы гармонаў шчасця?
— Часам недахват гармонаў шчасця звязаны з неспрыяльным месцам жыхарства. Бо, напрыклад, той жа сератанін выпрацоўваецца з дапамогай сонца. Для чалавека больш камфортна жыць там, дзе сонца, цёпла і шмат расліннасці, чым там, дзе холадна і вільготна. У некаторых краінах з высокім узроўнем жыцця, такіх як Швецыя, Нарвегія, Данія, дзе хранічна не хапае сонца, шмат людзей з дэпрэсіўным станам і большая колькасць суіцыдаў.
Часам недахоп шчасця і дэпрэсіўны стан звязаныя з недахопам вітаміну Д і кальцыю. Калі нам недастаткова вітамінаў, мала выпрацоўваецца і гармонаў. І чалавек адчувае сябе няшчасным, нягледзячы на тое, што ў яго, магчыма, высокі ўзровень жыцця.
Яшчэ адзін гармон — мелатанін, ён антаганіст гармону стрэсу карцізолу, выпрацоўваецца ўвечары падчас сну. Мелатанін таксама неабходны, каб наша нервовая сістэма была ў гармоніі. Ён выпрацоўваецца толькі ў цемры. Таму калі ў вокны спальні свецяць вулічныя ліхтары ці ў пакоі гарыць святло, асабліва сіняе, нават нязначнае, як лямпачка ад тэлевізара ці пульта, змяншаецца выпрацоўка мелатаніну. Вучоныя даказалі, што цеснае адзенне і ніжняя бялізна таксама змяншаюць яго выпрацоўку аж да 60 %. Калі гэта доўга працягваецца, можа прыводзіць да адчування няшчасця.
— Адкуль бяруцца хранічна нешчаслівыя людзі?
— Ёсць такое паняцце як сіндром хранічнай стомленасці. Гэтыя людзі пажыццёва адчуваюць сябе няшчаснымі і дэпрэсіўнымі. У іх раптам пагаршаецца памяць, працаздольнасць, чалавек становіцца асацыяльным, не хоча кантактаваць з навакольнымі, і калі гэта працягваецца больш за шэсць месяцаў, гэта хранічная стомленасць, сіндром, апісаны яшчэ ў 1989 годзе.
Важна сказаць, што чалавек з хранічнай стомленасцю — смачны кавалак для клінік, бо каб паставіць такі дыягназ, трэба спачатку выключыць усё астатняе. І гэта патрабуе доўгага і дарагога абследавання.
Такога чалавека нельга называць гультаём, гэта хвароба. На вялікі жаль, няма адзінага меркавання, чаму яна з'яўляецца, некаторыя звязваюць яе з генетыкай. Лячэння, на вялікі жаль, не існуе. Яна не пройдзе ні пры добрым сне, ні падчас адпачынку. Аднак яна як раптоўна з'яўляцца, гэтак жа можа раптоўна і знікнуць. Розныя клінікі прапануюць розныя методыкі лячэння, але ні адна з іх не дае 100-працэнтнага выніку.
— Адным са спосабаў атрымаць хуткае задавальненне, асабліва ў жанчын, з'яўляецца шопінг...
— У сучасным свеце часта выкарыстоўваюць якасці нашай лімбічнай сістэмы, у прыватнасці тое, што яна не можа адрозніць сапраўдныя мэты ад ілжывых. У прыватнасці, для таго каб мы набывалі больш тавараў, у тым ліку тое, што нам насамрэч не патрэбна. З дапамогай рэкламы нас завабліваюць: у «Інстаграме» мы бачым дзяўчыну ў прыгожым купальніку ці мужчыну з дарагім гадзіннікам. І іх шчаслівыя твары паказваюць, што гэта рэч зробіць кожнага шчаслівым. Наш галаўны мозг ставіць сабе за мэту купіць такі гадзіннік, і калі мы яго набываем, адорвае нас гармонамі шчасця. Але, як правіла, гэта кароткатэрміновае адчуванне. І мы зноў пачынаем нечага прагнуць. Гэта пастка: пастаянна патрабуюцца новыя і новыя пакупкі. Так становяцца шапаголікамі.
— Як не трапіць у такую пастку?
— Навучыцца адрозніваць ілжывыя мэты ад таго, што нам сапраўды важна і неабходна. Тут шмат залежыць ад узроўню інтэлекту. Чым ён вышэйшы, тым лепш чалавек расстаўляе прыярытэты.
Гармоны шчасця выпрацоўваюцца, калі мы атрымліваем «лайкі» ў сацсетках — чым іх больш, тым больш гармону шчасця. Калі падлетак «завісае» ў сацсетках і атрымлівае «лайкі» за фотаздымкі замест таго, каб вучыцца, ён ідзе па лжывым шляху. Сапраўдныя мэты, для якіх чалавек створаны і якія мусіць дасягнуць, ён мяняе на падманныя, і мы не атрымаем выдатніка і вучонага, а ўбачым чарговага інстаблогера.
Яшчэ адзін спосаб атрымання кароткачасовага гармону шчасця — пераяданне, адна з праблем сучаснасці. Гэта лёгкі спосаб атрымання гармону шчасця, але ён прывядзе да пэўных праблем са здароўем.
— Вы расказалі пра механізм атрымання гармону задавальнення ад экстрыму і небяспечных сітуацый. Няўжо стрэс настолькі для нас бясшкодны?
— Калі арганізм кампенсуе сябе пасля няшчасцяў, стрэс патрэбны. Вось як гэта працуе. Уявім, што на нас напаў сабака. У нас выпрацоўваюцца гармоны стрэсу, у прыватнасці, адрэналін і норадрэналін. Нашы зрэнкі пашыраюцца, кроў становіцца гусцейшай, каб у выпадку крывацёку арганізм хутчэй яго спыніў. Кроў пачынае пераразмяркоўвацца да галаўнога мозга і мышцаў, мы пачынаем лепш думаць і хутчэй бегчы. А вось пасля таго, як мы пераадолелі гэту сітуацыю, у нас пачынаецца стан дэпрэсіі: арганізму трэба адпачыць, перазагрузіцца і набрацца сіл. Мы мусім пасядзець, арганізм адновіцца і вернецца ў рабочы стан.
Іншая справа, што ў наш час фактары стрэсу пастаянныя і яны не заканчваюцца. І чалавек нярэдка трапляе ў стан хранічнага стрэсу і дэпрэсіі. Тут два варыянты выйсця: псіхатэрапія, калі мы звяртаемся да спецыяліста, і ён з дапамогай спецыяльных тэхнік пачынае нас аднаўляць або медыкаментозны — з дапамогай антыдэпрэсантаў. Калі прэпараты вам прызначыў урач, не трэба баяцца іх прымаць. Гэта такая ж хвароба, як прастуда ці кашаль.
Ёсць яшчэ адзін выхад са стрэсу: атрымаць такую фізічную нагрузку, каб не адчуваць ні рук, ні ног. Напрыклад, пайсці на марафон, падчас якога няма ніякіх іншых думак, акрамя таго, як дажыць да фінішу. У такія моманты згарае лішняя глюкоза, якая выпрацавалася ў нашых мышцах, знішчаюцца гармоны стрэсу, і аўтаматычна стан нармалізуецца.
Ды не заўсёды гарадское жыццё дазваляе нам пазбаўляцца ад стрэсу. Мы ж атрымліваем яго пастаянна — калі кантактуем з начальствам, чытаем навіны ці глядзім тэлевізар. Пасля кожнага такога «сеанса», на жаль, мы не можам выйсці на вуліцу на прабежку. Таму аўтаматычна можам праваліцца ў такую яму, адкуль выбрацца будзе складана.
— Можна ўвечары пайсці ў спартыўную залу і нагрузіць сябе, каб не адчуваць ні рук, ні ног...
— Калі фізічна чалавек здольны гэта рабіць — цудоўна. Але гарадское жыццё дае такія хваробы як атлусценне, стэнакардыя, гіпертанія і іншыя, з якімі не заўсёды спартзала магчымая. І стрэс можа ўзнікаць у пажылым узросце. Сёння людзі могуць працаваць і ў 60, і ў 65, і ў 70 гадоў, і назапашваць гэты хранічны стрэс.
— Калі штодзень мы чытаем дрэнныя навіны, як не загнаць сябе ў стрэс?
— Ёсць такое выслоўе, якога я і сам прытрымліваюся: «Нельга заслаць увесь свет дываном, лепш абуць туфлі». Свет не можа быць такім, якім нам хацелася б яго бачыць, таму варта мяняць сваё стаўленне да гэтага. Калі трымацца такой філасофіі, жыццё становіцца прасцейшым.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 17 сакавіка 2022
Звязда, 17 сакавіка 2022
Кoличество переходов на страницу: 222
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |