Аднак у Трасцянцы да гэтага часу не створаны годны помнік, які ўшаноўваў бы памяць ахвяр фашызму. Ёсць яшчэ шмат белых плям і ў гісторыі самога лагера смерці, і Мінскага гета. Раскрыць некаторыя з іх паспрабавалі прадстаўнікі грамадскасці з Беларусі, Германіі і Аўстрыі падчас міжнароднай канферэнцыі "Лагер смерці Трасцянец у еўрапейскай памяці".
— У той час, як у беларускай гістарыяграфіі выкарыстоўваецца тэрмін "лагер смерці Трасцянец", заходнееўрапейскія гісторыкі свядома карыстаюцца тэрмінам "месца знішчэння", — пачаў дыскусію старшыня Дырэкцыі Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Е. Рау Віктар Балакіраў.
— А ўсё таму, што "месца знішчэння" па пэўных крытэрыях не адпавядае паняццю "лагера смерці". Нямецкія гісторыкі сцвярджаюць: паколькі на тэрыторыі "Трасцянца" вязні не размяшчаліся, а толькі прывозіліся і знішчаліся, то Трасцянцу не адпавядае градацыя "лагер смерці".
Аднак не толькі гэтая акалічнасць выклікае спрэчкі ў вучоных. Шмат коп'яў зламана і наконт колькасці загінулых. У адпаведнасці з заключэннем савецкай следчай камісіі, якая працавала тут у 1944 годзе, мы маем сёння, з аднаго боку, 206 тысяч 500 ахвяр. З другога боку, па асцярожных ацэнках нямецкага гісторыка Петры Рэнтроп, якая напісала манаграфію па Трасцянцы, тут было знішчана каля 60 тысяч чалавек.
— Трасцянец — месца знішчэння дэпартаваных з еўрапейскіх краін яўрэяў, беларускіх яўрэяў з Мінскага гета, а таксама вялікай колькасці ваеннапалонных Чырвонай арміі, падпольшчыкаў, партызанаў і мірнага насельніцтва, узятых у палон падчас аблаў і акцый, — паведаміў дацэнт гістарычнага факультэта БДУ, кіраўнік Гістарычнай майстэрні Кузьма Козак. — Узнікае пытанне іх колькасці. Што тычыцца гісторыкаў, то да сённяшняга часу мы прытрымліваемся сваіх лічбаў. У той час, як нямецкія вучоныя колькасць знішчаных у Трасцянцы паказваюць у 3-4 разы меншай: па іх версіі, у лагеры смерці было забіта толькі каля 60 тысяч чалавек. Яны спасылаюцца на дакументы, не ўлічваючы таго, што большасць з іх была знішчана. Значыць, яны арыентуюцца толькі на частку ўцалелых дакументаў. Сведкі расказваюць пра тысячы людзей, пра душагубкі, пра транспарт, пра забітых, змардаваных ад голаду і холаду... І гэтая лічба, безумоўна, атрымліваецца большай. Таму пры мемарыялізацыі вельмі важна, каб прагучала менавіта слова гісторыкаў.
Сёння пра лагер смерці нагадвае абеліск ля Магілёўскай шашы і яшчэ тры помнікі ў розных месцах Трасцянца. На каменных плітах — сумныя голыя фармулёўкі, у якіх не знойдзеш ніводнага прозвішча! Чаго не скажаш пра Благаўшчыну, што праз дарогу. І там гітлераўцы расстрэльвалі трасцянецкіх ахвяр. Там дрэвы ператварыліся ў помнікі: на іх спісы з імёнамі і фотаздымкамі загінулых. Такім чынам грамадзяне Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі і Германіі спрабуюць увекавечыць памяць сваіх палеглых на беларускай зямлі продкаў.
Але тыя помнікі зусім не адпавядаюць маштабам трасцянецкай трагедыі ды і сучасным уяўленням аб мемарыялах. Невыпадкова ўлады Мінска прынялі рашэнне аддаць пад стварэнне агульнага мемарыяла ў Трасцянцы плошчу ў 100 га. Для новага помніка ў Трасцянцы ажыццёўлена распрацоўка праекта, рэалізацыя якога пачнецца сёлета.
— Мінскпраектам завяршаецца распрацоўка праекта першага пускавога комплексу, задачай якога, на пачатку, з'яўляецца добраўпарадкаванне тэрыторыі, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама Сяргей Хільман. — На першым этапе таксама прадугледжана будаўніцтва ўваходу ў мемарыяльны комплекс, "Варот памяці", участка "Дарогі смерці", "Дарогі памяці", тэрыторыі для ўсталявання помніка-манумента, стварэнне пешаходных дарожак і аўтастаянкі. У інвестыцыйнай праграме Мінска на 2013 год на будаўніцтва гэтых аб'ектаў прадугледжана каля 3 мільярдаў рублёў. Мы гэты праект бачым як адзіны мемарыяльны ансамбль з цэласнай кампазіцыяй.
Кіраўнік праектнай групы "Трасцянец", галоўны архітэктар праекта Ганна Аксёнава, прадставіла будучы мемарыяльны комплекс:
— Архітэктурна-планіровачнае рашэнне пабудавана па прынцыпе трохвугольніка. Трохвугольныя сувязі ў гэтым кантэксце — сімвал напружанасці, замкнёнасці. Аднак у той жа час гэта сімвал вечнасці і памяці. Вобразнае рашэнне скульптурнай кампазіцыі "Вароты памяці", якія ў цяперашні час нікога не зачыняюць і стаяць у адзіноце, зробленыя з калючага дроту, не маюць практычнай задумы, што наводзіць на думку аб бессэнсоўнасці забойстваў і прыгнёту адных людзей іншымі. Пярэдні бок — як стары чорна-белы здымак вязняў, што глядзяць на нас з таго часу, целы іх пераплецены з дошкамі варот.
За манументам "Вароты памяці" будзе размешчана "Поле пахавання", дзе рассейвалі попел спаленых вязняў. Асноўная кампазіцыйная вось — "Дарога памяці", якая будзе праходзіць уздоўж руін збудаванняў канцлагера. Кожны будынак лагера смерці абазначаць мемарыяльнымі плітамі з гістарычнай інфармацыяй.
На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу знаходзяцца два помнікі, усталяваныя ў 1960-я гады. Праектам прадугледжваецца іх замена на памятныя знакі. Нямецкія могілкі, якія размешчаны на тэрыторыі комплексу, плануецца аформіць газонам і абгарадзіць іх агароджай са стрыжанага кустоўя, а таксама акцэнтаваць уваход сюды памятным знакам.
— Помнік у Трасцянцы можа з'явіцца толькі ў тым выпадку, калі аб'яднаць архітэктараў, гісторыкаў і прадстаўнікоў улады з розных краін свету, — перакананы кіраўнік справамі Дортмундскага МАЦ Петэр Юнге-Вэнтруп. — Памятаць і ствараць мемарыялы — абавязак кожнага народа. Мы, як зацікаўленыя грамадзяне, ведаем, што ў вас няма фінансавай магчымасці ў хуткім часе збудаваць мемарыял. Аднак мы можам праінфармаваць і папрасіць пэўныя арганізацыі, каб яны выдаткавалі сродкі на гэтую добрую справу.
Часткай будучага мемарыялу ў Трасцянцы стане асобны помнік у Благаўшчыне. Тут будзе ўшанавана памяць забітых яўрэяў Мінскага гета, а таксама дэпартаваных яўрэяў з Германіі і Аўстрыі. Фінансаванне праекта прапануецца ажыццявіць шматлікім грамадскім ініцыятывам Беларусі, Германіі і Аўстрыі.
— Прыйшоў час ставіць кропкі над нашым бяспамяцтвам, — упэўнены творчы кіраўнік праекта, заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін. — Тэба пераходзіць ад слоў да справы! Благаўшчына заўсёды заставалася па-за нашай увагай. Мы хочам паставіць там помнік.
Праект Леаніда Левіна прадстаўляе сабой той поўны пакут шлях у вечнасць, якім прайшлі калісьці мірныя жыхары. Пачаткам праекта ў Благаўшчыне з'яўляецца тэрыторыя каля шашы Мінск — Магілёў. Ахвяр прывозілі сюды, на брацкую магілу Мінска, падманным спосабам. Ім казалі, што яны пераязджаюць, перасяляюцца. Адсюль людзі пісалі лісты дахаты, у якіх расказвалі, што ім тут добра, што тут прыгожыя мясціны.
— Таму ў пачатку мемарыялу мы робім белую круглую пляцоўку без якіх-небудзь збудаванняў, — працягвае Леанід Левін. — Тут у людзей забіралі валізкі, якія з'яўляліся адзінай сувяззю паміж родным домам і месцам, куды іх прывезлі. Там у іх было самае каштоўнае: дакументы, лялькі, адзенне... Мы не робім кампазіцыі з людзей, трагічныя фігуры. Гэта рабілі ўжо шмат разоў да нас. Мы каля ўвахода кладзём групу валізак. Яны гавораць: вось, што засталося ад тых, каго сюды прывезлі.
Адсюль наведнікі мемарыялу будуць ісці па "Дарозе смерці". На ёй будуць сустракацца многафігурныя сімвалічныя кампазіцыі. Як зазначыў галоўны архітэктар праекта, сучасныя тэхналогіі дазваляюць пабудаваць яркую чырвоную дарогу, якая будзе заканчвацца пустым чорным кругам, што сімвалізуе як жыццё, так і смерць гэтых людзей.
Прадстаўнікі Аўстрыі і Германіі прасілі ўдзельнікаў творчай групы па магчымасці ўшанаваць памяць кожнага, хто тут загінуў, пайменна. Тым больш што дзякуючы найноўшым гістарычным даследаванням, удалося дакументальна ўстанавіць, што ў Мінскім гета і Трасцянцы было забіта па меншай меры 35 тысяч дэпартаваных у Мінск заходнееўрапейскіх яўрэяў.
— Вядома, што ўшанаваць такую колькасць ахвяр пайменна вельмі складана, — прызнаецца Леанід Мендэлеевіч. — Аднак мы знайшлі спосаб. У якасці залаў памяці мы прапаноўваем зрабіць манументальныя вагоны, праходзячы праз якія на сценах можна будзе прачытаць прозвішчы тых, хто загінуў на гэтым месцы. У залежнасці ад колькасці загінулых грамадзян розных краін будзе разлічвацца лік вагонаў, дзе будуць адлюстраваны іх імёны. Таксама будзе магчымасць дадаваць новыя прозвішчы.
Па задуме творчай групы, увесь парадокс вайны будзе паказаны пры дапамозе перавернутых знакавых рэчаў, якія сімвалізуюць перавернутае чалавечае жыццё. Дом, дрэва, перавернутае каранямі ўгору... Там жа плануецца размясціць камяні з выказваннямі пісьменнікаў і паэтаў з тых краін, адкуль прывезлі сюды людзей.
— Трасцянец і Благаўшчына — месцы, дзе былі здзейснены жудасныя злачынствы, — зазначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Вальфрам Маас. — Мне асабліва сорамна: толькі немцы знішчылі дзясяткі ці сотні тысяч людзей. На жаль, наш смутак не можа вярнуць невінаватых. У нашых сілах толькі захаваць памяць аб іх. Маштабы жорсткасці і гвалту, якія адбываліся ў Трасцянцы і Благаўшчыне, вельмі буйныя. Зло працягвае існаваць і сёння, калі паглядзець, што адбываецца на стадыёнах, у метро... Таму мы павінны стварыць не толькі мемарыял, а і сказаць адназначнае "не" тэрарызму і гвалту.
...Спадзяёмся, што праекты помнікаў у Трасцянцы і Благаўшчыне з паперы і макетаў увасобяцца і на справе. Гістарычную працу па тэме Трасцянца неабходна працягваць. Пакуль яшчэ жывыя сведкі тых падзей, паколькі многія аспекты трасцянецкай трагедыі ўсё яшчэ застаюцца белымі плямамі як у палітычным, так і ў гістарычным кантэксце.
Вераніка Канюта
Звязда, 3 красавіка 2013
Кoличество переходов на страницу: 1013
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |