https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Васіль Быкаў


Імя Васіля Уладзіміравіча Быкава шырока вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Беларускі пісьменнік атрымаў сусветнае прызнанне дзякуючы ўменню паказаць складаны лёс чалавека ў гады ваеннага ліхалецця. Аб Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў пісалі многія, але толькі яе непасрэдныя ўдзельнікі (былыя франтавікі Канстанцін Сіманаў, Юрый Бондараў, Рыгор Бакланаў, Віктар Астаф'еў) з'яўляюцца аўтарамі самых рэалістычных твораў. Васілю Быкаву ў гэтым спісе адведзена адно з першых месц, паколькі яго проза - лепшы здабытак сусветнай мастацкай літаратуры аб вайне. Васіль Уладзіміравіч пісаў аб ёй народную праўду, тое, што бачыў і перажыў сам, што пачуў ад людзей. Народным пісьменнікам ён быў не толькі па званні - такім быў прызнаны чытачамі.

Васіль БыкаўНарадзіўся будучы пісьменнік 19 чэрвеня 1924 года на Віцебшчыне ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна ў сялянскай сям'і. Са школьных гадоў захапляўся літаратурай, аднак больш моцным было імкненне да малявання. Пасля заканчэння дзявятага класа ён паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча на аддзяленне скульптуры, але доўга вучыцца там не давялося. У 1940 годзе адмянілі стыпендыі, і гэта акалічнасць вярнула будучага пісьменніка да бацькоў у вёску, але да канца дзён ён не пакідаў захаплення графікай. У тое, што яго прызванне быць пісьменнікам, доўга не верыў, сумняваўся. Паступіў у Віцебскую школу фабрычна-завадскога навучання, дзе атрымаў будаўнічую прафесію. У чэрвені 1941 года экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас Кубліцкай сярэдняй школы.

Перад самай вайной Васіль Быкаў апынуўся ва Украіне. Ён збіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут горада Шостка Сумскай вобласці. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны будучы пісьменнік быў мабілізаваны на абаронныя работы. У якасці байца інжынернага батальёна будаваў розныя ваенныя аб'екты ад Гомеля да Варонежа. Зімой 1941-1942 года быў на станцыі Салтыкоўка і ў горадзе Аткарску Саратаўскай вобласці, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе.

Летам 1942 года Васіля Быкава - васямнаццацігадовага юнака прызвалі ў армію. У лістападзе 1943 года ён скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча і ў званні малодшага лейтэнанта трапіў на фронт. Ваеннымі дарогамі прайшоў праз Украіну, Румынію, Венгрыю і Аўстрыю. Быў двойчы паранены, ляжаў у шпіталях, нават лічыўся пахаваным у брацкай магіле ва Украіне. Летам 1944 года яго бацькі атрымалі пахавальную, але Быкаў аказаўся жывым. Як некалі сказаў пра Васіля Быкава Чынгіз Айтматаў: "Лёс збярог нам Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага пакалення".

Пасля вайны яшчэ доўгія дзесяць гадоў (з невялікім перапынкам) служыў на Далёкім Усходзе, Украіне і ў Беларусі. Першыя апавяданні Васіля Быкава "Дапякло" і "У першым баі" былі надрукаваны ў часопісе "Вожык" у 1947 годзе і газеце "Гродненская правда" ў 1949 годзе. Пачаткам літаратурнай дзейнасці ён лічыў 1951 год, калі на Курыльскіх астравах, дзе праходзіў службу, напісаў творы "Смерць чалавека" і "Абознік". Наступныя творы "Паядынак", "Эстафета", "На ўсходзе сонца" былі заўважаны чытачамі і станоўча ацэнены крытыкай.

Толькі ў 1955 годзе ў званні маёра Васіль Быкаў дэмабілізаваўся і канчаткова пасяліўся ў Гродне. Працаваў у рэдакцыі газеты "Гродненская правда", займаўся журналістыкай. У абласным і рэспубліканскім друку пачалі з'яўляцца яго літаратурныя замалёўкі, фельетоны, нарысы, якія часткова ўключаны ў зборнік "Ход канём" (выйшаў у 1960 годзе ў "Бібліятэчцы "Вожыка").

Сапраўдная творчая біяграфія пісьменніка пачалася з аповесці "Жураўліны крык". Яна, паводле слоў аўтара, стала першай спробай праўдзіва адлюстраваць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Потым адзін за адным з'явіліся творы "Здрада", "Трэцяя ракета", "Альпійская балада". Наватарскім у гэтых аповесцях было тое, што пісьменнік звярнуўся да паказу будняў, перажыванняў і паводзін звычайнага чалавека на вайне. Васіля Быкава хвалявалі не батальныя сцэны, а тое, што адбываецца з чалавекам у нечалавечых умовах. Творы вызначаюцца асаблівым трагізмам, заснаваным на рэзкім сутыкненні характараў, глыбокім псіхалагізмам. Пакінуўшы чалавека сам-насам з жорсткімі абставінамі, пісьменнік рабіў асновай жыццёвай канцэпцыі гуманізм і антымілітарызм.

У 1959 годзе Васіль Быкаў стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР, у 1972 годзе выбраны сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1978 годзе пераехаў у Мінск, дзе прадоўжыў пісаць, даваў інтэрв'ю, сустракаўся з чытачамі.

Ваеннай тэме, да якой Васіль Быкаў звяртаўся ў ранніх творах, ён заставаўся адданым на працягу амаль усёй сваёй творчасці. Ёй прысвечаны аповесці "Пастка", "Мёртвым не баліць", "Праклятая вышыня" і іншыя. У 1969 годзе аповесцю "Круглянскі мост" пачалася новая старонка літаратурнай дзейнасці Васіля Быкава. У гэтым творы пісьменнік першы раз звярнуўся да тэмы партызанскай барацьбы ў Беларусі. Пазней яна была адлюстравана ў аповесцях "Пайсці і не вярнуцца", "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да світання", за дзве апошнія ў 1974 годзе Васіль Быкаў быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР, за аповесці "Воўчая зграя" і "Яго батальён" - Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

У партызанскім цыкле з асаблівай сілай праявілася праблема трагічнага, адвечная тэма выбару ў складаных умовах акупіраванай тэрыторыі і партызанскай барацьбы народа супраць фашыстаў. Ваенная тэма знаходзіцца і ў аснове аповесці "Знак бяды", за якую аўтар у 1986 годзе атрымаў Ленінскую прэмію. Яна не толькі аб вайне, але і даваенным жыцці беларускага сялянства. Гэта тэма была прадоўжана ў творы "Аблава", дзе ўпершыню ў беларускай літаратуры з'явіўся вобраз спецперасяленца. Праверыць магчымасці сваіх герояў, выявіць ступень іх духоўнасці і меру чалавечнасці пісьменнік імкнуўся ў аповесцях "У тумане", "Сцюжа", "Пакахай мяне, салдацік", "Ваўчыная яма", "Балота" і іншых.

Кожны твор Васіля Быкава станавіўся падзеяй, пашыраў кола чытачоў, прыцягваў увагу кінематаграфістаў, кампазітараў, тэатральных рэжысёраў. Па кнігах пісьменніка створаны балет "Альпійская балада", опера "Сцежкаю жыцця", напісаны сімфоніі, пастаўлены спектаклі, зняты фільмы. Найбольш вядомымі з'яўляюцца кінастужкі "Трэцяя ракета", "Альпійская балада", "Дажыць да світання", "Знак бяды" і іншыя. Аб жыцці і творчасці пісьменніка пастаўлены фільмы "Узыходжанне" і "Вяртанне".

Акрамя літаратуры Васіль Быкаў шмат часу аддаваў грамадскай дзейнасці. Ён неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, быў народным дэпутатам СССР. З'яўляўся членам праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам рэспубліканскага Савета Фонду міру. Яго літаратурная і грамадская дзейнасць была адзначана званнем Героя Сацыялістычнай Працы, ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны і іншымі шматлікімі ўзнагародамі.

Памёр Васіль Быкаў у 2003 годзе ў Мінску. Пахаваны на Маскоўскіх могілках. На радзіме пісьменніка дзейнічае сядзіба-музей Васіля Быкава, заснаваны згодна з рашэннем Ушацкага раённага Савета дэпутатаў ад 19 лютага 2004 года і распараджэннем Віцебскага аблвыканкама ад 1 сакавіка 2004 года. Музей размешчаны ў адноўленай сядзібе сям'і Быкавых. На тэрыторыі сядзібы знаходзіцца дом, у якім прайшло дзяцінства Васіля Быкава, хлеў і гумно. Вакол дома - дрэвы, пасаджаныя бацькам пісьменніка. У доме этнаграфічна-бытавая экспазіцыя, дзе прадстаўлены прадметы хатняга ўжытку (або іх аналагі), якімі карысталася сям'я Быкавых. Захоўваюцца таксама кнігі з аўтографамі паэтаў і пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін. Сярод экспанатаў - копіі малюнкаў Васіля Быкава, стужка ганаровага жыхара Ушацкага раёна, асабістыя рэчы пісьменніка.

БЕЛТА, 16 чэрвеня 2014

 

Кoличество переходов на страницу: 1338


Комментарии