Ці мэтазгодна прымаць вітаміны C, D і цынк для прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі? Выказваюцца здагадкі, што ў вялікіх дозах яны здольныя аказваць станоўчы ўплыў на цячэнне і зыход хваробы. Першапачаткова навуковая медыцынская супольнасць лічыла COVІD-19 вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыяй. Толькі з часам прыйшло разуменне, што неабходныя зусім іншыя, чым пры ВРВІ, падыходы да фармакатэрапіі з ужываннем антыагрэгантаў, антыкаагулянтаў, імунасупрэсантаў і глюкакартыкоідаў. Ці ёсць месца для вітамінаў у гэтай зусім іншай, чым ВРВІ, праблеме? Пра гэта мы гутарым з урачом агульнай практыкі 11-й сталічнай паліклінікі Вікторыяй Вілюгінай.
________________________________________________
— Вікторыя Валер'еўна, якія вітаміны адыгрываюць важную ролю ў лячэнні і аднаўленні пасля каранавіруснай інфекцыі?
— Вітаміны — гэта група біялагічна высокаактыўных арганічных рэчываў, пераважна расліннага паходжання, якія аказваюць уплыў на працэсы метабалізму і нашы фізіялагічныя функцыі. Асноўнай крыніцай большасці вітамінаў для чалавека служаць прадукты харчавання. У адрозненне ад іншых харчовых рэчываў, сутачная патрэба чалавека ў розных вітамінах складае мізэрныя велічыні — ад дзясяткаў міліграмаў да іх тысячных доляў.
Для прафілактыкі і лячэння COVІD-19 першапачаткова разглядалася актуальнасць ужывання вітамінаў С, D і мікраэлемента цынку.
— Чым выклікана цікавасць да цынку ў якасці сродку прафілактыкі і лячэння каранавіруснай інфекцыі?
— Ёсць некалькі меркаваных крытэрыяў. У прыватнасці, тое што 118 цынкаўтрымлівальных бялкоў у арганізме чалавека маюць дачыненне да супрацьвіруснай абароны. З іх 11 бялкоў непасрэдна адносяцца да абароны ад РНК-вірусаў накшталт SARS-CoV-2 і тармажэння цітакінавага шторму. Акрамя таго, іоны цынку, магчыма, тармозяць рэплікацыю вірусаў у клетках.
Аднак за апошні год, калі прыкметна павялічылася колькасць даследаванняў у гэтай галіне, доказная медыцына не атрымала даных, якія б адназначна ўказвалі на рацыянальнасць прымянення цынку ў лячэнні і прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі. Такім чынам, пакуль няма навукова абгрунтаваных даных у падтрымку рэгулярнага прыёму цынку пацыентамі з COVІD-19, а доказы карысці з'яўляюцца сумнеўнымі.
— Раскажыце пра вітамін С. Ці ёсць ад яго карысць пры COVІD-19?
— Гэта водарастваральны вітамін, які павінен паступаць у наш арганізм штодня з кожным прыёмам ежы. Сутачная патрэба дарослага чалавека складае прыкладна 90 мг вітаміну С.
Не рэкамендуецца перавышаць яго сутачную дозу больш чым у 1 г. А вось паступленне ў арганізм больш за 2 г у суткі можа выклікаць раздражненне ЖКТ, дыярэю.
Вітамін С неабходны для біясінтэзу калагену і жыццёва важны для падтрымання цэласнасці эпітэлію. Таксама адыгрывае важную ролю ў некаторых аспектах імунітэту, напрыклад, у міграцыі лейкацытаў да ўчасткаў інфекцыі, фагацытозе і знішчэнні бактэрый, прадукцыі антыцелаў.
Вітамін С адыгрывае, хутчэй за ўсё, вырашальную ролю ў апасродкаванай рэакцыі наднырачнікаў на стрэс, асабліва пры сепсісе. Дарэчы, канцэнтрацыя вітаміну С у наднырачніках у 3—10 разоў вышэйшая, чым у любым іншым органе.
Па звестках некаторых даследчыкаў, вітамін С павялічвае выпрацоўку картызолу наднырачнікамі. Картызол жа, у сваю чаргу, аказвае стымуляцыйнае дзеянне, бадзёрыць пацыента, які апісвае свой стан як «палягчэла». Верагодна, аналагічны эфект мы можам атрымаць пры COVІD-19, калі высокімі дозамі вітаміну С стымулюем выпрацоўку картызолу. Але гэта толькі магчымы механізм дзеяння.
Акрамя таго, нельга забываць, што пры доўгачасовым прызначэнні высокіх доз вітаміну С наднырачнікі запавольваюць сваю актыўнасць, а выпрацоўка картызолу змяншаецца. Таму прыём высокіх доз больш за 10 дзён, відавочна, не з'яўляецца рацыянальным.
За мінулы год было апублікавана як мінімум 11 маштабных навуковых даследаванняў па вітаміне С пры лячэнні COVІD-19. Нягледзячы на чаканыя эфекты, яркіх доказаў карысці вітаміну С пры лячэнні каранавіруснай інфекцыі пакуль не з'явілася. Аднак няма і доказаў шкоды. Таму, улічваючы магчымасць гіперпрадукцыі картызолу на фоне кароткатэрміновага прымянення высокіх доз вітаміну С, яго прызначэнне магчыма, калі ў пацыента няма супрацьпаказанняў з боку страўнікава-кішачнага тракту.
— Яшчэ адзін вітамін — D, таксама «засвяціўся» пры лячэнні каранавіруснай інфекцыі. Што кажуць даследчыкі наконт яго?
— Вітамін D сінтэзуецца пад дзеяннем ультрафіялетавых прамянёў у скуры, а таксама паступае ў арганізм чалавека з ежай. Узровень вітаміну D у арганізме можна вымераць, і яго параметры наступныя:
* выяўлены дэфіцыт (менш за 10 НГ/мл);
* дэфіцыт (менш за 20 НГ/мл);
* недастатковасць (21-30 НГ/мл);
* адэкватныя ўзроўні (больш за 30 НГ/мл).
Паколькі вітамін D тлушчарастваральны і можа назапашвацца ў арганізме, высокія дозы (больш за 150 НГ/мл) могуць выклікаць выразныя таксічныя эфекты.
У выпадку лабараторна вызначанага на аснове аналізу крыві дэфіцыту вітаміну D (менш за 20 НГ/мл) неабходна прымаць прафілактычныя дозы прэпаратаў. На рынку прадстаўлены розныя формы. Маюцца тыя, што змяшчаюць сутачную дозу (як правіла, ад 500 МЕ да 2000 МЕ, у залежнасці ад узроўню дэфіцыту вітаміну D), яны прымяняюцца штодня. Таксама маюцца высокадозныя формы (50 000 МЕ) для штотыднёвага прымянення.
Асноўныя ўласцівасці вітаміну D — кантроль і ўдзел у абмене кальцыю ў арганізме. Вітамін D спрыяе яго ўсмоктванню са стрававальнага тракту, садзейнічае назапашванню ў касцях, перашкаджае рэзорбцыі касцяной тканкі. Апроч гэтага, вітамін D удзельнічае ў мностве іншых працэсаў у арганізме чалавека, у тым ліку ў рэгуляцыі імунных рэакцый.
Што датычыцца даследаванняў, то іх вынікі, у адрозненне ад даследаванняў у дачыненні да вітаміну С і цынку, часцей паказваюць на патэнцыйную пазітыўную ролю вітаміну D у зніжэнні цяжару COVІD-19 у пацыентаў, якія праходзяць лячэнне ў стацыянары.
Напрыклад, устаноўлена, што ўвядзенне высокай дозы кальцыфедыёлу значна знізіла патрэбу ў інтэнсіўнай тэрапіі ў шпіталізаваных пацыентаў з-за даказанага COVІD-19. Кальцыфедыёл, відаць, можа паменшыць інтэнсіўнасць захворвання, але для атрымання канчатковага адказу патрабуюцца найбуйнейшыя выпрабаванні з належна падабранымі групамі.
Таксама даказана, што нізкі ўзровень вітаміну D у арганізме павялічвае рызыку COVІD-19. Такім чынам, доказы карысці вітаміну D маюцца, а яго ўжыванне хутчэй з'яўляецца рацыянальным.
Трэба сказаць, што ў наш час урачы і даследчыкі вымушаны выбіраць метады лячэння ва ўмовах дэфіцыту часу. З аднаго боку, гэта перашкаджае ажыццяўленню працяглых добра спланаваных клінічных выпрабаванняў, а з іншага боку, мноства вучоных шукаюць адказы на адны і тыя ж пытанні. Таму інфармацыя аб шкодзе ці карысці метадаў лячэння абнаўляецца вельмі хутка, і трэба быць гатовымі да хуткай змены рэкамендацый і пратаколаў лячэння ад COVІD-19.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 13 сакавіка 2022
Звязда, 13 сакавіка 2022
Кoличество переходов на страницу: 215
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |