https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Водаратэрапія


Узбадзёрыць язмін, супакоіць герань, страх прагоняць ружа і кедр

Пераацаніць значэнне нюху ў жыцці чалавека нельга. Спектр яго магчымасцяў надзвычай шырокі — ад біялагічнай, ахоўнай функцыі да разнастайных эмацыйных і псіхалагічных уражанняў. Пахі ўплываюць на настрой і здароўе людзей. Пахі валодаюць неверагоднай сілай: яны імгненна могуць стварыць святочны настрой або адбіць усялякую ахвоту да весялосці.

Водаратэрапія — лячэнне з дапамогай водараў эфірных алеяў. Чалавеку вядома некалькі тысяч эфіраалейных раслін, аднак у водаратэрапіі ўжываецца каля 300 відаў. На іх аснове можна рабіць розныя сумесі. Аднак памятайце: кожны чалавек, кожная скура і кожны нос рэагуе на эфірныя алеі па-свойму. У маленькіх дзяцей больш тонкі нюх, чым у людзей пажылога ўзросту. Светлая скура нашмат больш адчувальная, чым цёмная. Для жанчын дазіроўкі павінны быць меншымі, чым для мужчын. Аднак ёсць універсальнае правіла: пачынаць выкарыстанне любога новага эфірнага алею варта з 1 кроплі. У многіх выпадках адной кроплі алею дастаткова, каб ён пачаў уздзейнічаць на ваш арганізм і ў выпадку індывідуальнай непераноснасці праявіў сябе.

Водаратэрапія ад начных кашмараў

Калі вас пераследуюць начныя кашмары, дапамогуць пахі герані, рамонку, пачулі, сандалавага дрэва і іланг-ілангу. Гэтыя алеі выкарыстоўваюць для расслабляльнага масажу. Таксама некалькі кропель алею можна дадаць у водаралямпу.

...ад трывожнага страху


Ад хвалявання перад іспытам або паездкай можна пазбавіцца, калі капнуць на насоўку 2—3 кроплі алею лаванды, базіліку, мускатнага шалфею або мяты. Таксама можна камбінаваць водары дзягілю, мёду, ружы і кедра. Класічным кактэйлем ад страху з'яўляюцца змешаныя роўнымі часткамі алеі мелісы і базіліку.

...ад раздражняльнасці

Справіцца з раздражняльнасцю дапамагае пах анісу, іланг-ілангу, лаванды, лімона, герані, ружы, маярану, мандарыну, мелісы. Дапаможа і салодкі пах мёду. Гэтыя ж пахі знімаюць нервовае напружанне.

...ад дэпрэсіі

Пах нават можа дапамагчы вярнуць упэўненасць у сабе і перамагчы дэпрэсію, аднак для гэтага ўдыхаць карысныя водары трэба рэгулярна і даволі працяглы час. Пры дэпрэсіі варта самому вырашыць, які пах падыходзіць больш — бергамот, герань, язмін, ружа, мята, гваздзіка, фіялка, лімон або кедр.

Лепшы сродак пры дэпрэсіі — алей неролі (флёрдаранж). Праўда, ён даволі дарагі, аднак аказвае надзвычайны эфект: адганяе змрочныя думкі і супакойвае псіхіку. У водаралямпе можна змяшаць гэты алей з алеем жажаба або бергамоту.

...ад нерашучасці

Калі доўгія роздумы псуюць жыццё або, як мінімум, ні да чаго не прыводзяць, то дапамагчы пазбавіцца ад нерашучасці могуць алеі эўкаліпту, мускатнага шалфею, размарыну або лімона.

Дапамагаюць умацаваць характар водары дзягілю, мацярдушкі, размарыну, шалфею і кіпарысу. Для аднаўляльнага масажу можна выкарыстаць такую сумесь: 15 кропляў алею імбіру, па 2 кроплі алею размарыну і лімоннай травы змяшаць з 50 мл міндальнага алею і добра ўзбоўтаць.

...ад няўважлівасці

Калі цяжка засяродзіцца перад адказным заданнем, варта выкарыстаць алеі размарыну, базіліку, мірты і лімона. Інтэлектуальныя здольнасці таксама павышае водар перцавай мяты: ён спрыяе паляпшэнню памяці, вяртае яснасць думак.

...ад апатыі

Пры апатыі дапамагаюць рэгулярныя ванны, масаж і наданне паветру ў памяшканні паху імбіру, лімоннай травы, чабору.

...ад стомленасці

Лепшы сродак ад стомленасці — ванна з некалькімі кроплямі алею размарыну. Яго пах стымулюе нервовую сістэму і паляпшае кровазварот. Калі ж няма магчымасці адпачыць, хутка аднавіць сілы дапамогуць водары базіліку, маярану, гваздзікі і чабору.

...ад нервовасці

Нервовую сістэму ўмацуюць водары валяр'яну, бергамоту, рамонку, лаванды, маярану і сандалавага дрэва. Гэтыя пахі дастаткова моцныя і свежыя, каб стварыць вакол спакойную атмасферу. Калі нервы моцна разладжаныя, варта рэгулярна дадаваць у ванну або касметычныя сродкі некалькі кропель вышэйпералічаных алеяў.

...ад прыгнечанасці

Калі вамі раптам авалодаў прыгнечаны настрой і ўвесь свет здаецца шэрым і змрочным, паспрабуйце вярнуць бадзёрасць, накапаўшы ў водаралямпу некалькі кропель язміну, лаванды або іланг-ілангу. Для ўзмацнення эфекту прыміце ванну з гэтай духмянай сумессю.

...для самастойнасці

Умацаваць уласнае "я", павысіць самаацэнку, пераадолець бязволле і прыгнечанасць дапаможа водар ядлоўцу. Такія ж уласцівасці маюць алеі лаўру і туі, аднак яны даволі таксічныя і прымяняць іх лепш пад наглядам спецыяліста.

...ад абыякавасці

Ад абыякавасці і безудзельнасці дапамогуць пазбавіцца ўзбуджальныя пахі. Ідэальным будзе выкарыстаць алей перцу, аднак масаж з ім можа выклікаць раздражненне скуры. Таксама можна ўдыхаць водары чабору, карыцы і лімона. У водаралямпе можна змяшаць алеі грэйпфрута і размарыну роўнымі часткамі.
____________________
Правілы выкарыстання эфірных алеяў

*   Перш, чым пачаць выкарыстоўваць новы эфірны алей, правядзіце індывідуальны тэст на пераноснасць: 1 кроплю алею нанясіце на сурвэтку або насоўку і на працягу дня некалькі разоў падносьце да носа. Прыкметы алергічных рэакцый: насмарк, слёзацячэнне, чханне.
*   Як бы вам ні падабаўся водар, варта памятаць пра пачуццё меры. Трымайцеся правіла: у водаратэрапіі больш — не заўсёды лепш. Малыя дозы эфірных алеяў з’яўляюцца стымулятарамі, а вялікія — прыгнятаюць жыццёва важныя працэсы ў арганізме.
*   Эфірныя алеі не рэкамендуецца наносіць на скуру ў чыстым выглядзе (у 100-працэнтнай канцэнтрацыі). Выключэнне складаюць лаванда і чайнае дрэва. Для абагачэння касметычных сродкаў бярыце не больш за 7 кропляў на 5 г сродку.
*   Калі вы карыстаецеся эфірным алеем у водаралямпе, першыя два сеансы не павінны перавышаць 10—15 хвілін.
*   Духмяныя ванны — адна з самых прыемных працэдур, якая дае хуткі пазітыўны эфект. У такой ванне тэрапеўтычны эфект дасягаецца як за кошт пранікнення карысных рэчываў праз скуру, так і за кошт удыхання пахкіх выпарэнняў. Тэмпература вады ў ванне не павінна перавышаць тэмпературы цела, 36—37 градусаў; час прыняцця ванны — каля 15 хвілін. Калі вы прымаеце ванну ўпершыню, не трэба захапляцца: 3—5 хвілін цалкам дастаткова. Вы цудоўна сябе адчуваеце пасля ванны? Можна павялічваць час.

Эфірныя алеі практычна нераспушчаныя ў вадзе, таму, перш чым дадаць алей у ванну, неабходна развесці яго ў эмульгатары, у якасці якога выкарыстоўваюць марскую або кухонную соль, мёд, смятану, вяршкі, кефір. Дапушчальныя канцэнтрацыі ў алеяў розныя, але сярэдняй аптымальнай колькасцю кропляў можна лічыць 1 кроплю на 10 літраў вады.

*   Пры масажы эфірныя алеі звычайна выкарыстоўваюць разведзенымі. Іх змешваюць са звычайным натуральным алеем у неабходнай прапорцыі. Доля эфірнага алею пры змешванні з нейтральным алеем складае ад 1 да 3 працэнтаў, напрыклад, 3 кроплі духмянага алею на 10 мл нейтральнага.
*   Пры цяжарнасці, пры наяўнасці хранічных захворванняў або падчас прыёму лекаў выкарыстоўваць эфірныя алеі варта пасля кансультацыі са спецыялістам.
*   Для эфірных алеяў шкодныя ўльтрафіялетавыя промні, вільгаць і кісларод, таму іх трэба захоўваць шчыльна закаркаванымі ў цёмным сухім месцы, недаступным для дзяцей. Яны таксама ўспрымальныя да перападаў тэмпературы.

Падрыхтавала Вольга Кулінковіч
Звязда,  2 лютага 2011


 

Кoличество переходов на страницу: 1718


Комментарии