https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вотруб`е: вырашэнне пяці праблем


Ні для каго не сакрэт, што прадукты дзеляцца на карысныя і не вельмі. Напрыклад, гародніна і садавіна значна больш карысныя, чым пірожныя і цукеркі, а хлеб з вотруб'ем лепш за звычайны. Але калі з садавіной і агароднінай усё зразумела, то ў чым заключаецца карысць славутага вотруб'я, для многіх застаецца загадкай.

Вотруб'ем завецца тое, што звычайна ідзе ў адходы пры перамолванні збожжа ў муку. Калі не надта паглыбляцца ў батаніку, гэта ўсё, што знаходзіцца вакол крухмалістага асяродка зярняці. Вотруб'е не надта пажыўнае, аднак яно ўтрымлівае карысныя для арганізма рэчывы: клятчатку, вітаміны і мікраэлементы. Лічыцца, што ў вотруб'і змяшчаецца 90% біялагічна актыўных кампанентаў.

Нягледзячы на відавочную карысць вотруб'я, да нядаўняга часу попытам яно не карысталася і ў асноўным ішло на корм жывёле. Прычына простая: вотруб'е ў натуральным выглядзе есці немагчыма, а прыгатаваць яго смачна ніхто не ўмеў. Каму патрэбен шэры хлеб з вотруб'ем, калі можна купіць добры з мукі вышэйшага гатунку?

Усё змянілася з узнікненнем моды на здаровы лад жыцця. На парозе ХХІ стагоддзя людзі, стомленыя паўфабрыкатамі і фастфудам, задумаліся аб правільным харчаванні, экалагічна чыстых прадуктах і натуральных вітамінах. Менавіта тады стаў актуальным хрэстаматыйны афарызм "Я тое, што я ем", які прыпісваюць бацьку медыцыны Гіпакрату. Дарэчы, пра карысць вотруб'я для здароўя Гіпакрат таксама гаварыў.

Вытворцы прадуктаў харчавання, вырашыўшы крочыць у нагу з часам, успомнілі пра вотруб'е. Яны пачалі дадаваць яго ў ёгурты, кашы, печыва, хлеб. Ну і, вядома, вырабляць у гатовым да ўжывання выглядзе — у форме гранул. Можна проста храбусцець, а можна выкарыстоўваць у прыгатаванні карысных і нізкакаларыйных страў. У залежнасці ад перапрацаванага збожжа грануляванае вотруб'е бывае пшанічным, жытнім, аўсяным і г.д.

Калі вотруб'е незаменнае?

Праблема 1. Гіпавітаміноз

Калі парушаюцца суадносіны паміж расходаваннем вітамінаў і паступленнем іх у арганізм, надыходзіць гіпавітаміноз. У залежнасці ад таго, якія вітаміны ў дэфіцыце, гіпавітаміноз можа праяўляцца ўпадкам сіл, паніжэннем імунітэту, пагаршэннем памяці, выпадзеннем валасоў, ломкасцю пазногцяў і г.д. Звычайна такі стан узнікае бліжэй да вясны, таму што прадукты, якія захоўваліся зіму, страчваюць карысныя ўласцівасці. Акрамя таго, патрэбы арганізма ў вітамінах павышаюцца пры стрэсе, курэнні, цяжарнасці, а таксама разумовых і фізічных перагрузках.

Вотруб'е змяшчае вітаміны групы В, вітамін Е і правітамін А. Менавіта таму вотруб'е такое карыснае пры гіпавітамінозе. Таксама ў ім прысутнічаюць мікраэлементы, неабходныя для нармальнага праходжання абменных працэсаў у арганізме: цынк, медзь, калій, магній.

Праблема 2. Лішняя вага


Ёсць у чалавека лішняя вага або няма, можна даведацца, разлічыўшы яго індэкс масы цела па формуле: вагу (у кілаграмах) падзяліць на квадрат росту (у метрах). Калі вынік большы за 25 — значыць, лішняя вага ёсць. Калі ж індэкс масы цела большы за 30, то гэта ўжо атлусценне. Чым апошняе небяспечна? Пры атлусценні парушаецца абмен рэчываў, пакутуюць суставы і вены на нагах, павышаецца рызыка ўзнікнення хвароб сэрца і сасудаў.

Вотруб'е незаменнае пры лячэнні атлусцення. Усім вядома, што наядацца на ноч — шкодна для фігуры. Але калі голад не дае заснуць, не варта аб'ядацца бутэрбродамі, прыгатаванымі на хуткую руку, — лепш узяць шклянку кефіру (або абястлушчанага малака) і выпіць яго ўпрыкуску з вотруб'ем. Колькасць кілакалорый у 100 грамах вотруб'я — ад 150 да 200. Гэта больш, чым у сырой моркве, але значна менш, чым у доктарскай каўбасе. Аднак, у адрозненне ад каўбасы, вялікай пажыўнай каштоўнасці вотруб'е не мае. Іх аснова — раслінныя валокны, якія дрэнна ператраўліваюцца, затое хутка даюць адчуванне сыці, дзякуючы чаму чалавек доўга не адчувае голаду.

Праблема 3. Запоры

Запор — гэта затрымка стула больш чым на 48 гадзін. Найбольш частыя прычыны запораў: дэфіцыт раслінных валокнаў у рацыёне, недастатковы прыём вадкасці, стрэсы і маларухомы лад жыцця.

Сярод харчовых прадуктаў вотруб'е займае першае месца па колькасці харчовых валокнаў (53-55%). Раслінныя валокны (клятчатка) стымулююць работу кішэчніка за кошт адсорбцыі вады. Адсорбцыя вады ў кішэчніку павялічвае аб'ём калавых мас і зніжае рызыку запораў.

Праблема 4. Захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы

Навукоўцы з Гарвардскага ўніверсітэта ў Бостане даказалі, што клятчатка спрыяе паніжэнню ўзроўню халестэрыну, што дабратворна ўплывае на функцыянаванне сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Праблема 5. Павышаны ўзровень цукру ў крыві

Вотруб'е спрыяе падтрыманню аптымальнага ўзроўню інсуліну і цукру ў крыві. Рэч у тым, што вотруб'е засвойваецца вельмі павольна, значыць, пасля яды рэзкага скачка цукру не ўзнікае.

Увага! Ужываць вотруб'е абавязкова трэба з вадой. Інакш эфект ад яго прыёму будзе нулявы. Расказваем, як гэта рабіць правільна: вотруб'е папярэдне запарваюць кіпенем, а праз 20-30 хвілін вадкасць зліваюць. Пасля гэтага кашку можна дадаваць практычна ва ўсе стравы або ўжываць, запіваючы вадой.

Сутачная доза вотруб'я — не больш як 30 грам. Пачынаць яго ўжываць лепш па наступнай схеме: даросламу чалавеку можна есці на працягу 2 тыдняў па 1 ч. лыжцы, а затым па 1-2 ст. лыжкі 3 разы на дзень.

Каб атрымаць максімальную карысць ад вотруб'я, варта павялічыць аб'ём вадкасці, ужытай на працягу сутак, да 1,5-2 л.

Неабходна памятаць, што прыём вотруб'я пажадана не спалучаць з прыёмам полівітамінных прэпаратаў. Гэтыя рэчывы лепш падзяліць па часе.  Напрыклад, вітаміны і мінералы атрымліваеце ў абед, а вотруб'е — на снеданне і вячэру. Так можна гарантаваць паступленне і ўсмоктванне карысных рэчываў у належнай колькасці.

Вотруб'е супрацьпаказана:


* пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту з сіндромам дыярэі;

* пры гастрыце, язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі і іншых эразіўных паражэннях СКТ у стадыі абвастрэння;

* пры спаечнай хваробе брушной поласці.

дарэчы

Дасведчаны касметолаг абавязкова параіць увесці ў рацыён вотруб'е для паляпшэння стану скуры, асабліва адчувальнай, схільнай да запалення і лушчэння. У хатняй касметыцы вядомыя маскі з заваранага вотруб'я з малаком — для змякчэння скуры, ліфтынгу і нават мяккага пілінгу.

Аладкі на снеданне

3 ст. лыжкі аўсянага вотруб'я заліць гарачым малаком (у колькасці, дастатковай для набракання), дадаць 1 ч. лыжку разынак, 3 здробненыя міндальныя арэхі і 3 шт. чарнасліву (таксама дробна нарэзаныя). У ахалоджаную сумесь убіць яйка, перамяшаць і выкласці на гарачую патэльню, папярэдне змазаную маслам. Падсмажыць на сярэднім агні, потым пакінуць на самым слабым агні да патрэбнага зацвярдзення, каб можна было перавярнуць, і падсмажыць з другога боку.

Каша грэцкая
з вотруб'ем і цыбуляй


У рассыпістую грэцкую кашу падмешваюць пасераваную рэпчатую цыбулю і вотруб'е, падсмажанае да чырванаватага колеру. Пры падачы на стол дадаюць сметанковае масла.

Падрыхтавала
Вольга Кулінковіч
Звязда


 

Кoличество переходов на страницу: 1893


Комментарии