https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як спагнаць грошы пры няякасным выкананні заяўкі?


Для чаго рэфармавалі сістэму ЖКГ у Мінску і што рабіць пры няякасным выкананні работ?

Увечары 30 снежня ў нашай кватэры раптам патухла святло. Ва ўсім доме ёсць, на лесвічнай пляцоўцы ёсць, і толькі ў нас — няма. Успомніўшы, што ад нядаўняга часу ў сталіцы працуе адзіная дыспетчарская тэлефонная служба, набрала нумар 115. Дзяўчына на тым канцы выслухала заяўку і сказала, што майстар прыйдзе цягам гадзіны-трох. Майстры сапраўды прыйшлі праз тры гадзіны — аб 11-ай вечара. На рамонт шмат часу не пайшло: аказалася, нешта здарылася з рубільнікам... Пасля я атрымала SМS-паведамленне «Ваша заяўка выканана», а на наступны дзень мне яшчэ і перазванілі і далі справаздачу: няспраўнасць ліквідаваная. «Вось гэта сэрвіс!» — падумала я. Але, як аказалася, так пашчасціла не ўсім, хто звяртаўся ў агульнагарадскую службу.

Падобная сітуацыя здарылася і з маімі знаёмымі, якія, праўда, спачатку доўга не маглі дазваніцца ў дыспетчарскую, а калі нарэшце атрымалася, давялося чакаць майстроў не абяцаныя тры, а чатыры гадзіны.

Вядома, усё можна патлумачыць збегам абставін, маўляў, раз на раз не прыпадае. Сапраўды, калі здараюцца, напрыклад, аварыі і паступае вялікая колькасць заявак, аператары могуць проста не спраўляцца з усімі званкамі. У той час пры звычайным рэжыме работы ніякіх доўгіх дазвонаў не бывае.

Увогуле праца адзінай дыспетчарскай службы ў сталіцы пакуль толькі «шліфуецца», таму пэўныя моманты выклікаюць шмат пытанняў. Напрыклад, некаторыя мінчане ўжо сутыкнуліся з тым, што для правядзення тых ці іншых работ у кватэры аператары не могуць знайсці спецыяліста патрэбнага профілю, скажам электрыка, таму прапануюць жыльцам... шукаць яго самастойна. Сёння спецыялісты ЖЭС абслугоўваюць у першую чаргу дамы, а не кватэры. Ды і колькасць платных бытавых паслуг у жыллёвых службах з нядаўняга часу значна скарацілася: па словах гендырэктара Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Віталя Смірнова, іх цяпер будзе не 1910, як раней (цікава, адкуль камунальнікі столькі налічылі?), а ўсяго 32. Заказаць у ЖЭСе можна толькі некаторыя віды сантэхнічных, электрамантажных і іншых работ. Напрыклад, па заяўцы адключаць стаякі водазабеспячэння або ацяплення. А заказ на іншыя платныя паслугі жыллёвыя службы будуць прымаць толькі ў тым выпадку, калі ў іх знойдуцца спецыялісты і матэрыялы. Такія захады прыняты дзеля эканоміі: па словах Віталя Смірнова, утрыманне брыгад па побыце не акупляецца, бо ад жыхароў паступае мала заявак.

— Спецыялісты аддзела інфармацыйна-сэрвіснага абслугоўвання пасля атрымання заяўкі і пераадрасацыі яе ў ЖЭУ пастаянна падтрымліваюць сувязь з адказнымі за яе выкананне работнікамі і валодаюць інфармацыяй аб тым, што зроблена ці плануецца зрабіць, — запэўнівае начальнік першай лініі кантакт-цэнтра ЖКГ Мінска Кацярына КАРВАЦКАЯ. — У выпадках, калі паступае заяўка на аказанне платнай бытавой паслугі (напрыклад, патрабуецца адрамантаваць змяшальнік у ванным пакоі), дыспетчар ЖЭУ сам ператэлефаноўвае жыльцу, узгадняе з ім час прыбыцця сантэхніка і інфармуе аб гэтым кантакт-цэнтр. Мы таксама атрымліваем звесткі аб тым, калі праца была завершана. Інфармацыя па ўсіх зваротах захоўваецца ў агульнай базе звестак і пры неабходнасці ёю можна скарыстацца.

Магчыма, так і робіцца. Толькі зноў адно важнае ўдакладненне: пры наяўнасці адпаведных спецыялістаў і матэрыялаў. Таму для некаторых схема, якая працавала раней — калі жыхар кантактаваў непасрэдна з ЖЭУ (ЖЭС), — была прасцейшай і больш зразумелай, бо існавала прамая сувязь з выканаўцам.

Што ж застаецца рабіць людзям, калі, напрыклад, узнікла неабходнасць памяняць электравыключальнікі ў кватэры? Прыватныя арганізацыі па аказанні бытавых паслуг бяруць за паслугі нямала, ды і як быць упэўненым, што за працу возьмецца добры спецыяліст, а не які-небудзь невук, які, крый Божа, можа абясточыць увесь дом? І калі ў Мінску яшчэ можна знайсці добрага майстра па адэкватным кошце, то на ўзроўні раёнаў (вобласць збіраецца падхапіць сталічную рэформу ЖКГ) — не заўсёды... Падчас прэзентацыі рэформы казалі, што пры службе 115 павінны быць створаны брыгады для аказання розных платных паслуг. Але на практыцы ўсё аказалася значна складаней, чым у планах.

Узнікае пытанне: ці варта праводзіць рэформу, пры якой заказчыку — у выпадку немагчымасці ці дрэннай якасці аказання паслуг — няма з каго і спагнаць? Не з аператарам жа кантакт-цэнтра сварыцца, які толькі перадае заказ у адпаведную службу! У гэтым выпадку прэтэнзіі варта зберагчы менавіта для супрацоўнікаў ЖЭС, з якой звязаўся аператар агульнагарадской службы для выканання вашай заяўкі.

— З прэтэнзіямі на няякасна выкананую працу альбо аказаную паслугу звяртацца непасрэдна ў кантакт-цэнтр некарэктна, таму што гэтую паслугу аказвае жыллёвая арганізацыя, — пацвярджае начальнік упраўлення кантакт-цэнтра ЖКГ Мінска Ігар КІРЫЛЕНКА.

Юрысты ж раяць напісаць скаргу або ліст у жыллёва-эксплуатацыйную службу аб неабходнасці выправіць работу. Калі своечасовага адказу не паступае, можна звярнуцца ў вышэйшыя арганізацыі альбо ў суд. Пры гэтым усе выдаткі лягуць на камунальныя службы.

seradzyuk@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Zviazda.By



 

Кoличество переходов на страницу: 646


Комментарии