https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Звязда» і Інстытут мовазнаўства распачынаюць рубрыку «Полацкі сшытак»


Газета «Звязда» сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі распачынае новую рубрыку пад назвай «Полацкі сшытак». Не сакрэт, што ў наступным годзе мы будзем адзначаць 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання, распачатага доктарам Францыскам Скарынам. Таму не выпадкова і Дзень пісьменства ў наступным годзе будзе праходзіць менавіта на малой радзіме першадрукара. Аднак гэта толькі адна, хоць і надзвычай яскравая старонка гісторыі Полаччыны. Самы час даведацца, чым яшчэ вядомая гэтая старажытная зямля?


Загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, кандыдат філалагічных навук Вераніка Курцова раскажа пра лексічныя таямніцы Полаччыны. Напрыклад, можна будзе даведацца, «што яднае п'яніцы і ганаболі?», «што смачней: какора ці лапун?» Будуць прааналізаваны адметныя гукавыя рысы гаворак Полаччыны — «як аер стаў вернікам», «блізкія ці далёкія сваякі сачэнь і цацэнь?» Уважліва будуць разгледжаны таксама сінтаксічныя рысы полацкіх гаворак, а таксама іх марфалагічныя адметнасці: «чытае ці чытаець, мы ядзім ці ядзём, сады цвітуць ці цвіцяць

Каго «мещане полоцкие» называлі «велебнымъ» і «добророднымъ»? Хто такія «сестренецъ» і «дядьковичъ»? Якія абавязкі меў «ездокъ»? Адказ на гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці ў артыкуле загадчыка аддзела гісторыі беларускай мовы, кандыдата філалагічных навук Наталлі Паляшчук «Палачанін Сярэднявечча праз прызму лексікі полацкіх дакументаў».

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук Сяргей Гаранін будзе прадстаўляць звесткі і меркаванні пра Полацкія летапісы. Можна будзе даведацца, чым звязаны «Слова пра паход Ігаравы» і Полаччына. «Іераманах Варсанофій — полацкі вандроўнік ХV стагоддзя», «Пісьменства напярэдадні з'яўлення кнігадруку», «Паслядоўнікі Францыска Скарыны», «Паэзія ў Полацку ў ХVІІ стагоддзі: Ігнацій Іяўлевіч і Філафей Утчыцкі», «Сімяон Полацкі і паэзія Барока» — гэтыя тэмы, без сумнення, могуць выклікаць цікавасць у чытачоў «Звязды».

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута, кандыдат філалагічных навук Ірына Будзько раскажа пра першакнігу беларусаў — Полацкае Евангелле ХІІ стагоддзя. Асабліва цікавым абяцае быць яе артыкул «Графіці Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра».

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута, кандыдат філалагічных навук Эльвіра Ярмоленка прыадчыніць вядомыя і невядомыя старонкі «Жыція Еўфрасінні Полацкай».

Дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў, па заведзенай і любімай нашымі чытачамі традыцыі, будзе разглядаць тапаніміку гэтага краю. Але цяпер увага даследчыка будзе звернута яшчэ і на адметныя прозвішчы палачан.

Варта дадаць, што амаль усе з названых матэрыялаў будуць апублікаваны ў «Звяздзе» ўжо ў наступным годзе. Спадзяёмся, вы не забыліся аформіць падпіску.

Заставайцеся з намі — будзе цікава!

Ніна Шчарбачэвіч
nina@zviazda.by
Карэліцкі раён
13 снежня 2016zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 673


Комментарии