https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Звязда» запускае новую рубрыку пра традыцыі і святы беларусаў


Пастаянныя шматгадовыя аўтары «Звязды» ў новай рубрыцы раскажуць аб тым, якія традыцыі і сімвалы нас аб'ядноўваюць і які сакральны сэнс яны маюць.

Ад культуры Роду да культуры НаРода

На працягу шэрагу гадоў старонкі газеты і яе мудрыя чытачы былі для нас своеасаблівым «круглым сталом», які дапамагаў прэзентаваць і адначасова асэнсоўваць традыцыі і святы беларусаў, іх шматвяковую этнакультурную спадчыну, тыя духоўныя каштоўнасці, якія дапамагалі народу і кожнаму чалавеку жыць у згодзе з нябёсамі, сваімі суседзямі, членамі сям'і, самім сабой. Наша спасціжэнне традыцыйных культурных практык мела некалькі этапаў.

На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў масавай свядомасці ўзнікла зацікаўленасць святочна-абрадавай культурай сваіх продкаў, пераважалі артыкулы апісальнага характару. Літаральна праз некалькі гадоў узнікла патрэба патлумачыць сэнс тых або іншых абрадавых дзеянняў, асаблівасці выкарыстання розных рытуальных атрыбутаў, звярнуць увагу на суіснаванне дзвюх культурных плыняў: старажытнай дахрысціянскай і больш позняй, запазычанай хрысціянскай. Прайшоў час, і на розных сустрэчах нашы слухачы і чытачы пачалі задаваць зусім іншыя па характары пытанні: «А вось у нашай вёсцы памерлых памінаюць не на Радаўніцу (у нас нават назвы такой не ведаюць), а ў Наўскі Вялікдзень. Чаму так?»; «А ў нас на вяселлі...» і г.д.

Адбылася абсалютна заканамерная эвалюцыя ў свядомасці людзей. Асэнсаваўшы сябе прадстаўнікамі суверэннай краіны, якая мае сваю гісторыю, культуру, мову, якая абрала свой шлях дыялогу з суседзямі і развіцця з імі эканамічных стасункаў, людзі сутыкнуліся з праблемай уласнай самаідэнтыфікацыі: хто ты, адкуль твае карані, дзе твая малая радзіма, да якога роду ты адносішся? Гэтыя пытанні паўсталі яшчэ і таму, што тыя макрасацыяльныя працэсы, якія пераважалі ў апошняй чвэрці ХХ і на пачатку ХХІ стагоддзя — актыўныя міграцыі, урбанізацыя, засілле масавай культуры — фактычна адрывалі чалавека ад роднай зямлі, ад традыцый роднай маці і бабулі і нівеліравалі нашу свядомасць, ператвараючы нас у маргінальны электарат. Мы разумеем: ад працэсаў глабалізацыі нікуды не схавацца, ды і не трэба гэтага рабіць. Сёння цяжка ўявіць сваё жыццё без мабільнага тэлефона, без сусветнай інтэрнэт-павуціны, горад фарміруе сваю культуру, аддае перавагу сваім сацыякультурным каштоўнасцям. Усё так.

Аднак ёсць і іншы бок душэўнага медаля: дзякуй Богу, што нас цягне наведаць магілы сваіх бабулі і дзеда, нас вабіць кавалачак «роднай» зямелькі, нам хочацца выпіць кубачак вады з «роднага» калодзежа. І сёння мы ўсё больш і больш разумеем, што наша краіна прыцягвае і нас, і нашых гасцей-турыстаў сваёй рэгіянальнай непаўторнасцю. Вельмі хацелася б, каб нашы сядзібы паступова станавіліся не толькі мікракопіяй гарадскіх спа-цэнтраў, «пасаджаных» у прыгожы ландшафт, але яшчэ і натуральным асяродкам канцэнтрацыі натуральнай, роднай, матчынай культуры.

Цяпер перад этнографамі стаіць найцікавейшая задача — зразумець усё шматгалоссе беларускай народнай культуры. Напрыклад, тое, што характэрна для большай тэрыторыі Беларусі называюць агульнанацыянальным складнікам; тое, што бытуе на акрэсленай тэрыторыі, будзе мець назву рэгіянальнай традыцыі, а калі пэўная з'ява зафіксавана толькі ў адной якой-небудзь вёсцы, то гэта ўжо проста лакальная рэч. Зразумелая сітуацыя: для таго каб спрасціць сабе жыццё, навука абстрагуецца ад канкрэтнага гісторыка-культурнага ландшафту, ад якога ніколі не адступала археалогія. Таму і атрымалася, што шматвяковую гісторыю фарміравання беларускага этнасу з яго родавымі і племяннымі арэаламі існавання мы пераводзім у кантэкст сучаснага адміністрацыйнага падзелу.


Шмат гадоў таму прафесар Фёдар Янкоўскі праводзіў сярод студэнтаў філфака педінстытута вельмі просты, але эфектны эксперымент. Ён прасіў кожнага з нас сказаць некалькі сказаў на тым дыялекце, які быў характэрны для нашай вёскі. Праз некалькі імгненняў ён беспамылкова называў мясцовасць, адкуль кожны з нас прыехаў на вучобу. Якраз гэтаксама было і з дыялектамі культуры, абрадавымі практыкамі, кампазіцыямі аранаментаў на народным адзенні і песнямі, якія суправаджалі каляндарныя і сямейна-родавыя абрады.

У сувязі з гэтым перад намі стаіць вельмі складаная задача: мы паспрабуем распачаць гаворку пра шматлікія лакальныя традыцыі, толькі іх дакладна трэба называць родавымі культурнымі каштоўнасцямі, а затым паказаць, якім чынам яны звязаны з традыцыямі іншых родаў, рэгіёнаў. Ужо шмат гадоў Камісія па нематэрыяльнай культурнай спадчыне апякуецца якраз гэтай найважнейшай праблемай: у эпоху глабалізацыі, стварэння розных кантынентальных і міжкантынентальных саюзаў і блокаў захаваць непаўторнасць культурных традыцый розных этнасаў, плямёнаў, родаў, вёсак і нават адной сям'і.

Напрыклад, у вёсцы Басценавічы Мсціслаўскага раёна існуе Варвараўская свяча, у якую «гуляюць» восем жанчын — прадстаўніц розных сем'яў, а вось у вёсцы Доўгавічы бытуе Свяча, якая з'яўляецца духоўным стрыжнем толькі адной беларускай сям'і. У вёсцы Моталь Іванаўскага раёна доўгі час жыве традыцыя «прыкладання каменя» да крыжа на магіле сваяка, якога не стала ў апошні год. У вёсцы Скірмантава Дзяржынскага раёна абрад, які завяршае святкаванне Калядаў, называецца «Пячы ката». А ў шэрагу вёсак Бярэзінскага раёна Каляды заканчваюцца рытуалам, які атрымаў назву «Цягнуць каляду на дуба». Не пералічыць тыя святыя крыніцы, да якіх у розныя каляндарныя святы ідуць хрэсным ходам жыхары суседніх весак, аднак у кожнай мясцовасці існуюць свае абрадавыя адметнасці, выкарыстоўваюцца свае артэфакты культуры, сфакусіраваны свае сацыякультурныя каштоўнасці. Так, адна з жанчын, якая прымала ўдзел у хрэсным ходзе з вёскі Любонічы да святой крыніцы, нечакана для нас прагаварылася: «Сваімі нагамі дайшла да крыніцы, значыць, пражыву гэты год». Вось яно тое сакральнае, што заўсёды суправаджала ўдзел у абрадавай падзеі вёскі. У вёсцы Чарапы Шклоўскага раёна нас вучылі: «Будзеце праходзіць пад іконай, дакраніцеся да яе спінай, увесь год балець не будзе».


Вось тая глыбінная розніца паміж апісальным характарам абрадавых падзей, скіраваным на знешняе, візуальнае ўспрыманне і ў пэўнай ступені фармальную далучанасць да абраду і яго філасофскага асэнсавання, калі на першы план выходзіць свядомая ўключанасць, калі чалавек ставіць перад сабой самую галоўную мэту: «Я буду жыць!» А значыць працягваць свой Род, шанаваць яго каштоўнасці, ганарыцца сваёй далучанасцю не толькі да Роду, але і да таго На-Рода, які мае вялікую і непаўторную гісторыю і які крочыць у будучыню, абапіраючыся на каштоўнасны падмурак сваіх П-Род-каў.

Старая і мудрая Еўропа зараз трымае вельмі складаны экзамен па тэорыі дыялогу розных культур. Наш этнас на працягу пяці апошніх стагоддзяў не толькі здаў гэты экзамен, але і шматразова пацвердзіў яго выніковасць. У нас мірна суіснуюць усе рэлігійныя канфесіі, дыяспары розных нацыянальных супольнасцяў, захоўваюць і прэзентуюць свае этнічныя традыцыі. Нам засталося ўсяго адно, але самае складанае: не толькі захаваць сваю этнічную адметнасць, а зрабіць так, каб культурны складнік заставаўся найважнейшым ва ўласнай самаідэнтыфікацыі.

Нашы далейшыя разважанні аб культуры Роду на старонках газеты «Звязда» працягнуцца, але запрашаем чытачоў прыняць у іх самы актыўны ўдзел: пішыце нам, пішыце ў рэдакцыю пра тыя традыцыі, абрады, звычаі, якія жывуць у вашай мясцовасці, вашым родзе, вашай сям'і, якія робяць нас адметнымі сярод астатніх, якія перадаваліся ад пакалення да пакалення і якія вы захавалі для сваіх унукаў. «Вы багаты Намі, а мы багаты Вамі», — казалі мудрыя беларусы.

Аксана Катовіч, Янка Крук
30 снежня 2016, 
zviazda.by,



 

Кoличество переходов на страницу: 676


Комментарии