https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Зямны вандроўнік Павел Місько


Вялікі свет маленства

Ужо амаль пяць гадоў яго няма з намі. 14 сакавіка П. Місько споўнілася б 85 гадоў. Цяжка пісаць пра бацьку як пра пісьменніка. Для цябе ж ён проста бацька. Ты ж памятаеш, як ён браў у лес, вазіў на мора... Яго прафесія не здавалася табе незвычайнай.

З ранняга дзяцінства згадваецца, якія забаўныя і разнастайныя цені ён умеў паказваць рукамі на сцяне. Вырэзваў, не адрываючы ножанак, з паперы нейкія неверагодныя канструкцыі. Паказваў з-за спінкі крэсла лялечны тэатр: і бульбіны з моркаўкамі размаўлялі, і рукавічкі, і лялечныя галовы на пальцах, і проста рукі. Пра што былі «спектаклі»? Пра ўсё. І казкі, і павучальныя гісторыі — фактычна бацька сам стаў правобразам дзядзькі Лявона з «Навасёлаў». У яго нават была кніга пра лялечны тэатр. Аказваецца, пасля школы ён думаў спачатку паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут, а калі закончыў журналісцкае аддзяленне філфака БДУ і працаваў у Давыд-Гарадку ў раёнцы, кіраваў драмгуртком мясцовага Дома культуры. Трэба сказаць, што такое выхаванне дапамагло мне гадаваць і сваіх дзяцей: часта тое, што яны «не чулі» з маіх вуснаў, цудоўна засвойвалі ад пальчатачнага Невядомскага (так я называла Нязнайку, ляльку, якую калісьці прывёз з камандзіроўкі бацька).

Так сталася, што найбольшай папулярнасцю карыстаюцца дзіцячыя кнігі Паўла Місько. Гэта нездарма, напэўна: бацька любіў дзяцей, асабліва малых (што не зусім характэрна для большасці мужчын), любіў адкрываць для іх усю разнастайнасць свету, назвы раслін, жывёл і птушак... Памятаю, як я абуралася, што мой маленькі сын падоўгу ляжыць на падлозе каля канапы, марудна засоўваючы пад яе палку і дастаючы. Мне здавалася, што такі занятак, мякка кажучы, не спрыяе развіццю дзіцяці. Але бацька мяне спыніў: «Ён жа не проста так рухае палкай, ён пры гэтым нешта ўяўляе».

Прайшоў час, сын навучыўся гаварыць, і аказалася, што палка была цягніком, які заязджаў у тунэль і вяртаўся, і паміж ад'ездам і вяртаннем адбывалася цэлая гісторыя. Вось гэтая здольнасць разумець вялікі свет маленькага чалавечка і дапамагла напісаць такія цудоўныя кнігі.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што з падлеткамі такога паразумення не было. Даволі запальчывы, бацька з цяжкасцю пераносіў нашы ўзроставыя выбрыкі, а на ласку быў стрыманы. Напэўна, гэта ішло з бацькоўскай сям'і: падшпаркі там працавалі нароўні з дарослымі, ніхто іх не песціў. У вёсцы найперш выхоўваюць працай, уласным прыкладам. Таму недахоп цяпла з яго боку ў гэтым узросце мы кампенсавалі, перачытваючы дзіцячыя кнігі. Безліч разоў чыталі іх і мае дзеці (дагэтуль, варта пакласці навідавоку «Прыгоды Бульбобаў» ці «Прыйдзі, дзень-залацень», як хвілін праз 15 знойдзеш сына ці дачку з усунутым у кнігу носам).

***

Творчая жылка перадалася яму ад абаіх бацькоў. Баба Ганна была цудоўнай казачніцай. Дзед Андрэй мог зрабіць рукамі усё на свеце, вынаходзіў розныя прыстасаванні, цацкі вырэзваў на вокны, самаробную мэблю. У маладосці іграў на гармоніку, зрабіў дзецям балалайку, але ніхто не зацікавіўся. З чацвярых дзяцей, якія выжылі (усяго было васьмёра), Павел стаў пісьменнікам, а Іван, усё жыццё працуючы ў калгасе, самастойна ў сталыя гады авалодаў акардэонам, быў цудоўным мастаком-самавукам (памятаю, усё стараўся падабраць правільныя фарбы, каб перадаць колер серабрыста-зялёнага лісця вярбы).

Адзін з меншых хлопцаў у сям'і, бацька навучыўся прасці і вязаць: яго часам пакідалі з жанкамі, што прыходзілі на попрадкі, калі дзед і старэйшыя браты ішлі на больш цяжкую работу. Увогуле яго адзінага з братоў зацікавіла рукадзелле (праз шмат гадоў ён звязаў першай унучцы шкарпэтачкі. Навучыўся па падручніку для ПТВ плесці паясы ў дзвюх тэхніках, наплёў усёй сям'і рознакаляровых закладак з мулінэ. Мог шыдэлкам звязаць вераўчаныя лапці). Са смакам апісаў бяленне палотнаў, удзел у ім дзяцей у рамане «Хлопцы, чые вы будзеце...» («Не работа — свята, урачысты абрад... Светла помніцца, скрабе душу шчымлівасць...»). Крытыкі абвінавачвалі яго ў залішнім «бытавізме», але дзе цяпер убачыш і ў каго папытаеш падрабязнасці традыцыйнай сялянскай працы, якія ён з любоўю апісаў у сваіх творах?

Дзед Андрэй быў сіберны на работу і нікому спуску не даваў. Рабіў дзецям малыя (але не цацачныя) інструменты, каб дапамагалі змалку. Цэп, каса, граблі адпаведна росту.

Касіць бацька мусіў пачаць гадоў у дзесяць, магчыма, таму і вырас ніжэйшым за братоў. Дзеда ў 1942-м параніў паліцай, даволі доўга ён ачуньваў. Пасля вызвалення Случчыны старэйшага брата і бацьку прызвалі ў войска, другога брата — у 1944-м. Пэўны час Паўлік заставаўся адзіным памочнікам маці (было яшчэ двое малых — брат, які памёр праз год пасля Перамогі, і сястра, што нарадзілася ў 1941-м). Аповесці «Чырвонае неба», «Гусі мае, лебедзі...» адлюстроўваюць атмасферу ваеннага дзяцінства.

***

Любоў да прыроды перадалася бацьку ад любімага дзеда Лукаша (Лукаш у «Калодзежы», дзяды ў аповесцях «Зямля ў нас такая», «Поезд ішоў на захад», баба Вера ў «Ласіных пацерках» маюць яго рысы). Бацькі былі вечна занятыя, а дзед, які так і не ўступіў у калгас, мог кінуць работу і пайсці ў лес ці на рэчку. Лес Востраў, куды яны хадзілі разам, фігуруе ў «Моры Герадота» і іншых творах. Бацька быў заўзятым грыбніком: збіраў ледзь не круглы год — ад вясенніх страчкоў да змерзлых, як шкло, сінюх позняй восенню. Дзяцей браў з сабой у лес, ведаў мясціны, дзе якія грыбы растуць, ехалі мэтанакіравана. Машыны ён доўга не меў, мы ездзілі з іншымі «ціхімі паляўнічымі» — пісьменнікамі Алесем Савіцкім, Уладзімірам Дамашэвічам, Эрнэстам Ялугіным, перакладчыкам Пятром Стафановічам. Дагэтуль стаяць перад вачамі багатыя нерушы баравікоў, вясёлыя страчкі на маладых лесапасадках, карагоды радовак і мёртвы чорны лес трохметровых пнёў, пакрытых апенькамі... Свае грыбныя прыгоды П. Місько апісаў у нізцы апавяданняў «Ласіныя пацеркі», аповесці «Зямля ў нас такая» і інш. Грыбы не знаходзілі паратунку нават у парку Чалюскінцаў, калі мы жылі побач. Не ленаваўся кланяцца і ягадам — збіраў суніцы на палігонах пад Мінскам (раз нават у «палон» трапіў: затрымалі вайскоўцы, высвятлялі асобу, адпусцілі з паўмяшком грэчкі), чарніцы ў Лошы, журавіны, буякі, брусніцы, дзікі барбарыс... Памятаю, як сабраныя суніцы мераў шклянкай, высвятляў базарную цану і радаваўся («Я сёння зарабіў столькі-та»). Зёлкі збіраў. Заўсёды вяртаўся з букетам палявых ці лясных кветак для мамы і з букецікам ягад для дзяцей. З дома творчасці ў Каралішчавічах увесну прывозіў не толькі свежыя рукапісы, але і бярозавы сок. Часта браў і мяне туды на канікулах. Чароўным светам было для мяне гэтае месца, дзе ўпершыню адчула такую нясцерпную любоў да радзімы, што хацелася ўпасці ў траву на квітнеючым лузе і цалаваць нагрэтую сонцам зямлю.

...Спыніў грыбныя-ягадныя паляванні Чарнобыль.

***

Кажуць, рэдка бывае, каб у пісьменніка была такая разнастайная творчасць: проза і паэзія — і для дарослых, і для дзяцей; кнігі гумару і п'есы; фантастыка і сацрэалізм. А мне здаецца натуральным, калі журналіст пачынае з кніг нарысаў, дакументальнай аповесці, піша ў асноўным прозу, а калі нараджаюцца дзеці — з'яўляюцца і дзіцячыя кнігі. Да таго ж П. Місько памятаў сваё бяскніжнае дзяцінства, як нясцерпна (і пра што) тады хацелася чытаць. Вытокі «Навасёлаў» — у гродзенскім перыядзе жыцця сям'і (1959-1964), у кнізе апісаны некаторыя прыгоды маіх сястры і брата і іх сяброў. «Як на нашы імяніны...» змяшчае больш факты майго жыцця (нават нашы акварыумныя рыбкі і хамяк сталі героямі гэтай аповесці. Знайшло ў ёй адлюстраванне і тагачаснае захапленне бацькам кактусамі, першымі «дзеткамі» якіх падзяліўся з ім Васіль Сёмуха). «Дзень-залацень» быццам знарок напісаны для ўнучак. Для маіх дзяцей пераклаў «Канька-гарбунка» і Чукоўскага (праўда, атрымалася «паводле» — «Муха-весялуха», бо арыгінал палічыў надта жорсткім для сучасных дзяцей. «Змякчыў» нават сюжэт казкі пра Піліпку-сынка: у «Прыйдзі, дзень-залацень!» у печцы сасмажваецца не ведзьміна дачка, а толькі дрэнны пацук). Прыдумаў некалькі калыханак для ўнука Тамаша. Ён любіў пісаць для дзяцей, лічыў іх самымі ўдзячнымі чытачамі і самымі шчырымі крытыкамі...

Хлеб для душы

Брат-пісьменнік!

Помні звышзадачу:

Хлеб — вось твор, найпершы для душы.

Твор рабі, як хлеб, калі ж іначай —

Кінь пяро і болей не пішы!

Ва ўспамінах «На покліч душы» бацька расказаў, з якімі цяжкасцямі прабіваўся ў вялікую літаратуру, пра сямнаццаць гадоў, аддадзеныя журналістыцы. Нават ад газетных фельетонаў да гумарэсак у «Вожыку» і зборнікаў сатыры і гумару шлях быў хоць лагічны, але цярністы і доўгі.

Павел Місько лічыў, «што літаратура робіцца валамі». Ён і сам быў такім «валом», і нямала радкоў прысвяціў услаўленню «цягавітасці і ўпартасці сялян». Цягавітасцю сваёй ён абавязаны бацькам — дзед лічыўся стаханаўцам, бабуля атрымала ордэн «За працоўную адзнаку». Працэс напісання твора параўноўваў з ткацтвам («Роздум у раённым музеі»):

...Ці тых ідэй выснову

Кладзём мы на аснову?

А мова, стыль, браток,

Хіба не той жа ўток?

Прыстукнуў бёрдам ты ледзь-ледзь,

Не загусціў свой выраб,

І не тканіна ўжо, а рэдзь,

Чытач выносіць вырак.

У чым-чым, а ў «рэдзі» Паўла Місько абвінаваціць немагчыма. Яго проза — скарбніца народнай мовы. Нездарма ў тлумачальным слоўніку шмат цытат з яго твораў.

Моўныя характарыстыкі герояў вельмі разнастайныя: ад мясцовых гаворак (над сталом заўжды стаялі ўсе магчымыя дыялектныя слоўнікі і ўласная картатэка слуцкіх слоў) да макаранічнай мовы. Нязмушанасць і натуральнасць мовы дазваляе забыць, што на пачатку творчага шляху аўтар змагаўся з газетнымі штампамі. Калі выйшаў руска-беларускі слоўнік фразеалагізмаў, ён дапісаў шмат дапаўненняў на палях. Перадаваў іх З. Санько, друкаваў падборку ў «ЛіМе».

Яго раманы падобны на хлеб — спажыўныя, грунтоўныя. «Градабой» фактычна — энцыклапедыя савецкай вёскі перыяду яе росквіту (канец 70-х), такой ужо не існуе (калі чытала першы раз, не магла і падумаць, што ўсё так зменіцца і гэты твор калісьці набудзе гістарычную каштоўнасць!). І ў гэтым «разгары застою» кіпяць шэкспіраўскія страсці трох пакаленняў адной сям'і.

***

Закончыўшы ўніверсітэт ў 1955-м, папрасіўся размеркаваць у глыбінку Палесся. Сямейнае жыццё пачыналася ў незнаёмым месцы з нуля: «Першыя ночы спалі, паслаўшы на падлогу адно паліто, а другім накрыўшыся». У Давыд-Гарадку нарадзіліся мае брат і сястра, там жа бацька пазнаёміўся з настаўнікам Ц.А.Ніколенкам, былым камісарам партызанскага атрада, і гэтая сустрэча паспрыяла ў будучыні нараджэнню двух раманаў — «Мора Герадота» і «Хлопцы, чые вы будзеце...». Праўда, украінца аўтар зрабіў Мікульскім са Случчыны, каб перадаць і свае ўражанні, сваё веданне вайны. Памятаю, як Ніколенка прыязджаў да нас у Мінск пасля выхаду «Мора Герадота», спяваў украінскія песні пастаўленым нізкім голасам (галоўны герой рамана таксама рыхтаваўся ў маладосці да опернай кар'еры).

На сваім вяселлі кінуўся запісваць песні Аляксаны, мамінай цёткі, увесь абрад запісаў. Праз 25 гадоў Аляксана ўвайшла пад сваім імем у раман «Градабой». На вобраз фалькларыста-этнографа Федзі, верагодна, натхніў Міхась Раманюк. Цудоўныя вечары са слайдамі на паддашку старой майстэрні Раманюка — адны з самых яркіх уражанняў майго дзяцінства. У 90-я бацька падтрымаў У. Бярберава ў стварэнні «Ліцвіноў» — так абрыдла савецкая інтэрпрэтацыя беларускага фальклору ў псеўданародных касцюмах на тагачаснай сцэне (паднімаў праблему ў «Градабоі»).

Вельмі ж любіў ён традыцыйныя спевы, асабліва мужчынскія. Успамінаў з настальгіяй, як да вайны ў Старцавічах па вечарах мужчыны спявалі на вуліцы, паклаўшы адзін аднаму рукі на плечы (ёсць адпаведная сцэна ў той жа кнізе). У нас дома звычайна спявалі за агульнай работай, дык бацька хораша саліраваў «Сівага каня», «Чому ж я не сокіл».

Пісаў ад рукі ў сшытках А4 за светлым сталом, пакрытым дэрмацінам, потым перадрукоўваў на машынцы. У шуфлядках можна было, апроч рукапісаў, знайсці шмат цікавага: напрыклад, маленечкі плецены з рысавай саломкі кашалёк з разнастайнымі замежнымі манетамі — памяць пра Маскоўскі фестываль моладзі і студэнтаў 1957 года, куды бацька трапіў «ад маладых літаратараў Брэстчыны» і адкуль прывёз шмат уражанняў.

Памятаю, як зламалася пішучая машынка, вішнёвая «Масква», і мама трымала капіравальную стужку ў руках, нацягвала, калі ён друкаваў, пакуль не набылі новую. Калі пазней яна страціла магчымасць хадзіць з-за поліартрыту, то падсылала дзяцей паглядзець, колькі старонак бацька напісаў за дзень, як толькі ён выходзіў з кабінета: хвалявалася, ці добра пішацца.

Не ездзіў ніколі за мяжу СССР, каб не звязвацца з 1-м аддзелам. Але і пасля таго, як з'явілася магчымасць ездзіць свабодна, таксама не паехаў (не ведаю, у чым прычына — эмацыйны стан таго часу, ці зямля вабіла больш?). Сочы, Львоў, Вільня — крайнія пункты. Як Аляксандр Грын, пісаў пра замежжа, не быўшы. Патрэбныя звесткі браў з кніг, тэлеперадач; выпісваў украінскі «Всесвіт», «Вокруг света». Каб праўдападобна напісаць «Грот афаліны», яму хапіла ў Батумскім дэльфінарыі пагладзіць дэльфінаў. А калі чытаеш, здаецца, што аўтар кнігі — вопытны дайвер.

Адмаўляўся ад пасад. Скептычна ставіўся да прыўладных пісьменнікаў, якія пры жыцці выдавалі па некалькі збораў твораў.

У старым будынку «Мастацкай літаратуры» (каля Чырвонага касцёла) працаваў з курцамі ў адным пакоі, плюс нервовая работа з аўтарамі. Пасадзіў сэрца, ужо і пераезд у новае памяшканне, асабісты кабінет не дапамаглі. «Хуткія дапамогі» — два разы на тыдзень, перадынфарктны стан. У 1980-м кінуў службу, узяў творчы водпуск: думаў, адпачне паўгода перад тым, як стаць галоўным рэдактарам (як прапаноўвалі) выдавецтва «Юнацтва» (заснавана 2 студзеня 1981 года). Але так спадабалася займацца толькі творчасцю, што на службу болей не вяртаўся.

Да таго ж мамін стан пагоршыўся ў 80-м, пасля смерці бабулі, у 81-м пераехала ад нас старэйшая сястра з сям'ёй. Брат вучыўся ў Маскве. Мне было 15. Вялікая частка хатніх клопатаў легла на бацьку. Тым не менш у гэты перыяд былі напісаны «Грот афаліны», дзве кнігі «Хлопцаў...», тры кнігі гумару («Вясельны марафон», «Лекцыя з падвывам», «Развітальная гастроль»), дзіцячыя «Эрпіды на планеце Зямля», «Прыйдзі, дзень-залацень!», перакладзены «Мёртвыя душы» Гогаля. Неяк бацька прызнаўся мне і брату, што марыць пад канец жыцця напісаць кнігу паводле беларускіх казак. Мы пераглянуліся: «Навошта чакаць? Пішы зараз, пацешыш унучак!» У кнізе, якая атрымалася, зведзена ў адзін скразны сюжэт і перапрацавана мноства народных казак — у асноўным чарадзейных і пра жывёл. Напісаны рытмізаванай прозай, «Дзень-залацень» насычаны прымаўкамі, загадкамі, мудраслоўямі (шмат з іх — аўтарскія) і падзелены на зручныя гісторыі-казкі, каб чытаць дзецям па адной перад сном. Выйшла кніга ў 1993 годзе з цудоўнымі ілюстрацыямі, месцамі «перабудовачнымі» (у выявах чарцей угадваюцца абліччы тагачасных палітыкаў). Сёлета нарэшце выйшла перавыданне, праўда, мастак працаваў іншы.

...Выходзілі кнігі, на ашчаднай кніжцы збіраліся грошы (не ўмеў траціць, жыць шыкоўна — дома было толькі самае неабходнае; не ўмеў заводзіць «блату», а тады без гэтага нельга было нічога добрага купіць ці «дастаць», у выніку шмат назбіралася):

Раз, праўда,

падалося,

Што нешта

завялося

На беднай маёй

ніўцы.

Ды зжаў не я —

шчасліўцы!

Мне ж грошай

кот наплакаў,

Я дулю меў без маку.

Апошні градабой

Нішто ў жыцці не давалася бацьку лёгка. Напэўна, таму нярэдкі ў кнігах «градабой». Часта яго героі даведзены абставінамі да крайнасці, няшчасці сыплюцца, як град. Нават арыентаваны на падлеткаў «Грот афаліны» з гэтага пачынаецца.

Самы ж цяжкі, пераломны момант у яго жыцці — пачатак 90-х. Смерць жонкі (1991), страта набытку (1992), падзенне прэстыжу пісьменніцкай працы, немагчымасць зарабляць на жыццё творчасцю негатыўна паўплывалі на бацьку.

Свет перавярнуўся, трэба было зноў думаць, як жыць, што і як пісаць. Лецішча ў нас ніколі не было з-за маміных праблем са здароўем, лес стаў недаступным з-за радыяцыі — здымаць стрэс не было як.

Але ён ніколі не скардзіўся: ні раней, ні тады. Маляваў сабе каляндарыкі і закрэсліваў дні:

...Чарнатой замалёўваю клеткі,

Мала дзён, за якія быў рад.

І ссыпаюцца чорныя кветкі

У Малевічаў чорны квадрат...

Замест таго, каб знесці, як меркавалася, набыты ў роднай вёсцы пасля смерці мамы дом і пабудаваць новы, мусіў застацца ў старэнькай халупе («згарэлі» ж уклады). З энтузіязмам узяўся за гаспадарку (па паўгода стаў праводзіць у вёсцы), узімку пачаў плесці кошыкі — успомніў тое, чаму вучыў дзед Лукаш. Лазу нарыхтоўваў позна ўвосень, розных колераў — вішнёвую, зялёную, жоўтую, аранжавую, каб было прыгажэй. Калі кошыкі запаланілі дом, а сваякі і сябры былі шматкроць адораныя імі, бацька стаў прадаваць іх у падземным пераходзе каля ГУМа. Не запіў, не ўпаў у дэпрэсію — стаў выжываць, як селянін. Здаваў яблыкі, парэчкі, бульбу нарыхтоўшчыкам, назбіраў грошай на тое, каб падняць стагадовую хатку, абкласці яе цэглай, адрамантаваць. Зямля дапамагла перажыць усе страты, вылечыла ад стэнакардыі. Паступова пачаў зноў пісаць.

Грамадскія пературбацыі выклікалі да жыцця грамадзянскую лірыку. Апошняе каханне — інтымную. Да 70-годдзя выйшла кніга вершаў «Ружовыя ліўні». Выдаў і за свой кошт дзве кнігі — раман у вершах «Пакуль зямлю мілуе сонца» (2005), дзе ёсць аўтабіяграфічныя моманты, і зборнік «Прыгавораны да жыцця» (2007), у які ўвайшло аднайменнае апавяданне, а таксама раней апублікаваныя ў часопісных варыянтах аповесці «Востраў Мёртвая галава» (1995), «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999) і «Зялёныя змеі» (2004). Калі апавяданне магло б быць напісана і 20 гадоў таму (ваенная тэма, хоць і з фантастычным элементам), то ў аповесцях цяжка пазнаць ранейшага Паўла Місько. Яны маглі быць напісаны толькі ў дзевяностых — пачатку двухтысячных як рэакцыя на заходнія «каштоўнасці», якія хлынулі да нас з экранаў і старонак друку, а таксама як вынік палітычных расчараванняў («Ніль адмірары»). «Зялёныя змеі» найбольш уражваюць напружаным сюжэтам. Табуяваная тэма — герой хоча перавезці астанкі бацькоў з заражанай зоны і на свой розум спрабуе вырашыць гэтую задачу. Тут і пачынаецца яго ўласны «градабой». У анатацыі да кнігі ў інтэрнэце я нездарма назвала гэты твор вострасюжэтным чарнобыльскім трылерам пра ўшанаванне продкаў. Зборнік атрымаўся разнастайны па складзе і сучасны (ён, на жаль, не знайшоў дарогі да чытача, бо не мог распаўсюджвацца звычайным шляхам, як кнігі, выдадзеныя ў дзяржаўных выдавецтвах, а на прэзентацыі і «прома-туры» ў бацькі ўжо не было здароўя). Крыўдна, што наклад, магчыма, найлепшай кнігі П. Місько ляжыць дома мёртвым грузам. Алесь Разанаў пасля прачытання «Прыгаворанага да жыцця» напісаў: «...Некалі мы разам працавалі ў «Мастацкай літаратуры», і ў параўнанні з тым колішнім, што тады пісаў «Мора Герадота», тут ён выяўляецца невядомым, і больш за тое — невядомае выяўляецца і ў ім самім. У штодзённы маштаб урываецца сіла іншага вымярэння, а ён самааддана і пільна вядзе хроніку асабовага (і людскога) Армагедона».

Засталіся нявыдадзенымі кніга гумару і дзіцячая, пра сінявокае мышаня, чыставік якой прапаў перад ці падчас ліквідацыі выдавецтва «Юнацтва». Фрагмент «Сінявочкі» быў апублікаваны ў часопісе «Вясёлка» і нават атрымаў прэмію імя Васіля Віткі. Магчыма, недзе ў выдавецтвах ляжаць і іншыя рукапісы, пра якія я не ведаю (так вынікае з некаторых газетных публікацый). Хочацца верыць, што ўсе яго творы калі-небудзь убачаць свет.

Мінаюць леты, мінаюць зімы,

Мінаем і мы з імі.

А дрэва жыцця зелянее вечна —

Справядліва і чалавечна.

Марына СІДАРОВІЧ (МІСЬКО)

zviazda.by 



 

Кoличество переходов на страницу: 1870


Комментарии