Белорусский портал в Казахстане

Першая здзелка па экспарце мяса ва Узбекістан ажыццёўлена на БУТБ



Пробная партыя беларускай ялавічыны аб`ёмам 17,5 т упершыню рэалізавана ва Узбекістан праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу, паведаміў прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

"Гэта здзелка стала не толькі першым вопытам выкарыстання біржавога механізма пры экспарце мяса на рынак Узбекістана, але і азнаменавала аднаўленне работы ўзбекскіх кампаній на беларускай біржавой пляцоўцы", - сказаў Раман Яніў.

Цяпер на біржы акрэдытаваны 37 суб`ектаў гаспадарання з Узбекістана. Раней яны даволі актыўна ўдзельнічалі ў таргах балансавай драўнінай і драўнянымі плітамі, аднак з другой палавіны 2018 года здзелкі спыніліся. "Закупка мяса ўзбекскай кампаніяй - гэта практычны вынік мерапрыемстваў, праведзеных біржай па запыце аднаго з айчынных мясакамбінатаў. У кароткія тэрміны нам удалося прыцягнуць на таргі шэраг патэнцыяльных пакупнікоў з блізкага і далёкага замежжа, у тым ліку двух - з Узбекістана. Невялікі аб`ём пілотнай здзелкі звязаны з жаданнем узбекскай кампаніі ў рэальных умовах пратэсціраваць новую для яе схему закупак. Таму пасля выканання кантракта чакаем больш актыўнага ўдзелу гэтай кампаніі ў біржавых таргах", - адзначыў прэс-сакратар.

На біржы лічаць Узбекістан даволі перспектыўным рынкам для беларускіх вытворцаў сельгаспрадукцыі. Плануецца прадоўжыць яго прапрацоўваць у плане як прыцягнення новых удзельнікаў, так і пашырэння таварнай наменклатуры.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

1 кастрычніка 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/1/60805
Текущая дата: 25.01.2022