Белорусский портал в Казахстане

Чаму сёння сорамна не ведаць кітайскую мову



Звязда, 23.03.2016

Карэспандэнты «Звязды» завіталі ў госці да мінскага паліглота Юрася ЖАЛЕЗКІ.

Першае, што кідаецца ў вочы ў двухпакаёўцы — гэта паліцы з кнігамі на замежных мовах і стосы спісаных агульных сшыткаў. На працоўным стале гаспадара — старэнькі нямецкі радыёпрыёмнік, які працуе ад інтэрнэту і «ловіць» усе каналы свету. Свайго жыцця спадар Юрась не ўяўляе таксама і без тэлевізара. Нават спадарожнікавую антэну ён усталяваў з адной толькі мэтай: каб мець магчымасць глядзець 120 каналаў на розных мовах. А вось мабільным тэлефонам паліглот не карыстаецца. Кажа, няма неабходнасці. Ды і часу больш застаецца на вывучэнне замежных моў. Менавіта ім вось ужо шмат гадоў Юрась Жалезка прысвячае кожную вольную хвілінку. І вынік навідавоку.

«Іспанскую вывучыў за месяц адпачынку»

— Я магу свабодна размаўляць на 18 мовах свету, — пачынае здзіўляць суразмоўца. — На англійскай, французскай, іспанскай, партугальскай, італьянскай, нямецкай, галандскай, шведскай, нарвежскай, ірландскай, польскай, літоўскай, латышскай, украінскай, беларускай, рускай, эсперанта і кітайскай.

З намі ж спадар Юрась гаворыць на чысцюткай беларускай. Усцешыла, што менавіта ёй паліглот аддае перавагу і ў штодзённым жыцці.

— Што ж тут дзіўнага? Гэта мая родная мова. Мова Караткевіча, Гарэцкага, Купалы, Коласа... Як можна растлумачыць, чаму вы любіце сваё дзіця? Тое ж самае і з роднай мовай.

Хоць, як высветлілася, месца дзіву тут усё ж такі ёсць. Юрась Жалезка вывучыў беларускую мову ў свядомым узросце, услед за польскай. Бо бацькі, хоць і родам з Мінска, заўсёды размаўлялі па-руску. А ў школе родную мову выкладалі дзеля галачкі.

— Спадар Юрась, кажуць, беларуская мова па мілагучнасці на другім месцы пасля італьянскай...

— Шмат хто так кажа. Немцы таксама лічаць, што нямецкая — на другім месцы пасля італьянскай. Як па мне, дык кожная мова прыгожая па-свойму, кожная мае свой цуд.

...Маё захапленне мовамі пачалося ў 9 класе. Неяк у рукі трапіўся часопіс «Навука і жыццё», яго выпісвалі бацькі. Там быў артыкул пра савецкіх паліглотаў, якія ведалі ад 15 да 40 моў. Усе тыя мовы былі пералічаны ў інтэрв`ю. Мяне вельмі захапіў той артыкул! Некалькі разоў перачытваў яго. І думаў: «Змагу я так, як яны, ці не?»

Пачаў з таго, што сур`ёзна ўзяўся за школьную англійскую. І запісаўся на курсы нямецкай мовы ў Доме афіцэраў. Пасля школы з лёгкасцю паступіў у Інстытут замежных моў. Скончыў перакладчыцкі факультэт з чырвоным дыпломам. Пасля інстытута я валодаў прыкладна 10 мовамі на базавым узроўні. Па размеркаванні трапіў у педвучылішча, выкладчыкам англійскай, французскай і іспанскай моў. Апошнюю я вывучыў за месяц адпачынку, праўда, практычна не выходзіў увесь гэты час на вуліцу.

— Гэта проста неверагодна! У вас, напэўна, Божы дар?

— Я не сказаў бы, што мовы мне даваліся лёгка. Здольнасці, вядома, ёсць, але дасягнуў вынікаў у многім дзякуючы працы і ўседлівасці. У дзяцінстве я сур`ёзна займаўся плаваннем. Менавіта яно загартавала сілу волі і прывіла мэтанакіраванасць. Але, несумненна, другую, трэцюю, чацвёртую і г.д. мовы значна прасцей вучыць у параўнанні з першай.

— Чым кіраваліся падчас выбару моў?

— Гэта вельмі кранальны момант — выбар мовы. Я выбраў тыя, якія мне больш за ўсё падабаюцца. Шмат крытэрыяў: і літаратура, з якой ты хочаш пазнаёміцца ў арыгінале, і культура народа, і значнасць мовы як сродку зносін.

— Ці часта вы падарожнічаеце?

— У савецкія часы вучыўся ў французскім Грэноблі, па абмене студэнтаў. З гэтага пачаліся мае падарожжы. Ездзіў у Эстонію, Латвію, Літву, Германію, Венгрыю, Польшчу... За мяжой актыўна карыстаюся замежнымі мовамі, адчуваю сябе там як рыба ў вадзе.

— Вы ведаеце ажно 18 моў. Гэта адкрывае перад вамі мноства магчымасцяў. Вы можаце жыць у Францыі, Кітаі...

— Я чалавек старой загартоўкі, радзіма для мяне — не пусты гук. Можна з`ездзіць у любую замежную краіну па новыя ўражанні. Але вяртацца ўсё ж такі прыемней дадому.

— А сны сняцца на якой мове?

— На розных. Прычым вельмі часта ў сне я гавару на замежных мовах лепш, чым у жыцці.

— «Мае гады — маё багацце», — спяваў Вахтанг Кікабідзэ. Вам яшчэ толькі пяцьдзясят з хвосцікам, што для вас багацце?

— 18 моў — маё багацце. З імі ў мяне звязаны толькі станоўчыя эмоцыі. Вывучэнне моў мяне настолькі захапіла, што стала не толькі працай, але і хобі, і лёсам. Таму я шчаслівы чалавек.

Усходняя жамчужына калекцыі

— Па аб`ёме слоўнікавага запасу прынята меркаваць, наколькі адукаваны чалавек. Слоўнік Элачкі-людаедкі з рамана «Дванаццаць крэслаў» складаў 30 слоў. Колькі слоў ведаеце вы?

— Я не падлічваў. Але, можа, тысяч па 10-15 у кожнай мове. Праўда, кітайскую пачаў вучыць не так даўно, таму пакуль засвоіў недзе толькі паўтары тысячы слоў.

— Кітайская мова — адзіная ўсходняя ў вашай калекцыі. Чаму вырашылі яе вывучыць?

— Сёння сорамна не ведаць кітайскую мову.

Дарэчы, кітайскі сінтаксіс падобны да рускага. Там няма нічога цяжкага, акрамя саміх іерогліфаў, якія трэба запамінаць.

Праўда, пісаць па-кітайску я пакуль так і не навучыўся. Але чытаю і разумею на слых добра. Калі сустракаю ў горадзе кітайца, стараюся абавязкова падысці, пагутарыць. Бо любая мова патрабуе практыкі.

— Ці ёсць у вас любімыя словы?

— Люблю назіраць за «падарожжам» слоў з адной мовы ў другую. Вось вы, напрыклад, ведаеце, як ад беларускай «казы» ўтварылася нямецкае слова «Kase» (сыр)? А вельмі проста: каза дала малако, а з малака зрабілі сыр. Ці параўнайце латышскае слова «gulta» — ложак — і беларускае «гультай». Такія падарожжы даказваюць, што ўсе еўрапейскія мовы роднасныя. ...Вы прасілі мяне расказаць які-небудзь цікавы выпадак, звязаны з мовамі. Дык вось узгадаў. У лінгвістычным інстытуце нам выкладалі французскую мову ХІХ стагоддзя — Бальзака, Флабэра (на ёй у Францыі ўжо даўно больш ніхто не гаворыць). У прыватнасці, вучылі, што калі развітваешся з чалавекам, трэба казаць «Au revoіr» (о рэвуар). У Францыі ж калі кажаш «о рэвуар», значыць, што ты з гэтым чалавекам спадзяешся яшчэ сёння сустрэцца. Я, як толькі прыехаў у Грэнобль, першай справай пайшоў у бібліятэку студэнцкага гарадка. Маладая ўсмешлівая бібліятэкарка запісала мае кніжкі. Але пасля майго развітальнага «о рэвуар» чамусьці імгненна стала пунсовай.

— Падумала, што вы да яе заляцаецеся?

— Так (смяецца). Але я зразумеў гэта не адразу. Аказваецца, калі развітваешся, трэба казаць «Воnsoіr» (бонсуар).

— У вас ёсць нейкая методыка вывучэння мовы? Можаце падзяліцца?

— Ахвотна. Я бяру падручнікі і чытаю ўголас. Вучу словы ў кантэксце. Па першым часе давядзецца глядзець ледзь не кожнае слоўца. Таму раю карыстацца падручнікамі, у якіх ёсць слоўнічкі пасля тэкстаў. Гэта значна эканоміць час. Усе новыя словы, якія будзеце сустракаць, запісвайце ў агульны сшытак. А потым вучыце. Пасля гэтага яшчэ раз перачытваем усе тыя падручнікі. З такім намерам, каб не сустрэць ніводнага незнаёмага слова. Лічу, што трэба 8-10 падручнікаў прайсці па кожнай мове, каб засталіся веды. Раю набыць, калі гэта яшчэ магчыма сёння, выданні савецкага часу па англійскай мове, там значна спрошчана лексіка. Калі даб`яцеся таго, што будзеце ведаць пераклад тэкстаў без слоўнічка, можна лічыць, што гэтыя падручнікі пройдзеныя. Смела пераходзьце на мастацкую літаратуру. Паралельна з гэтым пачынайце слухаць. Гэта можа быць радыё, дзе ёсць англійскія, амерыканскія каналы. Як сказаў адзін мой сябра: у вывучэнні моў лепш адзін раз пачуць, чым дзесяць разоў пабачыць.

Вучыце мову! Не важна, якую, не важна, у якім узросце. Гэта цудоўны інструмент трэніроўкі памяці, развіцця мыслення, інтэлекту, пашырэння кругагляду. Яшчэ Гётэ казаў, што чалавек столькі разоў чалавек, колькі ён моў ведае.

— Вырашылі ўжо, якая мова будзе 19-й?

— Вырашыў спыніцца на 18. Чым благая лічба? (усміхаецца). А калі сур`ёзна, ва ўсім у жыцці галоўнае не колькасць, а якасць. Таму я буду ўдасканальваць ужо вывучаныя мовы.

«У нас няма ні перакладу Бібліі, ні казак Андэрсена»

— Вы некалькі разоў паўтарылі, што кожную вольную хвіліну, не раздумваючы, прысвячаеце вывучэнню моў. А на ўсё астатняе вас хапае?

— Жыву адзін, таму тут усё прасцей. Я яшчэ і філосаф па адукацыі, скончыў аспірантуру. Таму ў перапынках паміж вывучэннем моў з задавальненнем чытаю кнігі розных філосафаў. На жаль, у арыгінале ў мяне іх няма. Даводзіцца задавольвацца рускамоўнымі перакладамі.

— Вывучэнне моў — гэта для вас і праца, і хобі, і лёс. Прабачце, за крыху меркантыльнае пытанне, ці можна пражыць на гэтае хобі?

— Можна. Заходнія краіны добра аплачваюць пераклады сваіх твораў на беларускую мову.

— Вы падарылі жыццё на беларускай мове творам Густава Бекера, Віктора Гюго, Генры Лангфела, Жака Прэвэра, Роберта Фроста... Якіх замежных аўтараў вам бы яшчэ хацелася перакласці?

— Вось думаю, ці не перакласці раман «Сто гадоў адзіноты» Габрыэля Гарсія Маркеса. У мяне ўжо ёсць арыгінал калумбійскага выдавецтва. Чытаў гэтую кнігу гадоў 20 таму, дагэтуль знаходжуся пад вялікім уражаннем. Я ж імкнуся перакладаць тое, што мне самому падабаецца.

— Вы неяк сказалі, што, працуючы над перакладам кнігі Астрыд Ліндгрэн «Малы і Карлсан-з-даху» амаль не карысталіся слоўнікам. Перакладаць без слоўніка — гэта найвышэйшы пілатаж?

— Мне лёгка было перакладаць прыгоды Карлсана, бо кніга напісана жывой гутарковай мовай. Але насамрэч не так важна, наколькі ты ведаеш гэтую, у дадзеным выпадку шведскую, мову, як важна быць сумленным перакладчыкам. Не выкарыстоўваць рускамоўных перакладаў, цікавіцца ў слоўніку значэннем кожнага забытага слова. Пераклад павінен быць як мага больш дакладным. Няякасным можна адбіць усялякую ахвоту чытаць па-беларуску. Не так даўно завяршыў пераклад нарвежскіх народных казак. Вось-вось выйдзе другая частка «Малога і Карлсана-з-даху». Неўзабаве вазьмуся за трэцюю. Таксама хочацца перакласці «Прыгоды Тома Соера» Марка Твэна...

— Пісьменнікі, з якімі даводзілася размаўляць, кажуць, што для дзяцей пісаць цяжэй, чым для дарослых. А перакладаць?

— Таксама. Мова перакладу дзіцячай літаратуры павінна быць узорнай. Бо чалавек засвойвае яе менавіта ў гэтым узросце. Таму на перакладчыка кладзецца надзвычай вялікая адказнасць. Думаеце, чаму я ўзяўся за пераклад дзіцячай літаратуры? Бо перакананы, што цяпер гэта самае патрэбнае. На якой мове будуць гаварыць нашы дзеці, на такой будзе размаўляць насельніцтва краіны.

— Апошнім часам на беларускую мову перакладаецца шмат дзіцячых твораў. І гэта радуе...

— Мяне таксама. Але разам з тым наша мова па-ранейшаму застаецца самай беднай еўрапейскай мовай па перакладах. У нас няма нават перакладу Бібліі з арыгінала.

Беларуская — адзіная мова ў Еўропе, на якую пакуль не існуе прамога перакладу казак Ганса Хрысціяна Андэрсена. Думаю ў найбліжэйшы час выправіць гэты прабел.

zviazda.by


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2512
Текущая дата: 21.06.2024