Будынак былога завода. Фотастудыя, што цяпер размяшчаецца ў адным з памяшканняў. Белы кабінет імправізаванай сцэны. Гледачы, не зважаючы на спёку, гадзінамі назіраюць за падлеткамі-гангстарамі на Кунцаўшчыне, пакупніцамі ЦУМа і простымі хлопцамі з Рагачова...
Ду ю спік, сучасная драматургія?
Фестываль WrіtеBох паўстаў як прыватная ініцыятыва: тэатразнаўца і менеджар Вікторыя Белякова ў пэўны момант зразумела, што феномен сучаснай беларускай драматургіі патрабуе большай увагі і ступені асэнсавання, чым ён меў раней, і, атрымаўшы грант конкурсу сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd, арганізавала WrіtеBох. Усяго на конкурс было даслана больш як 20 тэкстаў. Каманда тэатразнаўцаў, рэжысёраў і крытыкаў сфарміравала шорт-ліст з васьмі п`ес. Менавіта яны і былі прачытаны на працягу чатырох чэрвеньскіх дзён у студыі кінакампаніі BlасkBеаstMеdіа. Акрамя конкурснай, фестываль меў яшчэ і адукацыйную праграму. Лекцыі і майстар-класы ў межах яе правялі запрошаныя эксперты — тэатральны крытык Павел Руднеў і драматург Максім Курачкін.
У фокус увагі беларускіх драматургаў трапілі самыя розныя праблемы сучаснасці. Ваенныя канфлікты ды стаўленне да іх шараговага чалавека («Опіум» Віталя Каралёва). Даследаванне жыцця людзей у стане залежнасці («Бзік» Аляксея Макейчыка). Адзінота чалавека («Секс мне не патрэбен» Лёхі Чыканаса) ды іншыя. Асаблівую ўвагу прыцягваюць тэксты, якія не толькі адлюстроўваюць сучаснасць, выяўляючы яе болевыя пункты, але ж і правакуюць змены сучаснага тэатральнага працэсу, ставяць перад рэжысёрамі новыя задачы, вымагаючы пошуку новай тэатральнай мовы. Найбольш заўважна такія якасці тэатральнага тэксту выявіліся ў п`есах Дзмітрыя Багаслаўскага і Максіма Дасько.
П`еса — гэта СМІ
Максім Дасько стаў адзіным драматургам, чыя творчасць у межах фестывалю была прадстаўлена дзвюма абсалютна рознымі п`есамі. У пэўнай ступені гэта дэманстрацыя дыяпазону магчымасцяў аўтара: ад тэксту «Онікс», сканструяванага хутчэй па законах прозы, да альманаха дыялогаў «Сэканд-хэнд ГДЖ. Канец свету». Але з іншага боку — гэта і відавочная характарыстыка стылю, галоўная адметнасць якога — пошук новага фармату падачы інфармацыі гледачу. Тут наўмысна выкарыстаны не мастацкі тэрмін, а медыйны — «інфармацыя». Сучасны чалавек нярэдка трапляе ў сітуацыю недаверу СМІ і перадаручае функцыю атрымання аб`ектыўнай інфармацыі пра навакольны свет і яго падзеі іншым інстытуцыям, у тым ліку і тэатру. Канструкцыя тэкстаў Максіма Дасько нагадвае новы фармат падачы інфармацыі інтэрнэт-рэсурсаў — лонгрыд (англ. «доўгае чытанне»). Аўтары такога матэрыялу імкнуцца не толькі данесці чытачу факты, але і стварыць атмасферу той падзеі, пра якую вядзецца гаворка, аздабляючы значны аб`ём тэксту асаблівай вёрсткай фотаздымкаў, відэа-, аўдыяматэрыяламі, інфаграфікай.
Так, «Онікс» уяўляе сабой празаічны аповед аднаго з кампаніі трох падлеткаў, чыё сталенне прыпала на пачатак 1990-х і адбывалася ў мінскім мікрараёне Кунцаўшчына. Выбраўшы сабе куміраў — амерыканскі хіп-хоп-гурт Оnух, — падлеткі вырашаюць стаць сапраўднымі гангстарамі. Але большасць гісторый, што з імі здараюцца, хутчэй выглядаюць як прыгоды крымінальных няздараў. Да празаічнага аповеду Дасько дадае фотаілюстрацыі (здымкі Кунцаўшчыны) і аўдыясуправаджэнне (песні ды кліпы гурта Оnух). Рамантычны флёр для герояў знікае пасля прадметнага сутыкнення з рэчаіснасцю (сапраўдныя бандыты, сапраўдныя трупы, сапраўдныя раны) і згодна з запытамі грамадства: быць «братком» больш не крута.
«Сэканд-хэнд ГДЖ. Канец свету» — своеасаблівы тэатральны альманах, што яднае гісторыі рэчаіснасці па двух крытэрыях: адпаведнасць апакаліптычнаму настрою і метафарам адносна спажывецкага грамадства, згодна з якімі Беларусь уяўляецца аўтару адным вялікім рынкам (у тэксце паўстае рынак «Ждановічы»). Асноўным «будаўнічым матэрыялам» для п`есы становяцца падслуханыя драматургам гісторыі: пакупнікоў у ЦУМе, тралейбусных кіроўцаў, людзей у чарзе, хлопцаў, што адпачываюць на беразе возера. Драматург манціруе пачутыя гісторыі, фотаздымкі, відэа, ствараючы ў гледачоў ілюзію апакаліпсіса, што накрыў сучаснае грамадства. І адзіныя, хто маюць шанц выратавацца, — гэта цыганы: народ, які не мае сваёй тэрыторыі, але не здраджвае адвечным каштоўнасцям — сям`і і дзецям.
У межах фестывалю гледачам паказвалі не паўнавартасныя спектаклі, а чыткі: рэжысёры найперш імкнуліся прэзентаваць гледачу тэкст. Аднак сцэнічнае рашэнне гэтай прэзентацыі выглядала заяўкай на магчымы спектакль. Так, рэжысёр «Онікса» Таццяна Ларына замест аднаго апавядальніка ўвяла траіх (згодна з колькасцю падлеткаў у кампаніі), якія, стоячы за пюпітрамі, камунікавалі з гледачамі, нібыта ўдзельнікі хіп-хоп-гурта. Крытык Павел Руднеў падчас абмеркавання нават адзначыў магчымасць з`яўлення ў Беларусі першай хіп-хоп-оперы. А рэжысёр чыткі «Сэканд-хэнд ГДЖ. Канец свету» Антаніна Аляшкевіч прыняла рашэнне пакінуць як мага больш маркераў дакументальнага: ад жыццёвага падабенства паводзін хлапечай кампаніі на беразе ўяўнага возера да знаёмых кожнаму мінчаніну паказальнікаў тралейбусных маршрутаў у руках кіроўцаў.
Увесь свет — фотаальбом
П`еса Дзмітрыя Багаслаўскага «Кропкі на часавай восі» таксама пабудавана па прынцыпе альманаха. І ў яе аснове таксама заўважны журналісцкі складнік — адпраўным пунктам кожнай гісторыі становіцца рэпарцёрскі здымак ды подпіс да яго: «Манах побач з пажылым чалавекам, што раптоўна памёр падчас чакання цягніка ў Шаньсі Тайюань, Кітай», «Румынскі хлопчык уручае паветраны шарык паліцэйскаму ў час пратэстаў у Бухарэсце», «Канфіскаваныя мітры, 1921 год». Багаслаўскі выкарыстоўвае здымкі з розных эпох і розных частак свету. Аднак тэматычна п`еса-альманах адказвае на запыт той часткі гледачоў, якая стамілася ад дакументальнага люстравання падзей рэальнасці і чакае ад тэатра не толькі праўды, але і надзеі — большасць гісторый Багаслаўскага пра людзей, што трапілі ў крызісныя сітуацыі, але не страцілі моц духу. З тэхнічнага пункту гледжання новы тэкст аднаго з самых папулярных беларускіх драматургаў звяртае на сябе ўвагу дзякуючы гукавой партытуры і асэнсаванай тэхніцы стварэння тэатральнага тэксту, дзе першасным, адпраўным, пунктам становіцца выява.
Я вас бачу. Што мне рабіць?
Феномен сучаснай беларускай драматургіі, якая часцей трапляе на сцэнічныя пляцоўкі постсавецкай прасторы (пераважна Расіі), чым у беларускія тэатры, падчас WrіtеBох асэнсоўваўся на розных узроўнях. З тэкстамі працавалі ды рабілі высновы драматургі, акцёры, рэжысёры, айчынныя і замежныя эксперты. І што не менш важна, пачуць новыя тэксты мелі
магчымасць гледачы. «Ведаеш, — заўважыла пасля аднаго з паказаў мая тэатральная прыяцелька, — я раней не заўважала вакол людзей з п`есы Дасько. А цяпер заўважаю. І мне некамфортна». WrіtеBох прапанаваў кожнаму высветліць свае адносіны з рэчаіснасцю: змясціць фокус увагі, асэнсаваць новую частку сябе ці навакольнага свету, увайсці ў зону камфорту ці выйсці з яе і спрычыніцца да новага, ва ўсіх сэнсах, тэатра.
Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ
Фота Вікторыі БЕЛЯКОВАЙ