Белорусский портал в Казахстане

Жыццё беларускага прадпрыемства адным кадрам



"Звязда", 09.07.2016

У Мiнску прайшоў перадпрэм`ерны паказ кароткаметражкi "Душы мёртвыя".

У пятніцу, 8 ліпеня, у кінатэатры Silver Screen ТРЦ "Арэна-Сiцi" прайшоў перадпрэм`ерны закрыты паказ мастацкай сацыяльнай кароткаметражкi "Душы мёртвыя"  рэжысёра Віктара Красоўскага.


"Калі ласка, адключыце свае мабiльныя тэлефоны роўна на 28 хвілін", - вымавіў прыемны жаночы голас перад пачаткам незвычайнага кінасеанса.

Адключыць іх сапраўды  было варта, бо "Душы мёртвыя" - гэта  якраз той выпадак, калі, адцягнуўшыся на секунду, ты можаш перастаць сачыць за хадой аповеду. Менш чым за паўгадзіны на экране з`яўляюцца некалькі дзясяткаў персанажаў, кожны з якіх нясе ў сабе сэнсавую нагрузку.

Дарэчы, з першай i да апошняй секунды ўсе персанажы фільма з`яўляюцца ў рамках аднаго кадра. Такое аператарскае рашэнне не толькі стала адметнай рысай фільма, але і надало карціне некалькі важных функцый. У першую чаргу, стварыла гледачу эфект прысутнасці, а сюжэту, акрамя арыгінальнасці, безумоўна, дадало цэласнасці.

За 28 хвiлiн глядач знаёміцца ​​адразу з некалькімі гісторыямі супрацоўнікаў аднаго з сучасных беларускiх лагістычных цэнтраў. Некаторыя з іх маюць групу інваліднасці. Галоўнай жа сюжэтнай лініяй з`яўляецца маральны выбар, які паўстае перад найбольш неадназначным персанажам кароткаметражкі - паспяховым уласнікам гэтага прадпрыемства.

На праведзенай адразу пасля заканчэння дэманстрацыі кароткаметражкi прэс-канферэнцыі стваральнікі кiнастужкі на чале з рэжысёрам Віктарам Красоўскім распавялі пра ідэю яе  стварэння і асаблівасцi здымак.

Па іх словах, унікальнасць кiнастужкі ў выкарыстанні падчас здымкаў усяго двух дубляў. Праўда, такога поспеху творчая група дамаглася толькі дзякуючы незлічонай колькасці трэніровак з выкарыстаннем секундамера.

Віктар Красоўскі таксама падкрэсліў, што "Душы мёртвыя" складаюцца нібыта з двух пластоў. Знешні прысвечаны тэме працаўладкавання людзей з асаблівасцямі развіцця, унутраны ўтрымлівае ў сабе больш глыбінныя маральныя і філасофскія праблемы грамадства.

Аднак, нягледзячы на агучаную ў фiльме тэму, глядзiцца ён даволi лёгка. Стваральнікі патлумачылі гэта тым, што для таго, каб не перакрываць акрэсленую тонкімі рыскамі рэжысёра філасофію, ім давялося пазбавіцца ад жаху і безвыходнасці, якiя ўласцівы падобным кінастужкам, і паказаць усё ў адрэтушаваным выглядзе.

Акрамя гэтага, стваральнiкi кароткаметражкі адзначылi, што робяць вялікую стаўку на фестываль "Лістапад", а таксама паспрабуюць шырока прадэманстраваць стужку на рускамоўнай прасторы.

Ігар Каралёў


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2615
Текущая дата: 06.12.2024