Белорусский портал в Казахстане

У Магілёве напісалі кнігу пра журналістаў



"Звязда", 28.07.2016

Дыхтоўнае выданне на 200 старонках прысвечана творчаму і жыццёваму шляху вядомых журналістаў вобласці, пра якіх на працягу 5 гадоў пісала ў сваім праекце «Прафесія — журналіст» абласная газета «Магілёўскія ведамасці». Ідэя аформіць каштоўны матэрыял у кнігу належыць галоўнаму рэдактару інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» Святлане Шутавай. Ініцыятыву падтрымала галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.


— Кніга ўнікальная ўжо тым, што моладзь, якая сёння прыходзіць да нас працаваць, зможа даведацца, наколькі адданыя людзі служаць гэтай прафесіі, — кажа Святлана Шутава. — Нашы калегі, прозвішча якіх мы чытаем пад матэрыяламі тых ці іншых выданняў, тут самі расказваюць пра сябе. Уладзімір Капуза, акрамя таго, што ён рэдактар абласной сельскагаспадарчай газеты «Зямля і людзі», а ў былым радыйшчык, яшчэ і выдатны лірычны паэт. Тут жа ёсць інтэрв`ю з Рыгорам Кісялём, які быў першым рэдактарам газеты «Магілёўскія ведамасці», а ў 1994 годзе ўзначаліў новаствораную нацыянальную дзяржтэлерадыёкампанію Беларусі.

Слова на старонках кнігі атрымалі 30 таленавітых газетчыкаў і радыйшчыкаў. Цяпер, калі скончылася эпоха праваднога радыё, асабліва цікава даведацца, чым яно жыло, пазнаёміцца з тымі, чыімі галасамі гаварыла. Гэта своеасаблівы дапаможнік для будучых журналістаў, бо лепшай базы для напісання курсавых і дыпломных пра журналістыку Магілёўшчыны не знайсці.

— Гэта вартае падвядзенне творчага праекта, які доўжыўся 5 гадоў, і наогул унікальнае выданне ў цэлым для краіны, — лічыць намеснік начальніка галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алена ДЗІВАКОВА. — Журналісты пішуць гісторыю нашай Айчыны, але за рэпартажамі, тэле- і радыёсюжэтамі не відаць саміх аўтараў. Кніга дае добрую магчымасць даведацца пра іх жыццё. Гэты праект абавязкова трэба працягваць, бо таленавітых журналістаў на Магілёўшчыне значна больш.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Zviazda.By 


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2626
Текущая дата: 23.04.2024