Белорусский портал в Казахстане

Бразілец вывучыў беларускую мову, каб лепш разумець каханую



"Звязда", 11.08.2016

Беларуска Воля Ермалаева адразу, як прыляцела ў сонечны Саўвадор, пабегла на мора і папрасіла ў Іеманжы сабе мужа. І што вы думаеце? Сустрэла яго на другі дзень. З таго моманту вось ужо 5 гадоў маладыя людзі не расстаюцца. Пра супадзенні і цуды, на якія здольнае сапраўднае каханне, размаўляем з Воляй і Патэрсанам Франко па скайпу. Па-беларуску.

«Патэрсан быў адзіны, хто зацаніў мае дранікі»

В.: Пра багіню мора Іеманжу я прачытала ў кнізе Жоржы Амаду «Мёртвае мора». Яна там якраз зладзіла сямейнае шчасце для адной пары. І я таксама вырашыла абавязкова папрасіць у яе мужа. Даслала канкрэтны запыт: каб быў прыгожы, высокі, каб меў цікавасць да моваў, каб масаж умеў рабіць, каб гатаваць не цураўся... У выніку атрымалася нават лепш (глядзіць на Патэрсана). Цяпер штогод 2 лютага (свята Іеманжы ў Саўвадоры) нашу ёй падарункі — дзякую за мужа.

— Прыгадайце дзень, калі вы пазнаёміліся? Гэта было каханне з першага погляду?

П.: Мы пазнаёміліся ў Бразіліі, ва ўніверсітэце, дзе я вучуся. Пяць гадоў таму Воля прыехала сюды на стажыроўку. У той дзень яна рабіла прэзентацыю пра Беларусь і адразу ж мне спадабалася. Першая думка была: яна занадта прыгожая, каб звярнуць на мяне ўвагу. Калі даведаўся, што прыляцела з Масквы (Воліны бацькі пераехалі туды з Наваполацка, я ж таксама нейкі час жыў у Расіі) падумаў: падыду да яе і пакажу, як я свабодна размаўляю па-руску.

П: А нядаўна Воля мне прызналася, што заўсёды хацела мужа з прозвішчам Франко.

В: Гэта праўда. Я люблю Украіну. Думала, калі ў мяне муж будзе ўкраінец, то нядрэнна, каб ён быў Франко. Я ж не ведала, што бразільцы таксама бываюць Франко (смяецца).

— Вырашыў уразіць яе такім чынам?

П.: Так. Але гэта зусім не спрацавала. Ёй гэта было не зусім прыемна.

В.: Я спачатку вельмі засмуцілася. Вучыла партугальскую два гады. Прыехала ў Бразілію, каб яе практыкаваць. І тут падыходзіць бразілец і вітаецца са мной па-руску. Больш за тое, сказаў: «Калі хочаш, ты можаш па-руску рабіць прэзентацыю, а я буду на англійскую перакладаць». Яго прапанову дапамагчы я ўспрыняла як абразу.

Праўда, пасля я крыху адтаяла. Бо Патэрсан быў адзіны, хто зацаніў мае дранікі (смяецца). Калі рыхтавалася да прэзентацыі, падумала: народ жа будзе галодны. І напякла добры тазік бліноў. Патэрсан адзіны падышоў да мяне і сказаў: «О, такія крутыя дранікі». А пасля прэзентацыі прапанаваў разам пайсці паабедаць. Есці я не хацела, бо кепска сябе ў той дзень адчувала.

П.: Яна сказала: «Я так хачу гарбаты». У Бразіліі не п`юць гарбату проста так, як у вас. Успрымаюць яе як лекі. Але ў мяне дома нейкім цудам яна была. Сябар з Беларусі прывёз...

— Дык Воля не першы чалавек з Беларусі, якога ты ведаў?

П.: Не, праз каўчсёрфінг (сетка, якая аб`ядноўвае людзей з усяго свету, гатовых бясплатна прапанаваць начлег вандроўцам) я прымаў Кірыла Краўцова — фатографа з вёскі Чырвоны Кастрычнік, што пад Гомелем.

В.: Тая гарбата цалкам растапіла маё сэрца (смяецца). Мы пачалі сустракацца ледзь не на наступны дзень. Праз паўгода, калі стажыроўка закончылася, мне трэба было вяртацца дадому, каб абараніць дыплом ва ўніверсітэце. Я прапанавала Патэрсану паехаць са мной. Вельмі хацелася паказаць яму Беларусь.


«Беларуская стала нашай сакрэтнай мовай»

— Патэрсан, ты ўжо ведаў 6 моў, чаму вырашыў вывучыць яшчэ і беларускую?

П.: Дзеля каханай, каб быць да яе яшчэ бліжэй, лепш яе разумець. Калі мы з Воляй прыехалі на экскурсію ў Нясвіж, яна мне распавядала пра замак, пра Радзівілаў, пра прывід Чорнай Панны. Пры гэтым часта ўжывала беларускія слоўцы. Тады я падумаў: «Воля — беларуска, мы ў Беларусі, чаму мы размаўляем па-руску?» І вырашыў вывучыць мову.

В: Гісторыя Беларусі ў школе ў нас выкладалася па-беларуску. Таму мне пра гэта цяжка распавядаць на іншай мове.

П: Тады я падумаў: "Воля — беларуска, мы ў Беларусі, чаму мы размаўляем па-руску?" І вырашыў вывучыць мову.

В.: Прычым Патэрсан выбраў цудоўны метад — без падручнікаў. Проста забараніў мне звяртацца да яго на іншых мовах. Пастаянна пытаўся: «А як гэта будзе па-беларуску? А як пра гэта лепш спытаць?» Я тлумачыла, тады ён паўтараў за мной, я мусіла адказваць, выпраўляць памылкі. Трэба было бачыць, як абрадавалася мая бабуля, калі ўпершыню пачула ад Патэрсана беларускую мову. Першы тыдзень мне было цяжкавата. Бо нязвыкла тлумачыць па-беларуску, калі можна проста адказаць па-партугальску ці па-руску. Але потым нават спадабалася. Бо Патэрсан вельмі хутка ўсё запамінае. Недзе праз шэсць месяцаў ён ужо размаўляў па-беларуску амаль без памылак. Трэба было бачыць, як абрадавалася мая бабуля, калі ўпершыню пачула ад Патэрсана беларускую мову.

П.: «Ой, божухна, ён жа па-нашаму гаворыць», — сказала.

В.: Толькі тады (а раней яна чула, як ён гаворыць па-руску) сказала так. Значыцца, раней усё ж не па-нашаму было. Дарэчы, з бабуляй я стала размаўляць па-беларуску, толькі калі Патэрсан вывучыў беларускую. Я ж вырасла ў рускамоўнай сям`і, вучылася ў рускамоўнай школе. Беларускую мову чула толькі на ўроках мовы і літаратуры, гісторыі Беларусі. Упершыню з цалкам беларускамоўнымі людзьмі я пазнаёмілася ў 15 гадоў на краязнаўчым летніку. З таго моманту пачала пакрысе размаўляць па-беларуску, але толькі з тымі, хто адказваў на роднай мове. У грамадскіх месцах пераходзіла на рускую, для зручнасці. Гэты комплекс я пераадолела дзякуючы Патэрсану: ён прынцыпова размаўляе з беларусамі толькі па-беларуску, як бы яму ні адказвалі. Падумала: «Ну а чым я горшая?» І бяру цяпер з яго прыклад.

— Паміж вамі ўжо чатыры агульныя мовы: партугальская, руская, англійская ды беларуская. На якой з іх размаўляеце часцей?

В.: Часам па-партугальску, часам па-беларуску. У залежнасці ад сітуацыі, настрою. Калі мы штосьці абмяркоўваем на вуліцы, але не хочам, каб нехта разумеў, што мы кажам, ужываем беларускую. Яна стала нашай сакрэтнай мовай. Ва ўніверсітэце мы выкладаем англійскую і рускую, з вучнямі размаўляем на гэтых мовах, але ў штодзённым жыцці мы імі звычайна не карыстаемся.

— Воля, для цябе было прынцыпова, каб муж быў беларускамоўным?

В: Я хацела б сказаць, што так. Але, калі шчыра, думала, што гэта немагчыма, таму што беларускамоўных хлопцаў не так шмат. Для мяне было прыемным сюрпрызам, калі Патэрсан вырашыў вучыць беларускую мову. Тым больш што калі мы пазнаёміліся, ён валодаў ужо шасцю мовамі — партугальскай, англійскай, рускай, іспанскай, італьянскай, французскай — і не збіраўся больш ніякую вучыць, бо стаміўся. А я не хацела яго прымушаць.

— Нягледзячы на тое, што вы жывяце ў Бразіліі, беларускасці ў вашым жыцці хапае. Вунь нават на сцяне, бачу, вісяць славянскія лялькі...

В.: Іх мая мама рабіла. Побач (паказвае) — нашы з Патэрсанам гравюры. Гэта адно з агульных захапленняў. Летась зрабілі сямейную выставу «Беларускі Саўвадор». Спалучаем беларускія матывы з бразільскімі. У мяне, напрыклад, ёсць серыя гравюр — беларускія абрадавыя святы: Купалле, Каляды, Гуканне вясны і Багач. У выставе ўдзельнічала і мая мама: яна выстаўляла сваю вышыўку стужкамі і народных лялек. Яна летась аж 2 разы да нас прыязджала. І сёлета гасціла. Ёй падабаецца ў Саўвадоры адпачываць: тут цёпла, мора.


— На некалькіх здымках бачыла вас у нацыянальных беларускіх строях...

В.: Так, мы вельмі любім іх апранаць. У строях мы хадзілі на канцэрт гурта «Стары Ольса» ў Гомелі. Потым удзельнічалі ў Купалаўскіх чытаннях, што ладзілі беларусы Масквы ля помніка Янку Купалу. Падрыхтавалі ўрывак з «Паўлінкі». Гэта было вельмі смешна. Патэрсан дагэтуль мяне называе Зязюлькай.

П.: (артыстычна) Зязюлька мая ненаглядная (смяюцца).

В.: У Патэрсана ёсць ільняная кашуля з вышыўкай. Знайшлі яе дзесьці ў бабуліным куфары. Але яна больш сцэнічная, стылізаваная. На мне ж — сапраўдная, рэканcтруяваная вышыванка. Яна ў мяне яшчэ з тых часоў, як я спявала ў ансамблі «Гуда». Гэтым строем вельмі даражу, таму прывезла яго з сабой у Саўвадор. Я яго апранаю, калі распавядаю тутэйшым людзям пра беларускую культуру, праводжу майстар-класы. У нас у Саўвадоры ёсць клуб паліглотаў, мы часта ходзім туды, каб папрактыкаваць мовы. Некалькі нашых сяброў зацікавіліся беларускай мовай, у размове з намі карыстаюцца такімі выразамі, як "Прывітанне!", "Як маешся?" "Калі ласка". "Дзякуй". Мы неяк прапанавалі ім паўдзельнічаць разам з намі ў праекце "Вершы без межаў". Яны вывучылі вершы Мікіты Найдзёнава і чыталі іх на камеру.

П: Я таксама прымаў удзел у праекце "Вечар беларускай паэзіі", дзе прачытаў верш Максіма Багдановіча "Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы". Люблю беларускія выцінанкі нават навучыўся імі карыстацца ў гравюрах. Слухаў беларускую музыку яшчэ да таго, як увогуле вырашыў вучыць мову. Падабаюцца такія гурты, як "Стары Ольса", "Троіца", "Зніч", "Крама", "Песняры"...

В: А нядаўна мы з Патэрсанам зрабілі ў фэйсбуку старонку па вывучэнні беларускай мовы для бразільцаў.

— Воля, наколькі ведаю, твая магістарская праца прысвечаная беларускай тэматыцы?

В.: Так, я вучуся ў магістратуры на архітэктурным факультэце. Пішу магістарскую пра тое, як архітэктурная спадчына выкарыстоўваецца ў фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці. На прыкладзе Мірскага і Нясвіжскага замкаў. Гэта адны з найбуйнейшых турыстычных аб`ектаў Беларусі, якія ўвайшлі ў спадчыну ЮНЭСКА. На новых беларускіх грошах, дарэчы, яны таксама змешчаны. Я іх аналізую ў сваёй працы.

— Патэрсан, чула, што ты напісаў кнігу пра СССР. Адкуль такі інтарэс да гэтай тэмы?

П.: Усё пачалося, калі мне было 14 гадоў. У школе ўбачыў, як аднакласнікі білі адзін аднаго кніжкай. «Нельга біцца кніжкамі, іх трэба чытаць», — сказаў я хлопцам. Тая кніга была са стосу макулатуры, таму я адабраў яе ў іх і забраў дадому. Гэта быў падручнік па сусветнай гісторыі. Там я ўпершыню прачытаў пра Савецкі Саюз — краіну, якая перамагла фашыстаў. Я падумаў: «Такая моцная дзяржава, найвялікшая ў свеце. Чаму яна знікла?» Гэтая думка не давала мне спакою. Калі вырас, я захацеў вывучыць рускую мову. Курсаў такіх у маім горадзе ніхто не праводзіў, таму я спампоўваў аўдыякурсы і кніжкі ў інтэрнэце і вучыў самастойна. Потым з`явілася магчымасць паехаць у Расію на стажыроўку. Масква, якую я ўбачыў, істотна адрознівалася ад той, пра якую я чытаў. «Цікава, што б Сталін падумаў, калі б ён апынуўся ў сучаснай Маскве?» — агучыў я сваю думку Волі. Яна сказала: «Ну, дык напішы пра гэта кнігу. Стане бестселерам». Дарэчы, адна з галоўных гераінь маёй антыўтопіі — беларуска... Кнігу я напісаў на рускай мове, каб яе змаглі прачытаць жыхары ўсіх былых краін СССР, рэдагаваць мне яе дапамагала Воля.

В: Мне асабіста найбольш падабаецца ў гэтай кнізе тое, што яна пра машыну часу (Сталін знаходзіць яе ў 1945 годзе і прыбывае ў 2017 год). Патэрсан тлумачыць, як яна была створана. І чаму ў рэальным свеце няма машыны часу. Мяне заўсёды гэтае пытанне клапаціла, калі чытала фантастыку. Гэтая кніжка не столькі пра тое, як Сталін вандраваў у часе — для мяне гэта ў выніку другаснае. Там уздымаецца шмат розных цывілізацыйных пытанняў.

«Для мяне сваякі болей замежнікі, чым Воля»

— Калі і дзе нарадзілася вашая беларуска-бразільская сям`я?

В.: Распісаліся мы пасля таго, як вярнуліся ў Саўвадор. Прапанову ж мне Патэрсан зрабіў у Кіеве. Мы паехалі туды, каб падоўжыць яму візу.

П.: Я даўно набыў пярсцёнкі і хацеў зрабіць Волі прапанову. Усё чакаў зручнага моманту. У Кіеве гэта нарэшце атрымалася. Мы цэлы дзень гулялі па горадзе. Увечары, калі стомленыя дабраліся да помніка Радзіма-Маці, я дастаў пярсцёнкі...


— Як Воля адрэагавала? Адразу дала згоду?

В.: Я плакала ад шчасця. Калі Патэрсан папрасіў заплюшчыць вочы, падумала: «Ну, няўжо?».

— Як успрынялі ваш выбар бацькі?

В.: Першая рэакцыя маіх бацькоў на тое, што Патэрсан зрабіў мне прапанову: «Ну нарэшце». Бабуля Воля, у гонар якой мяне назвалі, вельмі цёпла прыняла майго будучага мужа. Унучком яго называла. На жаль, яе нядаўна не стала.


П.: Воліна бабуля, калі мы прыязджалі да яе ў Наваполацк, заўсёды казала, што мы падобныя. «Такія ўжо носікі аднолькавыя» (смяюцца), — паўтарала. Насамрэч Воля вельмі падобная да маёй стрыечнай сястры.

— Што для вас галоўнае ў сямейных адносінах?

П.: Каханне, мір...

В.: Мы штодня па некалькі разоў кажам адно аднаму: «Я цябе кахаю». Я лічу, што гэта лепш, чым недаказаць. Але мала проста казаць. Каханне трэба пацвярджаць учынкамі. Падтрымліваць і паважаць выбар адно аднаго і не навязваць свае рашэнні і жаданні. Каханне — гэта не тое, што ты мой і павінен рабіць тое, што я хачу.

П.: Для мяне гэта не каханне.

— Згодна, гэта зняволенне.

П.: А каханне — гэта, наадварот, воля.

В.: Або Патэрсан, гледзячы з якога боку паглядзець (смяюцца).

— Ёсць меркаванне, што людзі рознага менталітэту ніколі не будуць разумець сваіх каханых так, як іх суайчыннікі...

П.: Воля найлепш за ўсіх у свеце мяне разумее. Для мяне ўсе астатнія, у тым ліку мае сваякі, болей замежнікі, чым жонка. Воля для мяне не замежніца. У нас адна нацыянальнасць. А ва ўсіх астатніх — іншая. І, здаецца, гэта ўзаемна.

В.: Вядома, узаемна. Наогул, нацыянальнасць — не панацэя. Усё вельмі індывідуальна. І ў аднанацыянальных сем`ях не заўсёды пануе паразуменне.


— Ведаю нямала сем`яў, якіх яднае толькі побыт, а вольны час яны бавяць паасобку, бо розныя інтарэсы. Я прагледзела вашыя фотаздымкі на старонцы ў фэйсбуку, дык склалася такое адчуванне, што вы не расстаяцеся ні на хвіліну.

В.: Нам пашанцавала. У нас вельмі шмат агульных захапленняў. Таму тое, што мы разам практычна ўвесь час, — гэта не падаецца, гэта праўда. Разам працуем на праектах, вучымся ў адным універсітэце, ходзім у адну і тую ж спартзалу, бегаем, наведваем майстар-класы. Сёння раніцай ездзіла ва ўніверсітэт адна, на цэлыя дзве гадзіны. І так ссумавалася. Мы ўжо дзве гадзіны з табой размаўляем і нават ні разу не абняліся, непарадак (абдымаюцца).

П.: Калі мой шэф пытаецца, ці магу я выкладаць у нейкі канкрэтны дзень, я кажу: «Трэба спачатку спытаць у Волі». Не таму, што яна мяне прымушае, кантралюе, не. Яна проста плануе лепш за мяне.

В.: Патэрсан — майстар імправізацыі. Мне гэтага бракуе. Таму я адказваю за планаванне, а Патэрсан — за імправізацыю, калі штосьці ідзе не па плане (смяюцца). Мы ў гэтым сэнсе дапаўняем адно аднаго. Ды і ўвогуле разам нам лягчэй і ў працы, і ў навучанні, і ў штодзённых справах.

— І якія ў вас планы на бліжэйшую будучыню?

В.: Жыць тут і цяпер. Магістратуру скончыць.

П.: Я хачу паспрабаваць паступаць у дактарантуру сёлета. У нашай сям`і ёсць стары дом у гістарычным цэнтры горада. Мы з Воляй марым зрабіць там хостэл. Але пакуль што не ведаю, калі зможам, бо складаная бюракратычная сітуацыя: дом стаіць у руінах, але нам не даюць яго адрэстаўраваць. У мяне ёсць яшчэ ідэі для новых кніг.

В.: Плануем 4 верасня прабегчы паўмарафон. Дарэчы, у той жа дзень 21-кіламетровы забег будзе ладзіцца і ў Мінску. Трэніруемся пастаянна. У Саўвадоры вельмі шмат праводзіцца забегаў. Яны накіраваны на тое, каб зматываваць людзей займацца спортам.


— У Бразіліі зараз праходзяць Алімпійскія гульні. Якую каманду падтрымліваеце?

В.: Вядома, беларусаў і бразільцаў. У Алімпіядзе будзе ўдзельнічаць дзяўчына з Саўвадора, з якой мы пазнаёміліся, калі разам бегалі ў сакавіку. Я хацела б паглядзець, як яна выступіць. Зычу ёй перамогі. Як і землякам. Параалімпійскія гульні хацела б паглядзець, беларускія спартсмены там таксама будуць змагацца за медалі. Мяне заўсёды здзіўляла, чаму яны не так моцна асвятляюцца ў медыя. У нас заўсёды на забегах ёсць параатлеты. Яны такія крутыя.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

dryla@zviazda.by

Zviazda.By


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2632
Текущая дата: 15.12.2024