У беларускай культурнай прасторы ўжо маецца некалькі выдатных прыкладаў арганізацыі праекта з дапамогай краўдфандынгу. Гэта спосаб збору сродкаў, што называецца, «нітка да ніткі», калі з невялікіх ахвяраванняў інтэрнэт-карыстальнікаў складваюцца вялікія сумы, якіх дастаткова для ўвасаблення ідэй. Аўтары ўносяць свае прапановы, а зацікаўленыя па меры магчымасці выдаткоўваюць грошы. На гэты раз справа не толькі прыгожая, але і справядлівая. На платформе Ulej агульнымі намаганнямі можна запусціць пэўны ланцужок, што павінен пачацца з прэзентацыйнага фільма пра старажытны дахрысціянскі абрад «Тураўскі карагод».
У сваім першапачатковым выглядзе абрад захаваўся толькі ў адным месцы і ў адным калектыве — яго дагэтуль праводзіць народны фальклорны ансамбль «Міжрэчча» ў вёсцы Пагост. Дарэчы, яшчэ ў 2010 годзе ў дзясятцы найлепшых месцаў свету для святкавання Каляд і Новага года тэлекампанія CNN паставіла вёску Пагост на трэцяе месца.
«Міжрэччам» кіруе Кацярына Панчэня, альбо проста баба Каця — яна ведае мноства народных песень і ўнікальных старажытных рытуалаў, сярод якіх і Тураўскі карагод — абрад урадлівасці зямлі і бясконцага чалавечага жыцця.
Дык вось, пра ланцужок. Калі будзе створаны прэзентацыйны фільм, ён стане апошнім адсутным элементам для падачы заяўкі ў ЮНЕСКА на ўключэнне язычніцкага беларускага абраду ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Адпаведны статус гарантуе аўтэнтычнай з`яве захаванне, што сёння для нас асабліва актуальна — хоць абрад і адсылае да вечнага чалавечага жыцця, фізічнае існаванне тых, хто падтрымлівае традыцыю тураўскага карагоду, усё ж не бясконцае.
Сітуацыяй пачаў турбавацца генеральны прадзюсар кампаніі «БелФільм Група» Юрый Ігруша, ён разам з рэжысёрам Ігарам Бышнёвым на працягу года здымаў на Палессі дакументальнае кіно. Вынікам сталі дзве неігравыя стужкі пра загадкавыя беларускія мясціны — «Дачка Прыпяці» і «Кола часу», што не так даўно былі паказаны ў Нацыянальным гістарычным музеі.
Дык вось, падчас працы на Палессі аказалася, што каштоўная аўтэнтыка (з таго, што ў краіне засталося) знаходзіцца пад пагрозай сыходу ў небыццё. На гэты момант для падачы заяўкі сабраны дзясяткі неабходных дакументаў, але наяўнасць спецыяльнага фільма з`яўляецца абавязковай умовай. Таму Юрый Ігруша просіць паўдзельнічаць у праекце рублём, усё астатняе зробіць здымачная група.
Сучасны спосаб збору сродкаў праз краўдфандынг — з`ява цікавая ў тым сэнсе, што на праектах, увасобленых з дапамогай масавых ахвяраванняў, стаіць нябачная пячатка народнага ўхвалення. Тое, што ствараецца за кошт краўдфандынгавых грошай, не мае права не адбыцца, не атрымацца, не быць вартым даверу. Таму ўсё, што мае ў гісторыі стварэння пазнаку адпаведных інтэрнэт-платформ, — гэта «выбар рэдакцыі». Уласны выбар гледача, наведвальніка, карыстальніка.
У выпадку з фільмам пра тураўскі карагод адказнасць падае не толькі на аўтараў, а згаданая ініцыятыва ахоплівае інтарэсы не проста гледача, а захавальніка ўласнай культурнай спадчыны. Для нашага вечнага жыцця.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА