Белорусский портал в Казахстане

Аўтарка гальштука для цырымоніі «Оскара» прывезла да нас выставу



"Звязда", 10.09.2016

Адкрыццё выстаўкі славацкай мастачкі Зузаны Граус Рудаўскі «Дотык Славакіі. Малюнак. Аб`ект. Каштоўнасць» было прымеркавана да дзвюх істотных для Славакіі падзей: Дня канстытуцыі краіны (які сцвярджае, — 24 гады таму краіна аддзялілася ад Чэхіі і пачала самастойнае існаванне) і першаму ў гісторыі старшынству Славакіі ў Савеце Еўрапейскага саюза, якое распачалося ў ліпені гэтага года.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў Беларусі Ёзэф Мігаш падкрэсліў, што гэтыя падзеі важныя для яго радзімы. Колькі слоў было сказана і пра развіццё стасункаў паміж нашымі краінамі: пасол згадаў Дні Славакіі, што праходзілі ў Віцебску падчас «Славянскага базару», Беларуска-славацкі прадпрымальніцкі форум. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына таксама завітала на ўрачыстае адкрыццё. Яна адзначыла: «Славакія — маладая незалежная краіна, якая мае вельмі глыбокія карані і традыцыі мастацтва. Менавіта на гэтых каранях вы грунтуеце сучаснае інавацыйнае мастацтва, што робіць яго надзвычай цікавым».

Сапраўды, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Славакіі, якое прадставіла для беларусаў Зузана Рудаўска ў галерэі «Універсітэт культуры», — з`ява выключная. Яна працуе ў некалькіх самастойна вынайдзеных тэхніках, сумяшчае ў творчасці класічныя асновы з аўтарскім наватарствам і ніколі не забываецца пра навакольнае асяроддзе. Яе моцная светлая энергетыка адбіваецца ва ўсіх малюнках, аб`ектах, скульптурах, упрыгажэннях выстаўкі. Нездарма спадарыня Зузана надае шмат увагі матэрыялам, з якіх стварае свае аб`екты:

— Я павінна асабіста дакрануцца да матэрыялу, адчуць яго энергетыку, — тлумачыць свой падыход да справы мастачка. — Матэрыял ёсць натхненне, таму я заўсёды выкарыстоўваю толькі натуральныя камяні, металы, тканіну.

Зузана Рудаўска любіць падарожнічаць. Яе падарожжы дадаюць творчасці шмат карыснага: гэта і новыя камяні, выпадкова ўбачаныя ў маленькіх крамах па ўсім свеце, і новыя ідэі. Так, пасля візіту ў Японію ў арсенале мастачкі з`явіліся незвычайныя аб`ёмныя палотны з паперы ручнога вырабу. Штуршком для распрацоўкі такой тэхнікі стала наведванне японскай вёсачкі, дзе сяляне традыцыйна займаліся папяровай вытворчасцю.

Работы спадарыні Зузаны запатрабаваны не толькі ў межах галерэй і прыватных калекцый, але і ў штодзённым жыцці. Каштоўныя ўпрыгажэнні, якія на пачатку сваёй кар`еры мастачка рабіла выключна для сябе, хутка зацікавілі людзей. Цяпер ювелірнае майстэрства — яшчэ адзін напрамак яе дзейнасці, але кожны такі выраб унікальны і ў першую чаргу з`яўляецца творчым аб`ектам. Зузана Рудаўска мае дачыненне і да кіно: яна супрацоўнічала з кампаніяй Warner Brothers, а на пачатку 1990-х італьянскі акцёр і рэжысёр Раберта Бенінья выйшаў на чырвоную дарожку «Оскара» у гальштуку з металу, які зрабіла для яго славацкая мастачка.

Беларусаў на выстаўцы чакае асаблівы падарунак: на адной са сцен галерэі «Універсітэт культуры» змешчана незвычайная карціна. «Белае прывітанне для Белай Русі» — такую назву мае твор, падрыхтаваны Зузанай Рудаўскай для нашай краіны падчас яе першага візіту ў 2002 годзе.

Дар`я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Вікторыі АСКЕРА

Zviazda.By


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2664
Текущая дата: 08.12.2024