«Думаю, класна, калі ты займаешся нейкай дзейнасцю больш як траціну жыцця, а цябе па-ранейшаму называюць маладым. Гэта як закансерваваная маладосць. І я не іранізую», — так распачаў нашу гутарку паэт Віталь РЫЖКОЎ. І хоць ён сам не прызнае сябе вядомым паэтам, дазволю сабе з гэтым не пагадзіцца. Яго дэбютная кніга «Дзверы, замкнёныя на ключы» разышлася двума тыражамі. Ён лаўрэат прэстыжнай прэміі «Дэбют», выдатны перакладчык прозы і паэзіі. Але пра любоў і прызнанне публікі лепш сведчаць поўныя залы на прэзентацыях і чытаннях, а таксама цытаты з яго вершаў, якія можна пабачыць на сценах у якасці графіці. Пра крытэрыі поспеху па-беларуску, парады паэтам-пачаткоўцам і стаўленне да маладога пакалення творцаў мы і гутарым сёння з Віталём Рыжковым.
— У нашай краіне словы пра поспех выклікаюць хутчэй іронію. Мы вельмі рэдка ставімся да творцаў з захапленнем — бо яны свае. Ды ён у суседнім двары жыве — які ён Боб Дылан? Нашых класікаў, якія не так даўно памерлі, — Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча — ведаем па двух-трох радках са школьнай праграмы. Дзейнічае адвечная формула: наш поспех тут — гэта наш поспех за межамі краіны. Калі па табе фанацеюць у Расіі, Польшчы, Украіне, тады праз гэты фільтр прыглядаюцца і ў нас. Вельмі часта поспех аказваецца мыльнай бурбалкай, якая нясе толькі праблемы. Таму я рады пазнаёміцца — непаспяховы, дагэтуль малады, можна лічыць пачатковец, Віталь Рыжкоў. І гэта вельмі здорава. Я хацеў бы, каб так было як мага даўжэй, каб можна было спакойна рабіць сваю справу і не марнаваць энергію на тое, каб адбівацца ад зайздроснікаў.
— Паэт сёння — гэта...
— Каб быць ім, мала проста займацца вершатворчасцю, у якой патэнцыйны чытач пазнае сябе, пляскае ў ладкі, чытаючы цытату ў сацыяльных сетках. Трэба здзіўляць. Калі і ёсць пазнаванне — дык пра нечаканае, пра што чалавек, можа быць, ніколі і не думаў. Да таго ж сённяшняму паэту варта няслаба разбірацца ў філасофіі і тэорыі літаратуры, каб здзіўляць не толькі чытача, але і калег.
— Твае вершы часта становяцца песнямі. Іх спяваюць гурт Zatochka, Віталь Варанко і многія іншыя. Ці заўсёды правільна прачытваецца аўтарскі пасыл?
— Я вельмі даўно вырашыў не хвалявацца наконт песень на свае тэксты. Яшчэ не чуў ідэальнай кампазіцыі на свой верш, кожны раз гэта іншае прачытанне, эмоцыі, узнаўленне, сінтэз маёй задумы з аранжыроўкай. І гэта цалкам лагічна. Ёсць і ёсць. Пярэчыць і забараняць я нікому не збіраюся. Гэта і пэўнага кшталту сімвал павагі, прыхільнасці да маёй творчасці.
— Неяк вядомы кітайскі паэт і перакладчык Сі Чуань падчас інтэрв`ю сказаў мне, што паэты пішуць толькі для сваіх калег — бо толькі яны могуць цалкам зразумець іншага паэта. А ты для каго пішаш?
— Раней, гадоў пяць ці болей таму, я, напэўна, з гарачым сэрцам сказаў бы: паэзія мусіць быць для ўсіх. Яна павінна, як раней, збіраць стадыёны, працінаць трапнымі выразамі і вобразамі сэрцы тысяч, мільёнаў чытачоў. Але з часам мне зрабілася нецікава выступаць, бачыць свае вершы надрукаванымі. Больш за тое, думаю, што іншы паэт мог бы быць больш патрэбным гэтай паперы. І паступова адзінай радасцю, якую я пачаў адчуваць, стала радасць ад самой творчасці. Калі ты пішаш і сам разумееш: вось тут я зрабіў адкрыццё, а гэтым здзіўлю некалькі сваіх калег. Але і ўвага да думкі апошніх амаль нівелявалася. Пахваляць — добра, не пахваляць — што зробіш. Праз гэта пакутаваць не стану. Я раіў бы імкнуцца да такога стаўлення ўсім маладым аўтарам. Не перамаглі ў нейкім конкурсе — не трэба пісаць пагроз сябрам журы. Не перамог ваш сябар — пажадайце яму цярплівасці і ўдачы наступны раз. Усе гэтыя пакуты праз неперамогі і расчараванні адбіраюць у нас шмат творчай энергіі, і ў выніку некаторыя маладыя творцы запамінаюцца як скандалісты, плеткары. Сапраўдны пісьменнік — гэта яшчэ і прыклад годных паводзінаў.
— Сам сочыш за творчасцю калег, чытаеш іх новыя кнігі?
— З задавальненнем раблю гэта ў дачыненні прыкладна да двух дзясяткаў маладых беларускіх аўтараў. Мне здаецца, што пакрысе можна пачынаць ужываць паняцце «наша пакаленне» — пра тых, хто пісаў з пачатку 2000-х і прыблізна да 2015-га. У гэтыя паўтара дзесяцігоддзя вельмі актыўна з`яўляліся імёны, чыя паэзія насамрэч цікавая.
Я працягваю шукаць новых творцаў і ўжо адчуваю разрыў пакаленняў: не ўсё разумею, не ўсё прымаю. Не ўсе спосабы гульні са словам здаюцца мне цікавымі.
Я не кажу, што сярод іх няма добрых паэтаў, але вось ужо два ці тры гады сярод аўтараў да 25 гадоў няма такіх, хто б мяне здзівіў...
— Што не так з маладымі?
— Усё паўторы, усё гэта я чытаў у аўтараў свайго пакалення. Магчыма, і наша было паўторам кагосьці.
Але тыя, хто цяпер прыходзіць у літаратуру, ужо атрымліваюцца паўторамі паўтораў.
Можна сказаць, што гэта пераемнасць, але часцей я бачу прагу займець тую самую папулярнасць, з якой мы пачыналі размову, а не імкненне знайсці нешта новае, здзівіць калег і слухачоў. Гэта мяне насцярожвае.
— Ты ж не маеш дыплома філолага. Што параіш тым, хто хоча пісаць, але не ведае, як?
— Мне здаецца, што філалагічная адукацыя паэту вельмі замінае. У мяне быў такі комплекс: калі я толькі рабіў першыя крокі ў літаратуры, здавалася, што мне бракуе начытанасці. Я нават скардзіўся старэйшым сябрам-літаратарам на гэты свой недахоп і падумваў пайсці вучыцца на філфак проста дзеля спіса літаратуры. Мне сказалі, што гэтага ні ў якім разе не трэба рабіць. Прабелы ў самаадукацыі, наадварот, ствараюць магчымасці. Хай буду вынаходзіць ровар, прыдумваць прыёмы, якія да мяне ўжо тысячу разоў прыдуманыя і забытыя, але пры пэўнай упартасці прайду гэты шлях натуральна.
— Дык што рабіць чалавеку, які вельмі хоча быць паэтам?
— Патрэбны дзве рэчы, якія мусіць рабіць і першакласнік, — шмат чытаць і шмат пісаць. Толькі на самым вышэйшым узроўні. Чытаць запоямі сур`ёзную літаратуру. Шмат пісаць, бо літаратура — гэта не шлях спроб, а шлях памылак. Трэба ўсе памылкі самому зрабіць, усвядоміць, што гэта менавіта памылкі. Знаходзіць прыёмы, якія працуюць і з`яўляюцца ўласна вашымі, развіваць, памнажаць іх, імкнуцца, каб тэксты ўражвалі як мага даўжэй не толькі вашых сяброў, але і вас саміх.
— Ці чакаць прыхільнікам новую кнігу паэзіі Віталя Рыжкова?
— Найбліжэйшым часам не. Выпусціўшы першую пяць-шэсць гадоў таму, я зразумеў, што наступныя 5 гадоў пра другую нават думаць не буду. Не бывае дзесяцітомніка добрых вершаў. Сваю першую кнігу я пісаў 8 гадоў, з гэтага перыяду свайго жыцця выбраў толькі 35 вершаў. Працягваю пісаць, але нават яшчэ не спрабаваў складаць творы ў адну папку. Я ведаю гісторыю, якую хачу расказаць прынамсі трыма сваімі кнігамі, але збіраюся іх пісаць ледзь не да канца жыцця.
Марына ВЕСЯЛУХА