Пра гэта карэспандэнту «Звязды» паведаміў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, гісторык Зміцер Яцкевіч.
Дарэчы, менавіта Зміцер Лявонцьевіч, які некалі быў адным з першых, хто пачаў вывучаць карані беларускіх творцаў, і з`яўляецца аўтарам кнігі «Радавод Максіма Багдановіча».
Ён расказвае:
— У пачатку 1990-х гадоў, калі я працаваў кіраўніком сектара геральдыкі пры аддзеле старажытных актаў у Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь, мы пачалі актыўна вывучаць тэму генеалогіі і геральдыкі нашай краіны. Падчас працы па даследаванні генеалогіі беларускай шляхты раз-пораз узнікалі факты па сялянскіх і мяшчанскіх радаводах.
Зразумела, абысці ўвагай такіх асоб, як Максім Багдановіч, было немагчыма. На працягу некалькіх гадоў працаваў над радаводам паэта, яго маці і іншых сваякоў. Нават знайшоў яго далёкіх нашчадкаў, нашых сучаснікаў. Пазней разам з даследчыкам Міколам Трусам мы прыйшлі да ідэі падрыхтоўкі асобнага выдання «Радавод Максіма Багдановіча». Быў сабраны багаты матэрыял, які выдатна клаўся ў задумку цэлай серыі. Так, першай у межах праекта пабачыла свет кніга пра радавод Яна Чачота, а наступным стала выданне пра Максіма Багдановіча. Яно выйшла ў 1999 годзе ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор».
Гэтыя кнігі, хоць былі параўнальна невялікія па аб`ёме, змяшчалі якраз тыя матэрыялы, якіх на той час бракавала ў даследаваннях літаратуразнаўцаў. Яны прадстаўлялі менавіта архіўны аспект.
Кожная праца над радаводам пісьменніка рыхтуе нам шмат адкрыццяў, як дробных, так і знакавых. Вывучэнне роду Максіма Багдановіча таксама не стала выключэннем.
На падставе дакументаў я даказаў, што бацькі Адама Багдановіча і Марыі Мякоты былі ўніятамі, нават уніяцкімі святарамі. Дарэчы, гэта мела важнае значэнне ў выхаванні і адукацыі продкаў паэта. Так, Адам Ягоравіч займаўся літаратурнай творчасцю, літаратурны талент мела і яго маці.
Яшчэ адным адкрыццём было тое, што Багдановіч мог мець іншае прозвішча — Коклеч. Максім атрымаў прозвішча прадзеда айчыма яго бацькі — Багдановіч. Продкі Максіма служылі дваровымі людзьмі пры сядзібе пана, садоўнікамі (заўважце паралель са Скарынам), кухарамі, былі добрымі майстрамі.
Адкрыццём стала і тое, што маці паэта паходзіць са шляхецкага роду. Мякота — старажытны беларускі шляхецкі род, які мае адмысловы герб «Курч», ім валодалі каля 5 сямей, пачынаючы з пінскіх князёў Курцэвічаў. У пачатку XІХ стагоддзя Мякоты былі прызнаныя, але потым у сенаце шляхецтва не зацвердзілася. Магчыма, самой сям`і гэта было проста не патрэбна, або ў іх бракавала грошай.
Кніга «Радавод Максіма Багдановіча» запатрабаваная і сёння. Таму, магчыма, выданне варта перадрукаваць з улікам новых знаходак, адкрыццяў, дакументаў, што выявіліся пасля публікацыі кнігі. Думаю, шмат яшчэ фактаў будзе знойдзена.
Марына Весялуха
vesіaluha@zvіazda.by
8 снежня 2016, zviazda.by