Белорусский портал в Казахстане

На Гомельшчыне абвешчаны конкурс для рамеснікаў



Ірына Асташкевіч (Звязда) 2 снежня 2016

У абласным аддзяленні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) абяцаюць, што пераможцаў чакаюць не толькі прызы, але і шырокія магчымасці прадстаўляць свае вырабы на выставах, у тым ліку за мяжой.

Дарэчы, размова пра сувенір для замежніка, якую мы пачалі на старонках газеты (12.11.2016), атрымала працяг на дзяржаўным узроўні. Асабіста для мяне было важна даведацца, што разавыя безвыніковыя пошукі на паліцах крам нечага адметнага, беларускага — не мой суб`ектыўны погляд на праблему.

Адказы на асобныя пытанні, якія ўзніклі раней, былі знойдзены падчас круглага стала «Вытворчасць сувенірнай прадукцыі: праблемы, рэаліі, перспектывы», які правялі ў Гомелі. Праўда, яшчэ больш пытанняў нарадзілася пасля.

Пошукамі вартых беларускіх сувеніраў куды часцей, чым мне, прыходзіцца займацца тым, хто рыхтуе візіты нашых дэлегацый, якія выязджаюць за межы краіны яе прадстаўляць. І, аказваецца, яны сутыкаюцца з такімі ж пытаннямі: як знайсці нешта, што не толькі створыць станоўчы эмацыянальны настрой у далейшых стасунках, але і прадставіць у добрым святле менавіта нашу краіну.

Імідж — усё

Сапраўды, гаворыць прэс-сакратар гомельскага аддзялення БелГПП
Ірына Такоева, заўсёды ідзе пошук майстроў, якія могуць вырабіць спецыяльныя іміджавыя сувеніры:

— Да таго ж на працягу некалькіх гадоў падчас правядзення прамысловых выстаў мы праводзім і святы майстроў. Запрашаем рамеснікаў не толькі з усёй нашай краіны, але і з Расіі, Украіны, Казахстана для ўдзелу ў мерапрыемствах.

Звышмэту сувенірнай прадукцыі агучвае генеральны дырэктар гомельскага аддзялення БелГПП
Марына Філонава: рамесніцкі выраб абавязкова павінен асацыявацца з рэгіёнам.

— Таму нам важна не толькі разабрацца, якім можа быць іміджавы сувенір, якія матэрыялы для яго лепш выкарыстоўваць, — тлумачыць ён. — Не менш важныя ўпакоўка і нават памер. Рэч пра тое, што ёсць пэўныя абмежаванні для вывазу па памерах і вазе. Напрыклад, гліняныя вырабы вельмі крохкія і іх можна не давезці ў багажы цэлымі.

Дарэчы, і дацэнт кафедры паліталогіі і сацыялогіі ГДУ імя Ф. Скарыны Анатоль
Касьяненка лічыць, што ў краіне можа быць некалькі рэгіянальных брэндаў, якія падкрэсліваюць асаблівасці кожнага канкрэтнага раёна.

— Досвед іншых краін трэба мець на ўвазе. У Славакіі, напрыклад, ёсць некалькі рэгіянальных брэндаў, якія замацаваны гандлёвай маркай і павінны несці на сабе прыкметы пэўнай тэрыторыі. Пры гэтым звычайна імкнуцца захаваць яе гістарычную назву. Тавары звязаны з мясцовымі традыцыямі, культурай, матэрыяламі...

Часткай маркетынгавай палітыкі з`яўляюцца іміджавыя мерапрыемствы па прасоўванні тэрыторый. І сувеніры ў гэтым могуць добра дапамагчы. Дарэчы, летась Беларусь наведала каля 300 тысяч арганізаваных турыстаў. Яны з задавальненнем купілі б нашу сувенірную прадукцыю, але ў нашых адпаведных крамах абсалютная большасць тавараў прывезена з Расіі і з ёй напрамую асацыюецца, як, напрыклад, кветкавыя роспісы пад «гжэль» ці «жостава».

Неадназначная Неглюбка

Тэкстыльныя традыцыі аддаленай вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна сёлета прызнаны ўнікальнай з`явай беларускай народнай творчасці і папоўнілі Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Такім чынам, бела-чырвоныя ручнікі з Неглюбкі з`яўляюцца візітнай карткай Беларусі і вельмі часта выкарыстоўваюцца для падарункаў. Вырабы ўтрымліваюць дзясяткі складаных арнаментаў — таямнічых знакаў нашых продкаў. І менавіта гэта дае падставу пераводзіць іх на сучасную мову стэрэатыпаў, — заўважае дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Г. Шклярава
Галіна Нячаева:

— На жаль, сёння легенда для сувеніра працуе аднапланава. Маладыя людзі маюць цікавасць да сваёй культуры, але яны хочуць ад яе нейкай адназначнасці. І часта задаюць пытанні: а які знак добры? А які — дрэнны? Я адказваю: кожны знак сімвалічны. Ён касмалагічны, таму добры. Мне хацелася б перасцерагчы некаторых ад прымітыўнасці мыслення. Нашы традыцыі архетыпічныя, яны пластычныя і глыбокія. Таму не можа быць адназначнай трактоўкі знакаў. Пішуць на нейкім вырабе: «знак ураджаю». А гэта яшчэ і знак нараджэння, і знак поспеху...

Між тым, нагадвае Галіна Рыгораўна, арнаментальныя знакі на тканіну калісьці трапілі з керамікі. А чаму б сёння гэты працэс не накіраваць у адваротны бок?

— Знак спачатку выдрапваўся на вільготнай гліне пасудзіны, якая потым абпальвалася. Чаму б сёння нам не рабіць «археалагічныя» чыгункі, падобныя на тыя, якія калісьці вырабляліся тут?

Ідэі-выкапні

Археалогія ўвогуле дае шмат вобразаў, якія можна выкарыстоўваць у сучасных сувенірах. На рубяжы эпохі хрысціянства на нашай тэрыторыі вырабляліся прыгожыя «глазчатые» сінія каралі. Кіеўская культура V стагоддзя, распаўсюджаная на гэтых тэрыторыях, дае прыклады цікавых рэчаў з бронзы і латуні. У Юравічах Калінкавіцкага раёна знаходзіцца буйнейшы помнік эпохі палеаліту.


Там знойдзены магільнік і стаянка першабытнага чалавека, узрост якой больш за 26 тысяч гадоў. У Юравічах былі знойдзены ў тым ліку косткі мамантаў, на якіх палявалі нашы далёкія продкі. Таму, прапануе кіраўнік Веткаўскага музея, і выява маманта, а не толькі зубра, магла б стаць адным з сімвалаў нашай краіны:

— Прафесійныя мастакі могуць даць сучасную транскрыпцыю любога архетыпічнага вобраза. Такім чынам будзе адбывацца інфармацыйны дыялог традыцыі і будучыні. Чаму мы спыняемся на трох варыянтах сувеніраў? У Гомельскай вобласці было не менш за 16—18 строяў адзення. Чаму б гэта не выкарыстоўваць у кожным з раёнаў? Наш рэгіён славіўся вытворчасцю пернікаў і абаранкаў. Чаму б іх не рабіць сёння? На парцэляне можна намаляваць і нашы любімыя арнаменты, і выявы літар са старажытных кніг, якія захоўваюцца ў нашым музеі.

І гэта далёка не ўсе з агучаных за круглым сталом ідэй і легенд для сувеніраў з сэнсам. Дарэчы, нагадвае дырэктар прыватнай установы «Тэрыторыя развіцця — XXІ стагоддзе» Ірына Багданец, трэба не забыць пра пакупнікоў-калекцыянераў:

— Ёсць людзі, якія па ўсім свеце збіраюць напарсткі, званочкі, лыжачкі, кубкі, цацкі, талеркі, кацянят, выкананых у рознай тэхніцы. А калі тое самае кацяня будзе апранута ў кашулю з нацыянальным беларускім каларытам, на яго абавязкова знойдзецца ўдзячны захоплены пакупнік.

Рамеснік палохае гандляра

Керамісты з Гомеля, муж і жонка
Яўген Пятроў і Ірына Гаўрыленка, агучылі свой погляд на сучасныя праблемы рамеснікаў:

— Прыватныя крамы імкнуцца зрабіць надбаўку ў 100 % да цаны, якую мы прапануем для продажу. Для спажыўца гэта занадта дорага. А дзяржаўныя крамы з рамеснікамі ўвогуле не хочуць мець справу. Калі гаворыш, што ты рамеснік, усе палохаюцца. Кажуць: мы з рамеснікамі не працуем. Нас пытаюць: а як з вамі дагавор заключыць, вы ж не працуеце з накладнымі? Да таго ж, самастойна рэалізоўваць прадукцыю складана. Такога Арбата, як у сталіцы Расіі, у нас няма. Нам здаецца, павінна быць вызначанае месца, дзе гандлююць не перакупшчыкі, а самі вытворцы мастацкіх вырабаў.

— Вельмі хацелася б, каб сувенір урэшце прыводзіў нашых гасцей, у тым ліку заможных, у канкрэтны раён, — дзеліцца сваімі марамі
Марына Філонава. — Мы будзем падтрымліваць унікальныя традыцыі нашых раёнаў. А пакуль што пераканаліся, што важна стварэнне дэманстрацыйнай пляцоўкі для рамеснікаў. Патрэбна дапамагчы ім прасоўваць прадукцыю і такім чынам прэзентаваць сябе. Мы хачам сабраць базу сувеніраў Гомельшчыны, каб дэманстраваць іх на сваіх выставах.

Праблемная самазанятасць

Першы намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты
Аляксандр Нахаенка гаворыць пра важнасць фарміравання сістэмнай работы ў «сувенірным кірунку»:

— Калі мы гаворым пра падтрымку народнай творчасці, я вылучыў бы выраб традыцыйных рэчаў, якія маюць прыкладное значэнне, і непасрэдна сувенірнай прадукцыі. Усё гэта сапраўды можа дапамагаць вырашаць праблему самазанятасці насельніцтва, асабліва ў рэгіёнах.

Дарэчы, трэба ўлічваць і тое, што стварэнне аднаго рабочага месца ў сферы народных промыслаў каштуе на парадак менш, чым у сферы высокіх тэхналогій. Гандлёва-прамысловая палата — не сацыяльны інстытут, мы накіраваны на падтрымку і развіццё бізнесу.

Сёння мы дапамагаем рамеснікам, заўтра яны дапамагаюць нам. Мы да многіх пытанняў, якія тычацца дзейнасці рамеснікаў, толькі падыходзім, таму тэму трэба абавязкова развіваць.

У нас вельмі многа заканадаўчай цяганіны, якая перашкаджае рамеснікам займацца сваёй справай. Шмат пытанняў, якія тычацца рэалізацыі іх прадукцыі. Між тым, праблемы якаснай сувенірнай прадукцыі стаяць у комплексе з іншымі, якія тычацца прыцягнення ў Беларусь турыстаў.

Здзіўляй і перамагай

Тым разам дадзены старт першаму адкрытаму конкурсу «Гомельскі сувенір», які на справе будзе садзейнічаць выяўленню майстроў-вытворцаў крэатыўнай прадукцыі з элементамі сімволікі, брэндавых знакаў, мясцовых славутасцяў, а таксама актывізаваць удзел рамеснікаў у выставах і кірмашах.

Намеснік генеральнага дырэктара гомельскага аддзялення БелГПП
Барыс Гушчын гаворыць, што да 25 лютага 2017 года будзе ажыццяўляцца прыём сувеніраў ад рамеснікаў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці:

— Конкурс пройдзе ў некалькіх намінацыях: сувенір прадстаўніцкага класа, рэгіянальны сувенір, этнаграфічны і калекцыйны. Будуць ацэньвацца арыгінальнасць і якасць выканання, высокі мастацкі ўзровень, наяўнасць пакавання і даступны для масавага спажыўца кошт.

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў запланавана на канец сакавіка. Да гэтага ў Гомельскай вобласці пройдзе шэсць універсальных выстаў, на якіх рамеснікі і майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці змогуць прадэманстраваць свае экспазіцыі.

Ірына Асташкевіч
іost@zvіazda.by
2 снежня 2016, zviazda.by


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2743
Текущая дата: 15.12.2024