Белорусский портал в Казахстане

Унікальная гісторыя гарадка Сураж



(Звязда) 19 красавіка 2017 года

«МС» працягвае цыкл публікацый, прысвечаных гісторыі гарадскога самакіравання. Сёння даведаемся пра Сураж. Ён знаходзіцца прыкладна за 40 кіламетраў ад Віцебска — каля трасы, якая пралягае ў бок Расіі.

Зручнае месца...

На жаль, у гэтым былым райцэнтры практычна нічога не нагадвае пра багатую і па-свойму ўнікальную гісторыю. Ні замка, ні збудаванняў, якія могуць зацікавіць турыстаў. Тэму гісторыі Суража даследаваў старшы навуковы супрацоўнік навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў.

Сураж, як ні дзіўна, узнік не таму, што развіваліся гандаль і рамёствы. А дзякуючы зручнаму — з пункту гледжання ваеннай стратэгіі — месцазнаходжанню. У гэтым адрозненне ад пераважнай большасці беларускіх гарадскіх паселішчаў.

— Сураж насамрэч мае не зусім тыповую прычыну заснавання. Справа ў тым, што ў XVІ стагоддзі месца, дзе размешчаны сучасны Сураж, мела важнае стратэгічнае значэнне. Але да пачатку Лівонскай вайны (1558—1583 гады) замка, тым больш горада, там не існавала, — расказвае даследчык.

У Суражы з паўднёвага боку ўпадае ў Заходнюю Дзвіну Каспля. Праз некалькі кіламетраў на ўсход Дзвіна прымае ў сябе воды буйнога паўночнага прытока — Усвячы. Кантроль над гэтым месцам дазволіў бы войскам Маскоўскай дзяржавы наладзіць сувязь водным шляхам паміж Смаленскам і Вялікімі Лукамі.

Каб не дапусціць гэтага, віцебскі ваявода князь Стэфан Андрэевіч Збаражскі не пазней за 1560 год пабудаваў замак пры ўпадзенні Касплі ў Дзвіну і заснаваў тут горад. Там ахвотна сяліліся жыхары навакольных вёсак. Бо ў гады Лівонскай вайны на неспакойным памежжы толькі сцены і вежы замкаў маглі даць ім адносную бяспеку...

— Несупынныя баявыя дзеянні і перманентная пагроза знішчэння ўносілі істотныя карэктывы ў жыццёвы ўклад насельніцтва. Гэта моцна паўплывала на афармленне прававога становішча мяшчан. Уладам Вялікага Княства Літоўскага цяжка было пастаянна ўтрымліваць тут наёмны гарнізон. Таму яны паспрабавалі вырашыць праблему забеспячэння абараназдольнасці замка і гарадка іншым шляхам, — працягвае гісторык.

На коней!

Суражскія мяшчане ў чэрвені 1570 года атрымалі гарадскія правы. І гэта была ўсё тая ж мясцовая мадэль, раней апрабаваная ў Віцебску. Асноўнай павіннасцю мяшчан было нясенне вайсковай службы, падаткаў яны не плацілі. У выніку да канца Лівонскай вайны горад не быў захоплены войскамі Маскоўскай дзяржавы.

У канцы XVІ — першай палове XVІІ стагоддзяў ён працягваў захоўваць сваё стратэгічнае значэнне. Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю Суража ў гады вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618 гады). Царскія войскі не раз спрабавалі авалодаць горадам. Але праз зацятае супраціўленне тутэйшых не здолелі дасягнуць мэты. 30 сакавіка 1615 года Жыгімонт Ваза сваім лістом нават выказаў мяшчанам удзячнасць. І гэта іх, можна сказаць, натхніла...

— Справа ў тым, што ў 1630—1640 гадах здараліся частыя канфлікты мяшчан з віцебскімі ваяводамі, іх суражскімі намеснікамі. Апошнія намагаліся абмежаваць самастойнасць мяшчанскай абшчыны. Таксама абвастрыліся адносіны з некаторымі феадаламі, якія спрабавалі захапіць гарадскія землі... Дзякуючы падтрымцы манарха суражскія мяшчане паспяхова адстойвалі свае правы ў такіх неспрыяльных умовах. Пры разглядзе судовых спраў кароль Жыгімонт Ваза станавіўся на бок суражан. Больш таго — жорстка штрафаваў іх апанентаў, — тлумачыць Максім Макараў.

Юрыдычны «казус»

У 1631 годзе адбыліся нечаканыя змены ва ўспрыманні прававога становішча суражан уладамі. Падчас адной з судовых цяжбаў адвакат шляхціцаў Горскіх заявіў, што мяшчане Суража не могуць самастойна прадстаўляць свае інтарэсы ў каралеўскім судзе.

Сапраўды, згодна з працэсуальнымі нормамі мяшчане гарадоў, што не мелі магдэбургскага права, павінны былі скардзіцца на шляхту толькі пры пасрэдніцтве мясцовага ўрадніка. У адказ на гэты выпад прадстаўнік гараджан Марцін Свяжынскі заявіў, што магдэбургскае права Суражу было нададзена яшчэ ў 1570 годзе. Хоць на самай справе на ўвазе мелася віцебскае права.

Аднак, як той казаў, «пракаціла». Гэтыя словы не выклікалі пярэчання. Рэч у тым, што статут 1588 года падзяляў гарады ВКЛ на дзве катэгорыі: з магдэбургскім прывілеем і без яго. Судовая калегія аднесла Сураж да першай катэгорыі...

— З доляй гумару можна сцвярджаць, што 12 чэрвеня 1631 года, выступаючы ў судзе, Свяжынскі «надаў» Суражу магдэбургскае права, якога горад у сапраўднасці не меў. У сярэдзіне 1640-х гадоў мяшчане і мясцовыя гаспадарскія ўраднікі былі цвёрда перакананыя ў тым, што Сураж мае тое, чаго... няма, — усміхаецца навуковец.

Супраць старасты

У 1648 годзе адбыўся востры канфлікт паміж мяшчанамі і суражскім старастам Геранімам Друцкім-Горскім. Ён груба парушаў іх прывілеі і маёмасныя правы. Суражскія мяшчане ўзяліся за зброю, сваім «дэмаршам» моцна напужаўшы ўрадніка і яго жонку.
Выступленне сапраўды магло выглядаць пагрозліва.

— 27 мая 1647 года падчас канфлікту з віцебскімі езуітамі, якія прэтэндавалі на частку гарадскіх зямель, прыкладна 150 суражан з ручніцамі, рагацінамі і бердышамі прыйшлі да «апанентаў» і змусілі іх умерыць апетыт.

Як бачым, мяшчане Суража рашуча бараніліся нават са зброяй у руках. Яны да сярэдзіны XVІІ стагоддзя паспяхова адстойвалі свае правы, атрыманыя ў рамках віцебскага гарадскога права, — канстатаваў суразмоўца.

* * *

У 1924 годзе Сураж стаў райцэнтрам. Статус гарадскога пасёлка быў нададзены яму ў 1938-м. У 1960-я ўваходзіў у склад Віцебскага і Лёзненскага раёнаў. Сёння — у Віцебскім. Тут пражывае больш за 900 чалавек.

У маленькім Суражы нарадзіліся некалькі вядомых людзей. Напрыклад, Аркадзь Львовіч Бяссмертны — беларускі скрыпач, дырыжор, прафесар, заслужаны артыст БССР. Адсюль таксама Алег Парфір`евіч Чудакоў, вучоны ў галіне сківічна-тваравай хірургіі, заснавальнік і прэзідэнт Беларускай асацыяцыі сківічна-тваравых хірургаў. Сураж — малая Радзіма і юрыста, эканаміста Захара Кацэнеленбаума. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ён быў адным з заснавальнікаў Дзяржбанка. І яго подпіс стаяў на грашовых купюрах...

Аляксандр Пукшанскі
Віцебск - Сураж, 19 красавіка 2017 года
Крыніца

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2828
Текущая дата: 06.10.2024