Белорусский портал в Казахстане

Крэўскі замак можа знікнуць назаўсёды



(Звязда) 26 ліпеня 2017 года

Пабудаваны ў пачатку XІV (а па некаторых крыніцах, у канцы XІІІ) стагоддзя, ён быў сведкам ключавых падзей у гісторыі не толькі нашай краіны, а цэлай Еўропы. За сем стагоддзяў існавання Крэўскі замак не аднойчы станавіўся арэнай барацьбы за ўладу. Тут вырашаўся лёс дзяржаў, аб`ядноўваліся вядомыя каралеўскія дынастыі. Адно са старэйшых абарончых збудаванняў на тэрыторыі Беларусі бралі ў асаду мяцежныя князі, маскоўскія ваяводы, перакопскія татары...

Але найбольш Крэўскі замак пацярпеў у гады Першай сусветнай вайны. Амаль два з паловай гады — з верасня 1915-га па люты 1918 года — праз яго праходзіла лінія фронту.

Воіны Рускай імператарскай арміі старажытныя сцены не шкадавалі: з`яўляючыся часткай нямецкай сістэмы абароны, Крэўскі замак не выстаяў пад магутным агнём артылерыі.

Апошні бой, які ператварыў яго ў руіны, адбыўся акурат сто гадоў таму. Вось як апісвае ліпеньскія падзеі 1917 года рускі генерал Антон Дзянікін, які камандаваў Заходнім фронтам расійскай арміі: «Пасля няўдачы наступлення ўцечка салдат стала ўсё ўзрастаць і да цемнаты дасягнула вялізных памераў. Салдаты, стомленыя, знерваваныя, не звыклыя да баёў і грукату гармат, пасля столькіх месяцаў зацішша, бяздзейнасці, братання і мітынгаў, натоўпамі пакідалі акопы, кідаючы кулямёты, зброю, і сыходзілі ў тыл... Ніколі мне яшчэ не даводзілася біцца пры такой перавазе ў колькасці штыкоў і матэрыяльных сродкаў. Ніколі яшчэ абстаноўка не абяцала такіх бліскучых перспектыў... І ўсё пайшло прахам...»

Сённяшні выгляд Крэўскага замка — амаль такі, як і сто гадоў таму. Хроніка яго разбурэння адлюстравана на ўнікальных фотаздымках з калекцыі журналіста Уладзіміра Багданава, якія экспануюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску. Дагэтуль, акрамя нямецкага афіцэра Фрыца Хофмана, яго баявых таварышаў і, вядома ж, уладальніка калекцыі, рэдкія кадры ніхто не бачыў.

— Гэтай маленькай выставай я хацеў бы прыцягнуць увагу да Крэўскага замка, які з`яўляецца адным з маіх любімых аб`ектаў па тэме Першай сусветнай вайны, — гаворыць Уладзімір Багданаў, які на працягу многіх гадоў даследуе гэты гістарычны перыяд. — Ён перажыў Вялікае Княства Літоўскае, выстаяў падчас польскай дзяржавы, Расійскай імперыі, Савецкага Саюза. Цяпер замак — частка мірнай Беларусі. Але менавіта сёння ён вядзе апошні бой: калі своечасова не прыняць меры, ад аднаго з найстарэйшых архітэктурных збудаванняў нашай краіны нічога не застанецца.

Нямецкія салдаты часоў Першай сусветнай вайны добра ведалі, дзе знаходзяцца іх войскі. Аб гэтым сведчыць хоць бы такі подпіс да аднаго з фотаздымкаў: «Наша пазіцыя ў замку Ягелонаў, пабудаванага ў XІV стагоддзі».

Але іх праціўнікаў мала хваляваў лёс архітэктурнага збудавання. Грубыя сцены Крэўскага замка былі ўсяго толькі ключом у тактычнай абароне немцаў. Іх магла пакарыць толькі вялікая колькасць выстралаў самага буйнога калібру. «На жаль, — піша рускі і польскі генерал Іосіф Доўбар-Мусніцкі, — мне далі мала выстралаў, таму нанёс невялікую шкоду».

— У дзяцінстве Крэўскі замак для нас асаблівага значэння не меў, бо мы каля яго нарадзіліся, жылі, — расказвае жыхар Крэва Іван Магер. — Мы ведалі, у якім стане ён знаходзіцца, але важнейшымі для нас, дзяцей, былі нямецкія акопы, бліндажы — там добра было гуляць у вайну. Першая сусветная не толькі знішчыла замак, яна нічога не пакінула ад Крэва: за тры гады вайны тут не засталося ніводнага будынка і падворка — адны варонкі.

Тэма Першай сусветнай апошнім часам усё часцей гучыць у сценах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Па словах яго дырэктара Алега Рыжкова, яна перастае быць забытай, як было яшчэ некалькі гадоў таму. «Сёння мы ўпэўнена кажам пра тое, што беларусы ўплывалі на пэўныя сусветныя падзеі, непасрэдна ўдзельнічалі ў іх, што на беларускай зямлі былі падпісаны ўнікальныя палітычныя дакументы», — зазначае дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея.

Колькі месяцаў таму «Звязда» ўздымала балючыя для мясцовых жыхароў і актуальныя для ўсёй беларускай культуры пытанні правядзення работ на тэрыторыі Крэўскага замка і магчымае аднаўленне ці кансервацыю руінаў.

Так, паводле меркаванняў спецыялістаў, пра поўнае аднаўленне замка гаворкі пакуль ісці не можа: не захавалася дакументаў з дакладнымі апісаннямі замка, таму сёння нават складана ўявіць, як ён насамрэч выглядаў у старажытныя часы.

Аднак адрэстаўрыраваць некаторыя элементы ўсё ж магчыма. Гаворка ідзе пра Княжаўскую вежу: да яе час паставіўся найбольш ашчадна. Мяркуецца, што менавіта з гэтага і пачнуцца работы ў замку.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва плануе выдзеліць на правядзенне адпаведных работ каля 100 тысяч рублёў. Гэтыя фінансы будуць скіраваныя не толькі на саму рэстаўрацыю і кансервацыю, але і на добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол старажытных руінаў, падтрыманне належнага санітарнага стану. Нават разбураныя сцены сваім рамантычным вобразам могуць шмат распавесці зацікаўленаму.

Крыніца
Звязда, 26 ліпеня 2017 года


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2848
Текущая дата: 25.04.2024