Белорусский портал в Казахстане

Станіслаў Манюшка



Станислав Монюшко
Stanisław Moniuszko

выдатны дзеяч еўрапейскай культуры, педагог, дырыжор, стваральнік польскай і беларускай нацыянальнай опэры, аўтар сімфанічных твораў на нацыянальныя тэмы.

Станіслаў МанюшкаНарадзіўся 5 траўня 1819 г. ў маёнтку Убелі, каля Мінску (цяперашні Чэрвеньскі раён). Паходзіў са старадаўняга шляхецкага роду Вялікага Літоўскага Княства (герб "Крыўда").

Пачатковую адукацыю атрымаў ў маёнтку пад кіраўніцтвам маці Альжбеты. Іграць на фартэпіяна вучыўся з 1827 г. у Варшаве у майстра Аўгуста Фрэера, пасля 1830 г.- ў Мінску у Дамініка Стэфановіча. У 1837 г. паехаў у Берлін, дзе прадоўжыў вучобу ў Карла Фрыдрыха Рунгенхагена - дырэктара музычнага таварыства "Singakademie".

Пасля 1840 г. вярнуўся на Літву, ў Вільню, дзе працаваў арганістым ў касцёле Св. Яна, педагогам, кампазітарам.

У 1858 г. з сям`ёй ад`яжджае да Польшчы і тут, пасля трыумфу новай чатырохактавай версіі оперы "Галька" з 1 верасня становіцца першым дырыжорам Оперы Польскай у Вялікім Тэатре Варшавы. Адначасова з 1864 г. выкладае ў тутэйшым Музычным Інстытуце.

Памёр 4 чэрвеня 1872 г. Пахаваны у Варшаве на Cmentarzu Powazkowskim.

Творы Манюшкі сучаснікі называлі "ўзорам славянскае музыкі".

Шмат песенных кампазіцый "польскі сын беларускай зямлі" стварыў на словы знакамітых літвінаў: Я.Чачота, А.Міцкевіча, А.Ходзькі, У.Сыракомлі.

На Беларусі пад рэдакцыяй Віктара Скарабагатава выйшлі 2 CD: "Манюшка на Радзiме" і "Песні Манюшкі на вершы Чачота".
Помнік Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу ў Мінску
Славутаму дзеячу еўрапейскай культуры прысвяціў вершы Віктар Шніп:

Балада Станіслава Манюшкі

Як ветразь, музыкай тваёй з аргана
Напоўнены касцёл Святога Яна,
І Вільня, як каўчэг, праз свет плыве
Па золаце, па бруку, па траве,
Па Беларусі, у якой ёсць ты.

І трэскаюць паміж людзей ільды
Неразумення, і слязамі з воч
Цякуць і асвятляюць дзень і ноч,
Як васількі, як зоркі, як бурштын.

Музыкаў многа, ты ж такі адзін,
І слухае цябе народ і Бог,
І прад Еўропаю крыжы дарог
Ужо не рвуць тутэйшую душу
Ні ў час засушлівы, ні ў час дажджу.

Бо лепш, як тут, не будзе анідзе -
Ні ў Празе, ні ў Варшаве, ні ў Маскве,
Бо толькі тут, як рыба - у вадзе,
У Беларусі Беларусь жыве.

Але ёсць слава, да якой і ты,
Як да агню матыль,
Ляціш заўжды,
І п’еш, як горкае віно, любоў.

Ды не знікае шлях у Менск дамоў,
Дзе музыка твая, як карані
Святога дрэва, што ўздымае дні
Краіны, што была і будзе ў нас
У беларусаў на бясконцы час
Пакуль малітвай, музыкай святой
Тут поўніцца душа, каб быць жывой..


2009

 


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/596
Текущая дата: 08.10.2024