Новости по теме

https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Санкцыі — не перашкода, а стымул. У тым ліку і для нашай грамадзянскай авіяцыі


Напярэдадні Дня грамадзянскай авіяцыі дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Ігар Голуб расказаў пра развіццё галіны.

Самалёты не прастойваюць

Сёлета грамадзянская авіяцыя нашай краіны адзначае 90-гадовы юбілей. На сёння ў сістэму гэтай галіны ўваходзяць ААТ «Белавія», ААТ «Авіякампанія «Трансавіяэкспарт», РУП «Нацыянальны аэрапорт «Мінск», РУП «Белаэранавігацыя», сетка рэгіянальных аэрапортаў, а таксама Беларуская дзяржаўная акадэмія грамадзянскай авіяцыі, шэраг авіяпрадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці.

Ігар Голуб падкрэсліў, што на сёння амаль цалкам удалося пераадолець часовыя цяжкасці, з якімі авіятары сутыкнуліся ў апошнія гады. Прынамсі, ён адзначыў, што на цяперашні момант галіна працуе ўстойліва, ёсць паступальны рух наперад: пастаянна паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база аэрапортаў, павялічваюцца аб’ёмы сэрвісных паслуг, абнаўляецца парк спецтэхнікі, нямала зроблена ў частцы падрыхтоўкі спецыялістаў. Адным з найважнейшых дасягненняў Ігар Голуб назваў забеспячэнне і захаванне авіяцыйнай бяспекі і бяспекі пералётаў.

Ён засяродзіў увагу на тым, што Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў прыкладна 50 міждзяржаўных пагадненнях у сферы паветраных зносін і строга выконвае іх умовы. На сёння ўвесь паветраны грамадзянскі флот нашай краіны максімальна задзейнічы на ўсіх адкрытых напрамках. Самалёты «Белавія» здзяйсняюць палёты ў 21 аэрапорт у 10 краін свету. Нягледзячы на спыненне руху ў еўрапейскія краіны, працягваюцца рэгулярныя рэйсы ў іншых напрамках: у Расію, краіны Каўказскага рэгіёна, Сярэдняй Азіі і Блізкага Усходу.

Цяпер праходзіць пераарыентацыя транспартных маршрутаў, кампанія «Белавія» адкрыла новы маршрут у Індыю, а менавіта ў Дэлі. Таксама сярод новых маршрутаў — рэйсы Гомель — Масква, чартарныя рэйсы на курорты Турцыі і Егіпта. За дзевяць месяцаў гэтага года «Белавія» перавезла на 12% больш пасажыраў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Грузаабарот павялічаны на 29%. Гэта сведчыць аб тым, што авіяцыйная галіна не ў заняпадзе, як меркавалі нашы нядобразычліўцы, уводзячы санкцыі, а хутчэй наадварот — актыўна развіваецца.

Аэрапорт развіваецца

Нацыянальны аэрапорт «Мінск» па сваім тэхнічным абсталяванні адзін з найлепшых на прасторы СНД. Ён мае дзве ўзлётна-пасадачныя паласы, якія адпавядаюць самым сучасным патрабаванням. Гэта дазваляе яму прымаць паветраныя караблі ўсіх тыпаў ва ўсіх метэаўмовах. Сёння ў аэрапорт выконваюць рэгулярныя рэйсы 10 авіяперавозчыкаў дзякуючы захадам кіраўніцтва краіны і адміністрацыі аэрапорта, адкрыта шэсць новых маршрутаў, якія звязалі Мінск з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі.

Трэба таксама адзначыць і тое, што вакзальны комплекс аэрапорта — унікальнае збудаванне, здольнае абслугоўваць да шасці мільёнаў пасажыраў у год. Прычым пасажырам аказваюцца ўсе віды паслуг на самым высокім узроўні. Дарэчы, усе яны адпавядаюць міжнародным патрабаванням ІATA. Так што ўжо да чаго, а да сэрвісу ў «Мінску» пытанняў няма.

Але ж не толькі Мінскам адзіным развіваецца авіяцыя. На сёння ў кіраўніцтва галіны далёкія планы наконт аэрадромаў у Магілёве і Оршы, якія ўжо маюць статусы міжнародных.

Бяспека палётаў на ўзроўні

Бяспека — тое, што турбуе кожнага пасажыра. І гэта тое, за што адказвае РУП «Белаэранавігацыя». Акрамя таго, у сферы адказнасці прадпрыемства — эканамічнасць палётаў, пашырэнне іх геаграфіі. Калі казаць простымі словамі, то «Белаэранавігацыя» пастаянна працуе над развіццём міжнароднай сеткі авіямаршрутаў і аптымізацыяй паветранай сеткі над нашай краінай. Гэта дазваляе нарошчваць агульны паток паветраных суднаў. На сёння на тэрыторыі Беларусі праходзяць 63 паветраныя калідоры агульнай працягласцю каля 22 тысяч кіламетраў.

Сістэма прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад «Белаэранавігацыі», не абмяжоўваецца вышэйназванымі аэрапортамі, таксама ў яе складзе і іншыя рэгіянальныя аэрапорты. Кожны з іх, дарэчы, сертыфікаваны як да ажыццяўлення ўнутраных, так і міжнародных палётаў.

Рамонт мадэрнізацыя — сваімі сіламі Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі — вядучае прадпрыемства не толькі ў нашай краіне, але і ў краінах СНД па рамонце і мадэрнізацыі самалётаў тыпу Як-40, Як-42, Ту-134 усіх мадыфікацый. Акрамя таго, заводам засвоена тэхналогія тэхнічнага абслугоўвання самалётаў Boeіng і Aіrbus, вытворчасці камплектуючых для расійскіх Sukhoі Superjet, Ту-214, МС-21. Разам з назапашаным шматгадовым досведам у гэтай сферы мінскі завод паспяхова заключае кантракты з замежнымі партнёрамі.

Падрыхтоўка кадраў удасканальваецца

Беларуская дзяржаўная акадэмія грамадзянскай авіяцыі сёння з’яўляецца вядучай установай, якая займаецца падрыхтоўкаў кадраў для грамадзянскай авіяцыі. Прычым усіх узроўняў. Менавіта практычная скіраванасць навучання стала галоўным фактарам, які сфарміраваў аўтарытэт навучальнай установы далёка за межамі нашай краіны. Як адзначыў Ігар Голуб, навучальная ўстанова адпавядае сучасным патрабаванням падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў, займаецца навукова-даследчыцкай дзейнасцю, а за часы свайго існавання падрыхтавала тысячы спецыялістаў, без якіх немагчыма ўявіць існаванне авіяцыйнай галіны.

А гэты год увогуле знамянальны для ўстановы: сёлета акадэмія ўпершыню пачала рыхтаваць курсантаў-лётчыкаў.

Сёння грамадзянская авіяцыя Беларусі — гэта цэлы шэраг кампаній і ўстаноў, якія паспяхова працуюць на карысць нашай Радзімы, і кожны іх працоўны дзень адзначаны прыняццем важных рашэнняў, без якіх немагчыма існаванне такой значнай галіны.

Аўтар: Уладзімір Вярэніч
Звязда, 3 декабря 2023

Кoличество переходов на страницу: 46