https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кіраўнік МЗС Беларусі пра адносіны з Літвой: Пакуль не позна, трэба адысці ад краю прорвы


Афіцыйны Мінск заклікае Літву пакуль не позна адысці ад краю прорвы і вярнуцца да канструктыўнага супрацоўніцтва. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова.
«Беларускі народ вельмі цярплівы і прыязны. У Мінску ёсць дакладнае разуменне таго, што, пакуль не позна, трэба адысці ад краю прорвы і вярнуцца да канструктыўнага супрацоўніцтва. Прычым рабіць гэтыя крокі літоўскаму боку трэба ўжо сёння, паколькі па многіх напрамках як у эканоміцы, лагістыцы, так і ў сферы міжчалавечых кантактаў мы можам проста падысці да пункта незвароту. Гэтага гісторыя нам не даруе», — гаворыцца ў публікацыі.

Максім Рыжанкоў адзначыў, што Мінск неаднаразова даводзіў да літоўскага боку гатоўнасць да кансультацый з Вільнюсам па аднаўленні нармальнага добрасуседскага ўзаемадзеяння.

«Мы гатовыя да аднаўлення кантактаў па лініі пагранічных і спецыяльных службаў, галіновых ведамстваў, міністэрстваў замежных спраў. Можам пачаць працу па лініі парламентарыяў, любых упаўнаважаных літоўскіх дэлегацый. Гатовыя да распрацоўкі дарожнай карты па разблакаванні супрацоўніцтва па асобных напрамках, натуральна, на прынцыпах павагі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і яе права на ўласны шлях развіцця ў супрацоўніцтве з партнёрамі», — заявіў ён.

У публікацыі таксама падкрэсліваецца, што беларусам і літоўцам няма чаго дзяліць у сваёй агульнай гісторыі, пачынаючы з пражывання на розных этапах у адной дзяржаве і аж да сённяшняга дня.

«Так, у канцы ХХ стагоддзя знешнепалітычныя прыярытэты нашых краін разышліся. Разам з тым гэта не перашкодзіла нам будаваць адносіны на прынцыпах павагі права кожнай дзяржавы ўступаць у міжнародныя палітычныя, эканамічныя і абарончыя саюзы, не парушаючы пры гэтым дасягнутай атмасферы добрасуседства і даверу», — адзначыў кіраўнік беларускага МЗС.

Беларусь і сёння працягвае паслядоўна прытрымлівацца гэтага вектара ў двухбаковых адносінах. «Аднак палітыкі, якія знаходзяцца ва ўладзе ў Вільні, самастойна альбо па падказцы звонку абралі іншы шлях, мэта якога — змена палітычнага курсу ў Беларусі. Відавочна, што гэтая мэта з’яўляецца абсалютна недасяжнай, паколькі не мае галоўнага складніка — падтрымкі беларускага народа. Пры гэтым велізарныя выдаткі ад гэтага бессэнсоўнага супрацьстаяння нясе ў тым ліку сама Літва», — звярнуў увагу Максім Рыжанкоў.

Паводле яго слоў, штогадовыя прамыя страты літоўскай эканомікі ад разрыву сувязяў з Беларуссю ацэньваюцца амаль у $1 млрд: «І гэта не мяжа! Сярод найбольш значных наступстваў — катастрафічны ўдар па транзітнай галіне Літвы, працы Клайпедскага порта і Літоўскіх чыгунак, скарачэнне Літоўскага экспарту, рэзкае пагаршэнне эканамічнага становішча прадпрыемстваў, якія працавалі ў кааперацыі з беларускімі партнёрамі ў розных галінах, страты турыстычнага бізнесу».

Пры гэтым, калі глядзець глыбей, то страты простых літоўцаў значна вышэйшыя. «Ці перашкодзяць літоўцам так неабходныя, асабліва ў рэгіёнах, пастаўкі па разумных цэнах паліўных пелет, дроў, угнаенняў, нафтапрадуктаў, харчавання, лекавых прэпаратаў. Не сакрэт, што многія жыхары Літвы, у тым ліку не так забяспечаныя, знайшлі ў бязвізавым рэжыме добрую дапамогу для няхітрых закупак у прыгранічных беларускіх рэгіёнах. Ці не гэта, разам з праўдай аб нашай краіне, стала асноўным матывам для літоўскіх уладаў прыкладаць столькі намаганняў для закрыцця пагранпераходаў, скарачэння аўтобусных зносін», — заўважыў кіраўнік МЗС.

Пакутуюць таксама бізнесмены, якія рэалізоўвалі ў Беларусі прыбытковыя праекты з літоўскімі інвестыцыямі. Акрамя таго, гаворка ідзе і пра зразумелую кожнаму літоўцу страту чалавечых кантактаў, спыненне сумесных культурных, навуковых, адукацыйных і спартыўных праектаў.

«Сітуацыя абсалютна ненармальная. Парадокс у тым, што самі жыхары Літвы, многія з якіх актыўна наведваюць Беларусь у рамках бязвізавага рэжыму, таксама шчыра не разумеюць, што адбываецца, навошта ўсё гэта трэба літоўскаму кіраўніцтву, — канстатаваў Максім Рыжанкоў. — У бягучых умовах мы не сядзім склаўшы рукі. Беларусь вымушана і вельмі паспяхова дыверсіфікуе свае эканамічныя сувязі. А вось літоўская эканоміка, арыентаваная на сектар паслуг, можа панесці ўстойлівыя доўгатэрміновыя страты, якія будуць назапашвацца. Пры гэтым рана ці позна кампенсацыйныя выплаты пацярпелым сектарам літоўскай эканомікі проста скончацца і наступствы ўжо цяжка будзе хаваць».

«У інтарэсах народаў дзвюх краін Беларусь, нягледзячы на ўсё гэта бессэнсоўны і абсалютна неапраўданы ціск, па — ранейшаму зацікаўлены ў нармальным раўнапраўным дыялогу з літоўскімі суседзямі», — заявіў міністр.

Разам з гэтым ён канстатаваў, што пытанне наяўнасці ў Літве адказнай палітычнай эліты выклікае ў многіх абгрунтаваныя сумневы. У Мінску спадзяюцца, што вынікі парламенцкіх выбараў у кастрычніку гэтага года створаць умовы для аднаўлення беларуска-літоўскага дыялогу. «Адзначаем запыт на карэктоўку ўсходняй палітыкі ЕЗ па выніках выбараў у цэлым шэрагу еўрапейскіх краін, прыкладу якіх можа рушыць услед і літоўскі народ», — гаворыцца ў публікацыі кіраўніка МЗС.

Максім Рыжанкоў звярнуўся да жыхароў Літвы з заклікам спакойна і рацыянальна разабрацца ў сітуацыі і сказаць сваё важкае слова ў абарону цывілізаваных зносін са сваімі суседзямі. «Калі ў вас, вядома, яшчэ засталася магчымасць адкрыта выказваць сваё меркаванне. Гэта дазволіць ужо ў найбліжэйшай будучыні нівеляваць усе негатыўныя моманты, якія прынесла нашым народам недарэчнае, навязанае вашымі палітыкамі супрацьстаянне з беларусамі, — заявіў ён. — Сярод першачарговых мер мы маглі б сумеснымі намаганнямі намеціць шляхі вырашэння пытанняў нармалізацыі міграцыйнай сітуацыі на мяжы, дээскалацыі ваеннай напружанасці, узаемадзеяння па лініі сілавых ведамстваў, аднаўлення пералічэння пенсій і дапамог, аздараўлення, у тым ліку асоб з хранічнымі захворваннямі і дзяцей-інвалідаў. У нашых агульных інтарэсах — аднаўленне нармальных пасажырскіх і грузавых зносін і мабільнасці, транзіту грузаў, уключаючы такія важныя гуманітарныя пазіцыі, як прадукты харчавання, медыкаменты, угнаенні».

Паводле слоў міністра, у парадак дня маглі б вярнуцца і такія напрамкі, як аднаўленне адукацыйных і культурных абменаў, сумесных навуковых праграм, працяг рэканструкцыі пунктаў пропуску, рэалізацыя прыродаахоўных праектаў, узаемадзеянне ў энергетыцы, стварэнне сумесных вытворчасцяў і, самае галоўнае, нармальныя чалавечыя зносіны паміж беларусамі і літоўцамі.

Звязда, 26 верасня 2024
 
Дата публикации:26.09.2024
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:42
 
Ключевые слова:
Литва Сотрудничество Безвиз
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме