https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сяргей Алейнік у Баку правёў перагаворы з кіраўнікамі 14 нацыянальных дэлегацый


Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС.
Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік на палях міністэрскай сустрэчы Каардынацыйнага бюро Руху недалучэння ў Баку правёў перагаворы з кіраўнікамі 14 нацыянальных дэлегацый: Азербайджана, Уганды, Катара, Турцыі, Індыі, Алжыра, Кувейта, Венесуэлы, Саудаўскай Аравіі, Кубы, ПАР, Сірыі, Ірана і Палесціны. 

Стратэгічны характар двухбаковых адносін і асаблівая роля кіраўнікоў дзяржаў у іх развіцці пацверджаны ў ходзе сустрэчы з міністрам замежных спраў Азербайджана Джэйхунам Байрамавым. "Закрануты ўсе актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня", - адзначылі ў МЗС.

Сяргей Алейнік абмеркаваў з міністрам замежных спраў Уганды Джэджэ Абубакерам Адонга прыярытэты ўгандыйскага старшынства ў Руху недалучэння і ўзаемную падтрымку на шматбаковых пляцоўках. "Бакі таксама дамовіліся ў бліжэйшы час абмяняцца візітамі на розных узроўнях у мэтах практычнага напаўнення двухбаковага парадку дня", - удакладнілі ў МЗС.

Перагаворы з дзяржаўным міністрам па замежных справах Катара Султанам бен Саадам аль-Мурэйхі былі сканцэнтраваны вакол абмеркавання сітуацыі ў рэгіёне. "Канстатавана супадзенне падыходаў аб неабходнасці спынення кровапраліцця і безальтэрнатыўнасці мірных спосабаў вырашэння рэгіянальных і глабальных канфліктаў", - падкрэслілі ў знешнепалітычным ведамстве.

У час першай вочнай сустрэчы з міністрам замежных спраў Турцыі Хаканам Фіданам кіраўнік МЗС Беларусі абмеркаваў увесь спектр двухбаковых адносін і бягучага міжнароднага парадку дня, у тым ліку практычныя аспекты поўнай рэалізацыі ўсіх дамоўленасцей, дасягнутых па выніках сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Астане ў кастрычніку 2022 года. "Турэцкі калега пацвердзіў прынцыповую і адкрытую пазіцыю сваёй краіны аб недапушчальнасці, несправядлівасці і ўшчэрбнасці аднабаковых санкцый", - праінфармавалі ў МЗС.

Галоўнымі тэмамі перагавораў Сяргея Алейніка з намеснікам міністра замежных спраў Індыі Санджаем Вермам сталі завяршэнне індыйскага старшынства ў ШАС і каардынацыя крокаў па завяршэнні працэдуры ўступлення Беларусі ў арганізацыю.

"Субстантыўны дыялог з міністрам замежных спраў Алжыра Ахмедам Атафам быў сканцэнтраваны на пытаннях пашырэння двухбаковай дагаворна-прававой базы, узаемадзеяння ў сферы сельскай гаспадаркі, у тым ліку сертыфікацыі беларускай малочнай прадукцыі ў Алжыры, паставак прадуктаў харчавання і прамысловай кааперацыі. Дасягнуты шэраг дамоўленасцей і намечаны канкрэтныя шляхі іх рэалізацыі", - паведамілі ў МЗС.

Міністр замежных спраў Дзяржавы Кувейт шэйх Салем Абдула аль-Джабер аль-Сабах на сустрэчы з беларускім калегам пацвердзіў цікавасць сваёй краіны да рэактывацыі двухбаковага супрацоўніцтва, удакладнілі ў МЗС. Істотная ўвага ўдзелена інвестыцыйнаму супрацоўніцтву па рэалізацыі сацыяльна-значных праектаў у Рэспубліцы Беларусь. Падрабязна абмеркавана сітуацыя ў рэгіёне і на сусветнай арэне. У гэтым кантэксце закраналася тэма падключэння Беларусі да кувейцкай праграмы па забеспячэнні харчовай бяспекі.

"Цвёрдую палітычную волю ўрада Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ўмацоўваць адносіны з Беларуссю пацвердзіў міністр замежных спраў гэтай краіны Іван Хіль Пінта, - падкрэслілі ў МЗС.- Аднаўленне рэалізацыі кааперацыйных праектаў, узаемнае прызнанне дыпломаў аб вышэйшай адукацыі, супрацоўніцтва ў галіне турызму, кантакты на розных узроўнях, прамыя авіязносіны і іншыя пытанні склалі практычнае напаўненне праведзенай сустрэчы".

Намеснік міністра замежных спраў Саудаўскай Аравіі Валід аль-Херыжы акцэнтаваў увагу Сяргея Алейніка на глыбокіх праблемах у сферы міжнароднай бяспекі і неабходнасці знаходжання спосабаў мірнага суіснавання ўсіх ігракоў, адзначылі ў МЗС. У гэтым кантэксце ён падкрэсліў пазітыўную ролю Беларусі ў рэгіёне. У рамках абмеркавання актывізацыі турыстычных абменаў паміж краінамі закраналася тэма аблягчэння візавага рэжыму ўзаемных паездак грамадзян.

Узаемадзеянне Кубы з ЕАЭС, узаемная падтрымка на шматбаковых пляцоўках і парадак дня двухбаковых сустрэч сталі асноўнымі тэмамі перагавораў кіраўніка МЗС Беларусі з першым намеснікам міністра замежных спраў Кубы Херарда Пеньяльверам Парталем.

Сустрэча з намеснікам міністра замежных спраў ПАР Элвінам Ботэсам была прысвечана абмеркаванню субстантыўнага блока пытанняў эканамічнага ўзаемадзеяння, перспектывам спрашчэння механізмаў узаемнага гандлю, узаемадзеянню Беларусі з БРІКС і міратворчай ініцыятыве кіраўнікоў афрыканскіх дзяржаў. "Дасягнуты шэраг практычных дамоўленасцей, у тым ліку па бліжэйшых кантактах на розных узроўнях", - канстатавалі ў МЗС.

"Традыцыйна шчыры абмен думкамі адбыўся з міністрам замежных спраў і па справах эмігрантаў Сірыі Фейсалам аль-Мікдадам. Бакі сканцэнтраваліся на абмеркаванні крокаў па рэалізацыі дамоўленасцей па выніках візіту прэм`ер-міністра Беларусі ў Дамаск у лістападзе 2022 года, а таксама на пытаннях шматбаковага парадку дня, у тым ліку сітуацыі ў рэгіёне Блізкага Усходу і гуманітарным супрацоўніцтве", - паведамілі ў МЗС.

Галоўнай тэмай сустрэчы Сяргея Алейніка з міністрам замежных спраў Ірана Хусэйнам Амірам Абдалахіянам стаў ход рэалізацыі дамоўленасцей прэзідэнтаў дзвюх краін, дасягнутых у час візіту ў Тэгеран у сакавіку 2023 года.

"З міністрам замежных спраў Палесціны Рыядам аль-Малікі абмеркавалі сітуацыю ў блізкаўсходнім рэгіёне, двухбаковае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях. Беларускім бокам выказана падтрымка намаганняў па дээскалацыі напружанасці на Заходнім беразе ракі Іардан і ў сектары Газа, а таксама па пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання палесціна-ізраільскага канфлікту", - адзначылі ў МЗС.

"Усімі партнёрамі канстатавана наяўнасць палітычнай волі для актывізацыі ў бягучай сітуацыі работы існуючых двухбаковых гандлёва-эканамічных і каардынацыйных механізмаў, а таксама непрымальнасць аднабаковага націску і прымусовых мер у сучасным свеце", - падкрэслілі ў знешнепалітычным ведамстве.

6 ліпеня 2023, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:06.07.2023
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:186
 
Ключевые слова:
Геополитика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме