https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь на "Экспа-2015" у Мілане прадставяць праз асноўныя нацыянальныя багацці - хлеб, соль і ваду


Аб гэтым паведаміў 4 снежня дырэктар выставачнага УП "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Яўген Увядзенскі ў час форуму "Імідж Рэспублікі Беларусь: ствараем і рэалізуем праекты".
"Беларусь будзе прадстаўлена на "Экспа-2015" праз асноўныя нацыянальныя багацці беларускай зямлі - хлеб, соль і ваду. Гэта тры складнікі, якія даюць чалавеку энергію для жыцця і мыслення. Увасабленнем чалавечай думкі выбрана кола вадзянога млына, якое павінна стаць дамінантай усёй экспазіцыі", - расказаў Яўген Увядзенскі. Згодна з задумай, вадаспад, размешчаны пад колам, будзе перагароджваць шлях і прапаноўваць наведвальнікам зайсці ў тэматычныя зоны. Яны будуць знаходзіцца за шкляной сцяной, па якой будзе цячы вада. Як расказаў Яўген Увядзенскі, адна з зон будзе выканана ў выглядзе падземнай шахты, дзе столь і сцены пакрыты соллю. Работа нацыянальнага павільёна будзе суправаджацца культурнай праграмай.

Акрамя таго ў кожным з павільёнаў будуць размяшчацца рэстараны нацыянальнай кухні. "Гэта будзе своеасаблівае гастранамічнае свята, дзе можна будзе пакаштаваць усе кухні свету. Беларусь таксама плануе арганізаваць работу некалькіх кропак харчавання з нашымі нацыянальнымі стравамі", - дадаў Яўген Увядзенскі.

Дарэчы, пабываць на "Экспа-2015" у Мілане змогуць і беларускія турысты. Цяпер распрацоўваюцца адпаведныя туры.

"Экспа", або Сусветная выстаўка, - буйнейшая міжнародная выстаўка для дэманстрацыі тэхнічных і тэхналагічных дасягненняў. Упершыню яна прайшла ў 1851 годзе. Дэвізам "Экспа-2015" у Мілане, што пройдзе з 1 мая па 31 кастрычніка, стане "Накарміць планету. Энергія для жыцця". Галоўнай стане харчовая тэматыка. Увага будзе ўдзелена ўплыву культуры харчавання на этнічныя традыцыі, развіццю сельскай гаспадаркі, біяразнастайнасці і экалогіі. Удзел у выстаўцы пацвердзілі 144 краіны, таксама плануюць прыняць удзел 10 міжнародных арганізацый і 30 карпарацый. Плануецца, што выстаўку штодзень будуць наведваць каля 140 тыс. чалавек. "Задача нашага павільёна на выстаўцы - прадэманстраваць вопыт Беларусі ў сферы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і якасных прадуктаў харчавання", - адзначыў Яўген Увядзенскі.

Форум "Імідж Рэспублікі Беларусь: ствараем і рэалізуем праекты" праходзіць 4-6 снежня ў Мінску. Арганізатарам форуму выступае "Цэнтр стратэгічнага развіцця "Маркетынгавыя сістэмы".

4 снежня 2014, Мінск
Наталля Злотнік - БЕЛТА
 
Дата публикации:04.12.2014
Тематика:Новости, Экономика
Просмотров:890
 
Ключевые слова:
ЭКСПО-2015 Сельское хозяйство Выставка Продовольствие
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме