https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі будуць выпрацаваны якасна новыя меры доўгатэрміновага характару, якія садзейнічаюць стварэнню спрыяльных умоў для выхавання некалькіх дзяцей у сям`і


Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 жніўня на нарадзе па фарміраванні новага механізма дзяржаўнай падтрымкі сем`яў, якія выхоўваюць дзяцей, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Гэта, калі хочаце, пытанне нацыянальнай бяспекі. Калі ў нас не будзе дастаткова насельніцтва, тады нечага будзе потым разважаць аб незалежнасці", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзеючая сістэма падтрымкі сем`яў прынесла нядрэнныя вынікі. Яна дала магчымасць пераадолець негатыўную тэндэнцыю спаду нараджальнасці ў 90-я гады і дабіцца дадатнай дынамікі. У прыватнасці, калі ў 1995 годзе ў краіне нарадзілася 101 тыс. дзяцей, то ў 2013 годзе - 118 тыс. Тэндэнцыя павелічэння нараджальнасці захоўваецца і ў бягучым годзе. Так, у першым паўгоддзі 2014 года нарадзіліся 57,3 тыс. дзяцей, што на 1,1 тыс. больш, чым за адпаведны перыяд 2013 года.

"Дынаміка хоць дадатная, але слабенькая", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў меркаванне, што тэмп павелічэння нараджальнасці дзяцей у краіне яшчэ недастатковы і павінен быць значна вышэйшы, але для гэтага трэба вырашыць шэраг праблем.

Не сакрэт, што на развіццё дэмаграфічнай сітуацыі значны ўплыў аказвае полаўзроставая структура насельніцтва. На жаль, колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту зніжаецца, патэнцыяльных маці з году ў год становіцца менш. Таму ў грамадстве ўсяляк трэба павышаць сацыяльны прэстыж мацярынства і шматдзетнай сям`і, адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, стрымальным фактарам з`яўляецца і тое, што ў краіне каля 70 працэнтаў сем`яў, якія выхоўваюць дзяцей, маюць толькі адно дзіця.

Як лічыць кіраўнік дзяржавы, змяніць сітуацыю можна за кошт узмацнення мэтанакіраванай палітыкі па даўгачаснай падтрымцы сем`яў з двума і больш дзецьмі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ ў мінулым годзе прасіў Сяргея Румаса, старшыню праўлення адкрытага акцыянернага таварыства "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь", выступіць з ініцыятывай і падрыхтаваць прапановы па праекце "Вялікая сям`я". Яны дэталёва вывучаны спецыяльнай рабочай групай на чале з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта, выпрацаваны новыя прапановы, якія прааналізаваны ва ўрадзе.

Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, у выніку сістэматызаваны існуючыя меры дзяржпадтрымкі сем`яў, якія выхоўваюць дзяцей, і падрыхтаваны прапановы па стымуляванні нараджальнасці.

"Мы паступова, грамадства гэта бачыць, адыходзім ад неабгрунтаваных ільгот, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Дык вось, адыходзячы ад неабгрунтаваных ільгот, мы абавязкова гэтыя грошы будзем перанакіроўваць на падтрымку мацярынства і дзяцей".

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў краіне будзе рабіцца ўсё неабходнае, каб стымуляваць нараджэнне двух, трох і больш дзяцей. "Але для гэтага неабходны сродкі, і трэба мець на ўвазе, што вышэй сябе мы не пераскочым, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вядома, можна прапісаць шмат мерапрыемстваў, мы можам зрабіць гэта, але ў залежнасці ад таго, што ёсць у бюджэце. Будзем багацей жыць - яшчэ больш будзем рабіць".

Закранаючы тэму падтрымкі маці, сем`яў, якія выхоўваюць дзяцей, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Двое дзяцей - гэта абавязкова. А нараджэнне траіх, чацвярых трэба стымуляваць. Па меры скарачэння льгот грошы будуць накіроўвацца менавіта сюды. Прынамсі, пакуль я Прэзідэнт, гэта сфера не будзе абдзелена ўвагай".

Пры гэтым ён заўважыў: "Калі ў нас наогул не будзе грошай на льгатаванне і будаўніцтва жылля, то апошнія сродкі мы аддадзім менавіта шматдзетным сем`ям на будаўніцтва жылля. З гэтага трэба зыходзіць".

"Наша задача - выпрацаваць дадатковыя меры, як бягучыя, так і доўгатэрміновыя, для таго, каб вырашыць стратэгічную задачу росту колькасці жыхароў Беларусі", - адзначыў Прэзідэнт.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Мар`яна Шчоткіна далажыла аб існуючых мерах па дзяржаўнай падтрымцы сем`яў, якія выхоўваюць дзяцей, а таксама выказала прапановы па ўдасканаленні бягучых мер стымулявання нараджальнасці другога і наступнага дзяцей. У прыватнасці, прапануецца з 2015 года знізіць працэнтныя стаўкі па крэдытах пры будаўніцтве жылля для маладых сем`яў. Адначасова прааналізаваць эфектыўнасць дзеючых дапамог за апошнія 2,5 года і ўнесці змяненні ў закон аб дзяржаўных дапамогах сем`ям, якія выхоўваюць дзяцей, зыходзячы з практыкі прымянення.

Старшыня праўлення адкрытага акцыянернага таварыства "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" Сяргей Румас расказаў аб прапановах па доўгатэрміновых мерах стымулявання нараджальнасці трэцяга і наступных дзяцей, акцэнтаваўшы ўвагу на праграме "Вялікая сям`я". Так, прапануецца пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей налічваць сям`і $10 тыс. на дэпазітны рахунак. Гэта сума будзе ўлічвацца ў валюце і штогод індэксавацца на ўзровень інфляцыі долара. Тэрмін дзеяння праекта складзе 5 гадоў. Выкарыстанне гэтых сродкаў будзе магчымым пасля дасягнення дзіцем 18 гадоў. Гэтыя грошы можна будзе накіраваць на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне дзіцем адукацыі, паслуг аховы здароўя і фарміраванне дадатковай пенсіі маці. З улікам штогадовай індэксацыі пасля 18-гадовага перыяду сям`я атрымае арыенціровачна $14 тыс. Да дасягнення 18-годдзя дзіцяці сродкі могуць быць выкарыстаны толькі ў надзвычайным выпадку, пад якім маецца на ўвазе неабходнасць аказання складанай медыцынскай дапамогі любому члену сям`і.

Крыніцай матэрыяльных рэсурсаў з`яўляюцца сродкі фонду нацыянальнага развіцця, якія ацэньваюцца ў памеры Br1,8 трлн штогод. За перыяд дзеяння праекта, паводле ацэнак спецыялістаў, будзе зрасходавана каля $700-800 млн. Аднак гэта акупны праект, паколькі сродкі, залічаныя на дэпазітны рахунак маці ў ААТ ``ААБ Беларусбанк``, будуць перададзены ў кіраванне Банку развіцця, які ўкладвае іх у эканоміку. Урад прапануе пачаць праект з 1 студзеня 2015 года.

Праектам прапануецца таксама прадаставіць магчымасць грамадзянам пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці самастойна сфарміраваць дэпазітны рахунак і пакласці на яго суму да $5 тыс., такую ж суму ўнясе сям`і дзяржава.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што праект можа быць ажыццёўлены ў Беларусі.

``Нармальны праект. Лічу, мы яго асілім. Гэта трэба рабіць. Дзеці - гэта галоўнае. Не будзе дзяцей - не будзе дзяржавы, - адзначыў Прэзідэнт. - Доўгатэрміновай праграме быць. Яна простая, зразумелая ўсім. Гэта крок наперад на працяглую перспектыву. Мы ніколі гэтыя грошы ў дзяржаву не забяром".

"Давайце паглядзім па розных крыніцах шляхі павелічэння даходаў бюджэту. Можна знайсці дадатковыя сродкі. Магчыма, абмяжуем якія-небудзь праграмы. Гэта ж галоўная праграма", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым узняць стаўку падаходнага падатку да 13 працэнтаў, накіраваўшы дадатковыя сродкі, якія ўтварыліся, на падтрымку сем`яў з дзецьмі. "Не разумею, хто тут можа абурацца: гэта ж для твайго дзіцяці! Але калі ў цябе адно - выбачай. Хто хоча нешта ад гэтага працэнта атрымаць, няхай траіх нараджае", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прапанаваў аб`яднаць у адзін нарматыўна-прававы акт усе меры па падтрымцы сем`яў, якія выхоўваюць дзяцей, каб кожная канкрэтная сям`я, нарадзіўшы першае дзіця, магла адкрыць дакумент і паглядзець, што атрымае ад дзяржавы пры нараджэнні наступных дзяцей.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што праект гэтага дакумента неабходна вынесці на грамадскае абмеркаванне. "Упэўнены, што насельніцтва нам можа нешта падказаць. І, калі гэта прымальна з пункту гледжання сённяшніх фінансаў, мы гэта прымем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама закрануў тэму падрыхтоўкі да пачатку новага навучальнага года, звярнуўшы ўвагу чыноўнікаў на тое, што дзеці з інтэрнатаў і нядобранадзейных сем`яў не павінны апынуцца ў неабароненым становішчы на фоне астатніх школьнікаў.

21 жніўня 2014, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:21.08.2014
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:1199
 
Ключевые слова:
Соцзащита в Беларуси Демография Господдержка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме