https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Украіна не адмаўлялася ад удзелу ў сустрэчы ў Мінску, заявіў пастаянны прадстаўнік гэтай краіны пры СНД


Аб гэтым заявіў пастаянны прадстаўнік краіны пры статутных і іншых органах Садружнасці Іван Бунечка.
Менавіта Іван Бунечка атрымаў паўнамоцтвы ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве на правах назіральніка з правам выказаць пазіцыю пасля заканчэння абмеркавання.

Паводле слоў Бунечкі, у якасці адмовы ўдзельнікамі Садружнасці была ўспрынята нота МЗС Украіны. У ёй гаворыцца, што Міністэрства замежных спраў Украіны "з расчараваннем успрыняло адмову большасці дзяржаў — удзельніц СНД прыняць у межах нечарговага пасяджэння СМЗС у Кіеве рашэнні, якія б спрыялі захаванню тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, устараненню пагрозы міру, бяспекі і спакою ў рэгіёне".

Паводле меркавання Міністэрства замежных спраў Украіны, прапанова наконт зніжэння ўзроўню абмеркавання "гэтых жыццёва важных для ўсіх дзяржаў — удзельніц СНД пытанняў да фактычна экспертнага ўзроўню, сведчыць аб ухіленні СНД ад прыняцця адказных палітычных рашэнняў наконт базавых прынцыпаў існавання Садружнасці". "Такі падыход не з`яўляецца прымальным для украінскага боку", — гаворыцца ў ноце.

Як адзначыў Бунечка, больш Украіна не будзе ініцыяваць сустрэчы ў межах статутных органаў СНД па сваёй праблематыцы, але не выключае, што гэта можа зрабіць нейкі іншы член арганізацыі, хтосьці можа ўзначаліць місію на перамовах. Абмяркоўваць сітуацыю ў Крыме яна зараз мае намер на двухбаковай аснове з Расіяй, сказаў дыпламат.

Ён таксама адзначыў, што падыход краін СНД да існай сітуацыі падштурхоўвае Украіну да разгляду пытання аб знаходжанні ў Садружнасці.

Нагадаем, 13 сакавіка было абвешчана, што сустрэча намеснікаў міністраў замежных спраў краін СНД, якую планавалася правесці ў Выканкаме Садружнасці ў Мінску 14 сакавіка, не адбудзецца. Такое рашэнне прынята з прычыны адмовы ад удзелу Украіны, без якой правядзенне сустрэчы немэтазгодна.

Як паведамлялася раней, у сувязі з апошнімі падзеямі ў Крыме Украіна, якая старшынствуе ў СНД, ініцыявала правядзенне нечарговага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) краін Садружнасці. Першапачаткова яго прапаноўвалася правесці ў Кіеве 7 сакавіка. Аднак шэраг краін, у тым ліку Беларусь, выказаліся за перанос сустрэчы на больш позні тэрмін для ўзгаднення праектаў дакументаў, якія выносяцца на абмеркаванне СМЗС, і правядзенне папярэдніх кансультацый. Пасля гэтага ўкраінскі бок прапанаваў іншую дату пазачарговага СМЗС — 12 сакавіка.

11 сакавіка на закрытым пасяджэнні Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў краін СНД пры статутных органах Садружнасці ў Мінску было вырашана не праводзіць сустрэчу ў Кіеве 12 сакавіка "ў сувязі з адсутнасцю згоды большасці дзяржаў—удзельніц СНД". Пастаянныя прадстаўнікі падтрымалі прапанову расійскага боку аб правядзенні 14 сакавіка ў Мінску сустрэчы на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў СНД для абмеркавання сітуацыі ва Украіне.

Адмову партнёраў па СНД правесці нечарговае пасяджэнне СМЗС 12 сакавіка ў Кіеве ўкраінскі бок расцаніў як "фактычнае самаўхіленне СНД ад вырашэння і нават абмеркавання сітуацыі ва Украіне і ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым". З такой заявай выступіла пастаяннае прадстаўніцтва Украіны пры каардынацыйных інстытутах СНД. "Штучнае зацягванне тэрмінаў правядзення такога пасяджэння толькі спараджае атмасферу ўзаемнага недаверу і тым самым памяншае аўтарытэт СНД", — гаварылася ў заяве.

12 сакавіка в.а. міністра замежных спраў Украіны Андрэй Дзешчыца ў інтэрв`ю радыёстанцыі "Рэха Масквы" заявіў, што Украіна можа выйсці з СНД з прычыны няздольнасці арганізацыі служыць інструментам вырашэння канфліктаў паміж яе членамі. Паводле слоў Дзешчыцы, СНД і яе ўдзельнікі не рэагуюць на патрабаванні Украіны склікаць экстраннае пасяджэнне на ўзроўні кіраўнікоў МЗС з-за крызісу ў Крыме. "Калі мы, як краіна, якая старшынствуе, звяртаемся ў Выканкам СНД і просім склікаць экстранную нараду і ніхто не рэагуе на сітуацыю, калі адна з краін-суседзяў нападае ўзброеным шляхам на іншую, тады навошта такая арганізацыя, калі яна не іграе ніякай ролі?" — сказаў кіраўнік МЗС Украіны.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 13 сакавіка 2014
 
Дата публикации:13.03.2014
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:917
 
Ключевые слова:
Украина-СНГ Крым
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме