https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сітуацыя ў органах пагранічнай службы Беларусі далёкая ад жаданай


Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 студзеня на пасяджэнні пашыранай калегіі Дзяржпагранкамітэта па пытаннях аховы дзяржаўнай граніцы Беларусі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
А.Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржграніцы Беларусі ў 2014 годзе

Адкрываючы пасяджэнне, Прэзідэнт адзначыў, што яго правядзенне не выклікана нейкімі надзвычайнымі абставінамі. "Але сітуацыя ў пагранічным камітэце далёкая ад той, якую я хацеў бы бачыць як кіраўнік дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Мы нібыта і задачы разумеем, тое, як іх вырашаць, ёсць каму вырашаць гэтыя задачы і праблемы. Шмат аб чым мы дагаворваліся, прынамсі, з двума апошнімі кіраўнікамі пагранведамства, але вельмі шмат задач, якія сёння не вырашаюцца", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым растлумачыў, чым было выклікана назначэнне генерал-палкоўніка Леаніда Мальцава на пасаду старшыні Дзяржпагранкамітэта. "Гэта звязана не з тым, што, як, можа, некаторыя лічаць, Лукашэнка незадаволены Мальцавым", - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некаторы час таму ў яго адбылася сустрэча з кіраўнікамі сілавых ведамстваў і шэрагам іншых службовых асоб. Яна была выклікана чарговым фактарам парушэння парадку на граніцы. "І гэта было ўжо цераз край. Я тады Леаніду Сямёнавічу сказаў: яшчэ адно такое парушэнне - і або вам, або мне давядзецца ісці ў пагранічныя войскі. Ён кажа: гэта не справа Прэзідэнта, значыць, я пайду. Такое парушэнне было дапушчана з цягам часу, і Леаніду Сямёнавічу давялося выконваць абяцанае. Вось прычына таго, што генерал-палкоўнік Мальцаў быў накіраваны на граніцу для таго, каб, непасрэдна ўзначальваючы гэта ведамства, выявіць тыя пагрозы, надахопы, якія сёння існуюць, і навесці парадак. Гэта даручэнне Прэзідэнта ён выканае, чаго яму гэта ні каштавала б", - расказаў беларускі лідар.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння, Прэзідэнт дадаў: "А вам да гэтага трэба прывыкнуць, калі вы прыйшлі служыць не проста ў армію, а ў пагранічныя войскі. І не таму, што Прэзідэнт у іх служыў, а таму што пагранічныя войскі - асаблівыя, яны дзейнічаюць у баявой абстаноўцы. Мы армію рыхтуем на выпадак, калі раптам (не дай бог, вядома). Можа быць, і не будзе такога выпадку. А пагранічныя войскі ўжо выконваюць свае баявыя задачы. У гэтым іх асаблівасць".

"Самае галоўнае - вашы недахопы, правалы на апошнім метры нашай зямлі могуць выклікаць вялікія наступствы для ўсёй краіны", - падкрэсліў Алякандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні і развіваюцца органы пагранічнай службы, якія праблемы яшчэ застаюцца і што трэба зрабіць для іх вырашэння. Ён адзначыў, што год таму пры зацвярджэнні рашэння на ахову дзяржаўнай граніцы Беларусі на 2013 год былі вызначаны асноўныя задачы і канкрэтызаваны напрамкі дзейнасці ў гэтай сферы. Яны пакладзены ў аснову распрацаванага праекта закона па пытаннях забеспячэння пагранбяспекі, які цяпер знаходзіцца ў парламенце.

"Трэба адкрыта сказаць, што не ўсё з намечанага выконваецца ў належнай меры. Нават беглы аналіз паказвае, што пагранічнаму ведамству да гэтага часу не заўсёды ўдаецца адэкватна рэагаваць як на новыя выклікі ў цэлым, так і на змяненне аператыўнай абстаноўкі на граніцы ў прыватнасці. Усе мы цудоўна ведаем, што бяспека дзяржавы пачынаецца менавіта з дзяржаўнай граніцы, - сказаў Прэзідэнт. - Усе павінны разумець, што пагранічная бяспека не прыходзіць сама па сабе, гэта не дар з неба, а вынік карпатлівай штодзённай работы многіх структур. Вядома, цэнтральнае месца ў яе арганізацыі адводзіцца органам пагранічнай службы. Але без зладжаных, скаардынаваных дзеянняў усіх звёнаў сістэмы дзяржаўнага кіравання дабіцца поспеху немагчыма".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Дзяржпагранкамітэт з ускладзенымі на яго задачамі ў цэлым спраўляецца. "Аднак існуючая сёння сітуацыя патрабуе больш актыўнага пошуку і рэалізацыі мер процідзеяння сучасным пагрозам і выклікам", - лічыць беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на шэраг фактараў, якія аказваюць уплыў на работу на граніцы. "Мы гаворым шмат пра чэмпіянат свету, але і не толькі. Мы заўсёды знаходзімся на пярэднім краі і абараняем тут ужо не толькі свае інтарэсы, але і інтарэсы Расіі і Казахстана. Таму што інтэграцыйныя працэсы прывялі да таго, што ў нас утварылася Адзіная эканамічная прастора, - лічы: адзіная эканамічная дзяржава. І вы тут, мяжуючыся з Захадам і блокам НАТА, несяце адказную службу", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Старшыня Дзяржпагранкамітэта Леанід Мальцаў далажыў аб выніках аператыўна-службовай дзейнасці органаў пагранічнай службы за 2013-ы і асноўных падыходах да аховы дзяржграніцы ў 2014 годзе. Паводле яго слоў, у мінулым годзе былі перакрыты 22 каналы незаконнай міграцыі, актыўна вялася барацьба з нелегальнай міграцыяй, кантрабандай, незаконным абаротам наркатычных сродкаў і зброі. "Існуючыя планы ўзаемадзеяння з рэспубліканскімі органамі ў цэлым садзейнічаюць абароне нашых рубяжоў, але абстаноўка пастаянна змяняецца, неабходна пастаянна ўдасканальваць наша ўзаемадзеянне. Тады і паказчыкі сумеснай дзейнасці на граніцы могуць быць больш важкімі", - лічыць Леанід Мальцаў.

Органы пагранслужбы ў ахове рубяжоў плануюць больш актыўна выкарыстоўваць сучасныя тэхнічныя сродкі, у тым ліку беспілотныя лятальныя апараты. Акрамя таго, з гэтага года ў некаторых пунктах пропуску ў якасці эксперыменту будзе ўведзена электронная чарга. Калі гэта практыка сябе апраўдае, то ў далейшым тэхнічная навінка будзе выкарыстоўвацца больш шырока.

Кіраўнік пагранведамства таксама расказаў, што цяпер рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да правядзення чэмпіянату свету па хакеі. Выпрацаваны механізм рэалізацыі бязвізавага ўезду балельшчыкаў, гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату. Пагранічны кантроль у адносінах да іх будзе ажыццяўляцца па спецыяльна выдзеленых каналах у прыярытэтным парадку. Таксама ім будзе дазволены пазачарговы праезд у пункты пропуску.

Склад змен пагранічных нарадаў будзе павялічаны, а для вырашэння раптоўна ўзнікаючых задач сфарміраваны рэзерв. У пунктах пропуску будуць знаходзіцца падрыхтаваныя ваеннаслужачыя, якія ведаюць замежныя мовы. Разглядаецца пытанне прыцягнення валанцёраў у якасці перакладчыкаў.

Начальнік Смаргонскай пагранічнай групы Аляксандр Маркевіч расказаў пра перспектывы развіцця сістэмы аховы дзяржграніцы на ўчастку названай групы. Яго асаблівасць заключаецца ў тым, што літоўскі напрамак з`яўляецца адным з найбольш напружаных з-за вялікага груза- і пасажырапатоку. Акрамя таго, дадатковыя абавязацельствы накладае будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Прапрацоўваюцца меры для павелічэння прапускной здольнасці асобных пунктаў пропуску. Напрыклад, вырашаецца пытанне пераводу пункта спрошчанага пропуску "Лоша" ў катэгорыю, якая дае магчымасць прапускаць праз граніцу парожні грузавы аўтатранспарт і аўтобусы. Гэта павінна істотна знізіць нагрузку на загружаныя пункты пропуску "Каменны Лог " і "Катлоўка".

Аб развіцці чыгуначных і авіяцыйных пунктаў пропуску праз дзяржграніцу і мерах, якія прымаюцца па падрыхтоўцы аб`ектаў транспартнай інфраструктуры да правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску ў 2014 годзе на пасяджэнні далажыў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак. Добраўпарадкаванне чыгуначных пунктаў пропуску вядзецца ў адпаведнасці з зацверджанай праграмай да 2020 года, якой у тым ліку прадугледжана развіццё інфраструктуры і паляпшэнне ўмоў для пагранічнага, мытнага і іншых відаў кантролю, забеспячэння правапарадку. Акрамя таго, рэалізуюцца ўласныя планы па падрыхтоўцы аб`ектаў транспартнай інфраструктуры да чэмпіянату свету.

Прэзідэнт адзначыў, што транспартнікам неабходна больш актыўна працаваць з пагранічнікамі ў пунктах пропуску і аказваць ім неабходнае садзейнічанне.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама, старшыня абласной пагранічнай камісіі Віктар Сакоўскі расказаў аб выніках рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на прыгранічнай тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Такія камісіі створаны і дзейнічаюць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Паводле слоў Віктара Сакоўскага, асноўныя намаганні мясцовых органаў улады накіроўваюцца на арганізацыю цеснага ўзаемадзеяння тэрытарыяльных органаў унутраных спраў з органамі пагранслужбы па пытаннях забеспячэння грамадскага парадку на прыгранічнай тэрыторыі. Ствараюцца добраахвотныя дружыны і атрады юных сяброў пагранічнікаў. Таксама прымаюцца меры для падтрымання ў працаздольным стане існуючых пунктаў спрошчанага пропуску, рамонту вядучых да іх дарог. Мясцовае насельніцтва інфармуецца аб правілах паводзін у прыгранічнай зоне і мерах адказнасці за парушэнне пагранічнага заканадаўства.

Аднак Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненне наконт эфектыўнасці работы абласных камісій. "Ці не з`яўляецца стварэнне гэтых камісій махровым бюракратызмам або фармалізмам", - адрасаваў кіраўнік дзяржавы пытанне Леаніду Мальцаву.

Старшыня Дзяржпагранкамітэта прызнаў, што многія планы, на жаль, рэалізаваны толькі на паперы, і бюракратызму сапраўды хапае. "Больш таго, калі раней правільны быў лозунг, што граніцу ахоўваў увесь савецкі народ, то цяпер у прыгранічных раёнах не ўсе, але многія бачаць у пагранічніку і мытніку не тых, хто іх ахоўвае, а тых, хто ім перашкаджае рабіць свае справы. І у гэтых умовах я лічу, што якраз гэтыя пагранічныя камісіі актыўна павінны весці работу па навядзенню парадку на прыгранічнай тэрыторыі", - сказаў Леанід Мальцаў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што фармалізму ў рабоце такіх камісій быць не павінна. "Нам трэба паглядзець, як гэтыя камісіі працуюць, вывучыць, можа іх дагрузіць, - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. - Можа, наогул ліквідаваць, калі яны не патрэбны і не працуюць. Але фармалізму тут быць не павінна. Стварылі - патрэбны - давайце будзем эфектыўна працаваць".

Гаворачы аб органах пагранічнай службы ў цэлым, Прэзідэнт запатрабаваў прадумаць, як можна аптымізаваць сілы і сродкі, якія імі выкарыстоўваюцца. "Усё лішняе з пагранічнага камітэта, і гэта будзе прыклад для ўсіх ведамстваў, трэба выключыць. Трэба аптымізавацца. Усе гэтыя абслуговыя калоны, падраздзяленні, воінскія часці, групы. Усё гэта трэба скасаваць у інтарэсах і на карысць дзяржаўнай граніцы, - лічыць кіраўнік дзяржавы.- Якія б ні былі беспілотнікі, ніхто пагранічніка на гэтым апошнім метры зямлі не заменіць. Можа, я занадта кансерватыўны, але мне здаецца, што без яго граніца закрыта не будзе. Усё астатняе - гэта як дапаможныя сродкі, і трэба паглядзець, ці патрэбны нам яны".

"Не буду чарговы раз гаварыць пра чэмпіянат свету. Гэта вельмі важна, але не гэта галоўнае. Чэмпіянат пройдзе, а ўсё, што мы ствараем, павінна працаваць на наш народ і дзяржаву", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама папярэдзіў, што следам за Узброенымі Сіламі будзе праведзена праверка і органаў пагранічнай службы. "Недзе позняй вясной або летам мы вельмі сур`ёзна праверым і пагранічныя войскі, тое, як ахоўваецца дзяржаўная граніца. Ужо сёння трэба паглядзець на адпаведны план, як мы рабілі па Узброеных Сілах. Праверым па ўсіх напрамках", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Асобныя даручэнні Прэзідэнт даў наконт прапрацоўкі канкрэтных мер, якія дадуць магчымасць умацаваць аўтарытэт краіны ў якасці гаранта стабільнасці і бяспекі на агульных з краінамі Еўрасаюза граніцах. "Неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць зацікаўленасць ЕС у моцнай граніцы. Таму я яшчэ раз падкрэсліў і паставіў задачы перад Леанідам Сямёнавічам (Мальцавым. - Заўвага БЕЛТА), каб мы дэманстравалі Еўрасаюзу і ўсяму сусветнаму супольніцтву, што Беларусь - гэта краіна, якую трэба любіць, цаніць і паважаць. І на гэтым напрамку мы павінны правесці шэраг мерапрыемстваў. Яны павінны бачыць, што мы змагаемся і з мігрантамі, і з кантрабандай, адлоўліваем радыеактыўныя рэчывы. Трэба дэманстраваць сваю значнасць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У нас ёсць прафесіяналы, школа, кадры. Давайце грошы, тэхнічныя сродкі - будзем працаваць разам. І цаніце нас як сваіх партнёраў".

Па выніках пасяджэння калегіі кіраўнік дзяржавы зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь органамі пагранічнай службы ў 2014 годзе.

27 студзеня 2014, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:27.01.2014
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:1318
 
Ключевые слова:
Граница Национальная безопаснось Беларусь-Евросоюз
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме