https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Акцыя «Беларусь адзіная» стартавала з горада шахцёраў


Мерапрыемства ў Салігорску сабрала каля 700 чалавек, сярод якіх — работнікі ідэалагічнай вертыкалі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый.
Перад прысутнымі выступілі вядомыя эксперты і аўтарытэтныя лектары. Галоўны пасыл іх прамоў — наша галоўная сіла ў народным адзінстве. Лідары меркаванняў данеслі да аўдыторыі важныя тэзісы на тэму «Мірная краіна: вытокі і перспектывы».

«Упэўненасць у міры, у развіцці»

«Грамадска-палітычная акцыя „Беларусь адзіная“ праводзіцца ўжо чацвёрты раз. І, вядома, кожная мае свае асаблівасці, прысвечана непасрэдна, як першая, тады яшчэ зноў уведзенаму святу Дню народнага адзінства або затым — Году гістарычнай памяці, — распавёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня праўлення Беларускага таварыства „Веды“ Вадзім Гігін. — Цяпер мы бяром самы шырокі парадак дня. Галоўная тэма — гэта мірнае развіццё, умовы, перспектывы беларускай мадэлі».

Ён таксама растлумачыў, чаму менавіта Салігорск быў абраны для правядзення важнага форуму: «Гэта буйны горад з працоўнымі дасягненнямі шахцёраў, якімі мы ганарымся. Тым больш у Год якасці Салігорск, як і многія іншыя рэгіёны Міншчыны, паказвае ўзоры якасці».

Спікерамі на форуме сталі таксама аналітык БІСІ Аляксей Аўдонін, тэлевядучы і журналіст Рыгор Азаронак. А яго фармат — дыялог з элементамі дэбатаў — дазволіў шырока і ўсебакова раскрыць тэму. Кожны з экспертаў выклаў сваё бачанне вынікаў 30-гадовага інстытута Прэзідэнцтва: «Беларусы з моманту абрання Аляксандра Лукашэнкі адчувалі ўпэўненасць у міры, у развіцці. І лозунгі ў яго былі абсалютна мірныя», — адзначыў Вадзім Гігін.

Дзякуючы лідарскім якасцям Аляксандра Лукашэнкі, а таксама беларускаму народу, краіна за гэтыя гады змагла выбудаваць моцную эканоміку і ўстойлівую палітычную сістэму: «Гэтая сістэма адаптыўная да сучасных выклікаў і пагроз, якія цяпер генерыруе калектыўны Захад для таго, каб расхістаць любую суверэнную дзяржаву, не толькі нашу. Мы бачым, як разбураюцца слабыя краіны. У 1990-я Прэзідэнтам была абрана мадэль умацавання эканомікі, фарміравання свайго прамысловага базісу, захавання навукі, высокатэхналагічнай вытворчасці. І яна апраўдалася», — лічыць аналітык Аляксей Аўдонін.

Па словах журналіста і тэлевядучага Рыгора Азаронка, у 1994 годзе адбыўся цуд: «Выбралі чалавека не з партнаменклатуры, не завязанага ў розных схемах і махінацыях, а чалавека, які проста казаў праўду. Адзін з яго лозунгаў таго часу: „Адвесці народ ад прорвы“. Вось хто зараз скажа, што гэтага не зроблена?»

Прэзідэнт, выступаючы перад студэнтамі ВНУ Віцебскай вобласці, сказаў, што такой складанай абстаноўкі вакол нашых граніц, як цяпер, не было ніколі за 30 гадоў незалежнасці і суверэнітэту. 

«І наша задача — згуртавацца, каб захаваць мір на нашай зямлі, на нашых межах, каб спрыяць урэгуляванню канфліктаў, якія цяпер разгарэліся. А зрабіць гэта можна, толькі калі мы будзем сумленна, адкрыта аналізаваць абстаноўку. Як знешнюю, так і ўнутраную. Гэта тое, да чаго нас заклікаў Прэзідэнт. Мы памятаем яго словы на Рэспубліканскім педагагічным савеце, якія былі адрасаваны не толькі педагагічнай грамадскасці, пра тое, што мы павінны сумленна і адкрыта гаварыць адзін з адным», — акцэнтаваў увагу Вадзім Гігін.

Ён адзначыў, што акцыя «Беларусь адзіная», якая ўжо стала традыцыйнай, сустрэчай у Салігорску пачынае вялікі палітычны сезон: вядучыя спікеры ў розных рэгіёнах па ініцыятыве Беларускага таварыства «Веды» збіраюцца разам з актывістамі партый, грамадскіх аб’яднанняў, ідэалагічным актывам для таго, каб шчыра пагаварыць пра перспектывы нашага развіцця, пра тое, што адбываецца ў свеце і краіне.

Пра «райскі сад» і «джунглі»

Што датычыцца эканамічнага развіцця, то Беларусь сёння квітнее. «У 2006 годзе была спроба каляровай рэвалюцыі, спроба завезці зброю, мітынг на Кастрычніцкай і гэтак далей. У 2010 годзе новая спроба правезці зброю, і таксама былі задзейнічаны спецслужбы, Украіну задзейнічалі — і гэта таксама Захад. У 2011 годзе арганізаваны, у тым ліку палітычнымі сіламі з-за мяжы, тэракт у мінскім метро. Мірная Беларусь, але ў нас ніводнай мірнай пяцігодкі не было, — заўважыў Рыгор Азаронак. — У 2015 годзе спакойна прайшлі выбары, але затым вайна ва Украіне, Мінскія пагадненні. Гэта ўсё непасрэдна ўплывае на Беларусь, на нашу эканоміку і развіццё. Ніводнага спакойнага года не было! 2020 год — пандэмія. Я, памятаю, заходжу ў кавярню, а нікога няма. Баяліся дзяцей у школу аддаваць! Потым аказалася, што Прэзідэнт правільна рабіў. Цяпер жа ковід нікуды не сышоў, ён ёсць, кожны сезон з’яўляецца. Хто-небудзь сёння турбуецца з гэтай нагоды?»

Журналіст успомніў 2022 год — пачатак Спецыяльнай ваеннай аперацый і ўвядзенне санкцый: «Бегаюць вунь і кажуць: «Мы хочам, каб жыхары Салігорска меней елі і меней маглі бацькі дзецям у школу добрага адзення купіць. Гэта калі перакладаць на рускую мову, што такое санкцыі. І вось мы прыйшлі да таго, што ёсць цяпер, і сітуацыя ва Украіне, у Польшчы, вакол нашай краіны. Нашы суседзі нарошчваюць войска каля нашых граніц, танкі карэйскія закупляюць. Але танкі навошта? Беларусь ні на кога нападаць не збіраецца. Мы не збіраліся і ніколі не будзем. А яны ўсё закупляюць, кажуць, што гэта для таго, каб абараняцца ад Расіі. Яны нас усіх за ідыётаў лічаць! Жазэп Барэль — кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі — выйшаў і сказаў: „Мы, Еўропа, райскі сад, а вы ўсе джунглі“. Вось чаму наш Прэзідэнт сказаў, што калі мы забудзем дарогі да помнікаў, да Хатыні, то яны з намі гэта паўтораць. Менавіта так і зробяць! Прыедуць, загоняць у хлеў і спаляць!»

Вадзім Гігін падкрэсліў, што беларусы з моманту абрання Прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі адчуваюць упэўненасць у міры і развіцці: «Ды і лозунгі ў яго заўжды былі мірныя. Першы лозунг — „Жыллё, прадукты харчавання, экспарт і стваральная праца“. Гэта дзяржава для народа, сацыяльная справядлівасць. Наш любімы лозунг — „За моцную і квітнеючую Беларусь!“. Гэта адлюстраванне нашай ідэалогіі. Усе слоганы мірныя. І для мяне галоўнае дасягненне 30-годдзя Прэзідэнцтва — гэта тое, што беларусы сталі суверэннай нацыяй, адбылася суверэнізацыя беларускага народа. Так, мы не хацелі выходзіць з Савецкага Саюза. Наш Прэзідэнт ніколі не мяняў дэпутацкі значок на БЧБ-шны, калі ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. Так, ён вымушаны быў прыносіць прысягу на фоне БЧБ-шнага сцяга, але тады быў такі закон. Аднак ён хутка правёў рэферэндум і змяніў гэту сімволіку. Прэзідэнт — чалавек, адданы тым ідэалам, з якімі вырас. Гэта чалавек паслядоўны, шчыры, адкрыты, нацэлены на стваральную працу. Чаму беларусы 30 гадоў аказваюць яму давер? Таму што гэтыя ідэалы супадаюць з настроем грамадства. Чаму мы называем яго Бацькам? Хто такі добры бацька для сям’і? Той, хто абараняе сваю сям’ю ад нягод. Такі наш Прэзідэнт. Ён бярэ на сябе ўсе ўдары. Такі яго прынцып. Гэта ўнікальная асоба ў гісторыі. І дзякуючы яму і нашаму адзінству мы пабудавалі Беларусь».

Небяспечная сістэма для Захаду

Па словах Аляксея Аўдоніна, прыняцце дзяржавы ў ШАС або БРІКС магчыма толькі тады, калі дзяржава моцная палітычнай уладай, эканомікай і фінансамі: «За 30 гадоў Прэзідэнцтва дзякуючы лідарскім якасцям кіраўніка дзяржавы мы змаглі выбудаваць моцную эканоміку і вельмі добрую, устойлівую палітычную сістэму. Для БРІКС або ШАС слабыя дзяржавы не патрэбныя, іх ніхто ратаваць не будзе. Усе хочуць размаўляць, гандляваць і выбудоўваць фінансы на роўных. Таму тое, што нас прынялі ў гэтыя арганізацыі, можна лічыць наймагутнейшым палітыка-эканамічным поспехам нашай краіны і нашага Прэзідэнта. Чаму гэта важна для нас і для нашай моладзі на перспектыву? Краіны-ўдзельніцы трапляюць у закрытую эканамічную зону, закрыты ўнутраны рынак, на якім будзе магчымасць свабоднага перамяшчэння капіталаў, тавараў, паслуг, энерганосьбітаў і тэхналогій».

Аналітык растлумачыў, чаму гэта важна для беларусаў: «Таму што з іншага боку стаіць калектыўны Захад. Ён ужо даўно аб’яднаўся і да сябе нікога не пускае. Той рэжым санкцый, які мы бачым, — гэта не санкцыі праз тое, што хтосьці там на Захадзе не любіць Лукашэнку ці Беларусь. Гэта носіць эканамічныя карані. Яны разумеюць, што наша сусветная эканоміка, як бы яна добра ні кіравалася, схільная да самага страшнага крызісу, які даганяе чалавецтва кожны раз, калі яно спрабуе зрабіць нейкі тэхналагічны рывок. Як толькі ў вытворчасць укараняюцца новыя тэхналогіі, адбываецца так званы сацыяльна-эканамічны крыж. Успомніце: укараненне паравых машын прывяло да магутнага крызісу 70-х гадоў ХІХ стагоддзя. Укараненне электрычнасці і рухавіка ўнутранага згарання прывяло да ўзнікнення магутнага крызісу ў ЗША, хоць ён першапачаткова пачаўся ў Польшчы. Пачынаючы з 2016 года мы знаходзімся ў стане глыбокага фінансава-эканамічнага крызісу перавытворчасці. Ён узнік у выніку ўкаранення штучнага інтэлекту, перадавых тэхналогій у галіне энергетыкі».

Па словах аналітыка, інстытут Прэзідэнцтва — гэты той базіс, які дазволіў нам цяпер спакойна праходзіць праз выклікі, якія ўспрымае сусветная эканоміка пачынаючы з 2008 года: «Тая палітычная, эканамічная і фінансавая канструкцыя, якая была выбудавана Прэзідэнтам, з’яўляецца самай небяспечнай для калектыўнага Захаду, таму што іншыя народы бачаць, што можна паспяхова супрацьстаяць яму, аксамітным рэвалюцыям, самым жорсткім санкцыям, паспяхова весці палітыку, знаходзіць гандлёвых, эканамічных і палітычных партнёраў, уваходзіць у наймагутнейшыя інтэграцыйныя аб’яднанні. Барацьба можа быць вельмі эфектыўнай, аднак трэба верыць у сябе. Давайце падзякуем нашаму Прэзідэнту за тое, што ён сфарміраваў у нас веру ў перамогу, за тое, што мы, нягледзячы на наймагутнейшыя эканомікі, якія ваююць супраць нас, захоўваем свой шлях, утрымліваем высокі ўзровень дабрабыту насельніцтва і не апускаемся ні ў стан грамадзянскай вайны, ні ў стан вайны са сваімі суседзямі».

Аўтар: Данііл Хмяльніцкі, Салігорск
Звязда, 6 верасня 2024
 
Дата публикации:06.09.2024
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:73
 
Ключевые слова:
Салігорск Геополитика Акция Беларусь адзіная
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме