https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У гонар герояў-вызваліцеляў у Чавускім раёне ўстаноўлена 122 абеліскі і помнікі


Калі размова заходзіць пра вайну, Чавускі раён часта называюць суцэльным мемарыялам. Тут знаходзіцца 122 абеліска і помніка у гонар гераічных савецкіх салдат і камандзіраў.
А колькасць загінулых чырвонаармейцаў нават немагчыма падлічыць. Умоўна гэта лічба абазначана больш чым 18 тысячамі ахвяр, але штогод тут праводзяцца пошукавыя работы і адкрываюцца ўсё новыя старонкі ваеннай гісторыі.

Дзевяць месяцаў жорсткіх баёў

Наколькі цяжкім і крывавым было вызваленне раёна, расказваюць экспанаты Чавускага гісторыка-краязнаўчага музея. Вайне тут прысвечана некалькі зал, адна з іх датычыцца вызвалення. Яно было вельмі доўгім і працяглым. Фронт прыпыніўся ў Чавускім раёне аж на дзевяць месяцаў.

— Летась у маі быў адкрыты помнік каля вёскі Дрануха непадалёк ад Проні, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея Таццяна Фёдарава. — Гэта даніна памяці ўсім воінам, якія загінулі пры вызваленні Чавускага, Слаўгарадскага, Дрыбінскага раёнаў. Баі ў Чавускім раёне працягваліся даўжэй за ўсе іншыя — да 1944 года. Наша зямля шчодра паліта крывёю. Вельмі важна, каб сённяшняе пакаленне пра гэта помніла. Час ідзе, а памяць чалавечая, на жаль, кароткая. Маладыя людзі пад уплывам сацсетак, чужых меркаванняў часам па-іншаму глядзяць на тыя падзеі. У свеце вядзецца брудная ідэалагічная вайна супраць нас, і трэба рабіць усё для таго, каб гісторыя не была перапісана.

Па музейнай дыяраме можна ўявіць, як пакутліва цяжка адбывалася вызваленне раёна. Тут змяшалася ўсё: тэхніка, салдаты, агонь. На высокім заходнім беразе ракі немцы стварылі магутныя абарончыя збудаванні. Траншэі злучаліся хадамі, перад імі ў некалькі радоў цягнуліся драцяныя загароды. Пад абрывістымі берагамі тэрыторыя была замініравана супрацьпяхотнымі і супрацьтанкавымі мінамі. І гэта ўзмоцненая паласа працягнулася на кіламетры. Адусюль пойма Проні — а гэта 3-4 кіламетры адкрытай мясцовасці — праглядалася як на далоні. І каб узяць гэту вышыню, неабходна было станавіцца жывой мішэнню.

Здзіўлена гляджу на кірасу, якая ляжыць паміж гільзамі ад снарадаў. Што гэта? Пры чым тут напамін пра Сярэднявечча? Аказваецца, яно тут ні пры чым. Гэта нагруднік сапёра. Яго вага — калі пяці кілаграмаў. Пошукавікі знайшлі «даспех» чырвонаармейца ў ваколіцах Чавус. Нават метал не ратаваў ад той колькасці снарадаў, якія градам сыпаліся на салдат і камандзіраў. У экспазіцыі — друкарская машынка знакамітай нямецкай фірмы «Contіnental» з рускім алфавітам. Гітлер лічыў, што лістоўкі трэба друкаваць на мове непрыяцеля. Трафей пасля вайны быў на ўзбраенні райвыканкама і добра папрацаваў на савецкую ўладу. Сярод дакументаў, залітых крывёю, фотаздымкаў ветэранаў, якія загінулі або вярнуліся з вайны і адбудоўвалі новае жыццё, ёсць фотаапарат з дароўным подпісам Канстанціна Сіманава «На добрую памяць» і падпісаная ім жа кніга «Жывыя і мёртвыя» аб мужнасці магілёўскіх абаронцаў.

Пад агнём гінула ўсё жывое

Пра тое, які гэта быў цяжкі плацдарм, сведчаць пошукавікі.

— З 12 кастрычніка 1943 года да 1 красавіка 1944 года Заходні фронт правёў тут адзінаццаць наступальных аперацый, якія прынеслі войскам вялікія страты, — расказвае старшыня Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — У журнале баявых дзеянняў 371-й стралковай дывізіі, якая ваявала паўночней Чавускага раёна, ёсць сведчанні ўдзельнікаў Сталінградскай бітвы, якія расказвалі, што нават там не было такога цяжкага змагання. Дастаткова прывесці словы з даклада камандзіра батальёна гэтай дывізіі: «Далей наперад ісці немагчыма, — піша ён. — Пад агнём нямецкіх кулямётаў гіне ўсё жывое».

Найбольш вялікія страты ў баях на Проні панеслі 385-я Крычаўская, 49-я, 64-я, 330-я, 380-я, 139-я Рослаўская, 290-я стралковыя дывізіі, штрафныя вайсковыя роты і батальёны. 290-я стралковая дывізія ў баях каля вёскі Скварск з 8 да 10 сакавіка 1944 года страціла 1048 чалавек забітымі, параненымі і зніклымі без вестак.

Подзвіг студэнтаў

Шмат гераічных прыкладаў звязана і з абаронай Чавускага раёна. Адзін з іх — подзвіг узвода студэнтаў Магілёўскага педінстытута. Пра мужную барацьбу знішчальнага атрада студэнтаў стала вядома праз дзесяцігоддзі пасля вайны дзякуючы яго былому байцу пісьменніку Мікалаю Гарулёву. У ліпеньскі дзень 1941 года ў вёсцы Благавічы Чавускага раёна загінулі ў няроўным баі палітрук роты апалчэнцаў і 10 студэнтаў — байцоў знішчальнага атрада. Але перад тым, як пайсці з жыцця, гэта невялікая група аказала гераічнае супраціўленне матарызаваным часткам захопнікаў, знішчыла танк і болей чым дзесяць фашыстаў. У 2004 годзе на месцы таго бою, дзе загінуў студэнцкі атрад, быў устаноўлены мемарыяльны знак.

З Чавускім раёнам звязаны трагічныя і гераічныя баі па выхадзе з акружэння 25–28 ліпеня 1941 года абаронцаў Магілёва. Той прарыў на ўсход стаў апошнім для некалькіх тысяч з іх. Многія з таго трагічнага ліпеня 1941-га да сённяшняга дня ляжаць на месцах сваіх апошніх баёў. Па ініцыятыве клуба «Віккру» і пра фінансаванні Чавускага райвыканкама для ўвекавечання геройскага прарыву савецкіх войскаў з акружэння каля вёскі Самулкі ўсталяваны помнік у выглядзе 76-міліметровай гарматы і стэлы. Яго добра відаць з шашы Магілёў — Чавусы.

Змагаліся ў тыле

Ганаровую старонку ў вызваленне раёна ўнеслі партызаны. З красавіка 1943 года па загадзе ваенна-аператыўнай групы Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б была створана 14-я Цемналеская партызанская брыгада, месцам дзеяння якой былі Дрыбінскі, Чавускі, Мсціслаўскі, Чэрыкаўскі раёны. Баявая дзейнасць партызан на тэрыторыі Чавускага раёна праходзіла ў прыфрантавых умовах, у аператыўным тыле 4-й і 9-й нямецкіх армій. Асаблівую баявую актыўнасць партызаны праявілі ў час вызвалення ўсходніх раёнаў Чырвонай Арміяй. Яны адразалі фашыстам шляхі адступлення, наносілі ўдары з засад, захоплівалі і ўтрымлівалі пераправы праз водныя перашкоды. У баях 1943–1944 гадоў вызначыўся полк «Трынаццаць» Героя Савецкага Саюза С. Грышына.

— За гады вайны шэсць ураджэнцаў Чавускага раёна былі ўдастоены вышэйшага звання Герой Савецкага Саюза, а два сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы, — кажа Мікалай Барысенка. — Жыхары Чавускай зямлі не скарыліся ворагу, гераічна змагаліся ў партызанах і на франтах. Гэты горад быў варты вымпела «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Гонар для жыхароў

Вымпел «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» быў уручаны Прэзідэнтам краіны кіраўніку Чавускага раёна 7 мая 2024 года. Ён размешчаны ў фае райвыканкама пад шклом і гэта першае, што трапляе на вочы наведвальнікам установы. Сюды прыводзяць школьнікаў падчас музейных заняткаў, каб яны маглі прасякнуцца духам той мужнасці і славы, які неслі ў сваіх сэрцах абаронцы і вызваленцы радзімы. 

— Для нас гэта яшчэ і асаблівая адказнасць, напамін пра тое, што мы павінны берагчы заваяванне нашых дзедаў, — адзначае начальнік адзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Чавускага раёна Ірына Анікеенка. — Мы яго заўсёды выкарыстоўваем пры правядзення раённых урачыстасцяў. Летась на Дзень Перамогі вымпел упрыгожваў падчас шэсця святочную калону ў Чавусах. А на Дзень Незалежнасці краіны прысутнічаў сярод 36 іншых вымпелаў, якімі ўзнагароджаны беларускія гарады, на плац-парадзе роты ганаровай варты ў Мінску. Знакавай падзеяй для жыхароў раёна было адкрыццё памятнага мемарыяла на Проні, урачыстую цырымонію якога суправаджаў вымпел. Летась па ініцыятыве Мінабароны была праведзена акцыя ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і праз гарады, узнагароджаныя вымпелам, праехала калона танкаў, якія ўдзельнічалі ў парадзе ў Мінску. Жыхары нашага горада і раёна мелі магчымасць убачыць легендарную тэхніку 17 ліпеня — у дзень 100-годдзя ўтварэння Чавускага раёна.

Аўтар: Нэлi Зігуля
Звязда, 24 сакавіка 2025
 
Дата публикации:24.03.2025
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2
 
Ключевые слова:
Чавусы Магілёў Великая Отечественная война Мемориал
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме