Фінал дзіцячага "Еўрабачання-2016" прайшоў 20 лістапада ў сталіцы Мальты горадзе Валета. Удзел узялі 17 краін, у тым ліку Аўстралія, якая ўдзельнічае ў конкурсе другі год запар.
Сёлета правілы дзіцячага "Еўрабачання" істотна змяніліся. Удзельнікамі конкурсу зараз могуць быць дзеці ад 9 да 14 гадоў (раней ад 10 да 15 гадоў), а фінал праводзіцца ў дзённы час, бо раней нярэдка імя пераможцы станавілася вядомае ўжо пасля паўночы, калі дзецям — асноўным гледачам конкурсу — належыць спаць.
Асноўныя змены закранулі сістэму галасавання: цяпер выніковая сума балаў складаецца з вынікаў галасавання трох журы — нацыянальнага, экспертнага і дзіцячага.
Марыям Мамадашвілі набрала ў выніку 239 балаў. Другое месца занялі Анаіт Адамян і Мэры Варданян з Арменіі — 232 балы, трэцяе — Фіяма Боча з Італіі (209 балаў). У першую пяцёрку таксама ўвайшлі Расія (The Water of Life Project) і Аўстралія (Алекса Кёртыс), якія набралі па 202 балы.
13-гадовы беларус Аляксандр Мінёнак з песняй "Музыка маіх перамог" набраў 177 балаў і заняў 7-е месца. Ад нацыянальнага журы ён атрымаў 92 балы (4-е прамежкавае месца): 12 балаў беларускаму выканаўцу паставілі Расія і Ізраіль, 10 балаў — Балгарыя, Аўстралія і Галандыя, 8 балаў — Ірландыя і Кіпр, 7 балаў — Арменія, 5 балаў — Мальта і Польшча, 3 балы — Македонія, 2 балы — Грузія. Ніводнага бала Беларусь не атрымала ад Албаніі, Украіны, Італіі і Сербіі.
Ад трох экспертаў, якія назіралі за канкурсантамі ў канцэртнай зале, Аляксандр Мінёнак атрымаў 20 балаў (6+12+2), пасля чаго са 112 баламі займаў трэцяе прамежкавае месца.
Ад дзіцячага журы прадстаўнік Беларусі атрымаў 65 балаў (падлічвалася сума ацэнак усіх краін, якія галасавалі).
Грузія перамагае на дзіцячым "Еўрабачанні" ўжо трэці раз: прадстаўнікі гэтай краіны станавіліся найлепшымі ў 2008 (гурт Bzikebi) і 2011 (гурт Candy) гадах. Па два разы на дзіцячым "Еўрабачанні" перамагалі Беларусь (2005, 2007) і Мальта (2013, 2015).
БелаПАН
Мінск, 21 лістапада 2016
Мінск, 21 лістапада 2016