Яна зазначыла, што ў студзені 2015 года пачала вучыць рускую мову. "Яе трэба было вучыць, наша міністэрства гэта рэкамендавала. Я ўжо тады ведала, што паеду ў Беларусь, але трэба было дачакацца агрэмана ад беларускага боку", — расказала Гіб.
З-за таго што пакуль пасол працягвае вывучаць рускую, то вучыць яшчэ адну новую мову для яе будзе праблематычна. "Першы выклік — гэта вывучыць рускую мову. І потым, праз год, магу дадаць беларускую мову. Але не цяпер, на жаль, гэта было б цяжкавата", — адзначыла Гіб.
Кажучы пра сваё прызначэнне ў Беларусь, дыпламат падкрэсліла, што гэта быў яе выбар. "Я ўбачыла, што ёсць вакансія, і падала заяўку, — расказала Фіёна Гіб. — Калісьці я працавала ва Украіне і падумала, што гэта будзе добрая магчымасць даведацца больш пра гэты рэгіён. Пасля сумоўя маю кандыдатуру ўхвалілі. Я была вельмі рада магчымасці працаваць тут".
Паводле слоў Гіб, якая прыехала ў Беларусь у канцы студзеня, першыя ўражанні ад краіны ў яе "вельмі пазітыўныя". "Я яшчэ пакуль не была нідзе, акрамя Мінска. Мінск — вельмі прыгожы горад, хоць я і бачу яго ў самы дрэнны сезон. Разумею, што вясной і летам горад будзе вельмі прыгожы", — сказала пасол.
Яна не падзяляе думкі свайго папярэдніка Бруса Бакнела аб тым, што беларусы "не моцна эмацыйныя людзі". "Не думаю, што гэта так. Людзі ў Беларусі для мяне ветлівыя, але не магу сказаць, што яны не эмацыйныя". "Калі я падарожнічала па Украіне, то заўсёды бачыла вялікую шчодрасць ад украінскіх людзей. Думаю, што ў плане шчодрасці беларусы і ўкраінцы вельмі падобныя", — дадала брытанскі дыпламат.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 22 лютага 2016
Мінск, 22 лютага 2016