https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сустрэча тысячагоддзя


У сумеснай дэкларацыі паводле вынікаў сустрэчы папа Францыск і патрыярх Кірыл заклікалі ўсе бакі ваеннага канфлікту на тэрыторыі Украіны да міру.
Папа рымскі Францыск і патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл паводле вынікаў сустрэчы ў міжнародным аэрапорце імя Хасэ Марці ў Гаване (Куба) 12 лютага прынялі сумесную дэкларацыю з 30 пунктаў.

Хрысціянскія іерархі канстатавалі неабходнасць сумесных намаганняў для пераадолення рознагалоссяў паміж прадстаўнікамі сваіх канфесій і выказалі надзею на тое, што іх сустрэча дапаможа ў справе яднання вернікаў. Каталікі і праваслаўныя, паводле пераканання бакоў, "не сапернікі, а браты", якія павінны "вучыцца жыць разам у міры, любові і аднадумстве паміж сабою".

Папа Францыск і патрыярх Кірыл заклікалі міжнародную супольнасць неадкладна распачаць пэўныя дзеянні, каб спыніць далейшае выцясненне хрысціян з Блізкага Усходу, а таксама згуртавацца супраць гвалту і тэрарызму.

"Мы звяртаемся да ўсіх бакоў, якія могуць апынуцца ўцягнутымі ў канфлікты, з гарачым заклікам праявіць добрую волю і сесці за стол перамоў. У той жа час неабходна, каб міжнародная супольнасць выкарыстала ўсе магчымыя намаганні, каб пакончыць з тэрарызмам пры дапамозе агульных, сумесных, скаардынаваных дзеянняў. Заклікаем усе краіны, уцягнутыя ў барацьбу з тэрарызмам, да адказных, узважаных дзеянняў. Заклікаем ўсіх хрысціян і ўсіх вернікаў у Бога да асаблівай малітвы Творцу і Здабывальніку свету, каб ён захаваў сваё тварэнне ад разбурэння і не дапусціў новай сусветнай вайны", — падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

Іерархі заявілі, што не могуць "заставацца абыякавымі да лёсу мільёнаў мігрантаў і бежанцаў, якія стукаюцца ў дзверы багатых краін". "Нястрымнае спажыванне, характэрнае для некаторых найбольш развітых дзяржаў, імкліва спусташае рэсурсы нашай планеты. Расце няроўнасць у размеркаванні зямных выгод, што павялічвае пачуццё несправядлівасці насаджанай сістэмы міжнародных адносін", — гаворыцца ў дэкларацыі.

Папа Францыск і патрыярх Кірыл таксама заклікалі ўсе бакі канфлікту на ўсходзе Украіны да "разважлівасці, грамадскай салідарнасці і актыўнай міратворчасці", а цэрквы на ўкраінскай тэрыторыі — "працаваць для дасягнення грамадскай згоды", "устрымлівацца ад удзелу ў проціборстве і не падтрымліваць далейшае развіццё канфлікту". Яны выказалі надзею на тое, што раскол сярод праваслаўных вернікаў Украіны будзе пераадолены.

Іерархі выступілі ў падтрымку рэлігійнай свабоды, супраць абортаў і эўтаназіі, выказалі заклапочанасць шырокім прымяненнем біямедыцынскіх тэхналогій рэпрадукцыі і крызісам сям`і ў цэлым.

Яны таксама выказалі надзею на прымірэнне паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі, нягледзячы на тое што сёння "метад "уніятызму" ранейшых стагоддзяў, які прадугледжвае прывядзенне адной абшчыны ў адзінства з іншай шляхам яе адрыву ад сваёй царквы, не з`яўляецца шляхам да аднаўлення адзінства".

Перамовы папы Францыска і патрыярха Кірыла доўжыліся больш за дзве гадзіны. Пасля завяршэння сустрэчы яны зрабілі некалькі заяў для прэсы і калегаў-святароў.

Перамовы асвятлялі прыблізна 200 журналістаў, шэраг тэлеканалаў вялі прамую трансляцыю пачатку і падвядзення вынікаў сустрэчы.

Сустрэчу кіраўніка Святога прастола з прадстаяцелем Рускай праваслаўнай царквы (у яе склад уваходзіць Беларускі экзархат), падрыхтоўка да якой вялася на працягу двух гадоў, ужо назвалі "сустрэчай тысячагоддзя".

Пра жаданне арганізаваць такую сустрэчу на тэрыторыі Беларусі ў свой час заяўляў Аляксандр Лукашэнка. "Я б вельмі хацеў, каб у цэнтры Еўропы, на стыку паміж праваслаўем і каталіцызмам, тут, у Беларусі, нарэшце адбылася гэтая сустрэча паміж патрыярхам Маскоўскім і папам", — заявіў Лукашэнка ў інтэрв`ю заходнім журналістам восенню 2008 года.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 13 лютага 2016
 
Дата публикации:13.02.2016
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:583
 
Ключевые слова:
Христианство Религия Украина Беженцы Нелегальная миграция Война
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме